Чаму важна памятаць мінулае? Адказ ведае нават дзесяцікласнік: яно можа паўтарыцца ў будучыні. Навучэнец сярэдняй школы № 21 Гомеля Даніла Шумкевіч не толькі засвоіў гэтую заканамернасць, але і прыдумаў круты дадатак, які дапаможа вывучыць і палюбіць гісторыю сваёй Радзімы.
Нешта новае
Уражвае, што хлопец не толькі падняў важную тэму, але і падышоў да працы творча: стварыў праграму на аснове тэхналогій дапоўненай рэальнасці. Іх асаблівасць заключаецца ў тым, што яны сумяшчаюць дзве першапачаткова незалежныя прасторы: свет рэальных аб’ектаў вакол нас і віртуальны сусвет, створаны на камп’ютары.
— Мой дадатак mVm уяўляе сабой экскурсавода па музеі. Звычайную школьную экспазіцыю ўтыліта ператварае ў інтэрактыўнае падарожжа па старонках гісторыі нашай краіны. Асабліва mVm прыйдзецца па гусце моладзі, бо тэхналогія дапоўненай рэальнасці здольна арганічна ўплятаць забаўляльны фармат у адукацыйны працэс. Даведаўшыся аб укараненні такой распрацоўкі, людзі абавязкова захочуць паспрабаваць нешта незвычайнае і пры гэтым раскапаюць шмат новага аб гераічным мінулым беларускага народа.
Яшчэ адзін плюс — засцярога ад распаўсюджвання вірусных інфекцый. Дадатак дае магчымасць пазбегнуць вялікага натоўпу і самастойна даведацца аб любым экспанаце. Таксама можна скласці індывідуальны маршрут экскурсіі: наведаць менавіта тыя аб’екты, якія выклікаюць найбольшую цікавасць.
Выкарыстоўваць mVm вельмі проста. Загружаеш і сканіруеш праз яго QR-коды артэфактаў. Гаджэт аўтаматычна падбірае тэматычныя малюнкі, відэаролікі, 3D-мадэлі — максімальна поўную і сучасную інфармацыю аб аб’екце. Спачатку я ўкараніў гэтую сістэму ў наш школьны музей. Затым заняўся пашырэннем і дапрацоўкай. Таксама з’явіўся сайт, які стварыў мой сябар і суаўтар праекта Данііл Барэшка. Дзякуючы гэтаму рэсурсу, дабаўляць новыя экспанаты і QR-коды ў mVm стала куды лягчэй.
Поўнае пагружэнне
Такая тэма зацікавіла Данілу не выпадкова. Дзесяцікласнік часта наведвае гістарычныя экспазіцыі, асабліва Гомельскі абласны музей ваеннай славы. Хлопец прызнаецца, што для яго кожны паход туды — новы фрагмент мазаікі слаўнага мінулага роднай зямлі. Дзякуючы такой любові да гісторыі, яму і прыйшла настолькі прарыўная ідэя.
— У нас у школе праходзіла вахта памяці з нагоды 80-годдзя пачатку Вялікай Айчыннай вайны. Я прысутнічаў на гэтым мерапрыемстве і ў нейкі момант зразумеў, што ёсць людзі, якія слаба ведаюць мінулае сваёй краіны. Затым правёў апытанне сярод моладзі і высветліў, што некаторыя лічаць музей чымсьці састарэлым. Каб гэта выправіць, прыдумаў дадатак, які пераводзіць класічныя экскурсіі ў мультымедыйны фармат.
І спрацавала! З кожным днём мы стараемся ўцягнуць у наш праект як мага больш выставачных цэнтраў і ўстаноў адукацыі. Зараз вядзём перамовы з гомельскім музеем пажарнай справы і са школамі № 11 і № 19. На працягу месяца інтэгруем туды некалькі QR-кодаў. Наш дадатак ужо не проста прататып, а дзеючая праграма, якая праходзіць апрабацыю.
Тэхналогія дапоўненай рэальнасці набірае ўсё большую папулярнасць. Яна з’явілася зусім нядаўна, але развіваецца хуткімі тэмпамі. Яе ўжо выкарыстоўваюць у найбуйнейшых выставачных цэнтрах па ўсім свеце. Як правіла, за кошт укаранення дапоўненай рэальнасці расце наведвальнасць, на што я і звярнуў увагу, калі распрацоўваў праект.
Актуальна і перспектыўна
Даніла разумеў, што рэсурс мае патрэбу ў прасоўванні і паўнавартаснай рэалізацыі, таму адправіўся на рэспубліканскі інавацыйны конкурс “100 ідэй для Беларусі”. І прабіўся ў фінал!
— Раней у ім удзельнічаў Данііл Барэшка. Ад яго я даведаўся, што праект не толькі цікавы для любога, хто хоча прадставіць перспектыўную задуму, але і карысны, таму што дапамагае ўвасобіць яе ў жыццё. Прычым гэта рэальныя дзеянні: практычныя парады па паляпшэнні распрацовак, медыяпрасоўванне жыццяздольных стартапаў, пошук інвестараў… Я вырашыў паспрабаваць і не пашкадаваў.
Надае ўпэўненасці той факт, што на рэгіянальным і абласным этапах усё прайшло як па масле. Журы ідэя па прыцягненні ўвагі да гісторыі беларускага народа праз дапоўненую рэальнасць адразу падалася перспектыўнай. 2022 год — Год гістарычнай памяці, а mVm дапамагае запоўніць у ёй прабелы.
Галоўнае — раскрыць патэнцыял
Дадатак створаны на базе сэрвісу Unity — платформы для распрацоўкі гульняў, а таксама праграм для камп’ютараў і смартфонаў. Разабрацца ў ім Данілу дапамагла настаўніца інфарматыкі гомельскай школы № 21 Таццяна Іванаўна Клімава. Таксама яна кансультавала па пытаннях дызайну і лагічнага функцыянавання музея.
— Таццяна Іванаўна прыйшла да нас у школу, калі я вучыўся ў 5 класе. Пачынаючы з гэтага моманту мы вывучалі тэмы, звязаныя са сферай інфармацыйных тэхналогій. Вёрстка сайтаў, пабудова алгарытмаў, асновы праграмавання — дзякуючы такому сучаснаму матэрыялу я адкрыў для сябе новыя шляхі развіцця. З тых часоў інфарматыка стала адным з маіх любімых прадметаў.
З распрацоўкай музея дапоўненай рэальнасці Таццяна Іванаўна таксама вельмі дапамагла. Прычым не толькі парадамі наконт афармлення, але і пошукам лакацый, дзе mVm можна было б запусціць і пратэсціраваць. Дзякуючы яе кансультацыі, праграма атрымалася якаснай і вартай фіналу маладзёжнага конкурсу інавацый. Выдатна, калі побач настаўнік, які раскрывае твой патэнцыял.
Дзмітрый АРХІПЕНКА
Фота з асабістага архіва Данілы Шумкевіча