Рознаўзроўневыя заданні як умова для рэалізацыі індывідуальных магчымасцей кожнага навучэнца

- 11:59БЕЛАРУСКАЯ МОВА І ЛІТАРАТУРА, Беларуская мова і літаратура. Майстар-клас, Методичка

Арганізацыя актыўнага педагагічнага ўзаемадзеяння для прэзентацыі сістэмы рознаўзроўневых заданняў, якія спрыяюць рэалізацыі індывідуальных магчымасцей кожнага навучэнца.

Ганна ЧАЙКА,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
ДУА “Гімназія імя Я. Купалы” г. Мазыра,
Гомельская вобласць

 

 

 

 

 

Мэта: арганізацыя актыўнага педагагічнага ўзаемадзеяння для прэзентацыі сістэмы рознаўзроўневых заданняў, якія спрыяюць рэалізацыі індывідуальных магчымасцей кожнага навучэнца.

Задачы:

– прааналізаваць умовы эфектыўнага выкарыстання рознаўзроўневых заданняў, якія спрыяюць рэалізацыі індывідуальных магчымасцей кожнага навучэнца;

– азнаёміцца з некаторымі відамі рознаўзроўневых заданняў, якія будуць спрыяюць рэалізацыі індывідуальных магчымасцей кожнага навучэнца;

– стварыць уласнае заданне, якое будзе садзейнічаць рэалізацыі індывідуальных магчымасцей кожнага навучэнца

 

Ход майстар-класа

I Арганізацыйны этап

– Добры дзень, паважаныя калегі! Беларусы здаўна славіліся сваёй шчырасцю і гасціннасцю. Таму, каб настроіць вас на сяброўскую размову, хачу пачаставаць цукеркамі.

– Кожны з вас выбраў пачастунак на свой густ, бо ўсе мы розныя. Тэмперамент, схільнасці, інтарэсы – усё гэта індывідуальна. Нашы вучні таксама розныя. І трэба стварыць такую атмасферу на ўроку, каб кожны адчуваў сябе камфортна, мог раскрыцца, не баяўся памыліцца, жадаў праявіць ініцыятыву. Гэта значыць, настаўнік павінен улічыць здольнасці вучняў, хуткасць засваення імі матэрыялу, асаблівасці тэмпераменту. Зразумела, што праца з усім класам па аднолькавых заданнях не будзе эфектыўнай. Неабходна спалучаць франтальную работу з індывідуальнай і групавой, асаблівую ўвагу звяртаючы на выбар заданняў. Таму сёння ў цэнтры нашай увагі будзе ўзроўневая дыферэнцыяцыя.

– Як вы разумееце паняцце “дыферэнцыяцыя”?

Тэрмін “дыферэнцыяцыя”(ад лац. differentia – адрозненне) азначае расчляненне, падзел цэлага на розныя формы і прыступкі.

– У навучанні яна рэалізуецца праз дзяленне навучэнцаў на групы згодна з іх індывідуальнымі асаблівасцямі і падбор адпаведных рознаўзроўневых заданняў. Такі падыход станоўча ўплывае на псіхалагічны мікраклімат і дазваляе кожнаму рэалізаваць свае індывідуальныя магчымасці.

– Вашай увазе будуць прадстаўлены крытэрыі дыферэнцыяцыі і прыклады рознаўзроўневых заданняў. Таксама ў ходзе майстар-класа вы паспрабуеце стварыць уласны метадычны прадукт, які будзе садзейнічаць рэалізацыі індывідуальных магчымасцей навучэнцаў.

– Тэма майстар-класа – “Рознаўзроўневыя заданні як умова для рэалізацыі індывідуальных магчымасцей кожнага навучэнца”.

 

II Матывацыйна-мэтавы этап

Размеркаванне ўдзельнікаў майстар-класа на групы (згодна колеру абранай цукеркі).

– Паважаныя ўдзельнікі майстар-класа, цяпер я прапаную вам пазнаёміцца бліжэй. Перад вамі каляровыя фламастары і чыстыя формы для выканання сваёй візіткі. Давайце разам запоўнім гэтыя формы інфармацыяй пра сябе: імя і невялікі лагатып-смайл, які сімвалізуе ваш настрой на нашай сустрэчы. (Збіраю пасля візітоўкі ў арганайзеры).

– Цяпер звернемся да канверта пад нумарам 1.

– Выберыце задачы, не менш за тры, якія б вы хацелі рэалізаваць на працягу майстар-класа (кожная група называе па адной, не паўтараючыся, я прымацоўваю на дошцы).

– Прымацуйце абраныя задачы на ліст. Звярніце ўвагу на падказкі па афармленні.

 

III Аперацыйна-пазнавальны этап

Знаёмства і работа над заданнямі, якія садзейнічаюць рэалізацыі магчымасцей кожнага навучэнца, а таксама арганізацыя работы ў групах

– Задачы пастаўлены, давайце пачнём работу.

– Вернемся да паняцця ўзроўневая дыферэнцыяцыя. Вырашаецца яна за кошт разнастайнасці метадаў і прыёмаў навучання. На ўроку мае месца групавая, індывідуальная, франтальная работа. Змест адукацыі і метады навучання падбіраюцца з улікам асаблівасцей дзяцей, прадугледжваецца варыятыўнасць тэмпу вывучэння матэрыялу, выбар розных відаў заданняў.

Працэс арганізацыі настаўнікам узроўневай дыферэнцыяцыі на ўроках уключае ў сябе некалькі этапаў:

– вызначэнне крытэрыю, на аснове якога выдзяляюцца групы вучняў для дыферэнцыяванай работы (першым крытэрыем павінен выступаць узровень навучальнасці дзяцей);
– размеркаванне дзяцей на групы;
– рэалізацыя дыферэнцыяванага падыходу да вучняў на розных этапах урока;
– дыягнастычны кантроль за вынікамі работы вучняў, у адпаведнасці з якімі можа мяняцца склад груп і характар дыферэнцыяваных заданняў.

У якасці крытэрыяў дыферэнцыяцыі я вызначаю наступныя:

– узровень ведаў,
– схільнасці да творчасці,
– тэмп засваення матэрыялу,
– асаблівасці псіхічнага складу асобы.

У першую групу аб’ядноўваюцца вучні з дастатковым запасам ведаў, схільныя да творчасці, якія валодаюць высокім узроўнем самастойнасці, хуткасцю засваення матэрыялу.

Другая група – вучні з сярэднімі магчымасцямі, якія патрабуюць выхавання самастойнасці і ўпэўненасці ў сваіх пазнавальных магчымасцях.

У трэцюю групу ўключаюцца не толькі вучні з нізкай паспяховасцю ў выніку нізкіх здольнасцей, а вучні, якім у дадзены момант найбольш неабходна дапамога настаўніка: ёсць пэўныя незразумелыя пытанні ў вывучанай тэме, не атрымліваецца выканаць на патрэбным узроўні заданне і г.д. Таксама гэта вучні, якія, згодна са сваімі псіхалагічнымі асаблівасцямі, могуць якасна працаваць толькі ва ўмовах пастаяннага ўзаемадзеяння з настаўнікам.

Трэба адзначыць, што групы не з’яўляюцца статычнымі, іх склад пастаянна змяняецца. Такім чынам даецца магчымасць кожнаму папрацаваць творча, самарэалізавацца, атрымаць у неабходны момант дапамогу.

– Цяпер звернемся да канверта пад нумарам 2.

– Згодна з нормамі ацэнкі вучэбнай дзейнасці вучняў, кожная група мае свае паказчыкі ацэнкі (Дадатак). Пазнаёмцеся з іх фармуліроўкамі і далучыце прадстаўленыя нормы да першай, другой ці трэцяй групы (характарыстыка груп – на слайдзе ў якасці падказкі). Прымацуйце паказчыкі ацэнкі кожнай групы на ліст. Аргументуйце свой выбар.

– Ну а зараз мы з вамі разгледзім прыклады рознаўзроўневых заданняў, якія я выкарыстоўваю на сваіх уроках. І працягнем гутарку пра беларусаў і іх гасціннасць. “Госці на парог – гаспадыня за пірог”, – сцвярджае народная мудрасць. Наша кухня – гэта ўвасабленне нацыянальнай самабытнасці. Таму сёння яна будзе ў цэнтры нашай увагі.

 

Работа над рознаўзроўневымі заданнямі

 

– Пачнём з заданняў для вучняў 3-й групы.

Першае заданне актуалізуе веды і ўменні па арфаграфіі. Яно выконваецца па вядомым алгарытме.

 “Лаві памылку”:

Рацэпт, каўдуны, бапка, веращака, берозавік, алаткі, шніцэль.

Рэцэпт, калдуны, бабка, верашчака, бярозавік, аладкі, шніцаль.

Другое заданне па лексіцы – гэта заданне на распазнаванне моўных адзінак па ўказаных прыметах.

Суаднесці назвы з малюнкам і лексічным значэннем:

Таркаванцы
Мачанка
Жур
Узвар
Наліснікі

адвар з ягад, траў і інш.
тонкія бліны з пшанічнай мукі
страва з сала, мяса ці каўбасы, падкалочаная мукой
бліны з таркаванай бульбы
негусты аўсяны кісель

Адказ:

Таркаванцы – бліны з таркаванай бульбы;
Мачанка – страва з сала, мяса ці каўбасы, падкалочаная мукой;
Жур – негусты аўсяны кісель;
Узвар – адвар з ягад, траў і інш.;
Наліснікі – тонкія бліны з пшанічнай мукі.

Прыклады заданняў для вучняў 2-й групы.

Заданне патрабуе ўстанаўлення міжпрадметных сувязей у працэсе вырашэння задач, абагульнення моўнага матэрыялу.

Адзначыць сярод прапанаваных назоўнікі, што адрозніваюцца родам у рускай і беларускай мовах, перакласці іх на рускую мову і вызначыць род.

яблык, кава, шчаўе, цыбуля, бульба.

Адказ:

яблык (мужчынскі род) – яблоко (средний род);
кава (жаночы род) – кофе (мужской род);
шчаўе (ніякі род) – щавель(мужской род);
цыбуля (жаночы род) – лук (мужской род);
бульба(жаночы род) – картофель (мужской род)

 

Скласці словазлучэнні, спалучыўшы прапанаваныя словы (Тут неабходныя ўнутрыпрадметныя сувязі паміж лексічнымі адзінкамі)

скварыць            семкі
смажыць             сала
пражыць             мяса,
                            гарох

Адказ:

скварыць сала,
смажыць мяса,
пражыць семкі, гарох.

 

Прыклады заданняў для вучняў 1-й групы

Важную частку на ўроках складае праца з тэкстам.

Заданне:

1. Вызначыць стыль і тып тэксту.
2. Спісаць 6-9 сказы, раскрываючы дужкі і ўстаўляючы прапушчаныя знакі прыпынку.
3. Выканаць словаўтваральны аналіз слова, падкрэсленага ў першым сказе.
4. Утварыць ад дзеяслова, выдзеленага ў 5 сказе дзеепрыслоўе і дзеепрыметнік.
5. Знайсці ў 5 і 10 сказах збыткоўна выкарыстанае слова.
6. Прывесці ўласныя аргументы адносна думкі, выказанай у 10 сказе.

Заданне прадугледжвае свабоднае аперыраванне матэрыялам, аналіз моўных з’яў, абгрунтаванне і аргументацыю ўласных суджэнняў.

1. Беларусы любяць чорны хлеб, але ўлетку, калі дарагая кожная хвіліна, часцей пяклі праснакі – печыва ў выглядзе бліна. 2. З гародніны найбольш характэрныя для беларускай кухні капуста, гарох, бабы, морква і, вядома, бульба – апошняй належыць асаблівае месца. 3. Асабліва разнастайныя ў Беларусі стравы з бульбы, якую да гэтага часу называюць другім хлебам. 4. Бульбяная бабка, дранікі, комы, калдуны, драчоны. 5. Людзі разнастайна ўжывалі ў ежу ўсё што даваў лес. 6. Ч(э,а)рніцы ажыны маліны брусніцы леб(е,яда) шчаўе канюшына ч(э,а)рамша заячая капуста розныя віды грыбоў дзічкі яблыні і грушы гэта далёка не поўны пералік дароў лесу. 7. Свежыя салёныя сушаныя або марынаваныя грыбы вельмі папулярныя на стале беларусаў. 8. Ягады і садавіну мачылі варылі варэ(н, нн)е узвары кісялі сушылі на зіму. 9. Гародніна ўжываліся ў сырым выглядзе а (так)сама квасілі або салілі капусту буракі, агуркі. 10. Кулінарныя прыхільнасці беларусаў захоўваюць і зберагаюць сёння нацыянальную самабытнасць.

 

IV Практычны этап (работа ў групах)

– Звярніцеся да канверта пад нумарам 3. Перад вамі заданні. Ваша задача – вырашыць, якія з прапанаваных для вас заданняў можна аднесці для першай, другой ці трэцяй групы; свой адказ аргументуйце. Прымацуйце заданні ў якасці прыкладаў побач з паказчыкамі ацэнкі кожнай групы.

 

Заданне для вучняў 3-й групы

Заданне не патрабуе абгрунтавання, творчага падыходу. Проста дзеянне па алгарытме.

Заданне: З прапанаваных слоў складзіце і запішыце сказы.

1. Мае, кухня, гісторыю, беларуская, шматвяковую, цікавую.
2. Мастацтва, заўсёды, кулінарнае, з бытам, звязана, было, народа, звычаямі, культурай, і.

Адказы:

Беларуская кухня мае шматвяковую цікавую гісторыю.
Кулінарнае мастацтва заўсёды было звязана з бытам, культурай і звычаямі народа.

 

Заданне для вучняў 2-й групы

Заданне: Расставіць знакі прыпынку ў сказах, даць графічны каментарый.

Першыя звесткі аб харчаванні беларусаў можна знайсці яшчэ ў XVI стагоддзі ў апісаннях маёмасці землеўладальнікаў дзе пералічваюцца прадукты якія захоўваюцца ў кладоўках. Беларуская кухня цесна ўзаемазвязана з кулінарнымі традыцыямі літоўцаў латышоў палякаў украінцаў і рускіх.

Адказ:

[Першыя звесткі аб харчаванні беларусаў можна знайсці яшчэ ў XVI стагоддзі ў апісаннях маёмасці землеўладальнікаў], (дзе пералічваюцца прадукты), (якія захоўваюцца ў кладоўках). Беларуская кухня цесна ўзаемазвязана з кулінарнымі традыцыямі літоўцаў, латышоў, палякаў, украінцаў і рускіх.

 

Заданне для вучняў 3-й групы

Заданне: Скласці сачыненне-разважанне на аснове афарызма.

“У нас добрая спадчына, паболей бы добрых спадчыннікаў”(М.Стральцоў).

 

– А зараз вы самі паспрабуеце скласці свае ўласныя заданні. Для гэтага звярніцеся да канверта пад нумарам 4.

– Перад вамі матэрыял. Ваша задача на яго аснове скласці заданні для ўсіх трох груп.

 

Чырвоны канверт

1. Даецца ілюстрацыя. Мяркуецца, што на аснове яе будзе складзены тэкст.

2. Даецца тэкст на рускай мове і ілюстрацыя. Мяркуецца, што заданнем будзе яго пераклад.

Клёцки

Натереть на мелкой терке 1 луковицу и 8–10 картофелин. Перемешать полученную массу и отжать ее через марлю, добавить 1 яйцо, соль, 1-2 столовые ложки муки. Из картофельного теста скатать шарики. Закипятить воду, добавить щепотку соли. Отварить клёцки 30 минут. Подавать со сметаной либо с маслом.

Нацерці на дробнай тарцы 1 цыбуліну і 8-10 бульбін. Змяшаць атрыманую масу і адціснуць яе праз марлю, дадаць 1 яйка, соль, 1-2 сталовыя лыжкі мукі. З бульбянога цеста скруціць шарыкі. Закіпяціць ваду, дадаць дробку солі . Адварыць клецкі 30 хвілін. Падаваць са смятанай альбо з маслам.

 

3. Даецца выказванне. Мяркуеццца, што на аснове выказвання будзе складзена сачыненне-разважанне.

“Ежа розных народаў, як і вопратка, і жыллё усё больш падпадае стандарту. Амаль паўсюль вы ясце тыя ж самыя катлеты ды біфштэксы, усё больш забываеце непаўторнасць і адметнасць жыцця роднай мясціны”. (У.Караткевіч “Зямля пад белымі крыламі).

 

Сіні канверт

1. Даюцца сказы і ілюстрацыя. Мяркуецца, што з іх складуць тэкст, расставіўшы ў патрэбнай паслядоўнасці, дадуць тэксту загаловак.

1. Дадаць соль, яйка і муку, перамяшаць. 2. Затым перакласці ў чыгунок або жароўню, заліць негустой смятанай або растопленым маслам і паставіць на некаторы час у духоўку. 3. Бульбу абабраць, цыбулю ачысціць і нацерці іх на дробнай тарцы альбо з дапамогай кухоннага камбайна. 4. На аладку, выкладзеную на разагрэтую патэльню, пакласці фарш, зверху закрыць бульбянай масай, абсмажыць з абодвух бакоў да румянай скарынкі. 5. Зліць залішнюю ваду, трохі адціснуўшы пры гэтым бульбяную масу.

Бульбу абабраць, цыбулю ачысціць і нацерці іх на дробнай тарцы альбо з дапамогай кухоннага камбайна. Зліць залішнюю ваду, трохі адціснуўшы пры гэтым бульбяную масу. Дадаць соль, яйка і муку, перамяшаць. На аладку, выкладзеную на разагрэтую патэльню, пакласці фарш, зверху закрыць бульбянай масай, абсмажыць з абодвух бакоў да румянай скарынкі. Затым перакласці ў чыгунок або жароўню, заліць негустой смятанай або растопленым маслам і паставіць на некаторы час у духоўку.

2. Даецца пачатак і заканчэнне прыказак у пераблытаным выглядзе. Мяркуецца, што неабходна іх сабраць і расставіць знакі прыпынку.

1. Кашу маслам
2. Сыты галоднаму
3. Будзе час –
4. Як ем
5. Чалавек галодны
6. Смачна было,
7. Як зварыш, 
8. На смачны кусочак
9. Хлеб свежы
10. Калі хлеб у возе,
11. Хто як працуе
12. Госць, не дзьміся
13. Без капусты

Даведка: не таварыш, будзе квас, не сапсуеш, і глух і нем, ды блізка дно, так і з’ясі, ні на што не годны, знойдзецца раточак, смачны для ежы, той так і есць, то няма бяды ў дарозе, еш, што ў місе, на стале пуста.

1. Кашу маслам … (не сапсуеш).
2. Сыты галоднаму … (не таварыш).
3. Будзе час– … (будзе квас).
4. Як ем – …(і глух, і нем )
5. Чалавек галодны…(ні на што не годны)
6. Смачна было, …(ды блізка дно).
7. Як зварыш, …(так і з’ясі).
8. На смачны кусочак… (знойдзецца раточак).
9. Хлеб свежы…(смачны для ежы).
10. Калі хлеб у возе, … (то няма бяды ў дарозе).
11. Хто як працуе … (той так і есць)
12. Госць, не дзьміся,… (еш, што ў місе).
13. Без капусты…. (на стале пуста).

3. Даецца пачатак тэксту.

Аднаго разу ў нядзелю заспрачаліся стравы на святочным стале. Кожная страва лічыла сябе галоўнай……..

 

Жоўты канверт

1. Даюцца фразеалагізмы з прапушчаным кампанентам і іх лексічнае значэнне. Мяркуецца, што трэба ўставіць прапушчаны кампанент.

Сядзець на чужым …. (быць на чыім-небудзь утрыманні).
Надзённы ….. (тое, што патрэбна для жыцця).
… не кармі (нічога камусьці не трэба, толькі дай магчымасць зрабіць тое, да чаго ён мае вялікую ахвоту).
Без …. сядзець (быць незабяспечаным сродкамі для існавання).

Сядзець на чужым хлебе.
Надзённы хлеб.
Хлебам не кармі.
Без хлеба сядзець.

2.Даюцца малюнкі, словы і іх лексічныя значэнні. Мяркуецца суаднесці.

Бохан (выпечаны хлеб пераважна круглай формы);
Скарынка (цвёрды вонкавы слой хлеба);
Луста (адрэзаны вялікі плоскі кавалак хлеба)

       

3. Даецца выказванне.

 “Хлеб даставаўся цяжка. Кінуць яго быў смяротны грэх”. (У.Караткевіч “Зямля пад белымі крыламі”)

 

V Этап дэманстрацыі работы груп

Групы прадстаўляюць выкананыя заданні. Кожная група на вялікі ліст наклейвае свае заданні.

Атрымліваецца:

у 1-й групы – рэцэпт дранікаў і клёцак;
у 2-й групы – рэцэпт калдуноў і прыказкі пра ежу;
у 3-й групы – фразеалагізмы з кампанентам хлеб і словы з карцінкамі на тэму хлеб.

 

VII Выніковы этап

Задача: забяспечыць умовы для аналізу зместу і вынікаў працы кожным удзельнікам на майстар-класе.

 

VIII Рэфлексійны этап

Задача: стварыць умовы для ацэнкі ўдзельнікамі майстар-класа эфектыўнасці ўзаемадзеяння педагога і ўдзельнікаў; для вызначэння значнасці атрыманых ведаў і ўменняў для выкарыстання ў сваёй педагагічнай дзейнасці.

– Паважаныя калегі, выйдзіце групай да дошкі і прымацуйце стыкер побач з той мэтай, якую вы сёння дасягнулі.

– Такім чынам, пастаўленыя задачы былі дасягнуты.

– Нагадаю, мы вялі гутарку пра нацыянальную кухню, узгадалі нават некаторыя рэцэпты. Спадзяюся, у далейшым, гатуючы стравы на педагагічнай кухні, вы будзеце ўлічваць індывідуальныя асаблівасці вашых навучэнцаў.

 

Дадатак

Паказчыкі ацэнкі для работы ў групах

5–6 балаў (3-я група)

Узнаўленне (не ў поўным аб’ёме і/або з дапамогай настаўніка) на ўзроўні разумення праграмнага вучэбнага матэрыялу з указаннем агульных і адметных істотных прымет; моўных адзінак і фактаў, іх тлумачэннем, абгрунтаваннем, падмацаваннем прыкладамі з вучэбнага дапаможніка.

Параўнанне, распазнаванне (не ў поўным аб’ёме і/або з дапамогай настаўніка) моўных адзінак і фактаў па ўказаных прыметах.

Выкананне (не ў поўным аб’ёме і/або з дапамогай настаўніка) практыкаванняў, розных відаў моўных разбораў па вядомым алгарытме.

Устанаўленне (з дапамогай настаўніка) ўнутрыпрадметных і міжпрадметных сувязей пры ўзнаўленні вучэбнага матэрыялу. Знаходжанне (з дапамогай настаўніка) інфармацыі, прад’яўленай у вывучаным матэрыяле ў няяўным выглядзе (у тым ліку выяўленне дадатковай інфармацыі з табліц, алгарытмаў, схем, іншых сродкаў).

Маўленне з асобнымі парушэннямі паслядоўнасці і лагічнасці, маўленчымі памылкамі, якія вучань выпраўляе з дапамогай настаўніка.

 

7–8 балаў (2-я група)

Выкананне практыкаванняў, розных відаў моўных разбораў па вядомым алгарытме, вырашэнне арфаграфічных і пунктуацыйных задач з абгрунтаваннем выкананых дзеянняў. Самастойная (ці з дапамогай настаўніка) характарыстыка вывучаных моўных фактаў і з’яў па прапанаваным плане, самастойнае ўстанаўленне ўзаемасувязей і ўзаемазалежнасці паміж імі, абагульненне і сістэматызацыя моўнага матэрыялу; выяўленне і выпраўленне арфаграфічных, пунктуацыйных, граматычных і маўленчых памылак.

Самастойнае (ці з дапамогай настаўніка) ўстанаўленне ўнутрыпрадметных і міжпрадметных сувязей у працэсе вырашэння вучэбных задач.

Самастойнае (ці з дапамогай настаўніка) вызначэнне структурных частак вучэбнага матэрыялу, устанаўленне сувязей паміж сэнсавымі адзінкамі інфармацыі, прадстаўленай у розных знакавых сістэмах (тэкставай, графічнай, іншай знакавай сістэме), у розных формах (табліцы, алгарытмы, схемы, іншыя формы), у розных крыніцах інфармацыі (дапаможніках).

Маўленне адпавядае патрабаванням лагічнасці і дакладнасці, вучань дапускае асобныя маўленчыя недахопы, якія выпраўляе самастойна або з дапамогай настаўніка.

 

910 балаў (1-я група)

Самастойнае аперыраванне праграмным вучэбным матэрыялам, прымяненне ведаў і ўменняў (у тым ліку і ў незнаёмай, нестандартнай сітуацыі). Самастойнае выкананне дзеянняў з моўным матэрыялам на аснове абагульнення і сістэматызацыі; заданняў на трансфармацыю моўнага матэрыялу.

Самастойнае ўстанаўленне прычынна-выніковых сувязей і аналогій паміж рознымі моўнымі фактамі і з’явамі. Ажыццяўленне творчага пераносу ведаў, уменняў і навыкаў аналізу моўных з’яў на міжпрадметным ўзроўні, аргументацыя ўласнай пазіцыі.

Самастойнае валоданне сучаснымі тэхналогіямі працы з інфармацыяй, прыёмамі адбору і сістэматызацыі матэрыялу на пэўную тэму; выкарыстанне інфармацыі з розных крыніц (слоўнікі, даведачная літаратура, сродкі масавай інфармацыі, інтэрнэт-рэсурсы), інтэрпрэтацыя яе і вызначэнне каштоўнасці інфармацыі для вырашэння пастаўленай вучэбнай задачы; параўнанне вучэбнай інфармацыі і ўласнага вопыту, пабудова на гэтай аснове здагадак, доказ або абвяржэнне гіпотэз; ацэнка вучэбнай інфармацыі на аснове ўласных перакананняў і вопыту; лагічнае абгрунтаванне і аргументацыя сваіх меркаванняў і суджэнняў.

Маўленне дакладнае, правільнае, у адпаведнасці з нормамі пабудовы тэксту (лагічнасць, паслядоўнасць, звязнасць, адпаведнасць тэме, іншыя нормы); захаванне ў практыцы маўленчых зносін асноўных арфаэпічных, лексічных, граматычных, стылістычных норм сучаснай літаратурнай мовы (магчымыя адзінкавыя неістотныя маўленчыя недахопы, якія вучань выпраўляе самастойна), усвядомленае выкарыстанне вобразна-выяўленчых сродкаў мовы ў адпаведнасці з мэтай камунікацыі.

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий