Прыродныя сімвалы Беларусі. Канспект занятку па адукацыйнай галіне “Дзіця і грамадства” у рознаўзроставай групе (сярэдні, старэйшы ўзрост)

- 16:24ДОШКОЛЬНОЕ ОБРАЗОВАНИЕ, Дошкольное образование. Сценарии, Методичка

Выхоўваць любоў да Радзімы, пазнаваўчую цікавасць да прыроды Беларусі.

 

Ала ГІРЫС,
выхавальнік дашкольнай адукацыі
ДУА “Любчанскі дзіцячы сад” Навагрудскага раёна,
Гродзенская вобласць

 

Тэма: “Прыродныя сімвалы Беларусі”.

Праграмныя задачы:

сярэдні ўзрост

– даць уяўленне дзецям пра прыродныя сімвалы Беларусі, замацаваць веды пра жывёл беларускіх лясоў;
– замацаваць веды пра дзяржаўныя сімвалы Беларусі;

старэйшы ўзрост

– развіваць патрэбнасць у пазнанні сацыяльнай рэчаіснасці;
– фарміраваць уяўленні пра прыродныя сімвалы Беларусі (сасна, зубр, бусел, кветкі лёну, канюшыны, васілька); пазнаёміць з іх асаблівасцямі, цікавымі фактамі і значэннем для беларусаў;  
– замацаваць веды пра дзяржаўныя сімвалы Беларусі, жыхароў беларускіх лясоў;

агульныя задачы

– развіваць зрокавае і слыхавое ўспрыманне, увагу, памяць, лагічнае мысленне, маўленне;
– выхоўваць любоў да Радзімы, пазнаваўчую цікавасць да прыроды Беларусі.

Матэрыял: карта Беларусі, дзяржаўныя і прыродныя сімвалы Беларусі, карцінкі лесу, балота, поля, прыродных сімвалаў Беларусі, разразная карцінка зубра, інтэлект-карта рост лёну.

Метады і прыёмы: слоўныя, наглядныя, практычныя, візуалізацыя (інтэлект карта рост лёну)

Форма правядзення: падарожжа.

 

Ход занятку

1 Арганізацыйны момант

Добрай раніцы сонцу і птушкам,
Добрай раніцы сынам і дачушкам,
Добрай раніцы ўсім добрым людзям,
Шчыра вітацца мы з вамі будзем!
Добры дзень, дзеці!
Добры дзень, госці!

Выхавальнік паказвае карту Беларусі.

Пагляджу на карту я
Вось беларуская зямля!
Ёсць лугі тут і палі,
Рэкі, возеры, лясы!

Дзеці, у свеце ёсць шмат краін. У якой краіне жывём мы з вамі? (Беларусь). У кожнай краіны ёсць адметныя сімвалы. Якія сімвалы вы ведаеце? (Герб, гімн, сцяг).

Так, гэта дзяржаўныя сімвалы, якія сімвалізуюць для кожнага чалавека яго Радзіму. Па іх людзі пазнаюць сваю краіну. Давайце мы сімвалы нашай краіны размесцім на карце Беларусі.

І нам, грамадзянам рэспублікі Беларусь, патрэбна паважліва адносіцца да сімвалаў сваёй краіны.

Акрамя дзяржаўных сімвалаў ёсць яшчэ і прыродныя сімвалы. А каб даведацца, што гэта за сімвалы, мы адправімся з вамі ў падарожжа ў пошуках прыродных сімвалаў у Белавежскую пушчу.

Пушча – гэта такі вялікі лес, запаведнік. Запаведнік – гэта такая тэрыторыя, якая знаходзіцца пад аховай, каб зберагчы рэдкія прыродныя расліны, жывёл і птушак, якія занесены ў Чырвоную кнігу.

Дапаможа нам у падарожжы карта. Давайце разглядзім яе. (“Лес”, “Балота”, “Сасновы Бор”, “Поле”)

На чым вы хочаце адправіцца ў падарожжа?

У падарожжа едзем мы,
Каб прыродныя сімвалы знайсці.
У аўтобусе сядзім
І ў акенца мы глядзім.
Стоп, глядзіце, дзеці, прама!
Што гэта такое перад намі?

Астаноўка “Лес”

Першы прыродны сімвал жыве ў лесе. А хто гэта, мы даведаемся, калі складзём вось гэту карцінку.

Заданне “Складзі карцінку”

Дзеці раскажыце пра зубра.

Зубр – гэта самая вялікая жывёла беларускага лесу. Ён можа хутка бегаць і высока скакаць. Зубр харчуецца травой, карой дрэў, маладымі парасткамі. А зімой яго падкормліваюць работнікі запаведніка.

Што ж, працягваем.

У падарожжа едзем мы,
Каб прыродныя сімвалы знайсці.
У аўтобусе сядзім
І ў акенца мы глядзім.
Стоп, глядзіце, дзеці, прама!
Што гэта такое перад намі?

Астаноўка “Балота”

Каб даведацца, які сімвал тут жыве, трэба адгадаць загадку.

Хто ў чырвоных ботах
ходзіць па балотах? (Бусел).

Чаму ён любіць хадзіць па балотах? (Таму што харчуецца жабкамі.)

Рухомая гульня “Бусел і жабкі”

Дзеці вакол “бусла робяць круг. Бусел стаіць у крузе. Дзеці пачынаюць вадзіць карагод са словамі:

У чырвоных ботах
Ходзіць па балотах.
Бусел даўганогі
Жабак сабе носіць.
Жабак я сабе лаўлю
І іх зараз праглыну.

 

Жабкі ўцякаюць ад “бусла пры дапамозе нізкага прыседу, а “бусел іх ловіць. Тыя жабкі, да якіх дакрануўся “бусел, садзяцца ў балота.

Падарожжа прадаўжаем.

У падарожжа едзем мы,
Каб прыродныя сімвалы знайсці.
У аўтобусе сядзім
І ў акенца мы глядзім.
Стоп, глядзіце, дзеці, прама!
Што гэта такое перад намі?

Астаноўка “Сасновы Бор”

Дзеці, сасна – таксама прыродны сімвал Беларусі, таму што гэта самае распаўсюджанае дрэва ў нашай краіне. Яно можа расці і ў лесе, і на балоце. Яму не страшныя ні спякота, ні вятры, ні засуха. Гэта адна з самых старажытных раслін на зямлі, таму сасна з’яўляецца яшчэ сімвалам сілы, устойлівасці і даўгалецця.

Сасновы бор валодае гаючымі ўласцівасцямі. Нездарма зблізку сасновых лясоў будуюць санаторыі для лячэння лёгкіх, а са смалы сасны робяць мазі.

Каб хвоя вырасла вялікім дрэвам з маленькага семечка, павінна прайсці шмат гадоў.

Складанне алгарытму росту хвоі

Прапаную вам скласці алгарытм росту хвоі.

Неабходна скласці алгарытм – паслядоўнасць росту хвоі з прапанаваных картак.

1 Шышка 2 Семечка 3 Парастак 4 Хвоя (маленькая, 10, 15 гадоў)

Падарожжа прадаўжаем.

У падарожжа едзем мы,
Каб прыродныя сімвалы знайсці.
У аўтобусе сядзім
І ў акенца мы глядзім.
Стоп, глядзіце, дзеці, прама!
Што гэта такое перад намі?

Астаноўка “Поле”

Каб даведацца, якія прыродныя сімвалы растуць на полі, трэба скласці мазаіку з разразных картак.

Дзеці працуюць у падгрупах і складаюць кветкі (лен, канюшына, васілёк). Называюць іх.

Сінявокі, слаўны, чысты,
Галавісты, залацісты,
Дасць абноў ён людзям шмат,
Будзе кожны вельмі рад.

Правільна, гэта лён. Ён расце ў полі. З’яўляецца нацыянальным багаццем. З яго валакна робяць розныя тканіны, шыюць адзенне, ручнікі, сурвэткі. Лён лічыцца сімвалам працавітасці нашага народа.

Давайце разгледзім працэс вырошчвання лёну (разгляд у лэпбуку)

А яшчэ ў нас: 

Сінявокая кветка на полі расце.
Падабаецца дзеткам і радасць нясе. (Васілёк).

Васілёк лічыцца сімвалам пяшчоты, адданасці і надзейнасці.

А вось яшчэ адна кветачка, якая з’яўляецца сімвалам Беларусі. Гэта канюшына. Яна сімвалізуе сувязь са светам жывёл, амаль для ўсёй свойскай жывёлы яна з’яўляецца лепшым кормам.

3 Заключная частка

Дзеці, вось і скончылася наша падарожжа па Белавежскай пушчы, дзе мы з вамі знайшлі прыродныя сімвалы нашай краіны, даведаліся пра іх шмат цікавага. Сімвалы адлюстроўваюць гісторыю, нацыянальныя традыцыі, асаблівасці прыроды беларускай зямлі. Немагчыма з іх абраць самы лепшы. Усе яны важныя і непаўторныя. Іх разнастайнасць паказвае, наколькі багатая і дзіўная наша краіна.

Нам пара вяртацца ў групу. Вернемся пры дапамозе чароўных слоў

Вакол сябе пакруціцеся,
У дзіцячы садок вярніцеся!

А зараз нашы малышы адпачнуць, а старэйшыя дзеці выканаюць заданне ў сшытках.

 

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий