“Краіна гульняў”. Гульнёвы дасуг з выкарыстаннем ІКТ у сярэдняй групе

- 23:28Дошкольное образование. Сценарии, Методичка

 

Вольга КОЛАС,
кіраўнік фізічнага выхавання
ДУА “Яслі-сад № 35 г. Мазыра”,
Гомельская вобласць

madam.kolos2013@yandex.by

 

 

 

Мэта: забеспячэнне высокага ўзроўню здароўя дзяцей, выхаванне фізічнай культуры асобы.

Праграмныя задачы:

– далучаць дзяцей да беларускай традыцыйнай культуры праз беларускую мову, гульні, фарміраваць павагу і любоў да роднай мовы, гульняў, выхоўваць жаданне размаўляць на беларускай мове, гуляць у народныя гульні;

– вучыць творча пераўвасабляцца ў вобразы праз рухі, развіваць цікавасць да мовы рухаў;

– спрыяць фарміраванню навыка прыгучасці на фітболах, удасканальваць уменне бегаць на насках, хутка арыентавацца ў пэўных абставінах;

– развіваць арганізаванасць, дысцыплінаванасць, спрытнасць, увагу;

– садзейнічаць творчаму самавыяўленню пры дапамозе ІКТ.

Матэрыял/абсталяванне: вяночкі, маска бусла, фітболы, стужкі-хвасты, маска вожыка; беларуская народная музыка, малюнкі да гульняў, абсталяванне для ІКТ.

 

Ход дасуга

Слайд 1

Кіраўнік фізічнага выхавання:

Добры дзень усяму добраму люду!
Добры дзень, мае дзетачкі-кветачкі!
Прашу вас краіну гульняў наведаць,
Краіну вясёлых падзей і прыгод.
У падарожжа с сабою бяру
Усю вяселую дзятву,
Будзе нам манітор дапамагаць,
Гульню падсказваць,
А мы яе паказваць.

У нашым садзе палянка,
На ёй будзе гулянка.
Хлопцы – управа, дзяўчынкі – улева,
Пойдзем мы па полю смела.

 

Слайд 2

Кіраўнік фізічнага выхавання: 1,2,3 – гульню падкажы: “А мы проса сеялі…”

     Мэты: удасканальваць навыкі перамяшчэння шарэнгай; выхоўваць пачуццё калектывізму, сяброўскія адносіны дзяцей паміж сабой.

     Матэрыял: не патрабуецца.

     Змест: дзеці, узяушыся за рукі, стаяць дзвюма шарэнгамі, тварам адно да аднаго. У адной шарэнзе – хлопчыкі, у другой – дзяўчынкі. Хлопчыкі шарэнгай падыходзяць да дзяўчынак і спяваюць.

   – А мы проса сеялі, сеялі, сеялі! (Спяваюць хлопчыкі, ідуць на сваё месца)

   – А мы проса вытапчам, вытапчам, вытапчам! (Дзяўчынкі спяваюць, топаюць нагамі)

   – А чым жа вам вытаптаць, вытаптаць, вытаптаць? (ідуць і спяваюць хлопчыкі)

   – А мы коней выпусцім, выпусцім, выпусцім! (ідуць і спяваюць дзяўчынкі)

   – А мы коней пераймём, пераймём, пераймём! (ідуць і спяваюць хлопчыкі)

   – А чым жа вам пераняць, пераняць, пераняць? (ідуць і спяваюць дзяўчынкі)

   – А шаўковым повадам, повадам, повадам! ( ідуць і спяваюць хлопчыкі)

   – А мы коней выкупім, выкупім, выкупім! (ідуць і спяваюць дзяўчынкі)

   – Ды чым жа вам выкупіць, выкупіць, выкупіць? (ідуць і спяваюць хлопчыкі)

   – А мы дадзім вам дзеўчыну, дзеўчыну, дзеўчыну. (ідуць і спяваюць дзяўчынкі. Усе вяртаюцца назад. Адна дзяўчынка застаецца)

   – Вось гэта трэба нам, трэба нам, трэба нам! (Хлопчыкі падыходзяць да дзяўчынкі і становяцца колам вакол яе. Дзяўчынка танцуе, а хлопчыкі пляскаюць у далоні)

   Правілы гульні:

1) Дзеці павінны рухацца роўнай шарэнгай.

2) У той час, калі ідуць і спяваюць хлопчыкі, дзяўчынкі стаяць на месцы.

 

Кіраўнік фізічнага выхавання: 1,2,3 – месца сваё займі.

Беларускі хлопчык к нам ідзе,
Штосьці ў руках нясе.

 

Слайд 3

1,2,3 – гульню падскажы: “ Міхасік ”(гульня сярэдняй хуткасці) – 2–3 разы.

     Мэты: практыкаваць ва ўменні ўзгадняць рухі з характарам мелодыі; развіваць спрыт, хуткасць, настойлівасць.

     Матэрыял: 6–7  вяночкаў.

     Змест: па крузе кладуцца 6–7 вяночкаў (лапці, абручы), 7–8 удзельнікаў становяцца вакол вяночкаў.

Дзеці кажуць:

Ты, Міхасік, не зявай!
Хутка вяночак надзявай!

Гучыць беларуская народная мелодыя. Дзеці, выконваючы падскокі, бег на насках, бег, высока паднімаючы калены, перамяшчаюцца па крузе. Па сігнале (змаўкае музыка) кожны стараецца хутка надзець вяночак. Дзеці, якія засталіся без вяночка, выбываюць з гульні.

     Правілы гульні: пры кожным паўторы гульні адзін вяночак прымаецца; гульня працягваецца да таго часу, пакуль не застанецца адзін удзельнік.

 

Кіраўнік фізічнага выхавання:

1,2,3 – месца сваё займі.

Гульні не спыняюцца,
Яны толькі пачынаюцца.

Нашы дзеткі-малайцы,
Лепшыя на свеце,
Зараз спрытнасць сваю пакажуць
І на фітболах яркіх паскачуць.

 

Слайд 4

Кіраўнік фізічнага выхавання:

1, 2, 3 – гульню падскажы: “Бусел” – 23 разы.

     Мэты: практыкаваць ва ўменні хадзіць, падымаючы высока калены, скакаць на фітболах на месцы і з рухам наперад; развіваць дакладнасць рухаў, хуткасць рэакцыі, уменне дзейнічаць па сігнале, фантазію, памяць.

     Матэрыял: шапка-маска бусла, фітболы па колькасці дзяцей.

     Змест: усе дзеці – “жабкі” скачуць на фітболах пад музыку. Калі музыка сціхае, “жабкі” заміраюць за фітболам. Выходзіць бусел, высока паднімае калены, назірае, кажа словы:

У чырвоных ботах
Ходзіць па балотах
Бусел даўганосы,
Жабак сабе носіць.

Тая “жабка”, якая варухнецца, трапляе ў дзюбу “буслу” і выбывае з гульні.

     Правілы гульні: бусла выбіраць лічылкай “123 – зараз бусел будзеш ты”.

 

Кіраўнік фізічнага выхавання:

1,2,3 – месца сваё займі.

Нагуляліся, наскакаліся,
Трэба трохі адпачыць,
І лянок наш пасадзіць.

 

Слайд 5

Кіраўнік фізічнага выхавання:

1,2,3 – месца свае займі. Самамасаж “Лянок”

     Мэты: практыкаваць ва ўменні ўзгадняць рухі са словамі; выхоўваць пачуццё калектывізму.

     Матэрыял: не патрабуецца.

Гульцы становяцца ў калону, выконваюць адначасова са словамі адпаведныя рухі.

   – А мы сеялі, сеялі лянок, (дзеці сеюць на спіну дзіцяці)

   – Белы, слаўны кужалёк! (паглажванне)

   – Мы лянок ірвалі, жалі, (дзеці ірвуць, жмуць)

   – Абразалі, у полі слалі (робяць рэльсы)

   – У снапочкі збіралі (бяруць друг друга за пояс)

   – Урадзіўся лянок, белы слаўны кужалёк (рукі ўверх, калыхаюць імі).

     Правілы гульні: дзеці павінны дакладна выконваць дзеянні, якія паказвае кіраўнік.

 

Кіраўнік фізічнага выхавання:

1,2,3 – месца сваё займі.

Чуйце, хлопчыкі, дзяўчаткі!
Прапаную вам загадку.
Для гульні цікавай, новай,
Трэніроўкі разумовай!

Мышак ловіць, ды не коцік ён,
І лісты носіць, ды не паштальён,
Каб лісе не трапіць на зубок,
У калючы скруціцца клубок ….. (вожык).

 

Слайд 6

Кіраўнік фізічнага выхавання:

1, 2, 3 – гульню падскажы:  “Вожык і мышы” – 23 разы.

Ну, а зараз весялей, робім карагод шырэй.

1,2,3 – вожыкам зараз будзеш ты.

     Мэта: развіваць хуткасць, спрыт, вынослівасць, рашучасць.

     Матэрыял: стужачкі-хвосцікі, шапачка-маска вожыка.

     Змест: па лічылцы выбіраецца вожык. Гульцы (у кожнага за поясам стужачка-хвосцік) становяцца ў круг, вожык у цэнтры. Па сігнале “мышы” ідуць управа, “вожык” – улева.

Бяжыць вожык, тупу-туп!
Сам калючы, востры зуб!
– Вожык, вожык, ты куды?
Ад якой бяжыш бяды?

Мышы спыняюцца, звяртаюца да “вожыка”:

Вожык ножкамі туп-туп!
Вожык вочкамі луп-луп!
Навакол пануе ціш,
Вожык чуе ў лісцях мыш.
– Бяжы-бяжы, вожык!
Не шкадуй ты ножак!

1,2,3 – хвасты лаві!

Мышы разбягаюцца. Вожык бяжыць за імі, выцягвае як мага болей хвастоў – стужак. Мышка, у якой вожык выцягнуў хвосцік, лічыцца злоўленнай.

     Правілы гульні:

1) Дзейнічаць у адпаведнасці з тэкстам.

2) Стужку рукамі не трымаць.

 

Пасля гульні дзеці бяруць стужкі і дуюць на іх.

 

Кіраўнік фізічнага выхавання:

1,2,3 – стужкі ў карзіну кладзі.

 

Кіраўнік фізічнага выхавання:

1,2,3 – месца сваё займі.

Нам на месцы не сядзіцца,
Любім мы павесяліцца.
Але ж трэба памаўчаць,
І ў гульню такую сыграць.

 

Слайд 7

Кіраўнік фізічнага выхавання:

1,2,3 – гульню падскажы: “Маўчанка” – 23 разы.

     Мэта: развіваць уменне валодаць сабой, выхоўваць вытрымку.

     Матэрыял: не патрабуецца.

     Змест: Дзеці прагаворваюць:

Пярвеньчыкі, чарвеньчыкі,
Зазвінелі бубеньчыкі.
Па свежай расе, па чужой паласе,
Там кубкі, арэшкі, цукеркі, мядок, МАЎЧОК!

На апошняе слова ўсе павінны замаўчаць. Калі хто-небудзь не вытрымае, засмяецца ці вымавіць хоць слова, ён плаціць штраф – паскокі, хадзьба на насках, некалькі разоў прысесці.

     Правілы гульні: дзеці павінны маўчаць да таго часу, пакуль хто-небудзь не парушыць правілы, але не больш адной мінуты.

 

Кіраўнік фізічнага выхавання:

Нагуляліся, наскакаліся,
Прыйшоў час і гасцей павесяліць.
Не хочуць ножкі стаяць,
Яны хочуць танцаваць.

 

Слайд 8

1,2,3, на танец стройцеся, сябры!

Беларускі народны танец “Весялушачка”

Дзеці ідуць у групу.

 

Слайд 9

Прэзентацыя “Гульнёвы дасуг “Краіна гульняў”

 

Літаратура:

1 Учебная программа дошкольного образования/Министерство образования Республики Беларусь – Минск : Нац. ин-т образования; 2019. – 480 с.

2 Лях, Н.У. Беларускія народныя гульні ў фізічным выхаванні дзяцей дашкольнага ўзросту (з вопыту работы)/ Н.У. Лях. – 2-е выд. – Мінск : Зорны Верасок, 2017. – 231 с.

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий