Дзякуючы ўдаламу мадэляванню тэматычнай інсталяцыі, у прыватнасці на ўроку літаратуры, можна не толькі стварыць фон, але і ўцягнуць вучняў у змястоўную палеміку па творы.
Таццяна БАТУРА,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
ДУА “Навасёлкаўская базавая школа”
Гродзенскага раёна,
Гродзенская вобласць
Улічваючы кліпавае мысленне сучаснага пакалення, неабходна рабіць стаўку на прадстаўленне інфармацыі ў выглядзе малюнкаў. Афармленню дошкі і падбору нагляднасці да ўрокаў ва ўсе часы ўдзялялася шмат увагі. У сённяшні век прагрэсіўных інфармацыйных тэхналогій зрабіць гэта стала намнога прасцей. Дзякуючы ўдаламу мадэляванню тэматычнай інсталяцыі, у прыватнасці на ўроку літаратуры, можна не толькі стварыць фон, але і ўцягнуць вучняў у змястоўную палеміку па творы.
Пад тэматычнай інсталяцыяй мы разумеем стварэнне пэўнай прасторавай кампазіцыі, аб’яднанай канкрэтнай ідэяй. Гэта можа быць рэклама мастацкага твора, вызначэнне нейкіх праблемных момантаў, звязаных з сюжэтам ці героямі, прэзентацыя аўтара і г.д. Акрамя традыцыйных партрэта пісьменніка і выставы кніг, у інсталяцыю дадаюцца прадметы побыту, якія сустракаюцца ў сюжэце і нясуць пэўную сэнсавую нагрузку, і атрыбуты згаданай эпохі. Мэтазгодна абыграць вобразы-сімвалы, прычым, як агульна прынятыя (васілёк у М.Багдановіча, дудка ў Ф.Багушэвіча), так і індывідуальна вызначаныя (хмаркі ў апавяданні “На Каляды к сыну” З.Бядулі, падручнік па лацінскай мове ў апавяданні І.Навуменкі “Настаўнік чарчэння”). Заўсёды актуальнымі будуць ілюстрацыі да эпізодаў твора: як вядомых мастакоў, так і саміх вучняў. Апраўдвае сябе стварэнне кадраплана, калі малюнкі размяшчаюцца ў храналагічнай паслядоўнасці.
Яшчэ дзеля рэкламы мастацкіх твораў мы апрабуем метад стварэння тэматычных пастоў у сацыяльных сетках. На віртуальнай старонцы выкладаецца фотаздымак, дадаецца кароткае апісанне і вылучаюцца ключавыя словы – хэштэгі. Раздрукаваныя скрыншоты гэтых пастоў таксама займаюць сваё месца ў экспазіцыі да ўрока.
Калі інсталяцыя размяшчаецца на дошцы, то ў вольныя месцы паміж карцінкамі запісваюцца хэштэгі, воблакі слоў, цытаты.
Кожны элемент павінен прайсці этап допуску да ўдзелу ў экспазіцыі: вучні прыводзяць доказы неабходнасці яго ўжывання. Тут важна, каб захоўвалася адзіная ідэя, а не проста быў бяздумны збор розных прадметаў на адну тэму. Так, у інсталяцыю да апавядання З.Бядулі “Бондар”, прысвечаную вобразу галоўнага героя, увайшлі драўляныя старадаўнія рэчы, лучына, партрэт Данілы, выкананы вучнямі, імправізаваная вывеска карчмы, крылатыя выслоўі пра талент майстэрства і нават сумны смайлік, які адлюстраваў трагедыю бондара. Калі пры вывучэнні паэмы М.Гусоўскага “Песня пра зубра” акцэнт рабіўся на вызначэнне зубра як сімвала Беларусі, то ў інсталяцыі прысутнічалі фотаздымкі Белавежскай пушчы, паштовая марка, грашовая купюра, талісман чэмпіянату свету па хакеі ў 2014 годзе, лагатып хакейнага клуба “Дынама-Мінск”, рэпрадукцыя карціны К.Русецкага “Паляванне на зубра”, скрыншоты з аднайменнага фільма рэжысёра Э.Перагуда. Знайшоў сваё месца партрэт князя Вітаўта, таму што ён параўноўваецца ў паэме з зубрам, а таксама карта Вялікага княства Літоўскага і папяровыя мадэлі замкаў. Для пошуку экспанатаў выкарыстоўваюцца рэсурсы бібліятэкі, музеяў, школьных кабінетаў, уласныя набыткі, і, канечне, інтэрнэт.
Тэматычная інсталяцыя не толькі стварае маляўнічы фон да ўрока, але і дазваляе наглядна звярнуцца да пэўнай узнятай у творы праблемы, акрэсліць сюжэтную лінію і ўзнавіць гістарычную эпоху. Вучні з захапленнем удзельнічаюць у стварэнні падобных кампазіцый, часам прапаноўваючы даволі неардынарныя і крэатыўныя рашэнні. Такім чынам таксама павышаецца вучэбная матывацыя і ўзнікае зацікаўленасць да ўдзелу ў абмеркаванні мастацкага твора.