На Магілёўшчыне цяпер налічваецца звыш 90 педагагічных дынастый. Усе яны — сапраўдная апора рэгіянальнай сістэмы адукацыі. Адна з іх — дынастыя Храпко — Шылавых — Лісіца. Прадстаўнікі гэтай сям’і аддалі настаўніцкай справе больш як 100 гадоў плённай працы.
Школьная легенда
— Ля вытокаў нашай педагагічнай дынастыі стаяў мой дзядуля — Міхаіл Аляксандравіч Храпко. Неверагодна таленавіты педагог, ён усё сваё жыццё прысвяціў школе і дзецям, — расказала прадстаўніца дынастыі начальнік упраўлення па адукацыі Бабруйскага гарвыканкама Алена Лісіца.
Міхаіл Аляксандравіч нарадзіўся ў сялянскай сям’і, аднак мэтанакіравана выбраў для сябе прафесію педагога. Атрымаў настаўніцкі дыплом, вярнуўся на малую радзіму, у Глускі раён, і стаў працаваць настаўнікам фізікі і матэматыкі ў Завалочыцкай школе. Усяго праз 2 гады быў прызначаны там дырэктарам.
— Прызначэнне на гэтую пасаду стала для дзядулі знакавай падзеяй. У яго працоўнай кніжцы так і застаўся ўсяго адзін запіс. Ён працаваў дырэктарам 35 гадоў да выхаду на заслужаны адпачынак. За гэты час Міхаіл Аляксандравіч стаў сапраўднай легендай школы, — адзначыла Алена Сяргееўна.
Роднай навучальнай установе М.А.Храпко аддаў шмат сіл і творчых ідэй. Пад яго кіраўніцтвам у 1966 годзе быў пабудаваны новы цагляны двухпавярховы будынак установы. Пасля гэтага школа атрымала статус сярэдняй.
За прафесіяналізм, адданасць сваёй прафесіі, дасягненні ў навучанні і выхаванні падрастаючага пакалення Міхаіл Аляксандравіч быў узнагароджаны нагрудным знакам “Выдатнік народнай асветы”, медалём “Ветэран працы”. Адметна, што пасля выхаду на пенсію М.А.Храпко не пакінуў любімую справу. Доўгі час працягваў працаваць у школе ў якасці настаўніка.
Для сваёй сям’і Міхаіл Аляксандравіч быў гордасцю і прыкладам, ён здолеў прывіць любоў да прафесіі настаўніка наступным пакаленням.
Зусім як тата
Па слядах М.А.Храпко пайшлі дзве яго дачкі. Старэйшая — Наталля Міхайлаўна Шылава — заўсёды хацела быць падобнай на бацьку, з ранняга дзяцінства марыла стаць настаўнікам. Але яе жаданне здзейснілася не адразу.
— Тата заўсёды быў для мяне прыкладам, узорам выдатнага педагога. Але, скончыўшы школу, я раптам для сябе вырашыла набыць больш папулярную ў тыя часы прафесію. Атрымала дыплом тэхнолага, аднак хутка зразумела, што да гэтай прафесіі не ляжыць душа. Вярнулася на радзіму і пайшла працаваць у родную школу. Амаль адразу прыйшло разуменне: менавіта тут я на сваім месцы, — расказала Н.М.Шылава.
З таго моманту прайшло ўжо 35 гадоў, і Наталля Міхайлаўна ні разу не ўсумнілася ў правільнасці свайго выбару. У школе, якую доўгі час узначальваў яе бацька, яна прайшла прафесійны шлях ад піянерважатай да кіраўніка. Дырэктарам Завалочыцкага вучэбна-педагагічнага комплексу Наталля Міхайлаўна працуе на працягу вось ужо двух дзясяткаў гадоў.
— Калі стала кіраўніком, было нялёгка, дзесьці не хапала вопыту, ведаў. Але я верыла, што ў мяне ўсё атрымаецца, таму нястомна павышала сваё прафесійнае майстэрства. Шмат у чым мне дапамаглі слушныя парады бацькі. Дзякуючы яго падтрымцы, я вызначыла асноўныя кірункі ў сваёй рабоце. Пераканана, што галоўная якасць, якой павінен валодаць настаўнік, — любоў да дзяцей. Не менш важна бачыць у дзіцяці асобу, дапамагаць кожнаму вучню знайсці сваё месца ў жыцці. А яшчэ трэба імкнуцца выхоўваць падрастаючае пакаленне патрыётамі сваёй Радзімы, — падкрэсліла Н.М.Шылава.
Дзякуючы намаганням дырэктара, сёння Завалочыцкі ВПК — сучасная навучальная ўстанова з дастойным узроўнем адукацыі. Вучэбна-педагагічны комплекс неаднаразова займаў лідзіруючыя пазіцыі ў рэйтынгу школ Глускага раёна. У планах кіраўніцтва ўстановы — далейшае дынамічнае развіццё.
— Інакш я не магу, бо мая работа — гэта маё жыццё. Для мяне вельмі каштоўна працягваць бацькоўскую справу. Вельмі ганаруся сваёй школай, сваім калектывам, усімі нашымі вялікімі і маленькімі поспехамі, — адзначыла Н.М.Шылава.
Адметна, што па жыцці поплеч з Наталляй Міхайлаўнай ідзе яе родная сястра, малодшая дачка М.А.Храпко — Таццяна Міхайлаўна Герман. Яна таксама шмат гадоў прысвяціла настаўніцкай прафесіі. Спачатку працавала піянерважатай, апошняе дзесяцігоддзе — настаўніцай і педагогам-арганізатарам. Дзякуючы яе эфектыўнай рабоце, дзейнасць школьных пярвічак БРПА і БРСМ даволі паспяховая. Вучні, якія ўваходзяць у склад гэтых грамадскіх арганізацый, штогод з’яўляюцца пераможцамі разнастайных конкурсаў.
Справа працягваецца
Цяпер педагагічная дынастыя, заснавальнікам якой стаў М.А.Храпко, працягваецца ўжо ў трэцім пакаленні. Педагогіка стала любімай справай і для ўнучкі Міхаіла Аляксандравіча — Алены Сяргееўны Лісіцы. Свой шлях у прафесію яна таксама ў свой час пачала з настаўніцкай працы.
— На мой прафесійны выбар вялікі ўплыў аказалі яркія прыклады працоўных дасягненняў дзядулі, мамы і цёткі. Рашэнне аб працягу сямейнай справы прыйшло само сабой. Пасля заканчэння Мінскага лінгвістычнага ўніверсітэта я вярнулася ў родны Глуск, працавала настаўніцай у першай гарадской школе. А пасля здарыўся ў пэўнай ступені лёсавызначальны для мяне пераезд у Бабруйск, — паведаміла Алена Сяргееўна.
У горадзе на Бярэзіне А.С.Лісіца прайшла шлях ад метадыста аддзела адукацыі мясцовага райвыканкама да начальніка ўпраўлення па адукацыі гарвыканкама. За плённую дзейнасць яна неаднаразова ўзнагароджвалася граматамі і падзякамі мясцовых выканаўчых улад, Міністэрства адукацыі. Пад яе кіраўніцтвам упраўленне па адукацыі станавілася пераможцам спаборніцтваў на лепшую арганізацыю работы па ажыццяўленні адукацыйнай дзейнасці сярод структурных падраздзяленняў гарадскіх выканаўчых камітэтаў, якія ажыццяўляюць дзяржаўна-ўладныя паўнамоцтвы ў сферы адукацыі.
— У рабоце мне вельмі дапамагаюць такія якасці, як мэтанакіраванасць і дысцыплінаванасць. Іх мне прывіў дзядуля. А яшчэ ён навучыў кіраваць і весці за сабой калектыў, не баяцца прымаць рашэнні і браць на сябе адказнасць. Дасягнуць вынікаў немагчыма без зладжанай каманды і дакладнай сістэмнасці. Аднак важна яшчэ і тое, каб прафесія педагога выбіралася па поклічы сэрца, была для чалавека не толькі працай, але і ладам жыцця. У нашай сям’і гэта не проста выбар спецыяльнасці, а ўнутраная патрэба, якая перадаецца з пакалення ў пакаленне, як быццам у спадчыну. Склалася ўжо цэлая дынастыя, і я спадзяюся, што яна будзе працягвацца, — запэўніла Алена Сяргееўна.
Ганна СІНЬКЕВІЧ