Сцэнарый гульні “Навагодні квіз” можа быць выкарыстаны пры падрыхтоўцы навагодніх мерапрыемстваў, а таксама ў пазакласнай рабоце па беларускай літаратуры.
Таццяна МАРЦЭВІЧ,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
ДУА “Ёдкаўская сярэдняя школа” Лідскага раёна,
Гродзенская вобласць
Падчас зімовых канікулаў вучням можна прапанаваць сабрацца разам у класным калектыве і з карысцю правесці час. Напрыклад, паўдзельнічаць у “Навагоднім квізе”.
Квіз (ад англ. quiz) – гэта віктарына, спаборніцтва, падчас якога каманды ўдзельнікаў адказваюць на пытаннні.
Мэты: пашырыць веды вучняў па беларускай культуры і літаратуры, стварыць умовы для інтэлектуальнага развіцця вучняў і спаборніцтва, садзейнічаць выхаванню мастацкай культуры вучняў.
Абсталяванне: мульціборд, гульнявое поле, папера, ручкі.
Удзельнікі: дзве каманды, вядучы (настаўнік), журы.
Умовы гульні: вучні дзеляцца на дзве каманды і па чарзе выбіраюць нумары пытанняў на навагодняй ёлачцы (на мульцібордзе).
Цотныя нумары пытанняў не маюць падказак і каштуюць 10 балаў. Няцотныя нумары пытанняў з падказкай – 10 балаў, без падказак – 20 балаў. Пры няправільным адказе слова перадаецца другой камандзе.
Удзельнікі гульні на лістах паперы запісваюць, якія нумары яны выбралі, а таксама свае адказы. Члены журы падлічваюць балы кожнай каманды і падводзяць вынікі квіза.
Пытанні
1. Які беларуска-польскі пісьменнік нарадзіўся ў калядную ноч 1798 года?
Падказка: аўтар паэмы “Свіцязянка” (Адам Міцкевіч).
2. Які пісьменнік павіншаваў беларусаў вершам:
Год за годам – карагодам,
I ўжо сёння з Новым годам
Я сардэчна, ад душы
Вас віншую, малышы!
А чаго ж я вам жадаю?
Зараз, зараз прыгадаю…
Каб бадзёрымі былі вы,
Каб разумнымі раслі,
Каб прынёс вам Новы год
Многа радасных прыгод
I здароўя ў вашы хаты, –
Каб былі здаровы самі,
Каб былі здаровы мамы,
Каб былі здаровы таты,
Каб не ведалі напасці,
Каб і я за вас быў рад.
З новым годам!
З новым шчасцем!
Вас віншуе дзед Кандрат?
(Кандрат Крапіва).
3. Якая беларуская паэтка нарадзілася 1 студзеня 1938 года?
Падказка: аўтар верша “Роднае слова” (Данута Бічэль).
4. Хто аўтар радкоў:
Ходзіць дзед белабароды
Полем, лесам, пералескам,
Засцілае рэчкі лёдам,
Брыльянцістым снежным блескам?
(Якуб Колас).
5. Які верш Максіма Багдановіча Слава Дружынін пераклаў на рускую мову?
Падказка: паслухайце яго радкі:
Метель не вьюжит, замер ветер,
И вольный лёгких санок бег.
Как тени, белые берёзы
Под синевой ночной стоят,
А в небе звёзды от мороза
Похолодевшие дрожат (“Зімой”).
6. Устаўце імя бога зімы ў прымаўку: “… на дварэ – куцця на стале” (Зюзя).
7. Хто аўтар гэтай вясёлай песні пра зіму:
Ой, зіма, зіма, зіма!
Весялей цябе няма!
Горка, санкі, гоман, смех,
Сіні вечар, белы снег?
Падказка: аўтар напісаў таксама верш “Калі ласка” (Пятрусь Броўка).
8. Якое дрэва раней беларусы ўпрыгожвалі на Новы год? (Вішня).
9. Які пісьменнік у сваіх мемуарах “Доўгая дарога дадому” пісаў: “Новы, 1944 год сустрэў пад сціртай у заснежаным полі”?
Падказка: усе творы аўтара прысвечаны тэме Вялікай Айчыннай вайны (Васіль Быкаў).
10. Адгадайце загадку: Дзежка чорная, а века белае (Зямля пад снегам).
11. Які беларускі пісьменнік вельмі любіў маляваць калядныя паштоўкі ўласнаруч і віншаваў імі ўсіх сваіх сяброў?
Падказка: яшчэ гэты пісьменнік напісаў некалькі літаратурных казак, у тым ліку казкі “Чортаў скарб”, “Нямоглы бацька” (Уладзімір Караткевіч).
12. Устаўце ў прыказку неабходны лічэбнік: “Мароз … баб павёз”. Што яна азначае? (Сем. Так жартуюць, калі вялікі мароз прыцісне).
13. Які верш знакамітага рускага паэта Аляксандра Пушкіна пра зіму перакладзены на беларускую мову Рыгорам Барадуліным?
Падказка: паслухайце яго радкі:
Бурштынным водсветам наўкола
Пакой асветлены. Вясёла
Трашчыць запаленая печ.
І цепліць думкі жар ляжанкі.
А ведаеш: кабылу ў санкі
Ты мне запрэгчы не пярэч.
Па роўні ранішняга снегу,
Друг любы, аддамося бегу
Каня, што нецярпліва мкне,
Праведаем палі пустыя,
Лясы, нядаўна скрозь густыя,
І бераг той, што любы мне.
(“Зимнее утро”, Александр Пушкин).
14. Які твор Паўлюка Труса працягваюць радкі:
Зноў зіма паслала снежныя кілімы,
Зажурыла беллю паплавы, лугі,
І прыходзіць радасць у красе маўклівай.
Адплываюць хвілі смутку і тугі…
А сняжынкі сеюць кволую імглістасць,
Падаюць бялюткі за маім акном,
І цвіце на вішнях снежная ўрачыстасць,
Сцелецца на скронях перад раннім сном?
(“Падаюць сняжынкі”).
15. Каго ў даўніну нашы продкі ўяўлялі душамі памерлых продкаў, якія вярталіся ў вёску і заглядалі ў кожную хату, каб даведацца, якжывуць іхнія нашчадкі?
Падказка: гэтыя людзі ўдзельнічаюць у абрадзе “ваджэння казы” (калядоўшчыкаў).
16. Пра якое свята спяваецца ў народнай песні: “Святая Васілля дзяжу мясіла, пірагі пякла і рагатыя і багатыя”? (Васілле – Стары Новы год).