Свята “Са святачкамі, з Калядачкамі!”. Каляндарна-абрадавая дзейнасць у пазашкольнай рабоце

- 13:46Воспитательная работа, Сценарии

Прапанаваны матэрыял можна выкарыстаць пры правядзенні прадметнага тыдня па беларускай мове і літаратуры, прымяніць падчас розных пазакласных мерапрыемстваў.

Вольга КАРОЗА,
настаўнік музыкі
ДУА “Сярэдняя школа в. Ізабелін” Ваўкавыскага раёна,
Гродзенская вобласць

 

 

 

 

 

Мэта: далучэнне вучняў да скарбаў нацыянальнай культуры.

Задачы:

– пашыраць кругагляд дзяцей, абагачаць іх новымі музычнымі ўражаннямі, станоўчымі эмоцыямі праз выкананне калядных песень, гульняў, карагодаў;

– развіваць творчую актыўнасць дзяцей;

– выхоўваць цікавасць да вуснай народнай творчасці, беларускіх нацыянальных абрадавых традыцый.

Абсталяванне: дываны, ручнікі, сурвэткі, ганчарныя вырабы, сена, стол, посуд, посныя стравы.

Дзеючыя асобы: вядучыя, Гаспадыня, Гаспадар, дачка Аленка, бабуля Ганна, калядоўшчыкі, Павадыр, Кабыла, Каза, Цыган, Цыганка.

Падрыхтоўчая работа

На свята запрашаюцца вучні і настаўнікі школы, бацькі. Удзельнікі свята прыносяць посныя стравы.

 

Ход свята

Сцэна аздоблена ў беларускім стылі. Прыпечак, на якім стаяць стравы, ложак, засланы дываном, з вышытымі падушкамі, стол, пакрыты даматканай сурвэткай. Дзеці апранутыя ў адпаведныя дзеючым ролям беларускія нацыянальныя касцюмы.

Вядучы.

Добры дзень усім вам,
Дарагія госці,
Дзякуем, што к нам вы
Прыбылі ў госці.

Вядучая.

Рады мы ўбачыць
Вас у нашай хаце.
Нашым караваем
Вас пачаставаці.

Вядучы.

Па звычаях народных
Усім гасцям – паклон наш.
3 добрым словам і з любоўю
Вас вітаем хлебам-соллю!

У залу ўваходзяць гаспадар і гаспадыня.

Гаспадыня. Добры вечар, хлопчыкi i дзяўчынкi! Як цудоўна, што вы завiталi да нас у госцi. Сёння, у калядны вечар, усе чакаюць гасцей. А цi ведаеце вы, што гэта за свята – Каляды? Не вельмi добра? Тады сядайце, калi ласка, мы вам раскажам.

Гаспадар. Добры вечар, сябры! Каляды – гэта народнае зiмовае свята нашых продкаў. Калядавалi звычайна больш за тыдзень. Каляды пачыналiся са святочнай вячэры, якая называлася “посная куцця”, бо абавязкова на стале была традыцыйная абрадавая салодкая каша – куцця.

Гаспадыня. Да Каляд прыпасалi кумпякi, каўбасу, сала, яйкi, пяклi пiрагi, блiны, і ўсё самае смачнае ставiлi на святочны стол. Але гэта ўжо на наступны дзень. Бо з гэтага дня заканчваўся пост і можна было есці ўжо ўсё: і поснае, і тлустае.

Гаспадар. У госцi прыходзiлi калядоўшчыкi: Зорканоша, Музыка, Механоша, Павадыр з Мядзведзем, Песеннiк, Цыганка, Каза i iншыя людзi, пераапранутыя ў жывёл. Яны спявалi песнi з вiншаваннямi і пажаданнямi дабрабыту i шчасця гаспадарам, а тыя частавалі iх рознымi прысмакамi.

Гаспадыня. Лiчылася, як правядзеш Каляды, такiм увесь год будзе. Таму ўсе спявалi, танцавалi, весялiлiся, частавалi адзiн аднаго i хадзілi ў госцi. А зараз глядзіце і слухайце.

Гучыць музыка. Гаспадары ставяць на стол стравы.

Гаспадыня. Аленка, паглядзі, ці першая зорка з’явілася, ды будзем сядаць вячэраць. Ужо ўсе дванаццаць страў пастаўлены на стол.

Аленка выходзіць на вуліцу, глядзіць на неба.

Аленка. Матулечка, ужо ёсць зорачка, і не адна.

Гаспадар. Ну, тады сядаем за стол.

Уся сям’я стаіць каля стала, гаспадар благаслаўляе стол са стравамі, і тады ўсе сядаюць.

Першай спрабуем салодкую куццю, а тады ўсё астатняе.

Усе ядуць і хваляць смачныя стравы.

Бабуля Ганна. Зараз я, мае вы даражэнькія, паваражу, ці будзе ў нас у гэтым годзе добры лён.

Пачынае выцягваць з-пад абруса сянінкі.

Баба. Во, глядзіце, якая вялікая сянінка выцягнулася – будзе ў гэтым годзе добры ў нас лён, вялікі.

Гаспадар. Дзякуй Богу!

Аленка. Бабулька, я зараз прынясу куццю, паглядзі, ці будзе добры ўраджай ячменю.

Усе глядзяць на куццю.

Бабуля. О, дзякуй Богу! Будзе добры ячмень, во якая густая ды надсохлая!

Баба. Паглядзі, Аленка, у вакно. Ці шмат ужо на небе зорачак?

Аленка (глядзіць у акно): Ой, бабулька, неба ўсё ўсыпана зоркамі.

Бабуля. От добра. Гэта азначае, што летам будзе вельмі многа грыбоў.

Баба. А вось калі з поўдня пасыплецца град, то будзе ўмалотны гарох.

Гаспадар. А калі будзе ісці густы снег – дык будуць раіцца пчолы. А ёсць пчолы – дык будзе многа мёду.

Гаспадыня. Ну, што ж, павячэралі, трэба трошкі прыбрацца, бо калядоўшчыкі зараз прыйдуць.

Аленка, гаспадыня, бабуля прыбіраюць са стала.

Гаспадар. Вы ж сёння не мыйце лыжак, а звяжыце іх суконнай ніткай і пакіньце на стале, каб авечкі не адбіваліся ад дому.

Гаспадыня. Добра, добра. А ты, Цярэшка, занясі ў хлеў сена, што ляжыць на куце, дзе стаяў чыгун з куццёю, і дай карове і авечкам. Ды не забудзь сыпнуць снегу ў вочы свінням, каб не лазілі ў шкоду.

Гаспадар бярэ сена і выходзіць. Усё прыбіраецца. Бабуля таксама выходзіць, а праз некаторы час заходзіць з торбачкай, чымсьці напоўненай.

Бабуля. А зараз паглядзіце, што я вам падрыхтавала. Арэшкі. Сёння ж Каляда. Будзем ласавацца. Але спачатку пагуляем у гульню “Цот ці лішка”.

Гаспадар. Пачакайце і мяне. Я таксама хачу пагуляцца з вамі.

Усе сядаюць па крузе. Праводзіцца гульня.

Праз некаторы час чуецца музыка, шум.

Гаспадыня. Чуеце, што на вуліцы музыка грае? Напэўна, казу вядуць.

Аленка бяжыць да акна, углядаецца.

Аленка. Бабуля, матулечка, так, так «казу» водзяць. Вунь і да нас заварочваюць у двор.

Гаспадыня. Ой, ой, да нас ідуць.

Гаспадыня мітусіцца. Стук у дзверы.

Песня “З Ражаством Хрыстовым”

Калядоўшчык 1:

Добры дзень таму, хто ў гэтым даму!
Нам не хочацца чакаць – загадай калядаваць.

Калядоўшчык 2:

Добры дзень, добрым людзям!
Віншуем з Новым годам!
Са святачкамі! 3 Калядачкамі!

Калядоўшчык 3:

Ці шырокія сцены, каб нам патанцаваць,
Ці добрая гаспадыня, каб нас пачаставаць?

Калядоўшчык 4:

Гаспадыня, відаць, добрая,
Але што нас частаваць?
Трэба песню заспяваць!

Песня

Павадыр:

Мы не адны ідзём,
Казу з сабой вядзём.
Мы яе на кірмашы купілі
700 грошаў заплацілі

Ну-ка, Козанька, расхадзіся. Па ўсім двары разгуляйся-паскачы, гаспадароў барадою паказычы (каза танцуе і падае).

Павадыр. Што гэта стала? Мая Каза ўпала, ссохла-прапала. Нясі, гаспадынька, кусок сала, каб Каза ўстала.

Першы госць. Нясі мерку аўса, каб Каза пайшла.

Другі госць. Нясі мерку жыта, каб Каза была сыта.

Трэці госць. Нясі каўбасу, каб вылечыць Казу.

Гаспадыня (частуе Казу).

Госць-павадыр. Вось Козачка і ўстала, адразу ўсім весела стала.

Каза нешта шэпча на вуха павадыру.

Павадыр. Козачка хоча з вамі пагуляцца ў гульню “Лапці”. Пагуляемся?

Усе. Пагуляемся!

У Казы ў руках лапці і яна спявае.

Каза лесам ішла,
Ў лесе лапці знайшла.
Стала Козачка гадаць,
Каму лапці тыя даць.

Каза падыходзіць і кладзе лапці паміж двума ўдзельнікамі. Тыя на лік “адзін, два, тры” адварочваюцца і бягуць па крузе ў розныя бакі, каб стаць на лапці. Хто хутчэй стане, той атрымлівае цукерку ад Казы.

Цыган. Добры вечар вам!

Цыганка. Дык і нас, гаспадынька, пачастуй.

Гаспадар. А чым вы нас парадуеце?

Цыган. Купi, гаспадар, Кабылу, другой такой не знойдзеш. Прадаю дарма, усяго за тысячу. Пагладзь яе, паглядзi, якая яна ласкавая.

Гаспадар (гладзiць, кабыла брыкаецца): За такую шкада i грошы аддаць.

Цыган. Многа ты разумееш, паглядзi, якая ў яе паходка – плыве як у моры лодка. Косю, прайдзiся павольна (Кабыла праходжваецца).

Гаспадар. Косю, а прабяжыся, каб зямля задрыжала! (Пiхае Кабылу – яна падае).

Цыганка. А няхай жа цябе лiха, гаспадар. Загубiў нам кабылку!

Цыган. За гэту чэсць давай тры кускi сала, каб кабыла ўстала!

Гаспадар (смяецца): Убрыкнi цябе камар! Бяры ўжо! (Частуе яго). Вядзi кабылу ў хлеў.

Цыган вядзе Кабылу.

Гаспадыня. А табе, Цыганачка, каб зарабiць каляду, трэба паваражыць.

Цыганка (бярэ руку гаспадыні). Усю праўду скажу. Ляжаш ты спаць на мяккую канапу, i прыснiцца агурок, прыснiцца табе бочка, народзiцца ў цябе яшчэ сынок i дочка. I дзеткам паваражу.

Гульня-варажба “Картузiкi”

Цыганка падзывае дзяцей па чарзе да стала. Пад шапкамi ляжаць прадметы: нажнiцы – будзе цырульнiкам, кнiжка – настаўнiк, нiткi – швачка, грошы – бухгалтар.

Гаспадыня. I ты зарабiла, добра варажыла. Вось табе цукерачку, каўбасы на талерачку, вось табе пiражок, квасу поўны ражок!

Цыган. За такiя пачастункi трэба танец танцаваць.

Танец “Цыганачка”

Першы госць. Дзякуй, гаспадары! Жывіце ў згодзе і багацці, каб у вашай хаце заўсёды было чаго даці!

Другі госць. Дзякуй гэтаму дому! Пойдзем к другому!

Трэці госць. Шчодрых гаспадароў трэба ўшанаваці, на развітанне ім песню праспяваці!

Песня-шчадроўка “На нова лета” (Спяваюць усе калядоўшчыкі).

На нова лета няхай родзіць жыта,
Шчодры вечар, багаты вечар! (2 р.)
Жыта, пшаніца, усякая пашніца!

Шчодры вечар, багаты вечар! (2 р.)
Жадаем табе, пане гаспадару,

Шчодры вечар, багаты вечар! (2 р.)
Мядок варыці, сыноў жаніці,

Шчодры вечар, багаты вечар! (2 р.)
Масла збіраці, дачок аддаваці.

Шчодры вечар, багаты вечар! (2 р.)
Жыці ў багацці, згодзе і шчасці.

Шчодры вечар, багаты вечар! (2 р.)
Жыці-бываці, горачка не знаці.

Шчодры вечар, багаты вечар! (2 р.)

 

Калядоўшчыкі выходзяць з залы, за імі – усе астатнія ўдзельнікі мерапрыемства.

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий