Лэпбук: як звычайнае зрабіць незвычайным

- 15:09Коррекционная педагогика. Опыт, Методичка

 

 

Таццяна ЛУКОНІНА, 
настаўнік-дэфектолаг
сярэдняй школы аг.Пагранічны
Бераставіцкага раёна Гродзенскай вобласці

 

Добрым памочнікам у працы настаўніка-дэфектолага з’яўляецца лэпбук. Гэта сучасная эфектыўная тэхналогія навучання, адзін з цікавых развіваючых метадаў у карэкцыйна-педагагічнай працы і ўніверсальны дыдактычны дапаможнік.

  Лэпбук у вачах дзяцей – гэта займальная кніга-папка, кніга-сюрпрыз, кніга-таямніца, якую вучань можа раскрыць і адразу праглядзець увесь яе змест, а можа ажыццяўляць тэматычнае падарожжа на працягу многіх заняткаў, зручна расклаўшы яе ў сябе на каленях або на стале.

Гэта кніга, якую педагог збірае, склейвае яе асобныя часткі ў адзінае цэлае, крэатыўна афармляе, выкарыстоўваючы разнастайныя формы, колер, матэрыялы. Часцей за ўсё асновай лэпбука з’яўляецца цвёрдая папера, кардон або гатовыя пластыкавыя папкі.

Сутнасць зводзіцца да таго, што лэпбук – гэта самаробная інтэрактыўная папка з кішэнькамі, міні-кніжкамі, акенцамі, рухомымі дэталямі, устаўкамі, якія можна даставаць, перакладаць, складваць па сваім меркаванні. У ёй збіраецца, як правіла, матэрыял па нейкай пэўнай тэме. Тут няма межаў для фантазіі: формы прадстаўлення могуць быць любыя. Ад самай простай, тэкставай, да гульняў і развіваючых заданняў. І ўсе матэрыялы размяшчаюцца на розных элементах: у кішэнях, нататніках, міні-кніжках, кніжках-гармошках, колах, якія круцяцца, розных па форме канверціках, картках, старонках, якія разгортваюцца, і г.д. За кошт нагляднай прывабнасці лепбук дапамагае замацаваць вывучанае ў гульнявой форме.

Як прыклад, прапануецца разгледзець лэпбук “Рычалкі і равелкі”, у якім прадстаўлены гульні і маўленчы матэрыял для аўтаматызацыі гука [р]. Гэты лэпбук зроблены для працы з навучэнцамі, што маюць парушэнні маўлення.

Усе гульнявыя заданні і практыкаванні лэпбука адпавядаюць тэме і служаць для аўтаматызацыі пастаўленых гукаў, накіраваны на развіццё фанематычнага слыху, артыкуляцыйнай гімнастыкі, спрыяюць фарміраванню лексіка-граматычных катэгорый. Іншымі словамі, выкарыстанне такой інтэрактыўнай папкі дазваляе папаўняць слоўнікавы запас і пашыраць “семантычныя палі” значэнняў слоў; паскорыць і зрабіць больш прывабным працэс аўтаматызацыі і дыферэнцыяцыі гукаў, фармаваць граматычныя катэгорыі, развіваць зразумелае маўленне, удасканальваць дробную маторыку.

Усе матэрыялы дапаможніка нясуць у сабе пазнавальную і развіваючую функцыі. На першай старонцы лэпбука размешчаны люстэрка, практыкаванні для артыкуляцыйнай гімнастыкі, “гукавыя дарожкі”. Другая старонка прысвечана дыхальнай гімнастыцы (гульні “Футбол”, “Матылёк на кветцы”, “Паляцелі жураўлікі”). Далей у кішэньцы знаходзяцца карцінкі для аўтаматызацыі гука [р] і рухомая схема для вызначэння месца гуку ў слове. На чацвёртай старонцы прапануецца заданне “Збяры літару” (складзі яе з прапанаваных элементаў), гукавыя пазлы, лато-склады, складовыя “рычалкі” для развіцця ўвагі і мыслення. Далей, выкарыстоўваючы лабірынт і фішкі, можна прайсці па “гукавых блукалках” і замацаваць вымаўленне гука [р] у словах. У спецыяльных кішэньках знаходзіцца слоўнікавы матэрыял для складання сказа і апавядання. Можна чытаць вершы і спалучаць іх з рухамі, адгадаць загадкі, выканаць заданне на штрыхоўку і размалёўку літары Р.

Вельмі важна настаўніку, прадумваючы матэрыял для лэпбука, падабраць як мага больш заданняў на падключэнне розных аналізатараў: глядзельнага, тактыльнага, слыхавога.

Лэпбук – гэта не толькі магутны даведачны інструмент і адмысловая форма арганізацыі вучэбнага матэрыялу, але і аснова партнёрскай дзейнасці дарослага з дзецьмі (педагога з навучэнцамі, аднаго з бацькоў з дзіцём). Аснова лэпбука ствараецца педагогам і дапаўняецца, удасканальваецца разам з дзецьмі і іх бацькамі. Лэпбук пераважна выкарыстоўваецца ў індывідуальнай працы з навучэнцамі. Але заданні дазваляюць выкарыстоўваць яго і ў падгрупавой дзейнасці. У папцы ўтрымліваюцца заданні рознага ўзроўню, таму любое дзіця знойдзе сабе заданні па сілах.

Пры працы з дзецьмі з агульным недаразвіццём маўлення лэпбук выконвае яшчэ і функцыю дапаможніка ў развіцці маўлення.

Як паказвае практыка, выкарыстанне такіх дапаможнікаў робіць навучальны матэрыял займальным, выклікае ў дзяцей глыбокае задавальненне, стварае радасны працоўны настрой, паскарае працэс засваення ведаў, палягчае пераадоленне цяжкасцей.

 

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий