У гасцях у доктара Айбаліта. Сцэнарый тэатралізаванай пастаноўкі для дзяцей сярэдняга ўзросту (4–5 гадоў)

- 14:52ДОШКОЛЬНОЕ ОБРАЗОВАНИЕ, Дошкольное образование. Сценарии, Методичка

Фарміраванне сацыяльнага вопыту, асабістых якасцей дзіцяці на аснове яго ўключэння ў сістэму сацыяльных адносін у розных жыццёвых і гульнявых сітуацыях, знаёмства з простымі прыёмамі першай дапамогі ў экстрэмальных сітуацыях.

 

 

Аксана ДВАРАНСКАЯ,
выхавальнік дашкольнай адукацыі   
ДУА “Крэўская сярэдняя школа” Смаргонскага раёна,
Гродзенская вобласць

 

 

Мэта: фарміраванне сацыяльнага вопыту, асабістых якасцей дзіцяці на аснове яго ўключэння ў сістэму сацыяльных адносін у розных жыццёвых і гульнявых сітуацыях, знаёмства з простымі прыёмамі першай дапамогі ў экстрэмальных сітуацыях.

 

Задачы

Адукацыйныя:

– працягваць замацоўваць уяўленняў дзяцей аб небяспечных сітуацыях у побыце і ў прыродзе;
– вучыць асновам асабістай бяспекі;
– фарміраваць уменне прымяняць правілы бяспечных паводзін у розных жыццёвых сітуацыях.

Развіваючыя:

– фарміраваць паняцце “можна – нельга”;
– адрозніваць небяспечныя сітуацыі дома, на вуліцы, у прыродзе;
– развіваць уменне суперажываць адзін аднаму.

Выхаваўчыя:

– выхоўваць бяспечныя паводзіны дома, у прыродзе, свядомае стаўленне да выканання правіл бяспечных паводзін;
– выхоўваць адказнасць за сябе, за іншых, добразычлівасць, пачуццё суперажывання тым, хто мае патрэбу ў дапамозе.

Матэрыялы і абсталяванне: кветкі, лаўка, лапата, стол, бутэлечкі з лекамі; аўдыязапісы (лірычная музыка, Л.Бетховен “Весела-сумна”, К.Свірыдаў “Скакуха (Попрыгунья)”, С.Майкапар “ У садзіку”).

Дзеючыя асобы: Апавядальнік, Доктар Айбаліт, Сабака Ава, Бармалей, Ліса, Малпа Чычы, дзеці-маскі: Рамонак, Дзьмухавец, Трыпутнік, Падбел, Морква, Бурак.

Папярэдняя работа: чытанне казкі К.Чукоўскага «Доктор Айболит», прагляд мультфільмаў «Волшебная книга МЧС»,  «Первая помощь при травмах», маляванне “Бяспечна мы жывём”.

 

Дзеянне I

 

Дэкарацыі: кветнік, лаўка.

Апавядальнік. Жыў-быў доктар Айбаліт. Ён вельмі любіў звяроў. У яго доме жылі зайцы, а на шафе жыла вавёрка, пад канапай у скрынцы спаў калючы вожык. Але больш за ўсіх звяроў доктар любіў сабаку Аву.

У доктара быў невялікі агародчык, дзе ён са сваімі ляснымі сябрамі вырошчваў лекавыя травы, агародніну і, безумоўна, прыгожыя кветкі.

Летам, калі зёлкі зацвіталі, доктар Айбаліт збіраў іх разам з сабакам, высушваў і рабіў з іх духмяную гарбату, гаючыя мазі, якімі лячыў звяроў.

Кожную раніцу доктар хадзіў у свой агародчык, паліваў кветкі і агародніну, гэта прыносіла вялікае задавальненне. А калі сонейка падымалася высока, доктар садзіўся на сваю любімую лаўку і слухаў розныя гісторыі, якія яму ціхенька нашэптвалі прыгожыя кветкі і агародніна.

Рамонак. Я, рамонак, падобны на парасон. Па легендзе, у даўнія часы мы былі парасонамі ў маленькіх стэпавых гномікаў. Пачнецца ў стэпе дождж, гномік прыкрыецца рамонкам і весела крочыць, падымаючы кветачку над галавой. А яшчэ мы вельмі падобныя на здзіўленыя вочы. Калі пайсці на луг у сухі ветраны дзень, то можна пачуць шоргат белых рамонкавых павек. Брацік наш, аптэчны рамонак, славіцца сваімі лекавымі ўласцівасцямі. Яго кветачкі валодаюць супрацьзапаленчым дзеяннем, паскараюць загойванне ран. Валасы, прамытыя ў рамонкавым адвары, набываюць прыгожае залацістае адценне.

Дзьмухавец. Дзьмухавец ведаюць усе змалку. У маі ў траве запальваюцца жоўтыя ліхтарыкі. Гэта зацвітае дзьмухавец. Кветкі яго валодаюць цікавай асаблівасцю: увечары і ў пахмурнае надвор’е яны закрываюцца. З кораня рыхтуюць прэпараты, якія выклікаюць апетыт, а з кветкавых кошыкаў вараць лячэбнае варэнне, якое прымяняецца пры кашлі.

Трыпутнік. Сапраўды сціплая траўка, якая расце каля дарог і жылля, на лузе і ў полі. Шчыльна прыціскае трыпутнік свае лісты да зямлі, надзейна замацаваўся ён у зямлі густым пучком каранёў. Свежыя лісты, прыкладваюцца да парэзаў, сінякоў, апёкаў, месцаў укусаў насякомых.

Падбел. Вясной, як толькі снег сышоў, на прагрэтай зямлі з’яўляецца жоўтыя кветкі – агеньчыкі падбелу. Калі ж кветачкі адцвітуць, на іх месцы ўзнікаюць невялічкія шарыкі – пухавічкі, а потым ужо вырастаюць лісты расліны. Яны зверху гладкія і халодныя на дотык, знізу мяккія і цёплыя. Прыкладзеш да шчакі лісток ніжнім бокам – і здаецца, што дакрануліся да твайго твару пяшчотныя далоні маці. Дотык жа другога боку ліста выклікае непрыемнае адчуванне. Вось чаму ў рускай мове гэта расліна мае назву – “мать-и-мачеха”. З лісця падбелу робяць вяжучыя, процізапаленчыя, дэзынфіцыруючыя, адхаркваючыя прэпараты.

Морква. Дайце агародніне сказаць пару слоў. Мы таксама вельмі карысныя. У нас шмат вітамінаў і мікраэлементаў. З мяне можна прыгатаваць смачныя стравы, а яшчэ я лячу людзей. Мяне прымяняюць пры захворваннях сэрца і страўніка, нырак, вачэй, а яшчэ п’юць з мёдам пры прастудах.

Бурак. А я чырвоны і сакавіты. Я поўны здароўя і сіл, а таксама гатовы гэтым дзяліцца з усімі. У мяне карысны не толькі плод, але і бацвінне, у ім утрымліваецца вялікая колькасць караціну.

Айбаліт. Як я засядзеўся, вашы гісторыі такія займальныя, што я не заўважыў, як наступіў вечар.

 

Дзеянне II

 

Дэкарацыі: пакой, канапа, стол, на стале – бутэлечкі з лекамі.

Апавядальнік. Доктар Айбаліт лёг спаць. Раптам нехта пастукаў у дзверы.

Айбаліт. Хто там?

Чычы. Гэта я, Малпачка Чычы!

Айбаліт. Што здарылася з табой?

Чычы. Я ўцякала ад злоснага разбойніка Бармалея, паранілася.

Айбаліт. Драпіны, ранкі трэба памазаць заспакаяльнай маззю з рамонкам. Праз некалькі дзён твая ранка загоіцца. Я не хачу, каб цябе крыўдзілі, таму заставайся ў мяне жыць.

 

Дзеянне III

 

Дэкарацыі: пакой, стол, крэсла, на стале – лекі, мазі.

 

Апавядальнік. Чычы стала дапамагаць доктару лячыць звяроў. Кожны дзень да яго прыходзіла шмат звяроў, і кожнаму ён дапамагаў. Аднойчы з далёкага лесу прыйшла ліса плачучы.

Ліса. Ой, мяне ўкусіла аса!

Айбаліт: Пацярпі крышачку. Зараз пратру балючае месца лісцікам трыпутніку, і ўсе непрыемнасці пройдуць.

Чычы. Доктар Айбаліт, парася Хру-Хру прамачыла ногі і застудзілася, цяпер моцна кашляе. Можна яму чымсьці дапамагчы?

Айбаліт. Прывядзі яго, Чычы, мы яго агледзім.

Чычы прыводзіць парася. Доктар аглядае горла.

Айбаліт. Усе зразумела! Хру-хру, табе трэба піць сырадой з варэннем з дзьмухаўца. І праз некалькі дзён ты адчуеш сябе здаровым. Як доўга я займаўся хворымі, што і не заўважыў, як на вуліцы сцямнела.

Пацягваецца. Пара класціся спаць. Доктар кладзецца на канапу і засынае.

 

Дзеянне IV

 

Дэкарацыі: кветнік, лаўка.

 

Апавядальнік. Раніцай, калі доктар яшчэ спаў, на двары пачуўся нейкі шум і крык.

Ава. Доктар Айбаліт, прачынайцеся, там Бармалей у нашым агародчыку топча кветкі.

Айбаліт. Трэба яго спыніць, пакліч усіх звяроў!

Ава. Хутчэй! Хутчэй! На дапамогу, сябры!

Апавядальнік. Усе прыбеглі на агародчык. Бармалей ірве і топча кветкі, гародніну.

Айбаліт. Спыніся, Бармалей! Навошта ты гэта робіш? Усе расліны загінуць, і не будзе чым лячыць звяроў.

Бармалей. Ты забраў у мяне Чычы. У цябе шмат сяброў, а я адзін. (Рве рамонак. Падымае ўверх разам з карэннем). Ды хіба можна з дапамогай гэтай травы кагосьці лячыць. Падманшчык! Ха-ха! Я ўсё растапчу, усё знішчу. Ой-ай-ой! Вельмі балюча! Што вы мне тут падклалі?

Доктар аглядае рану на назе Бармалея.

Айбаліт. Вось бачыш, ты пашкодзіў нагу, і ідзе кроў. Вось лісцік трыпутніку, ён табе дапаможа. Глядзі, кроў ужо спынілася.

Бармалей. Не можа быць, каб нейкая траўка мяне выратавала! Але я бачыў гэта сваімі вачыма. Значыць, гэта траўка – гаючая. Прабачце мяне, калі ласка. Я быў злы і грубы, я выпраўлюся і буду вам дапамагаць вырошчваць і збіраць зёлкі. Не праганяйце мяне, я хачу, каб са мной усе сябравалі (плача).

Айбаліт. Так, мы даруем табе, Бармалей. Раней ты нічога не разумеў, і ў цябе не было сяброў, але мы верым, што ты выправішся. Нельга таптаць, рваць расліны без разбору. Інакш не будзе чым лячыць звяроў, і ў нашых лясах, палях і лугах будзе пуста і непрыгожа.

Усе разам. Беражыце сябе і сваіх блізкіх.

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий