Непаўторная Аршаншчына. Інтэлектуальная гульня для вучняў 9–11-х класаў

- 11:28Воспитательная работа, Сценарии

Мэта: пашырыць культурны і літаратурны кругагляд вучняў; развіваць пазнавальную актыўнасць; выхоўваць цікавасць да краязнаўчага матэрыялу, любоў да роднага краю.

Таццяна ТРОЦКАЯ,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
ДУА “Арэхаўская сярэдняя школа імя Ю.В.Смірнова
Аршанскага раёна”,
Віцебская вобласць

 

 

 

 

Мэта: пашырыць культурны і літаратурны кругагляд вучняў; развіваць пазнавальную актыўнасць; выхоўваць цікавасць да краязнаўчага матэрыялу, любоў да роднага краю.

Абсталяванне: мультыборд, прэзентацыя з заданнямі, табліцы падвядзення вынікаў (для журы).

Умовы правядзення: у гульні ўдзельнічае тры каманды па 5–6 чалавек. Гульня складаецца з сямі тэм, па пяць пытанняў у кожнай. Пытанні ў тэме размешчаны ад больш лёгкага да больш складанага. Пры правільным адказе налічваецца колькасць балаў, роўная кошту пытання.

 

Ход гульні

I Арганізацыйны пачатак

Каманды займаюць месцы. Вядучы прадстаўляе ўдзельнікаў і членаў журы, тлумачыць правілы гульні.

 

II Асноўная частка

Правядзенне гульні.

Тэма I. Тапаніміка

10 – Пералічыце назвы вёсак раёна, якія пераклікаюцца з назвамі звяроў і птушак. (Туравічы, Зайцава, Барсукі, Зубрэвічы, Арлоўшчына.)

20 – Назавіце населеныя пункты Аршаншчыны, якія захавалі ў сваіх назвах уласныя імёны або прозвішчы ўладальнікаў. (Юрцава, Ларынаўка, Якаўлевічы, Антонаўка.)

30 – Многія назвы паселішчаў нашага раёна ўтварыліся ад назваў раслін. Назавіце іх. (Сасноўка, Арэхаўск, Ліпкі.)

40 – Які горад раёна пасля вайны хацелі перайменаваць у Адроўск або Заслонаўск? (Барань.)

50 – Уладзімір Караткевіч пра гэту незвычайную назву вёскі пісаў так:

А я ў народ мой заўсёды веру,
І для яго, як вопытны кормшчык,
Адкрыю найлепшую ў свеце
(Вёску, што пад Оршай).

Пра якую вёску ідзе гаворка? (Амерыка, сёння вёска Краснапольцы.)

 

Тэма II. Геральдыка

10 – Срэбраныя крылы на гэтым гербе з’яўляюцца эмблемай Ваенна-паветраных сілаў і супрацьпаветранай абароны Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь. (Герб Балбасава.)

20 – Кавалерыйскі крыж на гэтым гербе сімвалізуе мужнасць, гераізм, адвагу. А паўмесяц – вядомы сімвал Багародзіцы, які шырока выкарыстоўваецца ў хрысціянскай традыцыі. (Герб Оршы.)

30 – Тры залатыя арэхі, намаляваныя на гэтым гербе, нагадваюць, што калісьці паселішча ўзнікла ў мясцінах, багатых на арэхі. (Герб Арэхаўска.)

40 – Паляўнічы ражок, адлюстраваны на гэтым гербе, часта сустракаецца ў беларускай геральдыцы. Ён з’яўляецца сімвалам таго, што населеным пунктам раней валодаў род Радзівілаў. (Герб Барані.)

50 – У аснову гэтага герба ляглі звесткі пра тое, што толькі ў гэтай мясцовасці сустракаліся чорныя зайцы. (Герб Копысі.)

 

Тэма III. Архітэктура

10 – Каталіцкая навучальная ўстанова ў Оршы, якая дзейнічала ў 1612-1820 гадах. З 2014 года ў галоўным будынку, упрыгожаным вежай з гадзіннікам, месціцца дзіцячая бібліятэка, мастацкая галерэя і выставачная зала. (Аршанскі езуіцкі калегіум.)

20 – Руіны замка, змураванага з буйной цэглы і невялікіх камянёў, знаходзяцца на паўночна-заходняй ускраіне вёскі Смальяны, на правым беразе ракі Дзярноўкі. Замак пабудаваны ў першай чвэрці XVII стагоддзя князем С.Сангушкам-Ковельскім. (Замак “Белы Ковель”.)

30 – Па архітэктурным стылі будынак адносіцца да позняга класіцызму, пабудаваны з дрэва. Царква ўзведзена ў 1838 годзе на месцы храма, які, паводле падання, у 1812 годзе наведваў Міхаіл Кутузаў. Рэстаўрыравана ў 1990-х гадах, знаходзіцца ў Арэхаўску. (СвятаТраецкая царква.)

40 – Помнік прамысловай архітэктуры Беларусі пачатку XX стагоддзя. Знаходзіцца ў Оршы на штучным канале, які злучае раку Аршыца з Дняпром. Пабудаваны ў комплексе з арачным мастом з чырвонай цэглы. (Вадзяны млын, у наш час – этнаграфічны музей “Млын”.)

50 – Копыскі замак у XIV–XVIII стагоддзях з’яўляўся ваеннаадміністрацыйным цэнтрам старажытнага горада. Размяшчаўся на левым беразе Дняпра, на месцы старога дзядзінца. Захавалася гарадзішча, круглаватае ў плане (каля 0,5 га), якое мела ўваход з усходняга боку. (Замчышча “Пятроўскі вал”.)

 

Тэма IV. Вядомыя пісьменнікі

10 – Кніга гэтага ўраджэнца Оршы «Зямля пад белымі крыламі» стала візітнай карткай Беларусі. (Уладзімір Караткевіч.)

20 – Беларускі паэт і празаік, перакладчык і нарысіст, нарадзіўся ў вёсцы Зубрэвічы Аршанскага раёна. З’явай у беларускай паэзіі стала кніга пісьменніка “Веча славянскіх балад”. (Янка Сіпакоў.)

30 – Ураджэнец Барані, аўтар кніг баек, вершаў, апавяданняў. Сярод іх – “Байкі”, “3 вецярком”, “Дакладныя прыкметы”, “Гарачая прыпарка”, “Дзе гэта вуліца?”. (Уладзімір Корбан.)

40 – Пісьменніца, нарадзілася і жыве ў Оршы. Аўтар кнігі “Буквар Аршанскі». (Галіна Трафімава.)

50 – Пісьменнік, вядомы сваімі творамі пра марскія шляхі і паходы, пра жыццё і подзвігі палярнікаў. Прымаў удзел у выратаванні чалюскінцаў. Нарадзіўся ў Оршы. (Аляксандр Міронаў.)

 

Тэма V. Янка Купала і Ляўкі

10 – У якія гады жыў і працаваў на дачы ў Ляўках Янка Купала? (У 1935-1941гадах .)

20 – Якія вершы паэта ўвайшлі ў “Ляўкоўскі цыкл”? (“Сонцу”, “Алеся”, “Лён”, “Госці”, “Хлопчык і лётчык”.)

30 – Што прыносілі на акно дачы паэта жыхары Ляўкоў? (Кветкі.)

40 – Як называецца помнік Янку Купалу ў Ляўках? Хто яго аўтар? (“Восень паэта”; скульптар А.Анікейчык.)

50 – Для чаго выкарыстоўваецца мультымедыйнае акно музея ў Ляўках? (Каб убачыць самога Янку Купалу, які ідзе па двары.)

 

Тэма VI. Уладзімір Караткевіч і Орша

10 – Якому гораду прысвечаны наступныя радкі Уладзіміра Караткевіча? З якога яны верша?

Яна не блішчыць красою,
А ў сэрца навек запала
З паркам сваім змарнелым,
З сваёй Кабыляцкай гарой,
З лянівай сястрой Аршыцай,
Што летам бруіцца памалу…

(Верш прысвечаны Оршы; верш Орша.)

20 – Па словах Уладзіміра Караткевіча, нідзе яму так добра не пісалася, як у Оршы. Назавіце твор пісьменніка, першы варыянт якога быў напісаны на родным падворку. (Аповесць Дзікае паляванне караля Стаха.)

30 – Як цяпер называецца гэта вуліца ў Оршы?

У горадзе без тралейбусаў,
Над імклівай нямоўчнай ракой,
На вуліцы Касманаўтаў – хата маці маёй,
На вуліцы Касманаўтаў, дзе ўлетку бубняць чмялі,
На самай мне любай вуліцы з усіх, што ёсць на зямлі…

(Вуліца Уладзіміра Караткевіча.)

40 – У чым унікальнасць музея Уладзіміра Караткевіча ў Оршы? (Музей знаходзіцца ў былым будынку гарадской радзільні, у якой нарадзіўся будучы пісьменнік.)

50 – Напярэдадні 90-гадовага юбілею Уладзіміра Караткевіча ў Оршы з’явіўся мурал, намаляваны на фасадзе пяціпавярховага дома, што побач з бацькоўскай хатай пісьменніка. Што на ім адлюстравана? (Партрэт класіка, фрагмент рукапісу верша Орша і малюнкі пісьменніка.)

 

Тэма VII. Аршанскі калейдаскоп

10 – Дзе быў выдадзены першы на Беларусі “Буквар”, і хто яго выдаў? (У Оршы; Спірыдон Собаль.)

20 – Дзе адбылася адна з буйнейшых бітваў у Еўропе ў першай палове XVI стагоддзя, у якой перамагло войска Вялікага Княства Літоўскага пад кіраўніцтвам гетмана Канстанціна Астрожскага? (Каля вёскі Крапіўна.)

30 – Дзе знаходзіцца першая ў Беларусі электрастанцыя, пабудаваная паводле плана ГОЭЛРО, на якую ў 1935 годзе Янка Купала разам з групай беларускіх пісьменнікаў ездзіў у творчую камандзіроўку? (Арэхаўск.) 

40 – Вёска, дзе на невялікай прасторы знаходзяцца чатыры помнікі дойлідства і магіла Тамаша Зана, аднаго са стваральнікаў таварыства філаматаў. (Смальяны.)

50 – У якой вёсцы знаходзіцца палац Любаміравых, які адлюстраваны на карціне Напалеона Орды? (Юрцава.)

 

ІІІ Заключная частка

Падвядзенне вынікаў гульні. Узнагароджванне пераможцаў.

 

 

Спіс выкарыстанай літаратуры

1 Жуковский, В.В. Оршеведение / В.В.Жуковский. – Орша, 2009. – 195 с.
2 Прыдзвінскі край: гісторыя і сучаснасць. [Электронны рэсурс]. – Рэжым доступу: http://pridvinie.vlib.by/index.php/arshanski-rajon – Дата доступу: 20.01.2024.
3 Шынкевіч, А.М. Аршанская даўніна / А.М.Шынкевіч. – Мн. : Полымя, 1992. – 143 с.

 

Поделиться ссылкой:

0
Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий