Часцей усміхацца дзецям

- 7:43В СВЕЖИХ НОМЕРАХ "НАСТАЎНІЦКАЙ ГАЗЕТЫ"

 

Трэба часцей усміхацца дзецям — такі дэвіз выбраў для сябе 19-­гадовы Антон Енка, які са жніўня працуе выхавальнікам у яслях­-садзе № 40 Ліды. Ён упэўнены, што для маленькіх дзяцей няма нічога больш непрыемнага, чым пануры твар педагога.

— Мне заўсёды было цікава назіраць за малышамі і іх непасрэднасцю, бачыць, як яны растуць і развіваюцца, — адзначае Антон. — У мяне ёсць малодшыя браты, з якімі мне даводзілася заставацца, калі бацькоў не было дома. Гэта было не ў цяжар, наадварот, давала мне адчуванне сваёй значнасці. Пасля заканчэння Лідскага каледжа ГрДУ імя Янкі Купалы па спецыяльнасці “Выхавальнік дашкольнай адукацыі” я паехаў на ўсё лета працаваць у аздараўленчы лагер “Спадарожнік” Лідскага раёна. Тым жа летам паступіў у БДПУ імя Максіма Танка. 

Першапачаткова малады чалавек праходзіў практыку ў дзіцячым садзе. З самага пачатку ён хацеў даказаць калегам, што можа працаваць нароўні з імі, імкнуўся да самаразвіцця. Няпроста было правесці першыя заняткі. Каб канцэнтраваць увагу кожнага дзіцяці, ён рыхтаваў цікавы наглядны і раздатачны матэрыял, прымяняў сучасныя тэхналогіі, аб’ядноўваў усіх займальным сюжэтам. Хутка прыйшло ўсведамленне адказнасці за жыццё і здароўе выхаванцаў. Тут рэцэпт адзін: чым больш займацца з дзецьмі, далучаць іх да карыснай дзейнасці, тым меншая верагоднасць узнікнення непрыемных і непрадбачаных сітуацый. І ў Антона ўсё добра атрымлівалася з самага пачатку. 

Юнак працуе ў старшай групе. За ім замацаваны вопытны педагог Алена Мечыславаўна Ляськевіч, якая працуе выхавальнікам больш за 25 гадоў. 

— Пераймаю ў калегі веды, вучуся правільнаму падыходу да бацькоў выхаванцаў, — гаворыць Антон. — Ніколі б не падумаў, што гэта будзе адным з самых складаных пытанняў. Першапачаткова не ўсе бацькі ўспрынялі мяне сур’ёзна, некаторыя выказвалі асцярогу, маўляў, мужчына і дзіцячы сад — гэта несумяшчальныя рэчы. Заваяваць іх давер было няпроста. Асабліва складаным аказалася правядзенне першага бацькоўскага сходу ў верасні. Але з дапамогай загадчыцы сада Веры Баляславаўны Стэфановіч, якая прысутнічала на сходзе, бацькі дзяцей змаглі разгледзець ува мне педагога. Гэта надало мне ўпэўненасці. 

Адказваючы на бясконцыя пытанні дзяцей, Антон імкнецца навучыць іх новаму, дапамагае зразумець, як уладкаваны свет, поўны таямніц і загадак. Ён гуляе з імі ў цікавыя гульні, пры гэтым не баіцца сам быць як дзіця, шмат часу праводзіць з малымі вочы ў вочы. І ў выхаванцаў гараць вочкі, яны з нецярпеннем чакаюць наступных заняткаў. Дзеці цягнуцца да Антона Дзянісавіча, расказваюць дома пра выхавальніка, пра тое, што ім цікава ў дзіцячым са­дзе. І бацькі адчулі, што іх паважаюць, рады сустрэчы з імі. Антон заўсёды стараецца парадаваць іх добрай навіной пра дзяцей. 

— Што тычыцца ўзаемаадносін з выхаванцамі, лічу, што трэба паважаць кожнага, ацэньваць учынкі, а не саміх дзяцей, не параўноўваць іх паміж сабой, — працягвае Антон. — Трэба ўмець“разруліць” любую складаную сітуацыю. Малыя дзейніча­юць інтуітыўна, імі кіруюць эмоцыі, а мы, дарослыя, павінны ра­біць усё па розуме, мы з’яўляемся прыкладам правільных паводзін для дзяцей.  

З 1 верасня гэтага года Антон Енка стаў удзельнікам Рэспубліканскага экалагічнага праекта “Зялёныя школы”. Разам з выхаванцамі пры падтрымцы бацькоў ён праводзіць экскурсіі, экалагічныя акцыі мясцовага і міжнароднага значэння. Зараз вырабляе кармушкі для птушак. Дарэчы, яслі-сад № 40 Ліды атрымаў статус “Зялёныя школы” і дыплом ІІ ступені. З выхаванцам Кірылам Комінчам педагог удзельнічае ў рэспубліканскім конкурсе “Энергамарафон” з работай “Эканоміць энергію — берагчы планету”, рыхтуе яго да рэспубліканскага фестывалю “Бяспечнае дзяцінства”. Антон Енка ўваходзіць у склад творчай групы сада, якая займаецца распрацоўкай перспектыўнага планавання, творчых праектаў, сцэнарыяў да ранішнікаў і свят.

Паміж педагогамі і сям’ёй неабходна ўстанавіць даверлівыя адносіны, каб усе праблемы вырашаліся сумесна. Трэба зрабіць так, каб малышу ў дзіцячым садзе было весела, добра, цікава, каб ён з радасцю ішоў у сад, сябраваў з дзецьмі і задаволеным вяртаўся дадому.

На занятках з малымі выхавальнік выкарыстоўвае пераважна методыкі беларускіх аўтараў. Укараняе ў адукацыйны працэс ІКТ: прагляд відэасюжэтаў, інтэр­актыўныя гульні, гульні-віктарыны з выкарыстаннем камп’ютара або прэзентацыі на тэлевізары. Не менш важная і выхаваўчая работа. 

— Усё, што закладзена ў дзіцяці да 5 гадоў, ужо не змяніць. Таму вельмі важна не ўпусціць гэты час, — падкрэслівае Антон. — У першую чаргу сфарміраваць у дзецях такія якасці, як дабрыня, ветлівасць, сумленнасць, дружалюбнасць, узаемадапамога. Важна выхаваць каштоўнаснае стаўленне да Радзімы, дзяржаўнай сімволікі, роднай мовы, народных традыцый, старэйшага пакалення. Неабходна даць дзецям пачатковыя ўяўленні аб правах і абавязках чалавека, грамадзяніна, сем’яніна, таварыша, навучыць правілам і культуры паводзін. Трэба прывучаць малых да здаровага ладу жыцця і працы, каб яны дапамагалі дарослым, паважалі іх працу. Не забываць і пра асновы беражлівых адносін да прыродных рэсурсаў. 

Сёння я займаюся любімай справай, работа з дзецьмі мяне толькі радуе, штодня прыно­сіць шмат новага, цікавага, а часам вельмі вясёлага. Хачу стац­ь
прафесіяналам, падняцца па кар’ернай лесвіцы і ў далейшым дзяліцца вопытам з маладымі спецыялістамі, расказваць ім сваю гісторыю з горда ўзнятай галавой!

Зараз у садзе ідзе актыўная падрыхтоўка да Новага года. Пытанне з Дзедам Марозам ужо вырашана — ім стане Антон Енка.

Надзея ЦЕРАХАВА

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий