У Кармянскім раёне Гомельскай вобласці з удзелам міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь Ігара Карпенкі абмеркавалі ход рэалізацыі дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі. На пасяджэнне райвыканкама запрасілі членаў Маладзёжнага савета пры раённым Савеце дэпутатаў.
Кармянскі раён па тэрыторыі самы маленькі ў Гомельскай вобласці. Амаль тры тысячы з 12 700 яго жыхароў — гэта моладзь ад 14 да 31 года. Намеснік старшыні райвыканкама Наталля Сідарава расказала пра разнастайную работу, якая вядзецца з маладымі людзьмі на прадпрыемствах, у арганізацыях і ўстановах. Сёлета ў раён па размеркаванні прыбыў 51 малады спецыяліст, з якіх 32 — выхадцы з раёна.
— Сярод асноўных прычын, якія негатыўна ўплываюць на замацаванне маладых спецыялістаў, — адзначае Наталля Ігараўна, — пераразмеркаванне ці пераезд па месцы жыхарства бацькоў, мужа (жонкі), служба ва Узброеных Сілах Рэспублікі Беларусь, жаданне працягнуць адукацыю на дзённай форме навучання, а таксама нізкая аплата працы, праблемы з жыллём.
Тым часам, адзначае намеснік старшыні Кармянскага райвыканкама, 85% маладых спецыялістаў не маюць намеру мяняць работу ў хуткім часе, 11% заявілі, што хацелі б перайсці ў іншую арганізацыю. 2,5% маюць намер працягнуць работу за межамі краіны. Праблему забеспячэння жыллём у гэтым паўночным населеным пункце Гомельскай вобласці імкнуцца вырашыць. Сёлета ў гарадскім пасёлку Карма здадзены ў эксплуатацыю 40-кватэрны жылы дом. У ім 22 маладыя спецыялісты атрымалі добраўпарадкаванае арэнднае жыллё.
Яўген Дзергачоў, чыя грамадская пасада — старшыня Маладзёжнага савета, а асноўная — выконваючы абавязкі старшыні Ворнаўскага сельскага выканаўчага камітэта, расказвае пра шматлікія патрыятычныя акцыі, якія праводзяцца на Кармяншчыне. Ён адзначае, што ў Год народнага адзінства моладзь прымае актыўны ўдзел у дыялогавых пляцоўках, інтэрнэт-чэленджах, флэш-мобах, спартыўных і культурных мерапрыемствах, пасадцы дрэў, добраўпарадкаванні месцаў адпачынку, суботніках.
Гаворка пра тое, што могуць зрабіць маладыя для сваёй краіны, працягваецца на сустрэчы міністра з маладзёжным актывам Кармянскага раёна. Пытанні прэстыжнасці вышэйшай адукацыі і прафесійнай арыентацыі хвалююць многіх. Ігар Карпенка адзначае, што сёння профілі ў школах павінны адкрывацца пад патрэбы эканомікі.
Ліцвінавіцкая школа ў 2020 годзе адкрылася пасля маштабнай мадэрнізацыі. Да яе прыбудавалі вучэбны корпус, а асноўны будынак сур’ёзна рэканструявалі. Сёння ў школе вучыцца звыш 150 дзяцей. Нядаўна школа адзначыла юбілей — 100 гадоў.
У 1918 годзе як камуну яе заснаваў знакаміты педагог Панцеляймон Лепяшынскі. Гэта школа з цікавай гісторыяй, яна знаходзіцца на забруджанай пасля аварыі на ЧАЭС тэрыторыі.
— Школьнік сам выбірае спецыяльнасць і можа працягнуць вучобу ва ўстанове прафесійна-тэхнічнай адукацыі, сярэдняй спецыяльнай навучальнай установе або вышэйшай. Установы адукацыі непасрэдна ўзаемадзейнічаюць з наймальнікамі па пытаннях вызначэння неабходных спецыялістаў, прыёму, арганізацыі адукацыйнага працэсу, працаўладкавання. Усё гэта знайшло адлюстраванне ў артыкулах Кодэкса аб адукацыі. У новай рэдакцыі закладзена норма, дзе прадугледжаны адыход ад тыпавога вучэбнага плана. Гэта дасць магчымасць работадаўцу, які заказвае кадры, прыняць удзел у карэкціроўцы вучэбнага плана і праграмы з улікам развіцця яго вытворчасці і мадэрнізацыі.
Дарэчы, цяпер на прадпрыемствах і вытворчасцях краіны адкрыта ўжо больш за тысячу філіялаў устаноў адукацыі. Усё гэта садзейнічае фарміраванню прафесійнага стандарту будучага спецыяліста. Пры гэтым работадаўцы павінны больш цесна супрацоўнічаць з навучальнымі ўстановамі. Яны, як ніхто іншы, могуць расказаць пра перавагі свайго прадпрыемства, сацыяльны пакет, прапанаваць даплату да стыпендыі падчас вучобы, узяць на практыку.
Начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама Руслан Смірноў дадае, што Гомельскі абласны інстытут развіцця адукацыі ўзяўся за распрацоўку метадычных рэкамендацый па прафарыентацыйнай рабоце з бацькамі вучняў:
— Мы правялі анкетаванне ва ўстановах прафтэхадукацыі Гомельскай вобласці (у нас іх 40). Спецыялісты выявілі, што сёння асноўны ўплыў на выбар падлеткамі будучай прафесіі маюць бацькі. Таму працаваць у школах на прафарыентацыю трэба менавіта з імі.
Пытанні, якія прадстаўнікі Маладзёжнага савета задаюць міністру адукацыі, тычацца перспектывы павышэння афіцыйнага ўзросту катэгорыі, якая адносіцца да моладзі, неабходнасці ўвядзення ў вучэбную праграму ўрокаў сямейнага жыцця, магчымасці арганізаваць вытворчасць па перапрацоўцы смецця на базе Струкачоўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Кармянскага раёна. Апошняя ідэя міністру вельмі падабаецца.
— Для моладзі трэба на месцах ствараць пляцоўкі, каб хлопцы і дзяўчаты набывалі вопыт і рэалізоўвалі сацыяльна значныя ініцыятывы. Нам бракуе ідэй і бачання, як іх рэалізаваць, — адзначае Ігар Карпенка. — Цяпер ідзе актыўная распрацоўка праекта праграмы патрыятычнага выхавання насельніцтва. Гэта канцэпт-праграма, якая будзе абавязваць усе суб’екты дзяржаўнага кіравання ва ўзаемадзеянні з грамадскасцю і рознымі яго структурамі, уключаючы дэпутацкі корпус, СМІ і г.д., на сваім узроўні рэалізоўваць мерапрыемствы патрыятычнай накіраванасці.
У Ліцвінавіцкай сярэдняй школе гаворка зноў заходзіць пра тое, што робяць улады для замацавання педагагічных кадраў на месцах, якія ўмовы для іх ствараюць. Дырэктару гэтай установы адукацыі 30 гадоў. Іван Ігнаценка нарадзіўся ў Ліцвінавічах, вучыўся ў Гомельскім дзяржаўным універсітэце імя Ф.Скарыны на гісторыка, скончыў магістратуру, працаваў у гарадскім пасёлку Карма і цяпер узначальвае родную школу. Яго жонка Дзіяна выкладае вакал у Кармянскай дзіцячай школе мастацтваў. Ім прадаставілі арэнднае жыллё ў Карме. Абодва мараць пра дом, бо нікуды з родных мясцін з’язджаць не збіраюцца.
— Мы плануем у найбліжэйшы час пашырыць мэтавую падрыхтоўку, — адзначае міністр адукацыі. — Знімем існуючае абмежаванне на мэтавыя накіраванні для гарадоў, дзе насельніцтва перавышае 20 тысяч. Таму што і яны маюць патрэбу ў тых ці іншых спецыялістах, а пакуль мы не можам іх узяць па мэтавым наборы. Іншыя прэферэнцыі для замацавання спецыялістаў могуць стварацца як на рэгіянальным, так і на дзяржаўным узроўні.
У Ліцвінавіцкай школе міністр адукацыі Ігар Карпенка пагутарыў не толькі з настаўнікамі, але і са школьнікамі. На ўроку замежнай мовы ў новенькім лінгафонным кабінеце малыя ўпэўнена вітаюць Ігара Васільевіча на англійскай. На хіміі міністр ацэньвае сучаснае абсталяванне.
Заходзім на выхаваўчыя заняткі для вучняў старшых класаў, прысвечаныя вызваленню Гомельшчыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Інтэрактыўную гульню з дапамогай мультыборда вядуць настаўнік гісторыі Мікіта Навумаў і кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні, воін-афганец Сяргей Малевіч. Школьнікі вывучаюць узбраенне Савецкай Арміі падчас Вялікай Айчыннай вайны.
У светлай сучаснай спартыўнай зале дзеці сапернічаюць у эстафеце. Адцягваюцца ад спаборніцтваў на пару хвілін: Ігар Васільевіч дорыць вучням набор мячоў. Фотаздымак з імі на памяць выклікае незабыўныя эмоцыі.
Завяршаецца паездка сустрэчай з педагагічнай грамадскасцю. Педагогаў хвалююць змяненні ў Кодэксе аб адукацыі, крытэрыі ацэнкі ведаў, роля школы і бацькоў у выхаванні дзяцей. Дарэчы, для выпускнікоў гэтага года, адзначае міністр адукацыі, нічога не зменіцца пры здачы экзаменаў і пры далейшым паступленні. Можа быць пашыраны мэтавы набор і створана больш магчымасцей для пазаконкурснага паступлення ва УВА вучняў, якія актыўна ўдзельнічаюць у алімпіядным руху, а не толькі фіналістаў прадметных алімпіяд.
Сур’ёзныя змены закрануць тых, хто скончыць школу ў 2023 годзе. Беларускую ці рускую мову па выбары і матэматыку будуць здаваць абавязкова ў выглядзе цэнтралізаванага тэсціравання ў пунктах ЦТ. Пасля гэтага будзе выдавацца сертыфікат з выстаўленнем сярэдняга бала ў атэстат паміж гадавой адзнакай і адзнакай, атрыманай на гэтым тэсціраванні.
Істотна зменіцца схема паступлення ў сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы — выключна па конкурсе дакумента аб адукацыі. Чакаецца, што паступленне ў сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы без ЦТ павялічыць прывабнасць такой адукацыі ў выпускнікоў і ў людзей, якія маюць стаж работы ў прафесіі. Пры гэтым матываваныя навучэнцы, якія атрымалі сярэднюю спецыяльную адукацыю і хочуць працягнуць навучанне далей, будуць мець магчымасць паступіць ва УВА.
Ірына АСТАШКЕВІЧ
Фота аўтара