Прэзентацыя другой кнігі “Я ёсць” Данііла Мазоля, вучня 11 класа сярэдняй школы № 27 Брэста, прайшла ў дзіцячай бібліятэцы горада. Мерапрыемства было прымеркавана да Міжнароднага дня інвалідаў. У юнака ДЦП, ён перамяшчаецца з дапамогай спецыяльных хадункоў. Данііл добра вучыцца, шмат чытае, захапляецца музыкай, псіхалогіяй і піша цёплыя і душэўныя казкі і апавяданні.
На прэзентацыю прыйшлі родныя і блізкія Данііла, настаўнікі і вучні з яго школы, прадстаўнікі Беларускага саюза жанчын, дабрачынных аб’яднанняў і маладзёжнага парламента. І першая, і другая кнігі Данііла Мазоля выйшлі пры падтрымцы Брэсцкага дабрачыннага мясцовага фонду “Новае пакаленне”.
…Творчасць у жыццё Данііла прыйшла разам з руціннымі трэніроўкамі за камп’ютарам. Штодня ён набіраў тэксты, каб развіць маторыку рук і захаваць хуткасць набору, а з часам стаў прыдумваць і развіваць свае тэмы. Бацькі падтрымалі сына, беражліва збіралі яго першыя казкі і апавяданні. “Я люблю падарожнічаць і радуюся кожнаму дню свайго жыцця, — піша ён у сваёй першай кнізе “Я ёсць”. — Мае бацькі, сястра Кацюша, адзіная бабуля Надзя — гэта мая вера і сіла. Я не адзін, пакуль ёсць неабыякавыя людзі! Мой герой — гэта Сімба (м/ф “Кароль Леў”)”. Першая кніга Данііла — гэта 16 займальных гісторый, дзе птушкі і звяры трапляюць у складаныя жыццёвыя сітуацыі і дзе, калі б не чалавечая дабрыня, усё магло б скончыцца дрэнна. “Мае апавяданні вучаць дабрыні”, — гаворыць юнак. У новае выданне ўключана 15 твораў. Гэта новае бачанне навакольнага свету, больш філасофскае, але па-ранейшаму добрае і цёплае. Данііл звяртаецца да чытачоў: “Мне вельмі хочацца падзяліцца сваімі новымі апавяданнямі пра сапраўднае сяброўства і ўзаемадапамогу. Мой кумір — спявачка Ганна Герман, чалавек з велізарнай сілай волі і жаданнем дарыць іншым людзям радасць сваімі песнямі, чалавек, які пераадольваў наймацнейшы фізічны боль. Я б вельмі хацеў стаць ратавальнікам, дапамагаць людзям, рызыкуючы сваім жыццём. Але маё захворванне (ДЦП) не пакідае мне шансу ажыццявіць гэтую мару”. Затое ў сваіх творах юнак увесь час кагосьці выратоўвае, падтрымлівае.
Кожны раз Данііл прыходзіць на дапамогу сваім героям, бо рабіць дабро — яго жыццёвая філасофія.
Хлопчык любіць гуляць па горадзе. Перамяшчаецца ён з дапамогай прыстаўных хадункоў і толькі ў суправаджэнні дарослых, а таксама катаецца на спецыяльным веласіпедзе. Пра гэта ён піша ў сваім апавяданні “Турыст”. Аднойчы падчас велапрагулкі ўвагу Данііла прыцягнуў хлопец, які таксама ехаў на веласіпедзе. Вялікія навушнікі, надзетыя па-над кепкай, аб’ёмны заплечнік, грувасткія боты, якія ледзь умяшчаліся на педалях, і… развязаны шнурок, які закручваўся ў цэп. Данііл павялічыў хуткасць, дагнаў хлопца і крыкнуў, каб той спыніўся. Але рэакцыі не было. Данііл абагнаў яго і перакрыў дарогу… “Так лёгка і прыемна рабіць людзям дабро…”, — піша юнак. Гэта прыдуманая гісторыя. Але ёсць у кнізе і рэалістычныя апавяданні — “Вара” і “Мая Зара”.
Мара Данііла — знайсці верных, сапраўдных сяброў. З 5 класа хлопчык вучыцца дома. Ён вельмі дружалюбны, з нецярпеннем чакае сустрэчы з сябрамі. Аднойчы ён паклікаў у госці дзяўчынку Вару са сваёй школы. Яны размаўлялі, смяяліся, гулялі ў настольныя гульні, валейбол. “Я вельмі рады, што маё сэрца адкрыта для дабрыні, — піша Данііл. — Менавіта Вара змагла дапамагчы мне зразумець, што кожнаму чалавеку неабходны словы падтрымкі і разумення. Можа, і для мяне яны калі-небудзь будуць неабходны, і знойдзецца чалавек, здольны супакоіць і пашкадаваць”.
Зара — гэта сабака Данііла пароды лабрадор. Аднойчы з ім здарылася бяда. Зара трапіла пад машыну і зламала лапу. Ветэрынар наклаў ёй гіпс. Вярнуўшыся са школы, Данііл убачыў цікавае відовішча: Зара бегала па лесвіцы на трох лапах. Так працягвалася тры тыдні. У гэты час усе вельмі шкадавалі Зару, гладзілі яе. Прайшоў час. “Самае смешнае і дзіўнае — калі Зара хоча ад нас цяпла і пяшчоты, яна бегае на трох лапах (падціскаючы часам не зламаную) і сумна заглядвае ў нашы вочы. Як тут прайсці міма і не патармасіць мілую мордачку!”
Жыве Данііл з сям’ёй у прыватным доме, дзе ўсё асяроддзе адаптавана пад патрэбы хлопца. З настаўнікамі яму вельмі пашанцавала, склаліся вельмі цёплыя адносіны. Педагогі знайшлі да вучня індывідуальны падыход, адносяцца з павагай, разуменнем, дапамагаюць у рэалізацыі задум, непакояцца аб будучыні юнака. “Багатае ўяўленне і фантазія дазволілі Даніілу стварыць добрыя апавяданні. Сваёй творчасцю ён дорыць радасць і надзею людзям, а перш за ўсё — сабе і нам, яго бацькам, надзею на тое, што мары здзяйсняюцца, — адзначае яго мама Ірына. — Ён і далей будзе радаваць чытачоў займальнымі, яркімі творамі. Данііл хоча напісаць серыю кніг для дзяцей і іх бацькоў”.
Надзея ЦЕРАХАВА