Глядзі і памятай: Ханявіцкі дзіцячы сад – сярэдняя школа

- 15:47ШАГ

 

У Ханявіцкім дзіцячым садзе – сярэдняй школе Свіслацкага раёна ў рамках інфармацыйна-адукацыйнага праекта “ШАГ” – “Школа актыўнага грамадзяніна” – прайшла інфармацыйная гадзіна для навучэнцаў 8–11-х класаў па тэме “Глядзі і памятай”, прысвечаная 80-й гадавіне з дня пачатку Вялікай Айчыннай вайны.

Прысутныя яшчэ раз успомнілі пра подзвіг герояў Брэсцкай крэпасці, калі дзякуючы стойкасці і гераізму савецкіх салдат, якія першымі прынялі на сябе ўдар самай магутнай нямецкай групіроўкі, быў поўнасцю парушаны план маланкавай вайны.

Мерапрыемства было арганізавана ў фармаце выязной экспазіцыі па матэрыялах Свіслацкага гісторыка-краязнаўчага музея, якую падрыхтавала Вольга Сяргееўна Трафімік, в.а. дырэктара музея, галоўны захавальнік фондаў. Дэманструючы экспанаты, яна расказала навучэнцам пра пачатак Вялікай Айчыннай вайны ў раёне, пра вайсковыя злучэнні і часці, якія ўдзельнічалі ў абароне і вызваленні тэрыторыі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. З хваляваннем слухалі аповед пра партызан і падпольшчыкаў, стварыўшых супраціўленне на часова акупаванай тэрыторыі, пра жудасную трагедыю яўрэеў Свіслаччыны, расстраляных ва ўрочышчы Вішаўнік. Зараз на гэтым месцы ўстаноўлены помнік. Такі ж помнік размешчаны і каля будынка былой сінагогі на тэрыторыі гарадскога пасёлка Поразава, дзе нацыстамі было знішчана каля 350 чалавек.

Таксама ў экспазіцыі былі размешчаны асабістыя пісьмы, фотаздымкі, дакументы, сямейныя рэліквіі ваенных гадоў, ваенная зброя. Навучэнцы мелі магчымасць патрымаць у руках гэтыя рарытэтныя рэчы, што дазволіла на імгненне адчуць атмасферу таго часу.

Вялікая Айчынная вайна скончылася, але пакінула глыбокі след у памяці людзей. Колькі б год ні прайшло, народ ніколі не забудзе гэту трагедыю. Жахі вайны не павінны паўтарыцца, а самы галоўны ўрок для маладога пакалення – берагчы і цаніць мір, даражыць кожным мірным днём.

 

Жанна ШКОДЗІЧ,
класны кіраўнік 11-га класа
Ханявіцкага дзіцячага сада – сярэдняй школы
Свіслацкага раёна

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий