Алена СІПАЙЛА,
настаўнік пачатковых класаў
ДУА “Гарадзечненская сярэдняя школа”
Навагрудскага раёна,
Гродзенская вобласць
Мэта: плануецца, што да канца ўрока дзеці будуць
– ведаць перамяшчальную ўласцівасць складання;
– умець дадаваць і аднімаць лікі з выкарыстаннем перастаноўкі складаемых;
– умець рашаць задачы вывучаных відаў з дапамогай метаду мадэліравання.
Задачы асобаснага развіцця:
– садзейнічаць адпрацоўцы вылічальных навыкаў, развіццю ўмення прымяняць метад мадэліравання для рашэння прыкладаў і задач;
– ствараць умовы для выхавання пачуцця патрыятызму, гонару за сваю краіну.
Ход урока
1 Арганізацыйна-матывацыйны этап
– Вітаем усіх, хто час знайшоў і на ўрок сёння прыйшоў. І вам, дзеці, добрага дня і добрага настрою, такога ж яркага, як гэта сонейка.
– Мы будзем на ўроку думаць? (Так.)
– А можа, будзем спаць? (Не.)
– Мы будзем разважаць? (Так.)
– А ў аблоках лётаць? (Не.)
– Адзін аднаму будзем дапамагаць? (Так.)
– Такім чынам, усміхніцеся адно аднаму і за працу.
– Дэвіз урока: “Сам не адставай і таварышу дапамагай”.
2 Лагічная размінка
– Бабуля звязала ўнукам 6 шкарпэтак. Колькі ўнукаў у бабулі? (3)
– Двое сяброў ішлі да школы 10 хвілін. Колькі хвілін ішоў кожны з сяброў? (10 хвілін)
3 Вусны лік. Матэматычны дыктант
– Павялічце 11 на 3. (14)
– Паменшыце 7 на 1. (6)
– Знайдзіце суму 12 і 2. (14)
– Першае складаемае 5, другое – 10. Чаму роўна сума? (15)
– Паменшыце 8 на 3. (5)
– Колькі трэба дадаць да 4, каб атрымаць 7? (3)
– Лена намалявала ў альбоме 5 бярозак і 4 ялінкі. Колькі ўсяго бярозак і ялінак намалявала Лена? (9)
– Ніначка малюе хату,
Яна вокнамі багата.
Тут іх шэсць, чатыры – там.
Палічы ўсе вокны сам. (10)
– Колькі літар у назве нашай Радзімы? (8)
– Колькі не хапае да 10? (2)
Самаправерка. Устаньце тыя, хто не дапусціў ніводнай памылкі. Малайцы!
4 Увядзенне ў тэму ўрока
– Дзеці, падкрэсліце самы вялікі лік у нашым ланцужку. (15)
– Што можна сказаць пра гэты лік ? (Ён двухзначны, няцотны, дзесятковы састаў 10 і 5. Сёння 15 сакавіка.)
– Якое свята адзначае наша краіна 15 сакавіка ? (Дзень Канстытуцыі.)
– Хто ведае, што такое Канстытуцыя?
– Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь – Асноўны Закон нашай дзяржавы. Гэта галоўныя правілы, якія ўстанавілі для сябе грамадзяне Рэспублікі Беларусь.
Усе іншыя законы і правілы, якія дзейнічаюць у нашай краіне, не павінны супярэчыць Канстытуцыі.
Першая Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь была прынята 15 сакавіка 1994 года. Наша Канстытуцыя складаецца з 9 раздзелаў, 8 глаў і 146 артыкулаў.
Што запісана ў Канстытуцыі?
Па-першае, у Канстытуцыі вызначаны лад нашай дзяржавы (Рэспубліка Беларусь – унітарная дэмакратычная сацыяльная прававая дзяржава).
Па-другое, абвешчана, што вышэйшая каштоўнасць дзяржавы – чалавек. Гэта адносіцца і да цябе, і да тваіх сяброў, і да тваіх бацькоў, і да ўсіх астатніх грамадзян нашай краіны. Дзяржава абавязана рабіць усё магчымае для выгоды грамадзян.
Па-трэцяе, пералічаныя асноўныя правы і абавязкі чалавека і грамадзяніна, вызначана, што можна рабіць, а чаго – нельга.
Адным з правоў чалавека з’яўляецца права на адукацыю. Гэтым правам мы зараз і карыстаемся. Мы вучымся ў школе, і зараз у нас урок матэматыкі.
Яшчэ адным правам мы заўсёды карыстаемся на ўроках, гэта права на адпачынак.
Фізкультмінутка
Усім падняцца, пацягнуцца,
Раз нагнуцца, два нагнуцца,
Рукі выцягнуць, сагнуць,
Так рашылі адпачнуць.
– Колькі разоў мы нагнуліся? Як палічылі?
– Як называюцца лікі пры складанні? (Складаемае, складаемае, сума.)
Пастаноўка праблемы
– Маша і Ваня вырашылі палічыць, колькі глаў і раздзелаў разам змяшчае Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь. Колькі глаў? Раздзелаў? Пачалі лічыць колькі іх усяго, і пасварыліся.
– Як палічыла Маша? (9 + 8 = 17).
– Як палічыў Ваня? (8 + 9 = 17).
– Хто з іх мае рацыю?
– Якім будзе вынік складання, калі складаемыя памяняць месцамі?
5 Мэтавызначэнне
– Тэма нашага ўрока: “Перастаноўка складаемых”. (Дзеці самастойна выводзяць тэму ўрока).
– Якую задачу паставім перад сабой на ўроку? (Навучыцца дадаваць і аднімаць лікі з выкарыстаннем перастаноўкі складаемых, рашаць задачы вывучаных відаў.)
6 Знаёмства з новым матэрыялам
– Каб разабрацца ў гэтым пытанні, прапаную правесці даследаванне. Згодны?
– Тады пачнём. Даследаваць – гэта значыць зразумець, усталяваць. Прапаную ператварыць наш клас у навукова-даследчую лабараторыю. Кожны з нас – супрацоўнік гэтай лабараторыі, вучоны-даследчык. Мы ўсе роўныя. Мы таварышы па працы. Як будзем працаваць? (Дружна, старанна, уважліва, з павагай.)
Адкрыццё дзецьмі новых ведаў
Клас дзеліцца на тры групы. Кожная група атрымлівае кружочкі, прамавугольнікі, квадраты, трохвугольнікі двух колераў.
На дошцы план работы.
1. Складзіце два прыклады на складанне, выкарыстоўваючы ўсе дадзеныя вам фігуры.
2. Параўнайце вынікі.
3. Зрабіце вывад.
Дзеці працуюць у групах. Адзін вучань дае справаздачу аб рабоце групы.
– Да якой высновы мы прыйшлі? (Ад перастаноўкі складаемых сума не мяняецца.)
7 Этап прымянення новых ведаў
– Якое правіла сёння мы вывелі?
– Адкрыйце падручнік на старонцы 62, прачытаем правіла.
1) Калектыўная работа.
2) Работа ў парах. Самаправерка (Ключ для праверкі вывешваецца на дошцы).
– Не вылічаючы, як можна здагадацца, што вынік правільны?
– Самастойная работа ў сшытку на друкаванай аснове (C. 32, № 1, 2). Самаправерка.
– Зараз я прапаную зноў выкарыстаць ваша права на адпачынак і адпачыць.
Фізкультмінутка
Выконваецца гімнастыка для вачэй.
8 Паўтарэнне пройдзенага
Задача 1
– А зараз папрацуем над задачай (№ 4, с. 62).
– Прачытайце задачу.
– Што вядома ў задачы? Што трэба знайсці?
– Прачытайце яшчэ раз пытанне ?
– Давайце вызначым, да якога тыпу задач адносіцца наша задача? (“Усяго/разам”)
– Я прапаную скласці кароткі запіс да задачы і саставіць мадэль да яе?
– Які від мадэлей мы выкарыстаем? (Схематычную мадэль.)
– Чаму? (Для састаўлення прадметнай мадэлі трэба больш часу.)
– А зараз прыступаем да мадэліравання задачы.
Дзеці працуюць каля дошкі, астатнія ў сшытку.
1-ы вучань складае кароткі запіс задачы.
Грузавыя машыны – 4
– ?
Легкавыя машыны – 4
2-і вучань складае схематычную ілюстрацыю.
3-і вучань складае схематычны чарцёж.
– Ці падыходзіць кароткі запіс да задачы?
– Ці падыходзяць схемы да задачы?
– Якім дзеяннем рашаюцца такія задачы?
– Запішыце рашэнне задачы.
– Складзіце адваротныя задачы, змяняючы дадзеныя ў мадэлях.
Задача 2
– Зараз я прапаную справіцца яшчэ з адной задачай (№ 4, с. 63).
– Прачытайце задачу.
– Што вядома ў задачы? Што трэба знайсці?
– Прачытайце яшчэ раз пытанне.
– Як змянялася колькасць грыбоў у кошыку?
– Давайце вызначым, да якога тыпу задач адносіцца гэта задача? (“Было/змянілася/стала”)
– Ці ўсе даныя нам спатрэбяцца для рашэння гэтай задачы? Што лішняе? (1 г)
– Знайдзіце сярод прапанаваных мадэлей групу, якая адпавядае нашай задачы.
– Давайце запоўнім іх данымі з задачы.
– Якім дзеяннем рашаецца наша задача?
– Самастойна рашыце задачу.
Узаемаправерка.
1-ы тып мадэляў (апорнае слова: “усяго/разам”)
2-і тып мадэляў (апорнае слова: “на некалькі больш /менш”)
3-і тып мадэляў (апорнае слова: “стала”)
4-ы тып мадэляў (апорнае слова: “засталося”)
9 Падвядзенне вынікаў урока
– Якая была тэма сённяшняга ўрока?
– Як параўнаць два выразы, не вылічваючы іх, з задання “Правер сябе” на старонцы 63?
– Якую ўласцівасць складання мы прымянілі?
10 Рэфлексія
– Прадоўжыце фразу:
– Сёння на ўроку я даведаўся …
– Сёння на ўроку я навучыўся …
– Я магу сябе пахваліць за …
– Дык якое свята адзначаецца сёння ў Рэспубліцы Беларусь?
– Я жадаю вам быць сапраўднымі грамадзянамі сваёй краіны.