Віктарына дазваляе паглыбіць веды пра вандраванні пісьменніка па Палессі разам са сваім сябрам Валянцінам Ждановічам. Матэрыял можа быць выкарыстаны пры вывучэнні творчасці пісьменніка як на ўроках, так і ў пазакласнай дзейнасці.
Наталля ПРУДНІКАВА,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
ДУА “Сярэдняя школа № 3 г. Оршы імя У.С.Караткевіча”,
Віцебская вобласць
Сучасныя школьнікі ведаюць менавіта Караткевіча-літаратара, але мала каму вядомы Караткевіч-падарожнік. Віктарына дазваляе паглыбіць веды пра вандраванні пісьменніка па Палессі разам са сваім сябрам Валянцінам Ждановічам. За аснову віктарыны ўзяты матэрыял з успамінаў Ждановіча.
Матэрыял можа быць выкарыстаны пры вывучэнні творчасці пісьменніка як на ўроках, так і ў пазакласнай дзейнасці.
Уступнае слова
Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч – беларускі паэт, празаік, драматург, публіцыст, перакладчык, кінасцэнарыст. Усе ведаюць пісьменніка як шматгранную творчую асобу. Але, як пісаў у сваёй кнізе ўспамінаў сябар пісьменніка, “мала хто ведае У.Караткевіча як падарожніка. А ЁН жа быў Падарожнік з вялікай літары. ЁН валодаў талентам падарожжа. ЁН не сціраў белыя плямы на геаграфічных картах. ЁН стараўся, каб не было белых плямаў у нашай памяці і свядомасці. Ім кіравала натхнёнасць, якая вырасла з самай вялікай любові – з любові да народа, да роднае зямлі”.
Караткевіч узбіраўся на Крымскія горы, вандраваў па Далёкім Усходзе, выходзіў з рыбакамі ў Чорнае мора, блукаў па старажытных расійскіх гарадах. Але ж галоўнымі яго падарожжамі праз усё жыццё былі вандраванні па Беларусі дзеля аднаўлення гісторыі, дзеля аднаўлення гістарычнай памяці, дзеля ўшанавання і ўсведамлення яе маладым пакаленнем. Родныя шляхі і сцяжыны вывучаў падрабязна, грунтоўна. З падарожжаў Караткевіч вывозіў багатыя скарбы жывой сувязі з народам, у падарожжах ён пранікся верай у прыгажосць роднага краю і роднае культуры.
Давайце і мы павандруем разам з Уладзімірам Караткевічам па чароўнай і невядомай палескай зямлі.
1. Колькі падарожжаў здзейсніў Уладзімір Караткевіч па Палессі? |
100 – (49 + 48) = |
2. Як называюць людзей, якія жывуць на Палессі? |
|
3. Чым адметны гэты край? |
|
4. Якія раёны займае Беларускае Палессе? |
|
5. Кім па прафесіі быў сябар Уладзіміра Караткевіча, з якім яны разам падарожнічалі па Палессі? |
|
6. Як звалі сябра? |
В…л…н…н |
7. Любімы занятак маладых падарожнікаў падчас прыпынкаў у глухіх палескіх вёсках? |
|
8. У якім годзе адбылося першае падарожжа Уладзіміра Караткевіча на Палессе? |
|
9. Уладзімір Сямёнавіч пісаў: «Сузор’е каўша ноччу мігцела нада мной і рыбы здзіўлена глядзелі з-пад вады на маё вогнішча». Пра якое сузор’е гаварыў Караткевіч? |
|
10. Па выніках першай паездкі Уладзімір Караткевіч напісаў нарыс. Якую назву меў гэты нарыс? |
|
11. Як называўся цеплаход, на якім падарожнічаў па Сожы Уладзімір Караткевіч? |
|
12. Якой падзеі было прымеркавана другое падарожжа? У якім годзе яно адбылося? |
|
13. У сваім эсэ «Сцюдзёная _____, або ___ год і ___ дзён» Караткевіч разважае аб страчаных каштоўнасцях старажытнага палескага горада. Аднавіце поўную назву эсэ. |
|
14. На Прыпяці прывабіў падарожнікаў сваёй прыгажосцю чарнявы бакеншчык Валодзя. Хто такія бакеншчыкі? |
|
15. У той час гэты працэс ішоў поўным ходам на Палессі, што вельмі хвалявала Уладзіміра Караткевіча. У сваю чаргу ён пісаў: «Мы можам страціць гэтую зямлю». Што гэта за працэс? |
|
16. На чым перапраўляліся падарожнікі па рацэ падчас другога падарожжа? «Вялікі і моцны, ён сімвалізуе магутнасць ракі». |
|
17. Як называецца самабытная паўнаводная рака Палесся, па якой падарожнічаў Уладзімір Караткевіч са сваімі сябрамі? |
|
18. У якім годзе адбылося трэцяе падарожжа па Палессі? |
|
19. Сродак перамяшчэння падарожнікаў па рацэ падчас трэцяга падарожжа. |
|
20. У новае падарожжа сабраліся матрос Ждановіч, капітан Драчоў і ______ Караткевіч. Кім уяўляў сябе пісьменнік? |
|
21. Мастак Пятро Драчоў і Валянцін Ждановіч удвух афармлялі кнігу Караткевіча, якая рыхтавалася да выдання. Як называлася гэта кніга? |
|
22. Куды занатоўваў свае запісы падчас усіх падарожжаў Уладзімір Караткевіч? Так званая «малая падарожная кніжыца». |
|
23. Што заўсёды трымаў пад рукой побач са сваімі запісамі Уладзімір Караткевіч? |
|
24. Любімы занятак Уладзіміра Караткевіча ў час падарожжаў? |
|
25. Які прадмет Уладзімір Караткевіч браў з сабой ва ўсе падарожжы? |
|
26. Старадаўняя страва беларусаў, якую гатаваў падчас падарожжаў Уладзімір Караткевіч? |
|
27. Апошні здымак Уладзіміра Караткевіча быў зроблены за 9 дзён да яго смерці. Назавіце дакладную дату. |
|
28. Апошні запіс Уладзіміра Караткевіча: «Жыць ________». Аднавіце гэты запіс. |
Адказы
1. Тры.
2. Палешукі.
3. Край балот, азёр, лясоў. Багатая некранутая прырода, вялікая колькасць рэдкіх жывёл і птушак.
4. Беларускае Палессе, Паўднёвая Беларусь – прыродна-гаспадарчы раён у басейнах Прыпяці, Сожа, Буга, сярэдняга цячэння Дняпра, частка Палескай нізіны на тэрыторыі Беларусі. Займае вялікую частку Брэсцкай, Гомельскай, невялікую частку на поўдні Мінскай і крайнім паўднёвым захадзе Магілёўскай вобласці.
5. Фотакарэспандэнт.
6. Валянцін Ждановіч. Фотакарэспандэнту пашчасціла тройчы падарожнічаць з Караткевічам па Палессі. Усе тры сумесныя падарожжы – па камандзіроўках часопіса «Маладосць», у рэдакцыі якога ўсё сваё жыццё працаваў Ждановіч. Тады былі вельмі добрыя часы. У рэдакцыі маглі сабе дазволіць фатографа разам з пісьменнікам адправіць у доўгае падарожжа па Палессі, каб адкрыць і захаваць гэты некрануты свет.
7. Збіральніцтва фальклору. Разам з фалькларыстам Арсенем Лісам, які далучыўся да сяброў, запісвалі мясцовую творчасць. Гэтыя вёскі сапраўды жылі, ігралі ўсімі сваімі фарбамі. Шмат маладых людзей, прыгожых дзяўчат сустракала іх тут.
8. 1969 год.
9. Сузор’е Вялікай Мядзведзіцы.
10. Нарыс «Званы ў прадоннях азёр». Класік так апісаў сябе і свайго напарніка: «І вось яны, журналіст Валянцін і літаратар Уладзімір, ваш пакорлівы слуга, у належны дзень узброіліся фотаапаратамі, рукзакамі, вудамі і мужнасцю і годна ўзышлі на борт паветранага лайнера Мінск – Гомель. Выгляд у гэтых двух быў вельмі няважны: патрэпаныя курткі, штаны, пакідалі жадаць лепшага, а на адным яшчэ і кірзавыя боты. Толькі першакласная тэхніка журналіста давала паняць, што гэта культурныя людзі, а не басякі».
11. Цеплаход «Уладзімір Маякоўскі».
12. Другое падарожжа было прымеркавана да 1000-годдзя горада Турава, 1980 год. Пісьменнік хацеў зразумець, хто такія людзі гэтай зямлі: «Была гэта і ёсць, нягледзячы на ўсе зменлівасці лёсу, тураўская зямля. Так, Палессе, але, на думку жыхароў, «палешукі»– гэта недзе там, а тут былі і ёсць «туроўцы».
13. «Сцюдзёная вясна, або 1000 год і 7 дзён».
14. Бакеншчыкі – гэта вартаўнікі бакенаў – плывучых знакаў, якія ўсталёўваюцца на якары для абазначэння навігацыйных небяспек на шляху руху судоў.
15. Меліярацыя – асушэнне балот.
16. Паром.
17. Прыпяць.
18. 1984 год.
19. Пра гэты факт мала хто ведае, але ў 1984 годзе сябры сабраліся ў новае падарожжа. Матрос Ждановіч, Капітан Драчоў і адмірал Караткевіч. Тады яны дасталі марскі плыт. Такі, які звычайна апошнім спускаюць на ваду, перад тым як тоне карабель. На ім яны хацелі зноў ад Пінска праплысці па ўсёй Прыпяці. Але рака моцна супраціўлялася. Плошча гэтага плыта была досыць вялікая, таму вецер пастаянна наравіў яго знесці супраць плыні. Давялося ледзь не на сабе цягнуць плыт, як бурлакам.
20. Адмірал.
21. «Зямля пад белымі крыламі».
22. Дзённік.
23. Вечны каляндар.
24. Рыбалка.
25. Чайнік.
26. Верашчака.
27. 16 ліпеня 1984 года. 20 ліпеня 1984 года Уладзімір Караткевіч вяртаецца ў Мінск, бо ў падарожжы яму пагоршала… а 25 ліпеня ў 4 гадзіны яго не стала…
28. Апошні запіс у дзенніку як запавет сябрам: «Жыць думаючы».
Літаратура:
Уладзімір Караткевіч. Быў. Ёсць. Буду! : успаміны, інтэрв’ю, эсэ / уклад. Г.Шаблінскай. – Мн. : Маст. літ., 2005. – 518 с.: іл. (Жыццё знакамітых людзей Беларусі.)