Занятак дапаможа сістэматызаваць веды дзяцей пра восень і восеньскія з’явы.
Наталля АПАЛОНІК,
выхавальнік дашкольнай адукацыі
ДУА “Любчанскі дзіцячы сад” Навагрудскага раёна,
Гродзенская вобласць
Праграмныя задачы:
– сістэматызаваць веды дзяцей пра восень і восеньскія з’явы;
– замацоўваць уяўленні пра агародніну, садавіну, грыбы, пералётных птушак;
– развіваць увагу, памяць, мысленне, мову, цікавасць да выканання заданняў;
– выхоўваць жаданне спазнаваць прыроду.
Абсталяванне: канверт з лістом і заданнямі “ад Злоснага разбойніка”; лісточкі з кардону, “купіны для дарожкі”; дыдактычная гульня “Чацвёрты лішні” (набор картак з выявай гародніны, садавіны, грыбоў, пералётных птушак); дыдактычная гульня “Разразныя карцінкі” па тэме “Грыбы”; цацка мухамора, лялька восені; скрыначка “залатога” колеру.
Папярэдняя работа: чытанне мастацкай літаратуры, разгляданне ілюстрацый і карцінак па тэмах “Грыбы”, “Агародніна”, “Садавіна”, “Пералётныя птушкі”, загадванне загадак, гутаркі, разважанні, слуханне музыкі пра восень.
Ход гульні
Дзеці ўваходзяць у групу.
Выхавальнік. Дзеці, паглядзіце, сёння да нас на занятак прыйшлі гасці, давайце павітаемся і падорым ім свае ўсмешкі. Добры дзень! Выдатна!
Дзеці, паслухайце: раніцай, калі я як заўсёды адчыніла акно, каб выветрыць групу, да нас заляцела паштоўка. Але каб даведацца ад каго яна, неабходна адгадаць загадку, вось паслухайце:
Пару года адгадай:
Мы збіраем ураджай,
Хмары па небе гуляюць,
Лісце жоўтыя лётаюць,
Вожык лісцікі збірае,
Сваю норку ўцяпляе.
Дзеці. Восень.
Выхавальнік. Так, дзеці, правільна, гэты ліст ад Восені. Давайце паглядзім, што ж у канверце? (Адкрывае канверт, чытае).
Я – разбойнік злы, магутны.
Хмары, лісце – ўсё збяру,
І з сабою забяру!
Выхавальнік: Штосьці не тое? Не разумею…(чытае далей)
Бо не любяць Восень дзеці!
Дык не быць жа ёй на свеце!
Будзе толькі вам – зіма!
Холад, лёд, ды снег і цьма!
Ой, дзеці, я зразумела, гэта выхадкі Злоснага разбойніка, які хітрасцю выкраў Восень. Але я ведаю, як ёй дапамагчы. Нам трэба прайсці доўгі шлях, адшукаць і выканаць не адно заданне, каб вызваліць і вярнуць Восень. А каб нам лягчэй было шукаць, Восень нам пакінула падказкі – свае асеннія лісцікі.
Дзеці, вызвалім Восень? (Так!) Не баіцеся? (Не!) Тады вось першае заданне. Каб яго выканаць, нам трэба адшукаць жоўты кляновы лісцік.
(Дзеці знаходзяць лісцік, каля яго стаіць “залатая” скрыначка.)
Выхавальнік. Дзеці, нам трэба адказаць на пытанні з “залатой” скрыначкі:
– Якая бывае Восень? (Дажджлівая, залатая, сонечная, ураджайная, ранняя, халодная, хмурная, позняя, дзівосная, задуменная, велічная, маркотная, чароўная, ціхая, таямнічая, сумная, ласкавая)
– А што адбываецца з прыродай восенню? (На дрэвах рознакаляровыя лісточкі, жоўкне і высыхае трава, часта ідуць дробныя халодныя дажджы, дні становяцца карацей, ночы – даўжэй; птушкі ляцяць у цёплыя краі; людзі збіраюць ураджай агародніны і садавіны; сонца свеціць мала; на небе шэрыя аблокі; лісточкі аблятаюць з дрэў і г. д.).
– Якія тры восеньскія месяцы вы ведаеце? (Верасень, кастрычнік, лістапад).
Выхавальнік. Малайцы, з першым заданнем вы справіліся. Ідзём далей. Каб выканаць наступнае заданне, нам неабходна знайсці два чырвоненькіх дубовых лісточкі. (Дзеці знаходзяць восеньскія лісцікі на сталах). Вось мы і знайшлі другое заданне. Паглядзіце, у кожнага з вас на стале ёсць карткі. Уважліва разгледзьце іх, вызначыце лішняе і закрэсліце.
Гульня “Чацвёрты лішні”
Картка да гульні (для кожнага выхаванца)
1 Цыбуля, морква, яблык, памідор.
2 Лімон, апельсін, груша, агурок.
3 Лебедзь, качкі, снягір, грак.
4 Мухамор, чырвонагаловік, белы грыб, лісічкі.
Выхавальнік. А зараз, уважліва паглядзіце і праверце, ці правільна вы зрабілі заданне. Імя дзіцяці, што ў цябе лішняе ў першым радзе? Чаму?
(Яблык – гэта садавіна, а астатняе – агародніна). Правільна. Імя дзіцяці, а што ў цябе лішняе ў другім радку? Малайцы! Усё зрабілі правільна! І мы ідзём далей. (Дзеці ідуць шукаць зялёны кляновы лісцік).
А вось і наступнае заданне. Што ў нас тут у скрынцы схавана і ўсё лісточкамі абсыпана? Давайце падзьмём на лісточкі!
Практыкаванне “Восеньскія лісточкі”
Выхавальнік. Зрабілі ўдых носікам і “дзьмём” роцікам. (Паўтор 1–2 разы).
(Выхавальнік падымае скрыначку) Дык гэта мяч, чароўны мяч, будзе ў рукі вам скакаць і пытанні задаваць.
Гульня “Восеньскае надвор’е” (з мячом)
Выхавальнік. Вы павінны адказаць, якое бывае надвор’е восенню, адным словам. Слухайце ўважліва:
– Калі восенню ідзе дождж, то надвор’е якое? – Надвор’е дажджлівае.
– Калі дзьме вецер? – Надвор’е ветранае.
– А калі на вуліцы пахмурна? – Надвор’е пахмурнае.
– Калі холадна? – Надвор’е халоднае.
– А калі сыра? – Надвор’е сырое.
Выхавальнік. Якія вы ў мяне ўважлівыя, усё ведаеце. Справіліся і з гэтым заданнем! А каб выканаць наступнае заданне, нам патрэбна знайсці карычневы бярозавы лісцік. (Дзеці знаходзяць лісцік на купіне). Дзеці, нам трэба прайсці балота па купінах асцярожна, каб не спатыкнуцца і не патрапіць у яго. Ну што, пайшлі.
(Звяртаючы ўвагу на кошык, які заступае шлях) Ой, дзеці, ці не разбойнік пакінуў гэты кошык? Давайце паглядзім, што тут? (Дзеці знаходзяць грыб мухамор).
Выхавальнік. Што гэта?
Дзеці. Мухамор.
Выхавальнік. Мухамор хоча з вамі пагуляць.
Фізкультхвілінка “Мухамор”
Мухамор на тонкай ножцы (ставяць рукі на пояс і ўстаюць на адну ножку)
Вырас на лясной дарожцы. (Устаюць на пальчыкі, паднімаюць рукі ўверх).
І чакае грыбнікоў. (Падносяць руку да ілба і глядзяць удалячынь).
Хто сарваць яго гатоў? (Пытальна паціскаюць плячыма)
Грыбнікі міма ідуць. (Крочаць на месцы)
Мухаморы не бяруць! (Пагражаюць пальчыкам)
Выхавальнік. А мухамор можна таптаць нагамі?
Дзеці. Не!
Выхавальнік. Чаму?
Дзеці. Таму што прыроду трэба паважаць, а яшчэ мухаморам звяры лечацца.
Выхавальнік. Малайцы, усе вы ў мяне ведаеце. Давайце развітаемся з Мухаморам і працягнем далей наш шлях, на пошук наступнага лісціка з заданнем. А зараз нам трэба знайсці два зялёныя бярозавыя лісцікі. (Дзеці знаходзяць лісцікі на сталах пад канвертамі).
Выхавальнік. Звярніце ўвагу: на сталах у вас ляжаць канверты з чарговым заданнем. Вам трэба разгадаць загадкі, а каб іх разгадаць, трэба сабраць з частак цэлае і назваць, што намалявана.
– Што ў цябе, Імя дзіцяці, атрымалася?
– Лісічка.
– А што гэта?
– Грыб.
Выхавальнік. Якія вы, разумныя! І з гэтым заданнем справіліся, засталося зусім трошкі і мы вызвалім Восень з палону Злоснага разбойніка.
А каб выканаць наступнае заданне, нам патрэбна знайсці вялікі аранжавы кляновы лісток. Паглядзіце, тут яшчэ нейкая запісачка. Што ж там напісана? (Выхавальнік дастае запіску і чытае): “Вызвалю я вашу Восень, калі вы мне дапаможаце перабраць мой багаты ўраджай”. Хто пакінуў гэту запіску? Як лічыце, дзеці? (Злосны разбойнік). Дзеці, зараз вы па аднаму будзеце даставаць з мяшочка садавіну і агародніну і раскладваць: у кошык – садавіну, а ў мяшок – агародніну.
Дыдактычная гульня “Чароўны мяшочак”
(Мяшочак, муляжы агародніны і садавіны)
Выхавальнік. Малайцы, нідзе не памыліліся. Цяпер вы ведаеце, дзеці, наколькі шчодрая і чароўная гэта пара года – восень. (Пад музыку выхавальнік дастае ляльку “Восень”).
Восень. Вялікі дзякуй за дапамогу, мае сябры, вы выканалі ўсе заданні, вызвалілі мяне і паказалі сябе знаўцамі прыроды! Рабяты, а вам цяжка было выконваць заданні? А якое заданне было самае цікавае? Чаму? Самае складанае? У падзяку я хачу запрасіць вас на прагулку. Пайшлі?
Дзеці з выхавальнікам выходзяць на прагулку.