Вольга СТУПКОВА,
выхавальнік дашкольнай адукацыі
ДУА “Казлоўшчынскі яслі-сад”,
Дзятлаўскага раёна,
Гродзенская вобласць
Мэта: фарміраваць уяўленні дзяцей пра беларускія народныя традыцыі праз знаёмства з гульнёй.
Задачы: праз рухомыя фальклорныя гульні, песні, прыгаворкі, лічылкі, загадкі знаеміць дзяцей з народнымі традыцыямі і культурай, вучыць пазнаваць навакольнае асяроддзе, развіваць фізічна, выхоўваць нацыянальную самасвядомасць.
Абсталяванне: зала (пляцоўка на вуліцы) упрыгожана ручнікамі, даматканымі посцілкамі, беларускімі цацкамі; дзеці і дарослыя часткова апранутыя ў беларускія касцюмы; цацкі (ваўчок, мышка); цэлафанавыя стужкі для дожджыка; кошык з цацачнымі грыбамі і ягадамі; какошнікі: “Верабей”, “Кот”, пачастункі для дзяцей.
Музычнае суправаджэнне: беларускія народныя мелодыі “Весялуха”, “Зайка”, “Верабейчык”, “ Мішанька”.
Удзельнікі: Вядучы, Весялінка, Мядзведзь, Заяц, дзеці.
Ход забавы
Вядучы:
Кацілася торба з высокага горба
А ў той торбе ваўчок
Пакруцім чароўны бачок?
Гучыць беларуская народная мелодыя “Весялуха”.
Паказваецца Весялінка і танцуе польку.
Вядучы:
Вось дык танец “Весялуха”,
Аж звініць ад піску вуха.
Весялінка:
Шанаванне добрым людям,
Хай вам радасці прыбудзе!
Я – Весялінка,
А вось і смачная хвілінка! (Пачастункі)
Сардэчна ўсіх вітаю,
Весяліцца запрашаю!
Ці ёсць у вас дзяўчынка Маша, хлопчык Саша.
Яны хочуць пагуляць?
Хто пакліча, – адгадаць.
Гульня “Маша”
Задача: Развіваць тэмбравы слых, выклікаць добрыя пачуцці.
Апісанне гульні. Дарослы расказвае:
Ёсць у нас дзяўчынка Маша,
І ёсць у нас хлопчык Саша.
Яны хочуць пагуляць:
Хто пакліча – адгадаць.
Дзяўчынцы або хлопчыку завязваюць вочы хустачкай. Дзеці, трымаючыся за рукі, ідуць па крузе і спяваюць:
Маша, Маша, ты пацеша наша.
Адгадай, хто пяе, імя тваё назаве.
Хто-небудзь адзін з дзяцей праспявае: “Ма-ша”. “Маша”, якая стаіць у сярэдзіне круга, павінна адгадаць, хто спяваў. Калі адгадае, той, хто спяваў, становіцца “Машай”. Калі гэта хлопчык, то дзеці спяваюць “Саша”.
Весялінка:
Напоўніцца радасцю звонкі наш смех.
Сёння пакажу вам многа пацех.
Каб раслі кветкі, прыгажэлі дзеткі,
трэба “дожджык” паклікаць.
Дзеці клічуць дожджык:
Ідзі, ідзі, дожджыку, звару табе боршчыку,
Пастаўлю пад елкаю, накрыю талеркаю.
Сама пакаштую, цябе пачастую.
Гульня “Дожджык”
Задача: выклікаць радасць, развіваць спрыт, удасканальваць навыкі хуткага бегу.
Апісанне гульні. Дарослы весела кліча:
Ідзі, ідзі, дожджыку, звару табе боршчыку,
Пастаўлю пад елкаю, накрыю талеркаю.
Сама пакаштую, цябе пачастую.
Выбіраюць “ дожджык”. Ён стаіць, а дзеці скачуць вакол яго і дражняць:
Буль-буль-буль, буль-буль-буль,
Не баімся кропляў-куль,
Будзе часты дожджык ісці,
Будзем мы хутчэй расці.
Дзеці ўцякаюць, а “дожджык” бегае за імі і дакранаецца цэлафанавымі стужкамі да тых, каго дагоніць. Дзіця, да якога “дожджык” дакрануўся, выбывае з гульні.
Вядучы:
Павесяліла ты нас, Весялінка. За тое, мы прапануем пакруціць табе чароўны ваўчок.
Весялінка дзякуе і круціць ваўчок. З’яўляецца кошык з грыбамі і ягадамі.
Весялінка паказвае іх дзецям і выкладвае на пол. Потым просіць іх сабраць.
Але тут гучыць рык мядзведзя, які заходзіць у залу і ўкладваецца спаць.
Весялінка чытае верш П.Глебкі:
У мядзведзя на бару
Грыбы-ягады бяру.
А мядзведзь не спіць
І на нас вурчыць.
Паспрабуем збіраць ягады, грыбы?
Гульня “У мядзведзя на бару”
Задача: выклікаць радасны настрой, развіваць вытрымку, спрыт.
Апісанне гульні. Дарослы запрашае дзяцей схадзіць у лес па грыбы ды па ягады, чытае верш П.Глебкі.
А што за ягады ў нас адразу зацвілі,
Як толькі промні веснавыя цяпло разнеслі па зямлі!
Спачатку сочныя суніцы заружавелі на лясах,
За імі следам і чарніцы закрасавалі ў верасах.
Цяпер салодкія маліны свае галовы хіляць ніц,
І ўсе сухія баравіны пакрыты завяззю брусніц.
Дарослы папярэджвае берагчыся ў лесе мядзведзя. Мядзведзь воддаль ад дзяцей. Дзеці ідуць, нагінаючыся, “збіраюць” ягады, грыбы, адначасова спяваюць (Гучыць беларуская народная мелодыя “Мішанька”):
У мядзведзя на бару
Грыбы, ягады бяру,
А мядзведзь не спіць
І на нас вурчыць.
Пасля слова “вурчыць” з рыканнем выбягае “мядзведзь” і ловіць дзяцей. Каго схапіў – той будзе “мядзведзем”.
Мядзведзь:
Як весела з вамі, пабягу ў лес і навучу гуляць у гэту гульню сваіх мядзведзянят.
Весялінка:
Дазвольце яшчэ пакруціць ваўчок. (Весялінка круціць ваўчок і з’яўляецца заяц).
Вядучы:
Вось на горку скок ды скок
Скача зайка-шарачок.
Скок, скок, скок ды скок,
Скача зайка-шарачок.
Гульня “Заінька”
Задача: развіваць увагу, хуткасць рэакцыі, выхоўваць добрыя пачуцці, любоў да роднай мовы, вучыць вобразнаму выкананню рухаў.
Апісанне гульні. Каб зацікавіць дзяцей, можна загадаць наступную загадку:
Улетку шэранькі,
Узімку беленькі,
Доўгія вушкі мае,
Хутка ў лес уцякае.
“Заіньку” можна выбраць па лічылцы:
Вось на горку скок ды скок
Скача зайка-шарачок.
Скок, скок, скок ды скок,
Скача зайка-шарачок.
“Заінька” стаіць у сярэдзіне круга, дзеці ідуць па крузе і спяваюць (Гучыць беларуская народная мелодыя “Заінька”):
Заінька-заінька, ды шарусенькі,
Заінька-заінька, ды бялюсенькі,
Праскачы, праскачы, зайка, у дзірачку,
Не пабі, не пабі сабе спіначку.
“Зайка” скача ў сярэдзіне круга, імкнучыся выскачыць з яго. Дзеці, не разнімаючы рук, хутка прысядаюць (не пускаюць яго) і працягваюць:
Заінька-заінька, павярніся,
Шэранькі-шэранькі, абярніся,
Тупні ножкай, паскачы
Ды ў далонькі запляшчы.
Апошнія два радкі паўтараюцца. Пры паўторы дзеці стаяць і пляскаюць у далоні, а “заінька” скача. Пры заканчэнні спеваў “заінька” хапае каго-небудзь з дзяцей і хуценька становіцца на яго месца. Той, хто застаўся без месца, становіцца ў круг.
Заяц:
Спадабалася гульня? Далей будзеце гуляць без мяне, бо я спяшаюся ў лес.
Вядучы:
Пакруцім яшчэ раз ваўчок. (Весялінка гучна некага ловіць ).
Каго ты ловіш, Весялінка?
Весялінка:
А вось каго:
Шустранькі, маленькі, сам у шэрай світцы,
Шукае канапелькі, каб трошкі пажывіцца
(Дзеці адгадваюць загадку, а Весялінка паказвае какошнік з выявай вераб’я).
Гульня “У вераб’я”
Задача: выклікаць радасць, выхоўваць добрыя, сяброўскія ўзаемаадносіны.
Апісанне гульні. Дарослы загадвае загадку (пра вераб’я). Потым, паказваючы на каго-небудзь з дзяцей, кажа:
Верабей, верабей,
Не дзяўбі канапель,
Адгукніся, верабей,
Вылятай у круг хутчэй.
Той, на каго паказаў дарослы, “вылятае” у сярэдзіну круга. Дзеці ідуць па крузе і спяваюць (Гучыць беларуская народная мелодыя “Верабейчык”):
Паскакаў верабей ды па сметнічку,
А сабраў верабей усю сямеячку:
Мала нас, мала нас на булачку хлеба,
А пазваць, а пазваць каго яшчэ трэба?
На першыя два радкі песні “верабей” скача ў крузе, махаючы “крылцамі”. На два апошнія – стоячы на месцы, ківае галавою, быццам дзяўбе. Па заканчэнні спеваў “верабей” кліча каго-небудзь з дзяцей падсілкавацца хлебам. Гульня паўтараецца. На другі раз “вераб’і” (двое) у крузе шэпчуцца, дамаўляюцца, каго яшчэ паклікаць. Гульня працягваецца да той пары, пакуль “вераб’ёў у крузе стане больш, чым дзяцей, якія водзяць карагод. Потым “вераб’і” становяцца ў знешні круг, а дзеці, якія вадзілі карагод, становяцца “вераб’ямі”.
Вядучы:
Паглядзіце, ваўчок сам закруціўся!
Весялінка:
Не, не.
Там маленькі шарык пад ваўчком шарыць,
Збірае крошкі, баіцца кошкі.
Дзеці:
Мышка!
Гульня “Хітрыя мышы”
Задача: выхоўваць увагу, асцярожнасць, вытрымку, падатлівасць.
Апісанне гульні. Дарослы загадвае загадку:
Маленькі шарык пад лаўкаю шарыць,
Збірае крошкі, баіцца кошкі.
“Ката” выбіраюць лічэннем:
Раз, два, тры, чатыры, ката грамаце вучылі:
Не чытаць, не пісаць, а за мышкамі скакаць.
“Кот” становіцца на невялікай адлегласці ад дзяцей, заплюшчвае вочы, нібыта спіць. “Мышы” скачуць і дражняць “ката”:
Тр-та-та, тра-та-та, не баімся мы ката.
Дражнілка паўтараецца да таго часу, пакуль “кот”, які спачатку нібыта драмаў, не пачынае падкрадвацца. Як толькі “кот” скокне, “мышы” заміраюць на месцы. “Кот” ходзіць і выглядае, калі хто зварухнецца – таго цягне да сябе. Гульня працягваецца, пакуль “кот” не пераловіць усіх “мышэй”.
Вядучы і Весялінка разам:
Сёння мы ў гэтым зале шмат чаго вам паказалі,
І жадаем ад душы быць здаровымі заўжды.
Весялінка:
Прыйшоў час і мне развітацца з вамі.
Шчасця вам і грошы майце,
Да мяне ў госці прыязжайце.
Да пабачэння!
Вядучы:
Ой, і ваўчок кудысьці прапаў. Вядома ж чароўны.
Нагуляліся, дзеткі, будзем чакаць ваўчка другі раз. Штосьці мне падказвае, што ён абавязкова вернецца!
Спіс літаратуры
1 Вучэбная праграма дашкольнай адукацыі. – Мінск : Нацыянальны інстытут адукацыі, 2019.
2 Старжынская, Н.Т. Народная цацка – люстэрка культуры. Дапаможнік для педагогаў устаноў дашкольнай адукацыі / Н.Т. Старжынская, Д.М.Дубініна. – Мінск : Вышэйшая школа, 2014.
3 Дубініна, Д.М., Страха, А.А., Дубінін, Д.У. Родная прырода ў вуснай народнай творчасці. Дапаможнік для педагогаў устаноў дашкольнай адукацыі / Д.М.Дубініна, А.А.Страха, Д.У.Дубінін. – Мінск : Нацыянальны інстытут адукацыі, 2012.
4 Дубініна, Д.М. Выхаванне ў дзяцей дашкольнага ўзросту цікавасці да беларускай мастацкай літаратуры і фальклору. Дапаможнік для педагогаў устаноў дашкольнай адукацыі / Д.М.Дубініна – Мінск : Новое знание, 2016.
5 Залатая скарбонка. Хрэстаматыя для лашкольнікаў. Дапаможнік для педагогаў устаноў дашкольнай адукацыі. – Мінск : Аверсэв, 2018.