Адвэнт-каляндар у дапамогу выхавальнікам

- 8:38Дошкольное образование. Идеи, Методичка

 

Марына ЦІМАФЕЕВА, выхавальнік дашкольнай адукацыі
Аляксандра ШАЎЦОВА, намеснік загадчыка 
ДУА “Дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці г. Рагачова”,
Гомельская вобласць

 

 

 

“Як зрабіць канікулы для дзяцей дашкольнага ўзросту цікавымі і захапляльнымі? Чым карысным заняць выхаванцаў у час канікул?”. Вырашыць гэтыя пытанні мне, выхавальніку дашкольнай адукацыі дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці Рагачова дапамог адвэнт-каляндар.

Адвэнт-каляндар (ням. Adventskalender) – традыцыйны ў Еўропе каляндар для адсочвання часу да прыхода Раства. Сустракаецца і іншая назва “каляндар чакання”. Ён быў прыдуманы ў XIX стагоддзі ў Германіі фрау Ланг для свойго сына Генрыха, які штогод у чаканні свята задаваў пытанне пра тое, калі прыдзе Раство. Фрау Ланг зрабіла дваццаць чатыры паштоўкі і да кожнай з іх прымацавала прысмакі. Такім чынам, хлопчык кожны дзень атрымліваў напамін пра тое, праз колькі дзён прыйдзе свята. Калі Генрых Ланг вырас, ён надрукаваў першы ў свеце адвэнт-каляндар.

Зараз можна купіць гатовы каляндар чакання, але лепш зрабіць сваімі рукамі, гэта дае магчымасць напоўніць яго тым зместам, які патрэбен педагогу. Яго можна аформіць у выглядзе пано, аб’ёмнай фігуры, у выглядзе лэпбука, канверта… Кожны дзень календара пазначаецца якім-небудзь аб’ектам, за якім хаваецца заданне. Стварэнне і напаўненне такога календара – творчы працэс, і ў ім няма строгіх правілаў. У першую чаргу адвэнт-каляндар для дзяцей – гэта гульня, якая накіравана на развіццё цікавасці да рознай дзейнасці, выхаванне ініцыятыўнасці і самастойнасці, павышенне самаацэнкі дзіцяці.

Выхавальнік падбірае заданні для сваіх выхаванцаў, улічваючы іх узрост, інтарэсы, захапленні і магчымасці. Гэта могуць быць эксперыментаванне, спартыўныя заданні, развучванне верша, прыдумванне гульняў і г. д. Неабходна памятаць, што самае цікавае для дзяцей у гэтым календары – гэта сюрпрыз. Дзеці вельмі дапытлівыя і наяўнасць кішэнек, мяшочкаў з заданнем стварае цікавасць і прадчуванне таямніцы, таму важна выконваць правіла: “Адзін дзень – адно заданне”. Дзеці любяць парушаць правілы, таму заданні дадаюцца штодня.

Адвэнт-каляндар для педагога – своеасаблівы план яго дзейнасці. З яго дапамогай можна загадзя прадумаць усе неабходныя метады і прыёмы, убачыць шлях дасягнення пастаўленай мэты. Варта памятаць: планаванне павінна быць гнуткім, бо на яго рэалізацыю могуць паўплываць непрадбачаныя фактары.

Узяўшы за аснову ідэю выкарыстання адвэнт-календара і аб’яднаўшы яе з элементамі АТСМ-ТРВЗ-РТУ-тэхналогіі, у нас у групе з’явіўся “Сняжок-каляндар”. Такую назву яму прыдумалі самі дзеці. За час канікул ён стаў для іх сапраўдным сябрам, кожную раніцу дзеці з радасцю чакалі, якое заданне падрыхтаваў для іх Сняжок.

“Як намаляваць ёлачку, калі зніклі пэндзлікі, алоўкі, фламастэры?”, “Як атрымліваюцца рознакаляровыя ільдзінкі?”, “Прыдумай загадку”, “Снежны ком зімовых гісторый” – такія заданні чакалі маіх выхаванцаў. Дзеці малявалі пальчыкамі і ватнымі палачкамі, мятай паперай, відэльцам, зубной шчоткай, бульбай. З дапамогай метада “Складанне загадак” мае выхаванцы прыдумалі загадкі, напоўненныя дзіцячым каларытам: “Зялёная, але не жабка, калючая, але не вожык, пушыстая, але не кураня” (ёлка), “Адна змяя, адна труба, а ў ёй сто манетак” (хлапушка). У час эксперыментавання з вадой метад маленькіх чалавечкаў дапамог выхаванцам зразумець, як вада з вадкай перетвараецца ў цвёрдую. Выніковым мерапрыемствам стала вечарына “Падарожжа па краіне Навагодзіі”.

“Сняжок-каляндар” абавязкова вернецца да дзяцей перад Днём абаронцаў Айчыны з новымі заданнямі і сюрпрызамі. У маёй метадычнай скарбонцы адвэнт-каляндар нядаўна, але магу сказаць, што гэта стала эфектыўным сродкам стымулявання і матываціі дзяцей да пазнавальнай і творчай дзейнасці. Адвэнт-каляндар можа быць прымеркаваны да любога свята, падзеі, тэмы і стаць сапраўдным памочнікам для выхавальніка і выхаванцаў, я ў гэтым пераканалася.

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий