Кросны замест гаджэтаў

- 15:52В СВЕЖИХ НОМЕРАХ "НАСТАЎНІЦКАЙ ГАЗЕТЫ"
 

Шлях да ручніка

У 2010 годзе ў Семежаве з’явілася “Школа ткачоў”. Пад кіраўніцтвам народнага майстра Таццяны Волкавай хлопчыкі і дзяўчынкі спасцігаюць гісторыю ткацкага рамяства, яго адметнасці і асновы работы на станку. Сёння ў школе займаюцца 4 хлопчыкі і 8 дзяўчынак. Усе яны — вучні 3—9 класаў. “Адны прыходзяць, спрабуюць, пасля разумеюць, што ткацтва — няпростая справа, і жадання ў іх становіцца менш. Дзецям патрэбны хуткі вынік сваёй працы, а доўга карпець над адным вырабам мала ў каго хапае цярпення. Таму перыядычна прыходзяць новыя вучні, але застаюцца самыя ўседлівыя”, — патлумачыла педагог і загадчыца Капыльскага раённага цэнтра ткацтва Т.Волкава.

Каб зацікавіць і захапіць сучасных дзяцей ткацтвам, Таццяне Мікалаеўне даводзіцца дэманстраваць як ткацкае майстэрства, так і педагагічнае. “У час наведвання нашага цэнтра дзеці акунаюцца ў неверагодны свет традыцыйнага ткацтва і пачынаюць цікавіцца спадчынай свайго народа. Тым больш што амаль у кожнага прабабуля была добрай ткачыхай. Усе нашы дзеці — творчыя натуры, якія маюць магчымасць вырабляць сваімі рукамі адметныя рэчы, — расказала кіраўнік школы. — А яшчэ нашы выхаванцы — частыя ўдзельнікі розных мерапрыемстваў, конкурсаў і выстаў, яны з вялікай радасцю чакаюць кожную паездку. Калі ж на конкурсах іх узнагароджва­юць граматамі, дыпломамі і падарункамі, то яны вяртаюцца і дзеляцца сваімі эмоцыямі з сябрамі і аднакласнікамі. Гэта ў сваю чаргу стымулюе іх цікавасць да ткацтва і нашага гуртка, і да нас прыхо­дзяць новенькія. Нашы хлопчыкі і дзяўчынкі сядзяць не за ноўтбукамі і тэлефонамі, а за кроснамі і цягнуцца да прыгожага”.

Таццяна Волкава — чалавек, апантаны сваёй справай. Родам з вёскі Цімкавічы Капыльскага раёна, яна з з самага маленства расла ў творчай атмасферы. Матуля вучыла вязаць на прутках, а бабуля прала ніткі. У школе пашчасціла сустрэць выдатнага педагога па працоўным навучанні Ганну Уладзіміраўну Федаровіч. Пасля заканчэння Салігорскага дзяржаўнага педагагічнага каледжа пачала працаваць у раённым цэнтры ткацтва аграгарадка Семежава — спачатку майстрам-метадыстам, а з верасня 2012 года ўзначаліла гэтую ўстанову. У снежні 2018 года атрымала званне “Народны майстар Беларусі”.

Са здзіўленнем адзначаю той факт, што ў “Школе ткачоў” трэць выхаванцаў — хлопчыкі. Пытаюся ў Т.Волкавай, як іх удалося зацікавіць ткацтвам. “Хлопчыкі авалодваюць рамяством хутчэй за дзяўчат. Гэта склалася генетычна, бо семежаўскім ткацкім традыцыям ужо больш за 400 гадоў. З ХVI стагоддзя на Радзівілаўскіх ткацкіх мануфактурах працавалі менавіта мужчыны-ткачы. І толькі з гадамі рамяство перайшло ў жаночыя рукі, а моцная палова пачала займацца выключна наладкай станкоў”, — адказала Таццяна Мікалаеўна.

Яе выхаванцы не толькі ведаюць, як наладзіць ткацкі станок, але і выдатна ткуць. “Мне вельмі падабаецца ткацтва — гэта цікава, прыгожа і захапляюча. Гэта наша спадчына! Зараз многія лічаць, што ткацкае майстэрства — жаночая справа, але, як сведчыць гісторыя, менавіта мужчыны былі выдатнымі ткачамі. І я ганаруся тым, што ўмею ткаць”, — падкрэсліў 10-гадовы Яраслаў Шчоткін. А жыццё Рамана Волкава з самага маленства напоўнена творчай атмасферай, таму, можна сказаць, выбару ў яго не было. “Я расту і выхоўваюся сярод народных традыцый і рамёстваў, якімі валодае мая матуля, — расказвае хлопчык. — Гэта так цікава — ствараць нешта непаўторнае, арыгінальнае сваімі рукамі. Вельмі прыемна, калі на розных фестывалях людзі ацэньваюць нашы вырабы і захапляюцца імі”.

Юныя ткачы авалодваюць рамяством паступова. Практычныя заняткі чаргуюцца з тэарэтычнымі. Выкладаецца гісторыя ткацкага рамяства Капыльшчыны, яго адметнасці, дзеці вучацца чытаць мову тканін, разбірацца ў сімвалах беларускага арнаменту. “Ткацтва — вельмі карпатлівы занятак, і каб саткаць нават самую простую рэч, трэба даволі доўга працаваць. З часам у некаторых дзяцей цікавасць пачынае зніжацца, таму чаргуем практыку з тэорыяй, праводзім розныя мерапрыемствы, каб ім было цікавей”, — адзначыла Таццяна Мікалаеўна.

Уплесці нітку ў кожны выраб

У “Школе ткачоў” работа вядзецца на сямі станках. На жаль, адвесці нават пару з іх толькі для невялікіх дзіцячых работ няма магчымасці. “Яны ўсе запраўлены, на іх ткуцца розныя рэчы — ад сурвэтак і дарожак да ручнікоў, паясоў і посцілак. Каб нашы навучэнцы не паспявалі засума­ваць, з кожнымі заняткамі іх праца ўскладняецца. Так, спачатку яны ткуць узоры адным колерам, а пасля другім, спачатку за адным станком, а потым сядаюць за другі. Такім чынам нашы дзеці ўплятаюць нітку ў кожны наш выраб”, — паведаміла педагог.

Каб зразумець ткацкі працэс, хлопчыкам і дзяўчынкам дастаткова некалькіх заняткаў, але каб авалодаць усімі ткацкімі прамудрасцямі, спатрэбіцца не менш за год, а то і два. І тут самае складанае, па словах Т.Волкавай, наладка ткацкага станка і яго запраўка ў ніты.

Намаганні і старанні выхаванцаў “Школы ткачоў” адзначаюцца на розных фестывалях і конкурсах. “Сёлета мы ўдзельнічалі ў абласным свяце па ткацтве “Матчыны кросны” ў Старых Дарогах. Падобныя мерапрыемствы да­юць нашым навучэнцам магчымасць заявіць пра сябе і стымулююць іх больш адказна ставіцца да заняткаў, — сказала кіраўнік школы. — Але ўсё ж такі гэта конкурс. У гэтым годзе тры нашы канкурсанты ва ўзроставай групе да 18 гадоў выступілі вельмі годна. Так, Ангеліна Ляўко стала ўладальніцай гран-пры, прадставіўшы ручнік тканы пераборам, а Яраслаў Шчоткін узнагароджаны дыпломам І ступені за свой пояс на дошчачках. А ў 2019 годзе ў Клецку на свяце дзіцячай творчасці “Калыска талентаў” 7 нашых навучэнцаў узялі 7 дыпломаў І, ІІ і ІІІ ступені”.

У час нашай размовы Ангеліна Ляўко прыгадала сваё першае наведванне цэнтра ткацтва: “Я ніколі не бачыла такой прыгажосці: яркія ручнікі, шматколерныя посцілкі, а ад ткацкага станка не магла адарваць вачэй. Мне захацелася навучыцца на ім ткаць гэтак жа спрытна, як майстрыха, якая нам дэманстравала ткацкі працэс. І я вучуся. Ткацтва мяне захапляе. Хочацца ткаць і ткаць, каб хутчэй убачыць узор, які ў мяне атрымаецца”. Пасля гэтых слоў становіцца зразумела, як у свае 11 гадоў яна змагла абысці больш сталых і вопытных канкурсантаў і атры­маць гран-пры.

Падкрэслім: менавіта ў Семежава захавалася закладная тэхніка ткацтва, якая амаль нідзе больш не сустракаецца. “Мы ў свой час схамянуліся, каб адрадзіць яе, каб яна не знікла. Гэта нашы адметныя традыцыі, якімі ганарымся і дзякуючы якім адрозніваемся ад іншых рэгіёнаў, — адзначыла народны майстар. — Увогуле, закладная тэхніка лічыцца найвышэйшым пілатажам у ткацтве: узоры павінны быць раўназначнымі з двух бакоў ручніка, а гэта можа атрымацца толькі ў выніку карпатлівай працы. Дарэчы, тэхніка закладнога ткацтва была занесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь”, — расказала Таццяна Мікалаеўна.

Як вы думаеце, што самае галоўнае ў авалоданні ткацкай тэхнікай? Як і ў любой іншай справе — любоў да яе. “Калі справа падабаецца і да таго ж ёсць пэўныя здольнасці, усё атрымаецца. 

І, канечне, у ткацкай справе проста не абысціся без уважлівасці, цярпення і разумення, што гэта карпатлівы занятак, які патрабуе шмат часу”, — рэзюмавала Т.Волкава.

Вольга АНТОНЕНКАВА
Фота з архіва Таццяны Волкавай

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий