Маргарыта ТАРАСЕВІЧ,
музычны кіраўнік
ДУА “Яслі-сад № 83 г. Гродна”
Мэта: выклікаць цікавасць да свята; стварыць святочны навагодні настрой.
Матэрыял і абсталяванне: навагодняя ёлка, снежкі, сняжынкі, мех з падарункамі.
Папярэдняя работа: гутарка пра Новы год, пра традыцыі святкавання, развучванне вершаў, танцаў і песень.
Дзейныя асобы: вядучыя, Снягурка, Ліса, Дзед Мароз.
Ход ранішніка
Зала мае выгляд святочна ўпрыгожанага зімовага лесу. Гучыць навагодняя музыка.
Выхавальнік:
Адчыняй, Новы год, казачныя дзверы,
Хай заходзіць сюды той, хто ў казку верыць!
Пад музыку дзеці ўваходзяць у залу, становяцца вакол ёлкі.
1-е дзіця:
З Новым годам, з Новым годам,
Са святочным карагодам!
З санкамі новымі, з гульнямі зімовымі!
2-е дзіця:
Хай прыносіць Новы год
Шмат вяселля, шмат прыгод!
3-е дзіця:
Усім вам добрага здароўя
Хай прыносіць Новы год!
Карагод “Узышла ў лесе ёлачка”
4-е дзіця:
Ты пад елку завітай,
Дзіва-песню заспявай,
Бо ў гэты самы час
Новы год ідзе да нас!
5-е дзіця:
Здароў марозны, звонкі вечар!
Здароў скрыпучы, мяккі снег!
Мяцель не вее, сціхнуў вецер
І волен легкіх санак бег!
Песня “Зіма”. Дзеці сядаюць.
Выхавальнік:
Ёлачка-красуня дзіўная стаіць.
А чаму ж агнямі ёлка не гарыць?
Трэба запаліць агеньчыкі на навагодняй ёлцы.
Святочныя агеньчыкі, свяціце ўсе ярчэй!
Свята навагодняе сення ў дзяцей!
Два апошнія радкі другі раз кажуць разам з дзецьмі, ёлка запальваецца.
Выхавальнік:
Колькі цацак і шароў апранула ёлка!
Запрашае ўсіх сяброў танец навагодні.
“Вясёлы танец”. Дзеці сядаюць. Пад музыку ў залу ўваходзіць Снягурка.
Снягурка:
Пра мяне ўсе пэўна чулі,
У лесе я жыву з дзядулем.
Снегам ёлкі прыбіраю,
З дзедам песенькі спяваю.
Я гуляю па сцяжынках,
А вакол мяне сняжынкі,
Водзяць белы карагод
Кожны вечар у Новы год.
Гэй сняжыначкі, ляціце,
Карагод свой завядзіце.
“Карагод сняжынак”
Выхавальнік:
Хто схаваўся пад карчом
З доўгім рыжанькім хвастом?
Ёй на месцы не сядзіцца,
Гэта ж хітрая ….
Дзеці : Лісіца!
Ліса пад музыку заходзіць у залу.
Ліса: Ну вось, як заўсёды! Ніхто мяне, лісаньку, на свята не кліча!Я такая прыгожая і футра ў мяне блішчыць. Хачу, каб з сённяшняга дня вы клікалі мяне на святы! Каб не ёлачку, а мяне, лісаньку, прыбіралі! Хачу, каб усе песні пра мяне спявалі!
Выхавальнік: Але ж мы не ведаем песень пра ліс. І на Новы год ты ўсё ж не галоўная!
Ліса: Не я!? А хто галоўны?
Дзеці: Дзядуля Мароз, Снягурка!
Ліса: Я сярдзіта! Гэтага я вам не дарую! Вось вазьму і ўсе агеньчыкі з ёлкі ў мяшок схаваю! Будзе ў мяне самая прыгожая ёлка! (Падыходзіць да ёлкі) Агеньчыкі даражэнькія, хуценька ўсе ў мяшок! (Збірае агеньчыкі і яны гаснуць).
Выхавальнік: Ах ты ліса! Зараз жа вяртай агеньчыкі на ёлку!
Ліса: Ага! Самой патрэбны!
Снягурка: Ліса, як прыйдзе Дзед Мароз, раззлуецца на цябе!
Ліса: Што-што? Я ж хітрая! Я ўсе сцежачкі замяла. Дзед Мароз вас не знойдзе! Я агеньчыкі забрала, і цябе, Снягурка, забяру! Няхай пашукае цябе твой дзед! (Накідвае на Снягурку покрыўку і выводзіць яе з залы).
Выхавальнік: Што мы будзем рабіць? Як нам Снягурку ды агеньчыкі вярнуць? Трэба Дзеда Мароза паклікаць, песню прыгожую заспяваць!
Песня “Дзед Мароз”
Дзед Мароз выходзіць пад музыку.
Дзед Мароз:
З Новым годам! З Новым годам!
Я віншую ўсіх гасцей!
Я віншую ўсіх дзяцей!
Я спяшаўся к вам, сябры,
Не заблытаўся ў бары.
Але ж я не бачу маю Снягурку. Дзе яна? І агеньчыкі на ёлцы не зіхацяць!
Выхавальнік: Дзядуля Мароз, бяда! Ліса прыходзіла сюды! Яна нас перахітрыла і забрала Снягурку і агеньчыкі ў лес!
Дзед Мароз: Вось хітруха якая! Але ж яна, пэўна, забылася, што Дзед Мароз – чараўнік! Зараз мы Снягурку і агеньчыкі вернем! (Стукае посахам.) Завіруха, закруці, лісу хутчэй прынясі!
Шум завеі, у залу забягае ліса, кружыцца.
Ліса: Аёй-аёй! Дзед Мароз, прабач мяне! Больш мяне не круці! Я Снягурку зараз жа прывяду і агеньчыкі запалю!
Дзед Мароз: Палічу я, раз-два-тры! Ну-ка, хуценька вярні!
Ліса выбягае з залы, вяртаецца са Снягуркай і запальвае агеньчыкі.
Дзед Мароз: Снягурка, родная мая! Ох і хваляваўся я!
Снягурка: Не хвалюйся, Дзядуля, я таксама сумавала. Давай лепш з дзецьмі ў снежкі пагуляем.
Дзед Мароз: А давай!
Гульня “Снежкі”.
Ліса:
Ох, даруйце ж мяне,
Больш не буду дрэннай я,
Прыгажуня я, лісіца,
Рада з вамі пакружыцца.
Я лагодная цяпер,
Не хітрую, не хлушу,
Толькі праўду ўсім кажу.
Дзед Мароз: Дзеці, сёння свята, дык можа даруем ёй? (Дзеці згаджаюцца)
Раз дзеці згодныя, давай разам з намі весяліцца.
Ліса: А чаму не? Я магу! А ці любіце вы, дзеці, адгадваць загадкі?
Дзеці: Любім!
Ліса:
1) Хто прыйшоў у зімні вечар
запаліць на ёлцы свечы?
Хто заводзіць карагод?
Ну вядома…(Новы год)
2) Вавёрцы адмарозіў нос.
Завуць мяне сябры…(Мароз)
3) Шар пастаўлены на шар,
Нос чырвоны на ўвесь твар,
Рот і вочы-вугалькі.
Адгадайце, хто такі? (Снегавік)
Дзед Мароз: Бачыш ліса, якія дзеткі ў нас разумныя! А ці любіце вы гуляць? Выходзьце хутчэй у карагод! Дружна ручкі падстаўляйце! Да каго даткнуся я, замарожу хутка.
Гульня “Замарожу”
Дзед Мароз: Ох, стаміўся я. Можа я пакуль адпачну, а вы мне вершыкі пачытаеце.
Выходзяць дзеці.
1 дзіця:
У жарце імклівым
У рытме гуллівым
Кружацца сняжынкі –
Зімы балярынкі.
2 дзіця:
Змарыліся кружыцца,
На зямлю прыселі
Музыку завеі
Разгадаць хацелі.
3 дзіця:
Ледзь-ледзь адпачылі,
І зноў вольны вецер
Заставіў кружыцца
У вольным балеце.
Выходяць наступныя дзеці.
1-е дзіця:
Ёлка, ёлачка-красуня,
Ты шарамі зіхаціш.
Ля цябе звяркі танцуюць:
Зайчаняты, воўк і мыш.
2-е дзіця:
З Новым годам! З Новым шчасцем!
Не спыняе радасць бег…
Хай гучаць у гэтай зале
Песні, музыка і смех!
3-е дзіця:
Па краіне роднай
Ёлачкі гараць.
Будуць дзеці разам
Свята сустракаць.
4-е дзіця:
Вось і мы давайце
Станем каля ёлкі
І вясёлым танцам
Сустрэнем Новы год!
Танец “Новы год”
Дзеці садзяцца на свае месцы.
Дзед Мароз: Мае маленькія сябры, весела мне было з вамі сення. І натанцаваўся і наспяваўся я з вамі. Але нас са Снягуркай яшчэ дзеткі ў другім садку чакаюць. А таму мы павінны развітацца!
Ліса: Дзед Мароз, а я добрая ўжо! Ты мяне з сабою возьмеш? Я чароўнае слова ведаю – калі ласка!
Дзед Мароз: Добра ліса, пойдзем з намі!
Снягурка: Дзядуля Мароз, а ты падарункі прынёс?
Дзед Мароз: Ой! Згубіў падарункі, згубіў у лесе! Але мы зараз пачаруем. Дзеці, заплюшчвайце вочы! І ціхенька паўтарайце:
Ёлка, ёлка раз, два, тры
Падарункі пакажы.
Пад ёлкай падарункі пад белай тканінай, калі дзеці заплюшчваюць вочы, тканіну здымаюць з падарункаў.
Дзед Мароз, Снягурка і ліса раздаюць падарункі.
Дзед Мароз: Бывайце, дзеці, з Новым Годам вас!
Снягурка: Да пабачэння!
Усе: З Новым годам! З Новым шчасцем!
Гучыць музыка, дзеці выходзяць з залы.