Салодкія гісторыі

- 7:52В СВЕЖИХ НОМЕРАХ "НАСТАЎНІЦКАЙ ГАЗЕТЫ"

Тут распускаюцца кветкі, ажываюць казачныя героі і фантазіі пераплятаюцца з рэальнасцю. Усё гэта адбываецца штогод на Міжнародным чэмпіянаце кандытарскага мастацтва, што праходзіць у рамках выставы­-кірмашу “ПрадЭкспа”. Неверагодныя карціны і скульптуры з шакаладу, масцікі, цеста — гэта салодкія творы мастацтва, створаныя рукамі канкурсантаў, сярод якіх штогод ёсць прадстаўнікі ўстаноў прафесійнай адукацыі.

Міжнародная спецыялізаваная аптовая выстава-кірмаш “ПрадЭкспа-2021” прайшла ў Мінску ўжо 27-ы раз. Гэтае маштабнае мерапрыемства збірае разам прадстаўнікоў харчовай прамысловасці. Удзел у ім ужо шмат гадоў запар прыма­юць установы прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, якія рыхту­юць спецыялістаў для гэтай галіны вытворчасці.

У чэмпіянаце ўдзельнічалі 88 майстроў салодкай справы з Беларусі, Расіі і Украіны. Усяго былі прадстаўлены 102 конкурсныя работы ў 12 намінацыях. 

На пляцоўцы, дзе прэзентаваліся работы, адчуваеш сябе быццам на мастацкай выставе. Толькі ўсе экспанаты выставы — ядомыя. Сярод канкурсантаў — прафесійныя кандытары, майстры вытворчага навучання прафесійных ліцэяў і каледжаў, а таксама тыя, хто яшчэ толькі крочыць па шляху да прафесіі, — навучэнцы. 

Многія майстры і навучэнцы ўдзельнічаюць у конкурсе не першы год. Так, не раз здзіўляла наведвальнікаў выставы сваімі работамі Ірына Васільеўна Купрыянчык — майстар вытворчага навучання Слуцкага дзяржаўнага каледжа. Яе работы заўсёды маштабныя. Так, сваё першае “золата” ў гэтым конкурсе некалькі гадоў назад яна ўзяла з двухмятровай Кармэн, для якой было зроблена 3 тысячы кветак. У майстра дакладна ёсць уласны стыль: яе работы заўсёды расказваюць цэлую гісторыю. Ірыне Васільеўне ўдаецца быццам спыніць імгненне і ўвасобіць яго з дапамогай масцікі. Напрыклад, у гэтым годзе яе работа называлася “У чаканні цягніка”. Матуля з дзяўчынкай адправіліся ў падарожжа па чыгунцы і чакаюць цягнік. Дзяўчынка, бавячы час на палянцы, знайшла смоўжыка і паказвае яго матулі. На тварах маці і дзяўчынкі, якія выраблены, нагадаем, з масцікі, можна прачытаць іх эмоцыі — і бесклапотную зацікаўленасць дзяўчынкі, і занепакоенасць матулі.

— Жывёлу ці казачную істоту зрабіць лягчэй — у іх не так шмат эмацыянальных выразаў твару ці пыскі. Перадаваць жа эмоцыі чалавека найбольш складана, бо іх мноства, і ўсе іх мы добра ведаем. Але менавіта гэта мне цікава, — расказвае Ірына Васільеўна.  

У яе работах заўсёды столькі цікавых дэталей, што разглядваць іх хочацца бясконца — ад вытанчаных карункаў на адзенні да валасоў, што быццам калыша ветрык. Ацанілі работы Ірыны Купрыянчык і члены журы — майстар атрымала “золата” ў дзвюх намінацыях: “Работа з масцікі” і “Торт-скульптура 3D”. Сваё майстэрства і адказнае стаўленне да работы майстар перадае і навучэнцам. Відавочна, што робіць яна гэта паспяхова, бо дзве прадстаўніцы Слуцкага дзяржаўнага каледжа — Ганна Радзюк і Ангеліна Ляткоўская — таксама завая­валі “золата” ў намінацыі “Работа з масцікі”.

Кандытарская справа — гэта мноства тэхналогій і матэрыялаў. І спаборніцтвы паказваюць, што ва ўстановах адукацыі навучэнцам даюць разнастайныя ўменні і навыкі. Цеста, шакалад, карамель, масціка — з усім юныя кандытары ўмеюць працаваць. Напрыклад, навучэнец Маладзечанскага дзяржаўнага кале­джа Максім Артамонаў працуе са складаным матэрыялам — пасцілажам. Гэта рэчыва накшталт самаробнай масцікі, якое робіцца з жэлаціну, цукровай пудры, лімоннай кіслаты. Пасцілаж добра лепіцца, але толькі пры ўмове, што ён правільна замешаны. Максім дэбютаваў на конкурсе ў мінулым годзе і адразу атрымаў “бронзу”. У гэтым годзе павысіў градус складанасці вырабу і ў выніку стаў уладальнікам залатой узнагароды. Ніхто з наведвальнікаў не мог абмінуць яго друкарскую машынку. 

— Мая работа называецца “Таямніцы лонданскага друку”. Работа складаная. Спачатку я зрабіў каркас, потым абліцоўваў яго пасцілажам, фарбаваў. На ўсё спатрэбілася каля паўтара месяца, — расказвае Максім.  

Штогод у конкурсны рух уліваюцца новыя ўстановы. Так, напрыклад, у гэтым годзе ўпершыню паспрабавалі свае сілы ў конкурсе прадстаўнікі Уздзенскага дзяржаўнага сельскагаспадарчага прафесійнага ліцэя. Катажына Мкртчан, якая вучыцца на трэцім курсе ліцэя, вырабіла з цеста карціну.

— Рамка са слаёнага цеста і невялічкія фігуркі з салёнага цеста, пафарбаваныя спецыяльнымі фарбавальнікамі, разам складаюць кампазіцыю, што адлюстроўвае дарогу ў наш ліцэй, — расказвае дзяўчына. 

Дарэчы, дэбют уздзенскіх навучэнцаў аказаўся ўдалым: Катажына Мкртчан і Аляксандра Ларыкава атрымалі сярэбраную ўзнагароду і дыплом у намінацыі “Мастацкая работа з цеста”. 

І ўсё ж для большасці ўстаноў адукацыі ўдзел у конкурсе — справа ўжо прывычная, бо такія мерапрыемствы, як адзначаюць прадстаўнікі каледжаў і ліцэяў, даюць новы імпульс для развіцця. Так, напрыклад, прадстаўнікі Віцебскага дзяржаўнага індустрыяльнага каледжа прыязджаюць на “ПрадЭкспа” з 2016 года.

— Для нас гэта адказнае і хвалюючае мерапрыемства. Для навучэнцаў — і выпрабаванне сябе, і радасць перамог, і зносіны з прызнанымі майстрамі. У мола­дзі, дзякуючы такім падзеям, узмацняецца жаданне працаваць творча і самаўдасканальвацца. Усё гэта вельмі каштоўна, — дзеліцца меркаваннем майстар вытворчага навучання каледжа Валянціна Васільеўна Лазоўская. — Нашы майстры і навучэнцы не раз вярталіся дадому з самымі высокімі ўзнагародамі. Напрыклад, Настасся Кавалёва ў 2019 годзе парадавала калектыў установы залатым медалём. Тады яна ўдзельнічала ў якасці навучэнкі. А сёння яна ўжо малады майстар нашага каледжа і зноў годна прадстаўляе яго на конкурсе. Увогуле, сёлета гонар каледжа абаранялі 25 канкурсантаў, і дадому мы зноў едзем не з пустымі рукамі. 

Няма сумненняў, што майстэрства, атрыманае канкурсантамі падчас падрыхтоўкі і ўдзелу ў конкурсе, распаўсюджваецца потым сярод навучэнцаў ва ўстановах адукацыі і спрыяе іх прафесійнаму росту. 

Усяго на Міжнародным чэмпіянаце кандытарскага мастацтва было ўручана 33 залатыя, 31 сярэбраны, 24 бронзавыя медалі; 12 удзельнікаў атрымалі ганаровыя дыпломы. Акрамя таго, упершыню былі ўручаны ганаровыя граматы і падзякі Міністэрства сельскай гаспадаркі.

Дар’я РЭВА

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий