Свята Масленіца. Сцэнарый свята для дзяцей старшай групы з удзелам бацькоў

- 9:04ДОШКОЛЬНОЕ ОБРАЗОВАНИЕ, Дошкольное образование. Сценарии, Методичка

Дзякуючы ўдзелу ў гэтым свяце выхаванцы старшай групы вучацца паважаць і любіць сваю спадчыну, традыцыі беларусаў, знаёмяцца з народнымі гульнямі і забавамі.

 

Святлана РАЙБЕ,
музычны кіраўнік
ДУА “Дзіцячы сад № 4 г. Смаргоні”,
Гродзенская вобласць

 

Праграмныя задачы:

– фарміраваць цікаўнасць да фальклору, працягваць знаёміць дзяцей са звычаямі, гульнямі на свята;
– развіваць эмацыянальна пазітыўнае стаўленне, цікавасць да розных жанраў музычнага мастацтва, да музычнага выканання і творчасці;
– выхоўваць павагу і любоў да народнай спадчыны, спрадвечных традыцый беларусаў.

Матэрыял і абсталяванне: загадзя спечаныя бліны, салодкія ледзянцы, музычныя інструменты па колькасці дзяцей, бутафорская печ, дзве патэльні, два чыгункі, двое вілак, касцюмы для персанажаў.

Папярэдняя праца: развучванне песень, выкананне беларускіх песень на музычных інструментах.

Дзеючыя героі: Масленіца, Зіма, Баба Яга, Мядзведзь (дарослыя).

 

Ход свята

Пад беларускую музыку дзеці і бацькі збіраюцца на спартыўнай пляцоўцы дзіцячага сада.

Музычны кіраўнік. Добры дзень, шаноўныя дзеці, дарослыя! Сёння ў нас свята – Масленіца. Мы паклікалі на свята ўсіх. Няхай гучыць сёння вясёлы смех. Дружна ў круг уставайце, песню пачынайце!

Песня “Ой, бліны, бліны, бліныб.н.п.

Пад вясёлую беларускую музыку ўваходзіць Масленіца.

Музычны кіраўнік.

А вось і сама Масленіца прыйшла
Карагод свой завяла.
Наша Масленіца гадавая
Яна госця дарагая.

Масленіца.

Я бліноў спякла з вяршок
Глянь, у куце стаіць мяшок.
Ой, што за цуда тут сядзіць
Дык гэта ж Баба Яга з мяшка глядзіць.

Баба Яга.

Я ўсю зіму масленіцу чакала
Мала ела, многа спала.
Сумна мне зімой адной,
Я пачну мясці мятлой.
Каб зіму са двара вымесці,
У круг хутчэй уставайце,
Гульню са мной пачынайце!

Гульня

Баба Яга круціцца з мятлой вакол сябе, усе павінны падскочыць; каго мятла зачэпіць, той выходзіць з круга.

Баба Яга. Якія спрытныя дзеткі! А зараз я пагляджу, якія дарослыя спрытныя.

Гульня “Хто перанясе цеста на бліны “

Дарослым даюць чыгункі і да іх вілкі, перамагае той, хто данясе да печы і не перакуліць цеста.

Масленіца. Дзякуй, табе Баба Яга, павесяліла ты нас. Заставайся з намі на свяце!

БабаЯга. Часу мне няма, трэба яшчэ Лесавіка павіншаваць са святам.

Баба Яга пад музыку на мятле ўлятае. Пад музыку мяцеліцы ўваходзіць Зіма.

Зіма. Добры дзень, шаноўныя спадары! Рада бачыць вас! Я ведаю, што вы мне заўсёды рады!

Музычны кіраўнік.Так, Зімушка, нам вельмі цікава было гуляць у зімнія гульні, ляпіць снегавіка, катацца на санках, на лыжах.

Зіма. А я вам падрыхтавала загадкі, хто адгадае – сюрпрыз атрымае. (Хто адгадвае, атрымлівае салодкі ледзянец)

Раку за ноч замураваў
Вавёрцы адмарозіў нос
Завуць яго, сябры… (мароз).
На двары гарою,

А ў хаце вадою. (Снег)
Ляціць, а не птушка, вые,
А не звер. (Вецер)
Ён бабу снежную прынёс.
Баба, баба, снегавуха!
Не хапай мяне за вуха. (Мароз)

Гульня “Замарозь”

Дзець бегаюць; да каго Зіма дакранаецца, той замарожаны.

Зіма. Вось як я вас, адразу ўсе паслухмянымі сталі! А цяпер да мяне падыдзіце тыя, хто вельмі любіць зіму!

Масленіца. А да мяне тыя, хто любіць вясну!

Дзеці падыходзяць.

Музычны кіраўнік. Вось бачыце, нашы дзеткі любяць вас і вашы ўсе прыгоды! Ну, а зараз для вас, дзеці, гульня.

Гульня “Перанясі блінок”

Адной камандзе бліны на патэльню кладзе Зіма, а другой камандзе – Масленіца; дзеці па чарзе пераносяць на патэльнях бліны.

Гульня “Залатыя вароты”

Масленіца. Ну, а зараз для вас гульня “Залатыя вароты”!

Зіма і Масленіца бяруцца за рукі – гэта вароты. Дзеці пад музыку па чарзе бягуць; калі музыка спыняецца, “вароты” зачыняюцца, героі ловяць дзяцей, тыя выходзяць з гульні. Пераможцам застаецца той, хто не разу не папаў у “вароты”.

Зіма. Дзякуй, вам, дзеткі, добра пагулялі і мяне паўспаміналі.

Але ж я вясну баюся,
А можа яшчэ з вамі трохі застануся?

Масленіца.

Ты добра пагуляла на волі,
А цяпер спяшай дадому.(Зіма пакідае)
Грай, музыка, грай

Жару паддавай!

Песня “А ў вас, як у насб.н.п. (Дзеці падыгрываюць на музычных інструментах).

Пад музыку ўваходзіць Мядзведзь.

Мядзведзь.

Хто тут скача і пяе,
Хто тут спаць не мне?

Масленіца.

Што ты, Мішка, спіш ды спіш?
Так і масленіцу праспіш.

Мядзведзь.

Масленіцу я люблю,
Вельмі я бліноў хачу,
І на вас пагляджу!

Масленіца.

Мядзведзь бліны шукаў-шукаў
Лёг пад елку, задрамаў. (Паказвае як ён задрамаў)
А мы рукамі хлоп-хлоп

А мы нагамі топ-топ,
Гэй, мядзведзь, выхадзі,
Нашых дзетак дагані.

Гульня “Мядзведзь і дзеці”

Дзеці ўцякаюць, а Мядзведзь стараецца іх злавіць.

Мядзведзь. Якія ў вас спрытныя дзеткі! Нікога не змог дагнаць.

Але яшчэ я хачу патанцаваць,
Ды ў бубен пастучаць. (Мядзведзь танцуе з бубнам).
Ой, тапчу я снег, тапчу,

А блінцоў не нахаджу.
Масленіца з блінамі!
Падыходзьце, паглядзіце,
Ешце, аб’ядайцеся,
Зіму праважайце
І вясну сустракайце.

Музычны кіраўнік. Дзякуем табе, Мішка, што нас павесяліў. Мы таксама для цябе падрыхтавалі салодкі падарунак – гэта бочачка мёду!

Мядзведзь. О, мёд я люблю! Пайду мёду пакаштую і вас буду ўспамінаць. (Мядзведзь выходзіць)

Масленіца. Ну, а цяпер надышоў час, дзеткі і дарослыя, – частаваць я буду вас!

Усе атрымліваюць бліны.

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий