У рамках праекта “Школа актыўнага грамадзяніна” для вучняў 8–11-х класаў Чудзінскай сярэдняй школы Ганцавіцкага раёна прайшоў адзіны дзень інфармавання “Ёсць у кожнай перамозе тваёй і маёй вясна 45-га года…”
9 Мая для беларусаў – асаблівае свята. Гэта даніна памяці, глыбокай павагі і ўдзячнасці савецкім воінам, партызанам і падпольшчыкам – усім, хто набліжаў Перамогу. Што азначае для вас Дзень Перамогі? Як у вашых сем’ях захоўваюць памяць пра родных, якія ўдзельнічалі ў Вялікай Айчыннай вайне? Ці выканалі мы свой абавязак перад тымі, хто загінуў, абараняючы нашу краіну? На гэтыя і іншыя пытанні шукалі адказы вучні падчас мерапрыемства.
Са школьнікамі сустрэўся старшыня сельвыканкама, ветэран вайны ў Афганістане А.І.Кіцік, які на ўласным вопыце зведаў сапраўдную цану чалавечага жыцця. Анатоль Ільіч расказаў вучням, як Вялікая Айчынная вайна закранула Чудзін, хто з вяскоўцаў змагаўся за нашу светлую будучыню, і як моладзь павінна захоўваць памяць пра герояў.
Удзельнікі мерапрыемства абмеркавалі дакументальныя фільмы, прысвечаныя трагедыі беларускіх вёсак. Так, з 9,2 тысячы вёсак, спаленых гітлераўцамі, амаль 4,9 тысячы былі знішчаны карнікамі, у тым ліку 628 вёсак з усімі жыхарамі, 893 вёскі не адноўлены. Хатынь, Дальва, Шунеўка, Літавец, Боркі…
У кожнага чалавека ёсць свая гадзіна памяці, звернутая да мінулага. Гадзіна для старшакласнікаў – гэта час трывожных роздумаў пра мір і жыццё на Зямлі, над якой навісла пагроза грамадзянскіх войнаў і тэрарызму.
Вайна 1941–1945 гадоў пакінула глыбокую рану ў душах і сэрцах многіх людзей. Моладзі трэба памятаць пра гэта, ведаць і паважаць герояў і ветэранаў.
Завяршылася мерапрыемства хвілінай маўчання.
І.А.ВАЛОДЗЬКА,
намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце
Чудзінскай сярэдняй школы
Ганцавіцкага раёна