Выкарыстанне займальнага матэрыялу на ўроках матэматыкі ў 1-м класе не толькі захапляе, прымушае задумацца, развівае самастойнасць, ініцыятыву навучэнцаў, але і садзейнічае паспяховай адаптацыі дзяцей да школьнага навучання.
Алена АКУДОВІЧ,
настаўнік пачатковых класаў
ДУА “Поразаўская сярэдняя школа”
Свіслацкага раёна,
Гродзенская вобласць
Выкарыстанне займальнага матэрыялу на ўроках матэматыкі ў 1-м класе не толькі захапляе, прымушае задумацца, развівае самастойнасць, ініцыятыву навучэнцаў, але і садзейнічае паспяховай адаптацыі дзяцей да школьнага навучання. Захопленыя гульнёй, дзеці лягчэй засвойваюць праграмны матэрыял, набываюць неабходныя ўменні і навыкі.
У сваёй практыцы ў рабоце з першакласнікамі шырока выкарыстоўваю гульнявы і займальны матэрыял як на ўроках матэматыкі, так і на факультатыўных занятках. Магчыма, ён будзе карысным для маіх калег, якія працуюць у школах з беларускай мовай навучання.
Вершы пра лічбы
1. Пазнаёмцеся: адзінка!
Вастраносая дзяўчынка.
Бодра крочыць па дарожцы,
На адной трывалай ножцы.
2. А вось гэта – лічба два:
Ёсць і хвост, і галава.
З доўгай шыяй лебядзінай,
Пераходзіць шыя ў спіну.
3. “Два гарбы на спіне,
Бы з радні вярблюду я.
І паходка ў мяне
Гэткая марудная.
Не магу я шпарыць бойка”, –
Скардзіцца часамі тройка.
4. Ну і дзіўная чацвёрка:
На адной назе стаіць.
Перакуліш – крэслам стане.
Можна сесці – адпачыць.
А заснеш – нядоўга ўседзіш,
З крэсла мігам ніжэй з’едзеш.
5. На серп падобная
Я – лічба пяць!
Мяне павінен кожны
Добра ведаць!
6. Як замочак адкрывалі –
Лічбу шэсць мы атрымалі.
7. Вось сямёрка– качарга.
У яе адна нага.
8. Гэта што за снегавік
На паперы тут узнік?
Хутка снегу мы наносім,
Каб зляпіць нам лічбу восем.
9. Лічба дзевяць ці дзявятка,
Цыркавая акрабатка:
Калі на галаву ўстане,
Лічбай шэсць дзявятка стане.
10. А вось – нуль! Акруглы, важны.
Быццам воін той адважны.
Геаметрычныя загадкі
1. Вуглоў зусім не маю я
І гэтым ганаруся.
Запусці мяне, як кола,
Хутка пакачуся. (Круг)
2. З ім даўно знаёмы мы,
Кожны вугал у ім прамы.
Усе чатыры стараны
Аднолькавай даўжыні.
Вам прадставіць яго рад,
А завуць яго… (квадрат)
3. Хоць вуглы мае прамыя,
Я, рабяты, не квадрат.
Калі вы мяне пазналі,
Буду вельмі-вельмі рад. (Прамавугольнік)
4. Тры вуглы, тры стараны
Могуць быць рознай даўжыні.
Хто пазнаў мяне, сябры,
Хутка-хутка адкажы! (Трохвугольнік)
5. Я – фігура непрастая,
Дзве ў сабе я аб’яднаю.
Трохвугольнік раз і два –
Фігура стала ўраз адна. (Ромб)
6. Вам зрабіць яго так проста,
Круг расцягнеш – болей росту.
Няма вуглоў, няма старон,
Вельмі выцягнуты ён. (Авал)
7. Ты лінейку прыкладзі
І дарожку правядзі.
Без канца яна, без краю,
А завуць яе … (прамая).
8. Хоць куды яе вядзі,
Гэта лінія такая,
Без пачатку і канца
Называецца … (крывая).
9. Абмежаваны з двух бакоў.
Яго з лінейкай правядзём. (Адрэзак)
10. На прамой яна гуляе,
На адрэзкі падзяляе.
Без хваста ад коскі
Здаецца вельмі простай. (Кропка)
Прыказкі, звязаныя з лікамі
Адна пчала шмат мёду не наносіць.
Адной рукой вузла не завяжаш.
Адно вока, ды бачыць далёка.
Адзін за ўсіх і ўсе за аднаго.
Адзін у полі не воін.
Адна галава добра, а дзве лепей.
Два боты – пара.
За двума зайцамі пагонішся – ні аднаго не зловіш.
Тры грошы ў дзень – куды хочаш, туды дзень.
Хвальку цана – тры капейкі.
Конь на чатырох нагах, ды і то спатыкаецца.
На ўсе чатыры стараны.
Як свае пяць пальцаў.
Пятае кола ў возе.
7 разоў адмерай – 1 раз адрэж.
Сямёра аднаго не чакаюць.
Сем вёрст да нябёс, і ўсё лесам.
Вясна ды восень – на дзень пагод восем.
Саступіўшы аднойчы, дзевяць разоў застанешся ў выйгрышы.
Дзясятая вада на кісялі.
Рэбусы
Вершаваныя задачы
1. Быццам белыя пушынкі,
Упалі ціха тры сняжынкі.
Потым – тры, яшчэ раз – тры.
Колькі ўпала ўсіх, сябры?
2. Справа – тата,
Злева – мама.
Я ў сярэдзіне якраз.
Колькі будзе разам нас?
3. Валік хлопчык хвацкі –
Робіць брату цацкі:
Трактар, лодку, лыжку,
Коніка і мышку.
Цацкі зможаш падлічыць –
І табе будзе рабіць.
4. На палянцы ля крыніцы,
Скачуць жвава дзве куніцы.
Да іх прыбеглі дзве лісісчкі,
Дзве маленькія сястрычкі.
А за лісічкамі, як кот,
Падкраўся ціхенька янот.
Звяры скакалі і куляліся.
Колькі іх, вы здагадаліся?
5. Прыгожа вышыла Таццяна
Тры ліліі і два цюльпаны.
Дык колькі кветак, палічы.
І хуценька нам адкажы.
6. Пад гармонік скачуць польку
Тры мядзведзі, тры лісы.
А ўсяго танцораў колькі
На палянцы ля сасны?
7. Тры цікавых кнігі на маёй паліцы.
Прачытала я ўжо адну.
Колькі мне яшчэ чытаць?
Вы мне можаце сказаць?
8. Лялькі Таніны
На канапе пастаўлены:
Дзве матрошкі, Бураціна
І вясёлы Чыпаліна.
Танюшцы дапамажыце,
Лялькі падлічыце.
9. З лесу выйшаў статак
Дзікіх парасятак.
Спераду – чацвёра,
А ззаду – шасцёра.
Колькі ж парасятак
Утварылі статак?
10. Тры папугаі ехалі ў трамваі.
Двое каля рынку
Выйшлі на прыпынку.
Колькі ж папугаяў
Стала ў трамваі?
11. Пад бярозай ля ракі
Тры раслі баравікі.
Міхась, дастаўшы ножык,
Зрэзаў іх – і ў кошык.
Потым ён далей пайшоў,
Яшчэ пяць грыбоў знайшоў.
Ты ж падумай і скажы:
Грыбоў колькі ў кашы?
12. У статку хадзіла дзесяць кароў,
Чатыры каровы пабеглі дамоў.
Колькі ж кароў засталося на пашы?
Хай будуць падлікі дакладныя вашы!
13. У Міхася такі ўлоў:
Два ліні, пяць акунёў.
Колькі ўсіх – Міхась маўчыць.
Хто паможа палічыць?
14. У садку гуляў паўлін,
Падышоў яшчэ адзін.
Два паўліны за кустамі.
Колькі іх? Лічыце самі.
15. Толькі Маша ў лес зайшла –
Падасінавік знайшла,
Дзве лісічкі, баравік,
І зялёны махавік.
У каго адказ гатоў?
Колькі знойдзена грыбоў?
Задачы–жарты
1. Ты ды я ды мы з табой. Колькі нас усяго? (Двое)
2. Як з дапамогай толькі адной палачкі ўтварыць на стале трохвугольнік? (Пакласці яе на вугал стала)
3. На стале ляжаць у рад тры палачкі. Як зрабіць сярэднюю крайняй, не чапаючы яе? (Перакласці крайнюю)
4. Калі курыца стаіць на адной назе, то важыць 2 кг. Колькі будзе важыць курыца, калі будзе стаяць на двух нагах? (2 кг)
5. У трох братоў па адной сястры. Колькі ўсяго дзяцей у сям’і? (Чацвёра)
6. Патрэбна раздзяліць 5 яблык паміж 5 дзяўчынкамі так, каб адзін яблык застаўся ў кошыку. (Адной дзяўчынцы патрэбна даць яблык разам з кошыкам)
7. Расло чатыры бярозы. На кожнай бярозе па 4 вялікія галіны. На кожнай вялікай галіне па 4 маленькія. На кожнай маленькай галінцы – па 4 яблыкі. Колькі ўсяго яблык? (Ні аднаго. На бярозе яблыкі не растуць)
8. Ці можа дождж ісці два дні запар? (Не можа. Ноч раздзяляе дні)
9. На стале ляжалі 4 яблыкі. Адно з іх разрэзалі напалову. Колькі яблык на стале? (4)
10. Аднаго чалавека спыталі, колькі ў яго дзяцей. Адказ быў наступны: “У мяне 6 сыноў, а ў кожнага з іх ёсць родная сястра”. Колькі дзяцей у чалавека? (7)
11. Як з дапамогай двух палачак утварыць на стале квадрат? (Пакласці іх у вугал стала)
12. Два хлопчыкі ішлі ў школу. Па дарозе яны сустрэлі цётку Ганну з унучкай Аленкай, дзядулю Пецю з сынам Аляксеем і дзядзьку Колю, які ішоў з рыбалкі. Колькі чалавек ішло ў школу? (2)
13. На стале стаялі 3 шклянкі з ягадамі. Вова з’еў 1 шклянку ягад і паставіў яе на стол. Колькі шклянак стаіць на стале? (3 шклянкі)
Загадкі з матэматычным зместам
1. Чатыры браты пад адным дахам жывуць. (Стол)
2. Пяць братоў у адной хатцы жывуць. (Рукавіцы)
3. У чырвонай хатцы сто братоў жывуць, усе адзін на аднаго падобныя. (Гарбуз)
4. Нас 7 братоў, гадамі ўсе роўныя, а імёнамі розныя. (Дні тыдня)
5. 12 братоў адзін за адным ходзяць, адзін другога не знаходзяць. (Месяцы)
6. Хто 4 разы на год пераапранаецца? (Зямля)
7. Пяць хлопчыкаў, 5 каморачак. Разышліся хлопчыкі ў цёмныя каморачкі. (Пальцы ў пальчатцы)
8. Каб не замерзнуць, 5 рабят у печцы вязанай сядзяць. (Рукавіцы)
9. Чатыры нагі, а хадзіць не можа. (Стол)
10. Рук шмат, а нага адна. (Дрэва)
11. Стаіць Сярожка на адной ножцы. Дзе сонца стане, туды ён і гляне. (Сланечнік)
Літаратура
1 Кордемский, Б .А. Математическая смекалка/ Б. А. Кордемский. – М. Наука, 1991
2 Кузьмицкая, А. Н. Математика для первоклашек/ А. Кузьмицкая, Л. Кузнецова. – Минск: Пачатковая школа, 2014
3 Хацкевіч, Р. П. Чароўная скарбонка/ Р.П. Хацкевіч. – Мінск ЗАТ “Бервіта”, 1997