Прымяненне інтэрнет-тэхналогій (сэрвіс LearningApps.org) пры вывучэнні біялогіі

- 13:27Биология. Материалы к урокам, Методичка

 

Вольга АКСЁНАВА,
настаўнік біялогіі
ДУА “ВПК Лелюкінскі дзіцячы сад – сярэдняя школа”
Іўеўскага раёна,
Гродзенская вобласць

 

 

 

Найважнейшым патрабаваннем да ўроку сёння з’яўляецца актыўная дзейнасць навучэнцаў. Гэта, перш за ўсё, іх актыўнасць у навучанні, якая фарміруецца ў працэсе пазнавальнай дзейнасці і характарызуецца свядомымі і мэтанакіраванымі намаганнямі вучняў для паспяховага выканання задач, якія ўзнікаюць у працэсе навучання.

Я лічу, што дапамагчы навучэнцам ў самастойным авалоданні агульнавучэбнымі ўменнямі, навыкамі і ведамі, а таксама ў падрыхтоўцы да ЦТ можа ўменне сістэматызаваць навучальны матэрыял, працаваць з інфармацыяй, аналізаваць розныя бакі біялагічных з’яў з дапамогай інтэрактыўных практыкаванняў сэрвісу LearningApps.org.

Стварыўшы заданне, я тут жа публікую яго на сваім блогу, які знаходзіцца на сайце школы і ўтрымоўвае некалькі раздзелаў. Акрамя інтэрактыўных практыкаванняў, гэта і крыжаванкі па біялогіі, праект “Экалагічная сцежка”, цікавыя факты. Блог створаны для працы, падтрымання сувязі з высокаматываванымі на вывучэнне біялогіі дзецьмі, а таксама стварэння зацікаўленасці да вывучэння прадмета ў нізкаматываваных навучэнцаў.

Сэрвіс http://LearningApps.org з’яўляецца дадаткам Web 2.0, ён створаны для падтрымкі навучання і працэсу выкладання з дапамогай інтэрактыўных модуляў, дазваляе ствараць велізарную колькасць тыпаў задання. На сайце змешчаны дзясяткі шаблонаў для стварэння творчых заданняў любой структуры. Гэта можа быць не толькі тэкставы матэрыял, але і карцінкі, аўдыё- і відэаролікі. Сэрвіс арыентаваны на школьны ўзрост.

Заданні мной ствараюцца на беларускай мове, (гатовыя рэсурсы ўсе рускамоўныя і не заўсёды могуць прымяняцца ў адукацыйным працэсе навучальных устаноў з беларускай мовай навучання). Заданні для падрыхтоўкі да ЦТ (тэсты) ствараюцца на рускай мове.

Доступ да гатовых рэсурсаў адкрыты і для незарэгістраваных карыстальнікаў.

Практыка прымянення ў працы сэрвісу LearningApps.org. паказала, што эфектыўнымі прыёмамі вывучэння і сістэматызацыі вучэбнага матэрыялу з’яўляюцца сартаванне малюнкаў, пазлы “Адгадай-ка”, запаўненне табліцы адпаведнасцей, запаўненне пропускаў, класіфікацыі, віктарыны з выбарам правільнага адказу, практыкаванні “Знайсці пару”, “складзі парадак”, сетка слоў і тэставыя заданні.

Іх эфектыўнасць абумоўлена наступным:

– гэтыя прыёмы тэхналагічныя, г.зн. навучэнцы працуюць як на ўсіх этапах урока, так і самастойна дома;

– яны дазваляюць сістэматызаваць навучальны матэрыял, што палягчае працэс яго засваення;

– фарміруюць індывідуальнае мысленне (асобасную культуру працы з інфармацыяй);

– у навучэнцаў утвараюцца і іншыя агульнавучэбныя ўменні: вылучаць галоўнае, лагічна думаць, усталёўваць прычынна-выніковыя сувязі, абагульняць і класіфікаваць матэрыял, фармуліраваць праблемныя пытанні для адпрацоўкі матэрыялу і інш.

Галоўнае, каб фармуліроўка задання была простай і выразнай.

Напрыклад, пры вывучэнні тэмы ў 10-м класе “Функцыі бялкоў” для сістэматызацыі ведаў выкарыстоўваецца практыкаванне “Знайсці пару”, дзе трэба параўнаць назвы бялкоў і іх функцыі. Дадзенае практыкаванне можна выкарыстоўваць і самастойна для падрыхтоўкі да ЦТ, і для праверкі ведаў вучняў на занятках.

Працу можна пачынаць у 6–7-х класах са знаёмства навучэнцаў з прыёмамі работы на Web-рэсурсе пад кіраўніцтвам настаўніка. Вучні з задавальненнем выконваюць заданні на супастаўленне, пазнаванне асобных структур і іх абазначэнне. У 7–8-х класах вучні працуюць на ўроках і пры падрыхтоўцы да алімпіяды, рашаючы на блогу крыжаванкі, навучэнцы 9–11-х классаў – пры падрыхтоўцы да ЦТ на факультатывах і платных занятках.

 

Ужо на працягу некалькіх гадоў на ўроках біялогіі я ўжываю магчымасці свайго блога для актывізацыі пазнавальнай цікавасці да прадмета. Прапаную разгледзець магчымасці выкарыстання інтэрнэт-тэхналогій на розных этапах урока біялогіі.

 

На арыентацыйна-матывацыйным этапе, задача якога – актуалізацыя ведаў, фарміраванне пазнавальных матываў, можна карыстацца наступнымі прыёмамі работы на Web-рэсурсе:

– запаўненне пропускаў;
– запоўні табліцу адпаведнасці;
– класіфікацыя рэчываў (гармоны, ферменты і г.д.);
– знайдзі пару.

Названыя прыёмы і метады дапамагаюць стварыць умовы для вызначэння вучняў на дзейнасць і вынік гэтай дзейнасці.

 

Прыклад. Метад “Запаўненне пропускаў”
пры вывучэнні тэмы “Дыхальныя рухі”

Прапаную дзецям звярнуць увагу на тэкст, які высвечваецца на камп’ютары (перад гэтым навучэнцы заходзяць на блог настаўніка) і выбраць тыя словы, якія з’яўляюцца правільнымі на іх погляд:

Удых ажыццяўляецца за кошт скарачэння вонкавых касых міжрэберных мышцаў і __________. Аб’ём грудной клеткі _________. У плеўральнай поласці павялічваецца прысмоктваючая сіла і _____   . Выдых пры спакойным дыханні ажыццяўляецца _________. Аб’ем грудной клеткі __________. Ціск паветра ў альвеолах становіцца вышэйшым за _________.

Словы для ўстаўкі ў тэкст: атмасферны і выходзіць вонкі, дыяфрагмы, павялічваецца, памяншаецца, паніжаецца ціск, пасіўна.

Затым звяртаю ўвагу на тое, што па некаторых пунктах тэксту ў іх узніклі пытанні і прапаную пашукаць сумесна правільныя адказы.

 

На аперацыйна-пазнавальным этапе, задача якога – арганізаваць пазнавальную дзейнасць навучэнцаў на засваенне новых ведаў, я прапаную выкарыстоўваць метады, якія дапамагаюць дзецям самастойна вывучыць матэрыял і замацаваць яго. Рацыянальна выкарыстоўваць такія метады, як:

– прагляд відэа ці прэзентацыі і наступнае выкананне тэставых заданняў;
– запаўненне пропускаў, практыкаванне “Запоўні табліцу”;
– практыкаванні на класіфікацыі, “Складзі парадак”.

 

Прыклад. Прагляд відэафільма або прэзентацыі, а потым адказы на пытанні,
якія дапамогуць падрыхтавацца да ЦТ па біялогіі:

“Біяцэноз. Сувязі папуляцый у біяцэнозе”. Праверым, наколькі добра вы ведаеце класіфікацыю сувязей папуляцый у біяцэнозе.

1 Прыкладам тапічных сувязей папуляцый у біяцэнозе з’яўляецца :

– елка складае ўмовы для існавання тенелюбівых раслін (малайчына!);
– перанос кляшчэй сабакамі ( паспрабуй яшчэ);
– паяданне кары сасны вусачамі (паспрабуй яшчэ).

2 Прыкладам тапічных сувязей папуляцый у біяцэнозе з’яўляецца :

– лішайнік на ствале асіны (малайчына!);
– паяданне стрыжамі насякомых (паспрабуй яшчэ);
– перанос насення чарады лісіцамі (паспрабуй яшчэ).

3 Прыкладам фарычных сувязей папуляцый у біяцэнозе з’яўляецца :

– перанос жалудоў дуба белкамі (малайчына!);
– будаўніцтва галкай гнязда з ветак івы (паспрабуй яшчэ);
– паяданне жабамі насякомых (паспрабуй яшчэ).

4 Прыкладам фабрычных сувязей папуляцый у біяцэнозе з’яўляецца

– выкарыстанне птушкамі поўсці сабак для будаўніцтва гнязда (малайчына!);
– выцясненне елкамі светалюбівых раслін (паспрабуй яшчэ);
– перанос кляшчэй сабакамі (паспрабуй яшчэ).

5 На малюнку паказаны прыклад сувязі

– трафічнай (паспрабуй яшчэ);
– фабрычнай (малайчына!);
– тапічнай (паспрабуй яшчэ).

 

І гэтак далей…

 

Гэта практыкаванне дае магчымасць не толькі пазнаёміцца, але і адпрацаваць матэрыял падручніка і дадатковага матэрыялу па сувязях ў біяцэнозе, яго таксама можна выкарыстоўваць і на кантрольна-карэкцыйным этапе.

 

Прыклад выкарыстання практыкавання “Складзі парадак”

Перад навучэнцамі стаіць задача скласці схему малога (вялікага) круга кровазвароту. Карты размяшчаюцца свабодна.

Складзі схему малога кругу кровазвароту.

Малы круг кровазвароту пачынаецца ад правага жалудачка сэрца.

Карта 1 Лёгачны ствол
Карта 2 Дзве лёгачныя артэрыі, што ўваходзяць у лёгкія
Карта 3 Артэрыёлы
Карта 4 Капіляры, якія аплятаюць лёгачныя пузыркі з паветрам
Карта 5 Венулы
Карта 6 Вены
Карта 7 Лёгачныя вены
Карта 8 Левае перадсэрдзе.

 

Можна проста прапанаваць запоўніць табліцу пропускаў, напрыклад:

 

На кантрольна-карэкцыйным этапе педагог арганізуе дзейнасць навучэнцаў на тое, каб разрозненыя веды перайшлі ў цэласную сістэму. Сярод практыкаванняў, якія можна прапанаваць навучэнцам найбольш зручнымі і выніковымі з’яўляюцца:

– практыкаванне “Сартаванне малюнкаў»;
– пазлы “Адгадай-ка”;
– запаўненне табліцы адпаведнасці;
– запаўненне пропускаў,
– класіфікацыі; практыкаванні “Знайсці пару”; “Падпішы карцінку”;
– віктарыны з выбарам правільнага адказу;
– парадак, сетка слоў, тэставыя заданні.

 

Прыклад. Выкарыстанне на ўроку практыкавання па класіфікацыі

У 7-м класе пры вывучэнні тэмы “Грыбы”: размяркуй прыклады грыбоў па іх разнастайнасці:

Плесневыя грыбы Шапачкавыя Грыбы-паразіты
мукар рыжык мучністарасяныя грыбы
пеніцыл польскі грыб ржаўныя грыбы
аспергіл сыраежка галаўнёвыя грыбы
  грузд губавыя грыбы
  мухамор пантэрны мікраспорум
  апенька несапраўдная  
  бледная паганка  

 

Карткі выходзяць не па парадку, трэба падабраць тую, якая будзе адпавядаць класіфікацыі.

 

 

 

Заданне для навучэнцаў 7-га класа, дзе трэба даць назву структурам клеткі інфузорыі-туфліка не толькі маляўнічае, але і дапамагае навучэнцам лепш запомніць гэтага прадстаўніка царства Пратысты.

 Эфектыўна выкарыстоўваць у старшых класах для абагульнення матэрыялу заданні тыпу “Знайдзі пару”. Напрыклад, пры вывучэнні тэмы “Макра- і мікраэлементы”.

Знайсці пару. Макра- і мікраэлементы. Неарганічныя рэчывы.

Уважліва прачытайце характарыстыкі хімічных кампанентаў і суаднясіце іх згодна функцыі, якую яны выконваюць.

1 Ёд
уваходзіць у склад гармонаў тыраксіну, трыёдтыраніну

2 Цынк
удзельнічае ў клетачным дыханні

3 Фтор
уваходзіць у склад эмалі зубоў

4 Іон жалеза
уваходзіць у састаў гемаглабіну

5 Іон магнію
уваходзіць у састаў хларафілу

6 Іоны кальцыю
неабходны для мышачных скарачэнняў і г.д….”

Калі ёсць памылка, яна пазначаецца чырвоным колерам, вучань бачыць сваю памылку і выпраўляе.

 

Я мяркую, што вядучая ідэя выкарыстання Web-рэсурсу складаецца ў тым, што навучэнцы авалодваюць уменнем самастойна шукаць новыя веды, сістэматызаваць навучальны матэрыял з дапамогай практыкаванняў сэрвісу LearningApps.org. і гэта ім проста дапамагае засвоіць урок, робіць працэс навучання больш даступным і цікавым і, нарэшце, абагульняе набытыя веды.

Магчымасці ўласнага блога дапамагаюць самастойна падрыхтавацца да занятку, ЦТ, абагульніць матэрыял па тэме.

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий