Краязнаўства як сродак фарміравання пазнавальнай дзейнасці вучняў і выхавання любові да малой радзімы

- 14:31Воспитательная работа, Опыт

Краязнаўчая праца ў школе развіваецца ў двух цесна звязаных паміж сабою кірунках: на ўроку і ў пазаўрочны час. Краязнаўчыя інтарэсы вучняў, фарміруючыся падчас вывучэння мовы і літаратуры ў класе, знаходзяць далейшае развіццё ў працэсе пазакласных і пазашкольных краязнаўчых заняткаў.

Ірына РЫБАКОВА,
Iрына ЗЕЛЯНКОЎСКАЯ,

настаўнікі беларускай мовы і літаратуры
ДУА “Гімназія № 71 г. Гомеля”

 

 

У Канцэпцыі бесперапыннага выхавання дзяцей і моладзі ў Рэспубліцы Беларусь адным з асноўных напрамкаў выхавання вызначана фарміраванне грамадзянскасці і патрыятызму асобы. У аснове гэтага працэсу ляжаць засваенне агульначалавечых гуманістычных каштоўнасцей, культурных і духоўных традыцый беларускага народа, фарміраванне гатоўнасці да выхавання грамадзянскага абавязку.

Важнейшым сродкам далучэння школьнікаў да грамадзянскай культуры з’яўляецца краязнаўчая дзейнасць. Школьнае краязнаўства – гэта педагагічны працэс арганізацыі дзейнасці навучэнцаў, які звязаны з вывучэннем імі роднага краю і выкарыстаннем атрыманых ведаў на практыцы. У працэсе краязнаўчай дзейнасці ў школьнікаў назапашваецца вопыт узаемадзеяння з прыродным і сацыяльным навакольным асяроддзем. Пад «краязнаўчай дзейнасцю» вучняў разумеецца не толькі пошукавая, але і любая дзейнасць пры ўмове асэнсавання яе сувязі з пазнаннем, зберажэннем і забеспячэннем развіцця свайго краю.

Краязнаўчая праца ў школе развіваецца ў двух цесна звязаных паміж сабою кірунках: на ўроку і ў пазаўрочны час. Краязнаўчыя інтарэсы вучняў, фарміруючыся падчас вывучэння мовы і літаратуры ў класе, знаходзяць далейшае развіццё ў працэсе пазакласных і пазашкольных краязнаўчых заняткаў. Збліжэнне гэтых двух напрамкаў забяспечвае стварэнне пэўнай сістэмы, якая ўплывае на фарміраванне ў навучэнцаў ведаў аб родным краі, на выхаванне нацыянальнай самасвядомасці і патрыятызму як вызначаючых якасцей асобы, на развіццё пошукавых уменняў і абуджэнне ў навучэнцаў імкнення да самаўдасканалення.

Як далучыць вучняў да краязнаўчай дзейнасці і зрабіць гэты працэс цікавым, змястоўным і карысным? Як стварыць аптымальныя ўмовы для фарміравання трывалых ведаў пра свой край? Якія формы арганізацыі краязнаўчай працы больш эфектыўныя?

Поспех краязнаўчай працы ў многім залежыць ад настаўніка, які сам павінен быць краязнаўцам і добра ведаць метадалагічныя асновы школьнага краязнаўства, літаратуру па гэтай тэме, непасрэдна ўдзельнічаць у вывучэнні свайго краю і спрыяць пошукава-даследчай дзейнасці вучняў, умець устанаўліваць цесную ўзаемасувязь вучэбнай і пазакласнай, пазашкольнай працы, каб вучні маглі адчуць практычную значнасць атрыманых ведаў.

Калі казаць пра асабістым вопыт, то варта адзначыць, што спачатку краязнаўчая праца ў нашай педагагічнай практыцы пачалася з удзелу ў эксперыментальнай пляцоўцы “Мадэль выхаваўчай работы з вучнямі з улікам рэгіянальных асаблівасцей”, якая дзейнічала на працягу пяці гадоў у гімназіі.

Асноўнай мэтай пляцоўкі па выкарыстанні рэгіянальнага кампанента з’яўлялася фарміраванне высокай нацыянальнай свядомасці праз вывучэнне і далучэнне да нацыянальных традыцый і культуры роднага краю; аказанне дапамогі ў асэнсаванні вучнямі духоўных багаццяў свайго народа.

Курс быў накіраваны на практычную самастойную дзейнасць вучняў, у цэнтры ўвагі якой – вывучэнне канкрэтных матэрыялаў па гісторыі, культуры рэгіёна.

Праграма заснавана на краязнаўчай дзейнасці ў чатырох напрамках:

1. “Адчыні таямніцу часу”.
2. “Шляхамі паэтаў і герояў”.
3. “Сувязь часоў”.
4. “Пошук: нашы знаходкі”.

Значнае месца ў ёй займала дзейнасць гуртка “Гомелезнаўства”.

Асноўныя напрамкі работы гуртка:

1) вывучэнне гісторыі роднага краю;
2) вывучэнне культуры роднага краю;
3) вывучэнне традыцый роднага краю;
4) экскурсіі па памятных мясцінах;
5) сустрэчы са знакамітымі людзьмі.

За час дзейнасці гуртка быў сабраны, абагульнены і прадстаўлены на розных узроўнях, адпаведна і распаўсюджаны самы разнастайны матэрыял. Уся праведзеная з навучэнцамі краязнаўчая праца мела высокія паказчыкі эфектыўнасці ў вучэбна-выхаваўчым працэсе і выніковасці на розных конкурсах.

Пры арганізацыі краязнаўчай працы з дзецьмі выкарыстоўваюцца розныя формы і метады работы: лекцыі, падрыхтоўка рэфератаў, складанне радаводаў, падбор фотаматэрыялаў і ілюстрацый, запіс успамінаў, работа ў архівах, бібліятэках, прэзентацыі, сустрэчы з ветэранамі вайны і працы, прадстаўнікамі розных прафесій, экскурсіі. Адзін з самых перспектыўных і ўдалых, на наш погляд, кірункаў – гэта арганізацыя пошукавай краязнаўчай дзейнасці.

Асноўныя этапы работы ў арганізацыі пошукавай краязнаўчай дзейнасці:

1-ы этап – выбар аб’екта вывучэння;
2-і этап – вывучэнне літаратуры і іншых крыніц (інтэрнэт, гутаркі з удзельнікамі падзей і інш.);
3-і этап – абагульненне матэрыялу і падрыхтоўка яго да прадстаўлення;
4-ы этап – прадстаўленне ў выглядзе прэзентацый, пазнаваўчых гульняў, віктарын, конкурсаў;
5-ы этап – падвядзенне вынікаў.

Былі вывучаны і прадстаўлены матэрыялы па тэмах пазнаваўчая гульня “Гомель сёння і ўчора”, віртуальная экскурсія “Помнікі горада Гомеля”, пошук “Гісторыя майго роду ў гісторыі майго горада” і інш.

Гурткоўцы з захапленнем рыхтуюць матэрыялы і выступаюць з імі перад слухачамі, тым самым прапагандуючы свае веды. Паступова школьнікі самі пачынаюць далучацца да пошукавай працы: збіраюць краязнаўчы матэрыял, выкарыстоўваюць яго на ўроках беларускай мовы і літаратуры, у пазакласных занятках, пішуць вершы і творы пра свой горад, выступаюць з сабраным і перапрацаваным матэрыялам на навуковых канферэнцыях, афармляюць стэнды, пішуць нататкі ў “Гімназічны веснік”.

Важным сродкам назапашвання духоўных багаццяў і развіцця эстэтычнага ўспрымання і творчай актыўнасці вучняў з’яўляецца экскурсія, як па адносна недалёкіх мясцінах, так і па розных рэгіёнах краіны. Сустрэча з сапраўднымі гістарычнымі каштоўнасцямі пакідае глыбокі след у душы дзяцей і надоўга застаецца ў памяці.

Этапы падрыхтоўкі да экскурсіі. Спачатку вучні атрымоўваюць заданне: у розных крыніцах знайсці матэрыял па тэме, апрацаваць яго, падрыхтаваць выступленні ў час экскурсіі. Група вучняў робіць фотаздымкі, з якіх можна пазней аформіць фотаальбомы і выкарыстаць іх падчас урокаў, літаратурных вечарын і сустрэч. Каб экскурсія атрымалася завершанай, патрэбна абавязкова падвесці вынікі. Можна правесці абагульняючую гутарку, выставу творчых работ у форме пісьмовай замалёўкі, нарыса, сачынення-ўспаміну, верша, каб перадаць свае ўражанні ад вандроўкі.

За апошнія гады мы з гурткоўцамі наведалі Нясвіж, Мір, Лінію Сталіна. У кастрычніку адбылася экскурсія ў горад Добруш на ЗАТ “Добрушскі фарфоравы завод” і ў аграгарадок Карма ў Свята-Іаана-Кармянскі жаночы манастыр. Перад паездкай гурткоўцы вывучалі матэрыял пра гісторыю і славутасці Добруша, на занятках гуртка пазнаёміліся з жыццяпісам Святога Іаана Кармянскага, паглядзелі дакументальны фільм, падрыхтавалі выступленні перад удзельнікамі экскурсіі. Пасля экскурсіі падзяліліся ўражаннямі, прадставілі фотаматэрыял і справаздачу па паездцы.

З гурткоўцам працавалі над праектам “Залатое кальцо” Гомельшчыны”, у рамках якога ажыццявілі паездкі ў Рэчыцу, Тураў, Ветку і Добруш. Кожная паездка была цікавай і запамінальнай.

Цікавай і важнай формай краязнаўчай працы з’яўляюцца сустрэчы са знакамітымі людзьмі роднага горада. На асобныя заняткі пажадана запрашаць навукоўцаў, супрацоўнікаў музеяў, пісьменнікаў, музыкантаў, спецыялістаў той ці іншай галіны. Для гурткоўцаў такой запамінальнай стала сустрэча з гомельскай паэткай Нінай Шкляравай, гомельскай спявачкай Вольгай Цярэшчанка, ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны.

Магчымасці для выкарыстання краязнаўчага матэрыялу вельмі вялікія і нават нечаканыя. Так, на творчай сустрэчы Ніна Шклярава прэзентавала сваю новую кнігу, у якой быў змешчаны пераклад паэмы Мікалая Мельнікава “Рускі крыж” на беларускую мову. Удзельніца гуртка, уражаная асобай пісьменніцы, глыбей пачала знаёміцца з яе творчасцю, асабіста сустракалася з паэтэсай, а вынікам знаёмства стала даследчая праца “Тэма духоўнага адраджэння грамадства ў паэме Мікалая Мельнікава “Рускі крыж”. І такіх прыкладаў можна прывесці шмат.

Канчатковым вынікам сур’ёзнай краязнаўчай працы нашых гурткоўцаў з’яўляецца навукова-даследчая дзейнасць і ўдзел у конкурсах.

Галоўная мэта ўдзелу ў конкурсах – развіццё ў навучэнцаў цікавасці да прадмета, да культурнай і гістарычнай спадчыны рэгіёна. Падрыхтоўка да конкурсаў і ўдзел у іх спрыяе развіццю ведаў навучэнцаў, творчых здольнасцей.

Кожны год у нашым горадзе праходзяць мерапрыемствы ў рамках Велікоднага тыдня. Разам з гурткоўцамі мы былі на праглядзе мастацкай стужкі “Поп”. Пасля прагляду было абмеркаванне, і ў вучняў узніклі пытанні па праблемах, узнятых у фільме. Адно з іх: Якая роля праваслаўнай царквы ў гады Вялікай Айчыннай вайны? Пачалі знаёміцца з літаратурай, вывучаць матэрыялы. А вынікам стала творчая работа “Свет душы” пра подзвіг беларускага духавенства ў гады Вялікай Айчыннай вайны. З гэтай работай гурткоўцы ўдзельнічалі ў конкурсе Гомельскай Епархіі і атрымалі спецыяльны прыз.

Тэматыка даследчых работ па беларускай мове і літаратуры за апошнія гады:

– “Ірына Паскевіч – апошняя гомельская княгіня”;

– Мой хлеб надзённы” (маральнае стаўленне да хлеба: ад этнакультурных традыцый беларусаў да паўсядзённага жыцця);

– “Званы Беларусі”;

– “Русалка – рамантычны вобраз беларускага фальклору”;

– “Тэма духоўнага адраджэння грамадства ў паэме М.Мельнікава “Рускі крыж”;

– “Мая знакамітая зямлячка” (серыя даследчых работ па творчасці паэтэсы Ніны Шкляравай);

– “Маладыя галасы Гомельшчыны” (юнацкая паэзія Марыі Маліноўскай).

У апошні час прыкметна ўзмацнілася цікавасць да праблемы павышэння эфектыўнасці ўрока. Вялікая частка метадыстаў і настаўнікаў сваю ўвагу засяроджваюць на пошуках новых дасканалых формаў арганізацыі заняткаў, структуры ўрока, на ўдасканаленні методыкі навучання, на спосабах актывізацыі навучальнай дзейнасці. У наш час, калі грамадства ўсвядоміла неабходнасць асэнсаваць свае вытокі, вярнуцца да нацыянальных традыцый, урокі мовы і літаратуры не могуць поўнасцю задаволіць патрэбу ў спасціжэнні роднага слова, культуры. Таму, на нашу думку, настаўніку-філолагу вельмі важна абапірацца на краязнаўчы матэрыял, на сувязь беларускай мовы і літаратуры з гісторыяй, культурай роднага краю.

 

На ўроках беларускай мовы мы выкарыстоўваем гісторыка-геаграфічныя звесткі, якія дазваляюць не проста зацікавіць дзяцей унікальнымі фактамі, але ствараюць развіваючую прастору для вучняў, якая абуджае ў іх цікавасць да творчасці і дазваляе рашыць асноўную задачу ўрока: развіццё асобы праз слова і творчасць.

Напрыклад, пры вывучэнні назоўнікаў агульных і ўласных вучні атрымоўваюць заданне суаднесці назвы гарадоў і рэк Гомельшчыны (Дняпро – Сож – Прыпяць – Мазыр – Рэчыца – Гомель) і скласці з імі сказы.

Пры вывучэнні антонімаў у раздзеле “Лексіка” прапануем вучням напісаць сачыненне-мініяцюру на тэму “Мой горад сёння і ўчора”. Пры вывучэнні лічэбнікаў вучні падбіраюць дома матэрыял і складаюць сказы з лічэбнікамі, якія характарызуюць горад, вобласць. Пры вывучэнні функцыянальных стыляў мовы вучні складаюць тэксты розных стыляў. Напрыклад, на тэму “Горад Гомель” – навуковага, мастацкага і публіцыстычнага стыляў.

Асобна трэба сказаць пра тэмы сачыненняў, якія можна прапанаваць вучням: “Мой горад”, “Мая вуліца”, “Мой раён”, “За што я люблю свой горад”.

Асаблівае месца ў вывучэнні літаратурных твораў належыць звароту да трагічных і гераічных старонак барацьбы нашых суайчыннікаў з нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Можна расказаць пра трагічны лёс дзяцей у перыяд Вялікай Айчыннай вайны і мемарыяльны комплекс “Чырвоны Бераг” у Жлобінскім раёне пры вывучэнні апавядання Я.Брыля “Васількі”; на ўроку беларускай літаратуры ў 10-м класе па тэме “Memento mori”, альбо “У чым сэнс жыцця чалавека?” вучням даць апераджальнае заданне “Гісторыя спаленых вёсак Гомельшчыны”; пры вывучэнні аповесці І.Шамякіна “Гандлярка і паэт” расказаць пра дзейнасць гомельскага падпольшчыка Івана Шылава.

Пачынаючы з 6-га класа, вучні далучаюцца да праектнай дзейнасці. На ўроку беларускай літаратуры ў 6-м класе з выкарыстаннем тэхналогіі праектнага навучання быў праведзены ўрок па тэме “Экалагічная тэма ў вершы П.Панчанкі “Сармацкае кадзіла”.   

Далучыцца да культурнай спадчыны дазваляе ўрок-экскурсія. Пры падрыхтоўцы да ўрока развіцця мовы на тэму “Сачыненне-апісанне мясцовасці” ў 7-м класе быў выкарыстаны краязнаўчы матэрыял. Сачыненне насіла назву “Ля помніка Ірыне Паскевіч”. Праца праходзіла ў некалькі этапаў. На першым этапе вучні атрымлівалі індывідуальныя заданні: знайсці звесткі пра азначаны аб’ект. У працэсе працы фарміраваліся навыкі даследчай дзейнасці. Затым (другі этап) у час урока-экскурсіі кожны вучань выступаў у ролі экскурсавода, выкладаючы сабраны матэрыял (выкарыстоўваючы сабраныя звесткі, вусна апісваючы свой аб’ект). Пасля гэтага (трэці этап) вучні пісалі сачыненне пра славутасці горада, іншымі словамі, адбываўся працэс асэнсавання і абагульнення атрыманай інфармацыі, выпрацоўка ўласнай думкі па вывучаным матэрыяле. Такія ўрокі фарміруюць навыкі творчага мыслення, пашыраюць пазнавальную актыўнасць, далучаюць да каштоўнасцей грамадства, выхоўваюць патрыятычныя пачуцці.

 

Такім чынам, прадуманая арганізацыя краязнаўчай працы на ўроках і ў пазаўрочны час дазваляе павысіць матывацыю навучання беларускай мове і літаратуры і абудзіць любоў да сваёй радзімы.

Крытэрыямі і спосабамі адзнакі эфектыўнасці краязнаўчай працы, стабільнасці дасягнутых вынікаў з’яўляюцца:

1) павышэнне пазнавальнай цікавасці да вывучэння роднага краю;

2) актыўны ўдзел навучэнцаў:

– у сустрэчах;
– экскурсіях, пошукавых мерапрыемствах;
– пазакласных мерапрыемствах;
– стварэнні краязнаўчых мультымедыйных прэзентацый і відэаролікаў;
– рознаўзроўневых конкурсах;

3) фарміраванне патрыятычных пачуццяў.

Фактары рызыкі – нізкая матывацыя навучэнцаў.

 

Краязнаўства стала нашым лёсам. Ці ёсць сэнс у гэтай справе? Выхаванне патрыятызму, нацыянальнай свядомасці – справа складаная, асабліва ў цяперашніх умовах. Жыццё адкажа на гэтае пытанне. Чацвёра вучняў-краязнаўцаў выбралі прафесію, звязаную з гісторыяй, музейнай справай, народнай культурай, журналістыкай.

                     

Спіс літаратуры

1 Детский туризм и краеведение в Беларуси: пособие для учителей / авт.-сост. С.С.Митрахович [и др.]. – Минск : Рифтур, 2003. – 104 с.
2 Краеведение: пособие для учителя / под ред. А. В. Даринского. – М. : Просвещение, 1987. – 158 с.
3 Мяжэвич, М.Я. Пазакласная праца па беларускай мове і літаратуры / М.А.Мяжэвіч. – Мінск : Аверсэв, 2007. – 351 с.
4 Жукович, Н.В. Сучасныя педагагічныя тэхналогіі на ўроках беларускай мовы і літаратуры / Н.В.Жуковіч. – Мінск : Аверсэв, 2007. – 157 с.

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий