Кропкі росту для выхаваўчай работы

- 12:06В СВЕЖИХ НОМЕРАХ "НАСТАЎНІЦКАЙ ГАЗЕТЫ"

У РІПА адбылося выязное пасяджэнне калегіі Міністэрства адукацыі, прысвечанае пытанням арганізацыі выхаваўчай работы ва ўстановах прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Абмеркаваць актуальныя пытанні сабралася шырокае кола спецыялістаў.

Міністр адукацыі Ігар Карпенка на пасяджэнні абазначыў шэраг ключавых пазіцый. Галоўны пасыл выступлення кіраўніка ведамства — варта перагледзець існуючыя падыходы да выхаваўчай работы і сацыялізацыі навучэнцаў усіх узроўняў адукацыі. 

— Надзвычай важная распрацоўка механізмаў актывізацыі патрыятычнага патэнцыялу навучэнскай моладзі. Але галоўнае  не толькі пералічыць праблемы, але і вызначыць шляхі іх вырашэння і кропкі росту. Сучаснай моладзі важна ведаць, што яна з’яўляецца не толькі аб’ектам уздзеяння, не толькі будучыняй сваёй краіны, але і яе сучаснасцю, яе рухаючай сілай, якая ўжо сёння неабходна і запатрабавана дзяржавай, — адзначыў І.В.Карпенка. 

Значнае пытанне — рэалізацыя праграмы бесперапыннага выхавання дзяцей і моладзі на 2021—2025 гады ў кантэксце выкарыстання ўстановамі новых падыходаў, сучасных методык і форм выхавання.

Выбудоўваючы сістэму выхаваўчай і ідэалагічнай работы, трэба зыходзіць з рэальнай сітуацыі ў маладзёжным асяроддзі: сёння моладзь не глядзіць тэлевізар і не чытае газет, усю інфармацыю атрымлівае з інтэрнэту, дзе ёсць свае асаблівасці падачы інфармацыі. Таму сёння стаіць задача не проста перанесці матэрыялы з інфармацыйных стэндаў, сайтаў у сацыяльныя сеткі і месенджары, але і працаваць з гэтай інфармацыяй дасведчана і мэтанакіравана.

Міністр звярнуў увагу на некалькі праблемных момантаў, якія неабходна аператыўна вырашыць, і даў канкрэтныя даручэнні. Так, абазначылася трывожная тэндэнцыя росту сярод моладзі колькасці злачынстваў, звязаных з абаротам наркатычных сродкаў. У гэтай непрыемнай статыстыцы ёсць і навучэнцы сістэмы прафесійнай адукацыі, УВА. Неабходна ўзмацніць прафілактычную работу ў гэтым напрамку. 

Ідэалагічная і выхаваўчая работа патрабуе пастаяннай увагі і сістэмнага падыходу, абавязковага выканання неабходных нарматыўных актаў, сучаснага метадычнага забеспячэння, высокага ўзроўню прафесійнай кампетэнтнасці супрацоўнікаў устаноў адукацыі.

Следчы камітэт звяртае ўвагу на недастатковы ўзровень  прафілактычных мерапрыемстваў, накіраваных на папярэджванне злачынстваў супраць палавой недатыкальнасці і палавой свабоды, адзначае нізкі ўзровень прававой культуры навучэнцаў і работы сацыяльна-педагагічных службаў у гэтым кірунку. 

У выхаваўчы працэс павінны быць уключаны ўсе катэгорыі навучэнцаў, у тым ліку асобы з цяжкасцямі ў навучанні і асобасным развіцці, схільныя да асацыяльных паводзін, дзеці, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы.

У выхаваўчай рабоце няма дробязей, важна ўсё. Міністр даручыў неадкладна прыняць меры па прывядзенні ў парадак экспазіцый музеяў, музейных пакояў, зместу сайтаў і інфармацыйных стэндаў ва ўстановах адукацыі. Нагадаў І.В.Карпенка і пра неабходнасць паважлівага стаўлення да этычнай культуры педагагічных работнікаў. 

Таксама міністр акцэнтаваў увагу на тым, што сучасная прафесійная адукацыя патрабуе сучасных навуковых падыходаў да яе арганізацыі.

— Наспела неабходнасць распрацоўкі дыягнастычнага інструментарыю з выкарыстаннем праграмнага забеспячэння маніторынгу якасці выхавання і развіцця асобы навучэнцаў на ўсіх узроўнях адукацыі. Пры гэтым па кожным напрамку выхавання павінна быць магчымасць ацэнкі ўзроўню развіцця канкрэтнага навучэнца. У наступным годзе плануецца пачаць навукова-даследчую работу па гэтай праблематыцы на ўсіх узроўнях адукацыі. Таксама ўзнікла патрэба ў абнаўленні структуры зместу псіхолага-педагагічнага суправаджэння навучэнцаў на этапе іх падрыхтоўкі да прафесіі, падчас псіхалагічнай асветы і кансультавання педагогаў і бацькоў па праблемах прафесійнага і асобаснага развіцця навучэнцаў, — заявіў кіраўнік ведамства.  

Аб актуальных кірунках арганізацыі выхаваўчай работы гаварыў у сваім выступленні намеснік міністра А.У.Кадлубай. Ён паведаміў, што ў верасні — кастрычніку бягучага года праводзіўся маніторынг па вывучэнні стану ідэалагічнай і выхаваўчай работы ва ўстановах ПТА і ССА. У шэрагу ўстаноў былі выяўлены парушэнні ў вя­дзенні праграмна-плануючай дакументацыі, не была прадстаўлена або мела неналежны змест і структуру праграма выхаваўчай работы на 5 гадоў. Не праводзіліся належным чынам мерапрыемствы ў рамках праекта “ШАГ”, рэспубліканскага культурна-патрыятычнага кінамарафону “Глядзі і памятай”, экскурсійныя падарожжы па гістарычна значных мясцінах Беларусі і інш. Установы адукацыі абзавяліся старонкамі ў сацсетках, і ў той жа час не ўсюды вядзецца маніторынг сацыяльных сетак навучэнцаў, а значыць, не праводзіцца аналіз настрояў і інтарэсаў моладзі. 

 Нягледзячы на выяўленыя недахопы, А.У.Кадлубай адзначыў, што ў большасці ўстаноў прафесійнай адукацыі добра выбудавана сістэма ідэалагічнай і выхаваўчай работы.

— Поспех работы ў гэтым напрамку шмат у чым залежыць ад дакладнага  выканання функцыянальных абавязкаў кожным з ­удзельнікаў гэтага працэсу ва ўстановах прафесійнай адукацыі: куратарамі вучэбных груп, педагогамі-псіхолагамі, сацыяльнымі педагогамі, намеснікамі кіраўніка. Увогуле ідэалагічная і выхаваўчая работа патрабуе пастаяннай увагі і сістэмнага падыходу, абавязковага выканання неабходных нарматыўных актаў, сучаснага метадычнага забеспячэння, высокага ўзроўню прафесійнай кампетэнтнасці супрацоўнікаў устаноў адукацыі, — рэзюмаваў Аляксандр Уладзіміравіч. 

На пасяджэнні таксама закранулі пытанні забеспячэння дзелавога стылю адзення навучэнцаў устаноў прафесійнай адукацыі, ролі куратара ў выхаваўчым працэсе, дзейнасці Рэспубліканскага савета дырэктараў устаноў прафесійнай адукацыі.

Падчас пасяджэння калегіі адбылася канструктыўная, адкрытая размова, былі агучаны канкрэтныя прапановы, якія ўвойдуць у пратакол пасяджэння, а потым будуць рэалізаваны ў выхаваўчай рабоце.

Падводзячы вынікі, міністр адукацыі падкрэсліў: 

— Сістэма выхавання ва ўмовах прафесійнай адукацыі, развіваючыся ў цэлым паступальна, павінна мэтанакіравана пашыраць свае магчымасці для асобаснага і прафесійнага развіцця чалавека, грамадзяніна і патрыёта.

Дар’я РЭВА
Фота аўтара

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий