Даследчая і пошукавая дзейнасць навучэнцаў у выхаваўчым працэсе сучаснай установы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі

- 9:25Дополнительное образование

Далучыць падлеткаў да ведаў аб народным рамястве, прывіць любоў, сфарміраваць жаданне атрымліваць навыкі і ўменні ў дэкаратыўна-прыкладной творчасці дазваляе дзейнасць аб’яднання па інтарэсах.

                                      

Ірына ЯНКОЎСКАЯ,
загадчык аддзела
ДУА “Лідскі раённы цэнтр творчасці дзяцей і моладзі”,
Гродзенская вобласць

 

Планаванне работы аб’яднання па інтарэсах на аснове традыцый беларускай народнай творчасці з’яўляецца адным са шляхоў выхавання нацыянальнай свядомасці і арыенцірам, які дазваляе гуманізаваць фарміраванне асобы. Выхаваўчы патэнцыял беларускай народнай спадчыны як сукупнасць арганізацыйна-педагагічных і асобасных умоў адукацыйнай дзейнасці адыгрывае адну з асноўных роляў у развіцці і ўдасканаленні даследчых уменняў і навыкаў навучэнцаў.

Далучыць падлеткаў да ведаў аб народным рамястве, прывіць любоў, сфарміраваць жаданне атрымліваць навыкі і ўменні ў дэкаратыўна-прыкладной творчасці дазваляе дзейнасць аб’яднання па інтарэсах “Разьба па дрэве” Лідскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі, у практыцы якога метад даследчай і пошукавай дзейнасці з’явіўся адным з найбольш запатрабаваных, таму што, спрыяе вырашэнню праблемы фарміравання творчай асобы, выхоўвае павагу да народных рамёстваў і традыцыйнай мастацкай культуры Беларусі, з’яўляецца важнай умовай паспяховай сацыялізацыі і самавызначэння.

На працягу 2023 года ў рамках аб’яднання па інтарэсах рэалізоўваўся творча-даследчы праект “Беларускія рамёствы: дзівосны свет разьбы”. Даследчая дзейнасць навучэнцаў у рамках праекта выклікала вялікі інтарэс і заахвоціла да больш паглыбленага вывучэння гэтага рамяства на прыкладах рэгіянальнай творчасці мясцовых майстроў.

Знаёмства навучэнцаў з гэтым старажытным народным промыслам пачалося з вывучэння рэгіянальных асаблівасцей, тэхнік і тэхналогій разьбы па дрэве, дзеля чаго была арганізавана экскурсія ў Лідскі гісторыка-мастацкі музей. Падчас экскурсіі навучэнцы даведаліся, што з даўніх часоў мясцовыя жыхары забяспечвалі сябе не толькі прадуктамі харчавання, але і ўсімі неабходнымі для жыцця рэчамі. Адчуўшы атмасферу мінулага, задаліся пытаннямі: ці часта мы сёння чуем пра майстроў-разьбяроў? Чым яны адрозніваюцца ад майстроў мінулага? Адказы на гэтыя пытанні рабяты атрымалі ўжо далей у Лідскім раённым цэнтры культуры і народнай творчасці «Спадчына», дзе прадстаўлена даволі багатая экспазіцыя розных прылад працы, прадметаў быту, адлюстроўваючая паслядоўнасць і ўзровень развіцця рэгіянальнай разьбы па дрэве ад старажытнасці да цяперашняга часу. Па экспазіцыі можна прасачыць не толькі за развіццём тэхналогіі апрацоўкі дрэва, але і за змяненнем характару прафесіі майстра па мастацкай разьбе. Падчас экскурсіі неабходна было выконваць інтэрактыўныя заданні: спрабаваць вызначыць назвы прадметаў, інструментаў і іх прызначэнне. Гэта спрыяла набыццю пэўных ведаў, дапамагала развіваць прафесіянальныя інтарэсы і свядомасць, дазваляла лепш унікнуць у асаблівасці працы разьбяра. Навучэнцы пазнаёміліся з творчасцю майстроў-рамеснікаў Лідскага раёна, атрымалі магчымасць убачыць іх разнастайныя вырабы.

З цікавасцю знаёміліся з выставай работ разьбяра Міхаіла Рышкевіча, які нарадзіўся і ўсё жыццё пражыў у вёсцы Бешанкі Лідскага раёна. Даведаліся, што ўласны дом і мэблю для яго ён зрабіў сваімі рукамі. Вырабіў розныя такарныя рэчы, з якімі прымаў удзел у абласных і рэспубліканскіх выставах. Дома стварыў уласны музей драўлянай разьбы, як і большасць народных творцаў, надзяліў сваіх герояў атрыбутамі традыцыйнага ладу сялянскага жыцця. Работы М.А.Рышкевіча можна ўбачыць у Гродзенскім абласным навукова-метадычным цэнтры народнай творчасці, Гродзенскім музеі гісторыі рэлігіі і атэізму, Нацыянальным гістарычным музеі.

Асаблівую цікавасць выклікала выстава «Сузіранне» лідчаніна Юрыя Рамановіча, на якой прадстаўлены прыродныя скульптуры і асабістыя вырабы з дрэва. Больш за 20 гадоў аўтар займаецца разьбой па дрэве. З яго вырабаў на нас глядзяць то мудрагелістае вока арла, то каменная кветка, то казачны дамавічок, то фантастычныя персанажы людзей, жывёл, птушак.

Далейшае ўзбагачэнне вопыту даследчай дзейнасці адбылося падчас наведвання гарадской дзіцячай бібліятэкі. Сустрэча праходзіла ў форме тэматычнага падарожжа. Навучэнцы пазнаёміліся з гісторыяй узнікнення народнага рамяства разьба па дрэве ў рэгіёне, рамесніцкімі традыцыямі і іх трансфармацыяй у сучасных умовах, з творчасцю нашага земляка, майстра-разьбяра А.Ф.Башкевіча, які быў запрошаны ў бібліятэку. Ён аказаўся вельмі цікавым суразмоўцам, пералічваў тонкасці тэхналогій і тыпаў драўніны, параўноўваў перавагі заказчыкаў у розных краінах.

Вывучэнне твораў народных майстроў прадоўжылі праглядам і абмеркаваннем дакументальнага фільма «Драўляны народ», які быў адзначаны ўзнагародамі некалькіх кінафестываляў. Фільм рэжысёра Віктара Аслюка пра беларускага народнага майстра – разьбяра па дрэве Мікалая Васільевіча Тарасюка, аднаго з жыхароў апусцелай вёскі. Мікалай Тарасюк выразаў з дрэва і размясціў у сябе ў двары копію вёскі Стойлы, дзе ўжо даўно, акрамя майстра, ніхто не жыве. Але ў яго драўлянай вёсачцы па-ранейшаму ткуць, збіраюць ураджай, жэняцца, хаваюць, ходзяць у царкву драўляныя людзі – двайнікі тых, каго ведаў і з кім жыў усё сваё жыццё Мікалай Тарасюк. Спрабуючы вярнуць жыццё ў роднае сяло, ён выразаў чалавечыя фігуркі з дрэва і ўжо стварыў вакол сябе цэлую вёсачку. Аўтар і яго творы жывуць яркім, насычаным, але нявыдуманым жыццём. Навучэнцы прыйшлі да высновы, што кожнаму разьбяру ўласціва свая манера бачыць, адчуваць, ствараць вырабы, што найважнейшая рыса майстра-разьбяра – яго ўяўленне, фантазія, кругагляд. А самаадукацыяй неабходна займацца ўсё жыццё, выкарыстоўваючы традыцыйную культурную спадчыну Беларусі.

Асаблівае месца ў цыкле мерапрыемстваў па вывучэнні беларускай традыцыйнай разьбы заняла сустрэча з мясцовым майстрам-разьбяром Іванам Мікулка ў яго майстэрні, дзе можна было ўбачыць працэс нараджэння вырабаў, а таксама сваімі рукамі адчуць цяпло цудоўнага матэрыялу – простай драўніны. Сапраўдны майстар сваёй справы шчыра дзяліўся творчымі пошукамі і асабістым вопытам, прадэманстраваў цуды стварэння мастацкіх вырабаў, адказваў на розныя пытанні.

Навучэнцы былі вельмі здзіўлены ўбачаным у майстэрні. З інтарэсам разглядалі не толькі першыя вырабы разьбяра, але работы цяперашняга часу. Усе яны зроблены з рознай драўніны. Цікавіліся, як адбываецца падбор матэрыялу, і ці ёсць у майстра фаварыты сярод гатункаў драўніны. Аказваецца, самае мяккае і падатлівае дрэва – ліпа. Яно ўсё жыццё жыве з чалавекам. З яе рабілі і робяць посуд. Самае цвёрдае дрэва, якое масава сустракаецца ў Беларусі – гэта дуб. Словам, для любой драўніны ёсць сваё прызначэнне і перавагі. Найчасцей, дрэва для працы разьбяр шукае тое, якое нікому ўжо не спатрэбіцца. Гэта пянькі, крывыя дрэвы, ствалы, паваленыя ветрам. Майстар падкрэслівае, што атрымлівае задавальненне ад працы з любымі заказамі.

Затым юныя рамеснікі падчас невялічкага майстар-класа пад кіраўніцтвам разьбяра паспрабавалі свае сілы ў гэтай няпростай справе. Галоўным вынікам майстар-класа стала разуменне таго, што пачуццё валодання матэрыяламі і інструментамі прыходзіць не адразу, для гэтага трэба асвоіць нямала навыкаў, назапашаных цэлымі пакаленнямі майстроў.

Вывучэнне рэгіянальных народных традыцый у тэхніцы разьба па дрэве прадоўжылася пошукам матэрыялаў і складаннем міні-паведамленняў па тэмах: «Як з’явіліся вырабы з драўніны», «Уласцівасці сухога і мокрага дрэва», «Як падрыхтаваць дрэва да працы», «Віды разьбы па дрэве», «Якія патрэбны інструменты», «Сапраўдныя сямейныя рэліквіі: захаванне бытавых вырабаў з дрэва, якія засталіся ад продкаў». Увага дзяцей была накіравана на ўласныя сем’і. Разам з бацькамі яны рыхтавалі паведамленні. Энцыклапедыі, інтэрнэт-рэсурсы сустрэчы са старажыламі мясцовасці, у якіх захаваліся вырабы з дрэва, аглядна-пошукавыя экскурсіі ў наваколлі, знаёмства з узорамі архітэктурнага дэкору на вуліцах горада, дапамаглі хутка знайсці інфармацыю. Сваімі ведамі навучэнцы падзяліліся падчас гасцёўні «Народныя рамёствы нашых продкаў». Вынікі працы прадставілі ў выглядзе невялікай выставы, мультымедыйнай прэзентацыі, аповедаў.

У канцы мерапрыемства вызначылі цікавыя і адметныя факты пра традыцыйную разьбу па дрэве Лідчыны, здабытыя падчас даследчай і пошукавай дзейнасці:

Мастацкая разьба па дрэве як выгляд дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, элемент народнай культуры і самы старажытны спосаб упрыгожвання вырабаў з драўніны вядомая ў Беларусі з XIIстагоддзя.

Найбольшага росквіту традыцыйныя тэхнікі вырабу разьбяных прадметаў з дрэва дасягнулі ў 1940–1960 гады мінулага стагоддзя.

На тэрыторыі Гродзенскай вобласці падобнае рамяство было шырока распаўсюджанае ў вёсках Лідскага, Воранаўскага, Іўеўскага, Дзятлаўскага раёнаў.

Найбольш незвычайнай асаблівасцю з’яўляецца выкарыстанне майстрамі контурнай і рэльефнай разьбы.

Традыцыйна нашы землякі ўпрыгожвалі разьбой драўляныя хаты, мэблю і посуд, ткацкія станкі і калаўроты. Адным з самых распаўсюджаных арнаментаў быў сімвал Сонца. Сонца ўвасабляе пачатак жыцця і чысціню чалавечых намераў. Вядомыя і іншыя знакі. Так дрэва з’яўляецца сімвалам ўзаемасувязі ўсяго ў свеце, жыцця роду: карані дрэва – продкі, ствол – тыя, што жывуць, крона – будучыя пакаленні. Малюнак каня прыносіць шчасце, ураджайнасць. Гусь, лебедзь і качка з’яўляюцца сімвалам добрага пачатку. Певень, курыца ахоўваюць ад благога вока.

Сучасныя майстры нашага рэгіёна адраджаюць традыцыі, вырабляючы самыя разнастайныя прадметы – разьбяныя шкатулкі, драўляныя скульптуры, разьбяную драўляную мэблю, карціны з дрэва, разьбяныя фігуры і іншыя вырабы.

У ходзе праведзенай даследчай і пошукавай працы яе ўдзельнікі ўпэўніліся, што Лідская зямля вельмі багатая самабытнымі таленавітымі майстрамі, якія працягваюць справу нашых продкаў. Іх праца сведчыць аб тым, што і сёння існуе непарыўная сувязь пакаленняў, дзякуючы якой жывуць традыцыі дэкаратыўна-прыкладной творчасці. Створаная адукацыйная прастора дазволіла ўдзельнікам аб’яднання па інтарэсах «Разьба па дрэве» не толькі атрымаць дадатковыя веды аб майстрах-рамесніках, але і паспрабаваць зразумець матывы іх дзейнасці, перажыванні, пачуцці, што садзейнічала фарміраванню эмацыйна-каштоўнаснага стаўлення да мінулага. У выніку плённай працы ўдзельнікі набылі дадатковыя веды аб сучасных падыходах, асаблівасцях працы майстроў-разьбяроў, якія старадаўняе народнае рамяство надзяляюць сваёй уласнай культурай, эстэтыкай і практычнасцю, атрымалі задавальненне ад цікавых зносін.

Даследчая дзейнасць актыўна заахвоціла падлеткаў да індывідуальнай пошукавай работы. Кожны з іх распытаў сваіх родных і блізкіх, агледзеў хаты, дзе пражывалі іх бабулі і дзядулі і дзе можна было знайсці ўнікальныя рэчы бытавога і мастацкага плану, ужо не патрэбныя ў побыце, але каштоўныя як нацыянальна-культурны набытак. Такія знаходкі склалі аснову выставачнага кутка народнай творчасці ў дзіцячым пакоі па месцы жыхарства «Дружба», дзе праходзяць заняткі аб’яднанняў па інтарэсах, далучылі дзяцей да зберажэння культурнай спадчыны нашага народа. На працягу ўсяго перыяду даследчай дзейнасці вялося актыўнае ўзаемадзеянне з бацькамі навучэнцаў, якія сталі першымі памочнікамі ў пошуку матэрыялаў, арганізацыі экскурсій. Сумесная пошукавая дзейнасць стварыла станоўчы эмацыйны фон, а таксама ў значнай меры ўзмацніла сацыялізацыю асобы ва ўмовах сучаснага грамадства. Пры інтэграцыі намаганняў сям’і, установы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі рух ад бачання каштоўнасцей беларускай народнай творчасці да вывучэння, падтрымкі, выкарыстання традыцый не спыняецца, а наадварот напаўняецца новым сэнсам і значэннем, цікавым і эфектыўным, поўным педагагічных знаходак і навацый.

 

Поделиться ссылкой:

0
Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий