У рангу дзяржаўнай важнасці

- 10:29В СВЕЖИХ НОМЕРАХ "НАСТАЎНІЦКАЙ ГАЗЕТЫ"

Як арганізавана ахова працы ў адукацыйнай галіне, якія яе вынікі, што плануецца зрабіць у гэтым годзе — аб гэтым размаўляем з намеснікам міністра адукацыі Сяргеем Валянцінавічам РУДЫМ.

— Сяргей Валянцінавіч, ахова працы — тэма не зусім цікавая для абмеркавання, але ж яе важнасць відавочная.

— Сапраўды, ахова працы — непрыкметная праца і на паверхні не ляжыць. Лічыцца і так, што сістэма адукацыі — самая бяспечная галіна, і, маўляў, ахова працы не так актуальна, як на вытворчасці. На самай справе, якраз-такі ў сістэме адукацыі роля гэтага кірунку надзвычай важная. Гэтае пытанне ўзведзена ў ранг дзяржаўнай важнасці, аб чым сведчыць наяўнасць цэлага паўнавартаснага Закона “Аб ахове працы”. Гэтае пытанне таксама ўнесена ў Працоўны кодэкс Рэспублікі Беларусь, але перш-наперш адлюстравана ў Дырэктыве Прэзідэнта краіны № 1 “Аб мерах па ўмацаванні грамадскай бяспекі і дысцыпліны”. Па сутнасці, усе названыя дакументы і рэгламентуюць ахову працы ў нашай краіне.

— Гэтыя дакументы з’яўляюцца агульнымі для ўсіх галін эканомікі і сацыяльнай сферы. Ці ёсць асобныя, галіновыя дакументы, якія закранаюць адукацыйную галіну?

— У Міністэрстве адукацыі арганізавана мэтанакіраваная і сістэматычная работа, каб стварыць у галіне ўсе спрыяльныя ўмовы для бяспечнай працы, а таксама гарантаваць пажарную, прамысловую і радыяцыйную бяспеку ў адпаведнасці з патрабаваннямі заканадаўчай базы. З гэтай мэтай міністэрства распрацавала і давяло да выканаўцаў галіновы план мерапрыемстваў па рэалізацыі Дырэктывы Прэзідэнта. Распрацавана Палажэнне аб сістэме кіравання аховай працы ў Міністэрстве адукацыі, упраўленнях і арганізацыях адукацыі, а таксама іншыя дакументы. Мы арганізоўваем кантроль за дзейнасцю падпарадкаваных арганізацый па пытаннях аховы працы, аналізуем выкананне патрабаванняў галіновага плана ў гэтых арганізацыях, ацэньваем эфектыўнасць іх работы з улікам даных аб выяўленых парушэннях. Абавязкі па каардынацыі і кантролі за выкананнем гэтага плана ўскладзены на кіраўнікоў арганізацый, іх намеснікаў і кіраўнікоў структурных падраздзяленняў.

Выкараніць недахопы

— Як кантралюецца ўзровень прафесіных ведаў работнікаў?

— У галіновым міністэрстве створана камісія, якая сочыць за ўзроўнем прафесійных ведаў у сферы аховы працы кіраўнікоў, спецыялістаў і членаў адпаведных камісій арганізацый. Яна ажыццяўляе праверку кожны месяц. У мінулым годзе кантроль ведаў паспяхова прайшлі 114 чалавек. Каб павысіць узровень ведаў па пытаннях аховы працы, прамысловай, пажарнай і радыяцыйнай бяспекі, для кіраўніцтва сістэмы адукацыі і спецыялістаў у Рэспубліканскім інстытуце вышэйшай школы на курсах павышэння кваліфікацыі арганізавана навучанне, у тым ліку дыстанцыйнае. Толькі за мінулы год навучанне прайшлі 88 чалавек.

— Ці праводзіцца маніторынг выканання адпаведных норм і правіл аховы працы?

— Гэтым займаецца створаная ў Міністэрстве адукацыі спецыяльная рабочая група. У адпаведнасці з графікам, яна маніторыць выкананне пытанняў аховы працы, пажарнай, прамысловай і радыяцыйнай бяспекі ў падпарадкаваных арганізацыях. Выяўленыя недахопы і парушэнні даводзяцца да кіраўніцтва арганізацый, кантралюецца іх выпраўленне. У мінулым годзе маніторынг быў праведзены ў 14 арганізацыях.

— Што канкрэтна правярае рабочая група?

— У сферу дзейнасці групы ўвахо­дзіць шэраг мерапрыемстваў па праверцы навучальных устаноў і іншых арганізацый. Так, праводзяцца агляды збудаванняў, падвальных і паддашкавых памяшканняў, тэхнічных этажоў, дапаможных памяшканняў і іншых аб’ектаў. За мінулы год былі выяўлены аб’екты некаторых устаноў адукацыі, якія знахо­дзіліся ў аварыйным стане. Да іх кіраўніцтва была даведзена задача тэрмінова выправіць сітуацыю, што сёння і зроблена. Згодна з патрабаваннямі да тэхнічнага стану і бяспекі работы ліфтаў, ва ўзаема­дзеянні з упраўленнямі Дзяржпрамнагляду праводзіцца работа па замене альбо мадэрнізацыі тых ліфтаў, якія адпрацавалі нарматыўныя тэрміны службы. Вя­дзец­ца праверка эксплуатацыі транспартных сродкаў, якія знаходзяцца на балансе навучальных устаноў. Устаноўлены кантроль за тым, як праводзяцца перадрэйсавыя і іншыя медыцынскія абследаванні вадзіцеляў, майстроў вытворчага навучання па ваджэнні транспартных сродкаў. Дакладна правяраецца выкананне работнікамі рэжыму рабочага часу, аналізуецца стан працоўнай і выканаўчай дысцыпліны. Дзейсныя меры, накіраваныя на выкараненне і недапушчэнне парушэнняў, пастанная праверка ведаў работнікаў у сферы аховы працы, глыбокі аналіз прычын узнікнення негатыўных з’яў, прэвентыўныя меры па выкараненні рызык узнікнення небяспекі — усё гэта дазваляе своечасова выправіць недахопы ў арганізацыі аховы працы, прадухі­ліць парушэнні. Так, у мінулым годзе адбылося толькі 5 траўматычных выпадкаў.

Тэме прапаганды здаровага ладу жыцця, далучэння дзяцей да заняткаў фізкультурай і спортам, растлумачэння шкоды дрэнных звычак прысвечаны сацыяльная рэклама, матэрыялы дзяржаўных СМІ, асабліва профільнага выдання “Настаўніцкая газета”, на старонках якой рэгулярна публікуюцца тэматычныя артыкулы пад спецыяльнымі рубрыкамі.

Дапаможа “Маланка”

— У асобны блок, напэўна, можна вынесці захаванне пажарнай бяспекі.

— Так, гэтае пытанне — на асаблівым кантролі. З персаналам устаноў адукацыі арганізаваны заняткі і трэніроўкі па адпрацоўцы процідзеянняў у выпадку пажараў і іншых надзвычайных сітуацый. На аб’ектах сістэмы адукацыі мадэрнізаваны і адрамантаваны сістэмы пажарнай сігналізацыі, супрацьдымнай абароны, устаноўлена сістэма пажарных апавяшчальнікаў “Маланка”. Праведзены тэхнічнае абслугоўванне і рамонт супрацьпажарнага водазабеспячэння, набыты вогнетушыцелі, праведзена зарадка новых і перазарадка існуючых. Адпаведную падрыхтоўку і праверку ведаў па пытаннях пажарнай бяспекі прайшлі за мінулы год 1838 чалавек. Рэгулярна праводзіцца інструктаж з персаналам навучальных устаноў і інтэрнатаў. Для ажыццяўлення кантролю за выкананнем пажарнай бяспекі створаны пазаштатныя пажарныя дружыны. У цэлым у 2021 годзе на проціпажарныя мерапрыемствы было выдаткавана 1423,9 тысячы рублёў. Рэалізацыя мерапрыемстваў па захаванні пажарнай бяспекі дазволіла павысіць узровень супрацьпажарнай абароны аб’ектаў сістэмы адукацыі, скараціць колькасць пажараў і павысіць узровень ведаў службовых асоб устаноў адукацыі і арганізацый.

Пад пільным кантролем

— Сяргей Валянцінавіч, у адукацыйнай галіне пытанні бяспекі закрана­юць не толькі ахову жыцця і працы дарослых, але найперш дзяцей…

— Задачы бяспекі жыццядзейнасці навучэнцаў, стварэння здароўезберагальнага асяроддзя вырашаюцца непасрэдна ў саміх навучальных установах. На агульных сходах працоўных калектываў праводзіцца растлумачальная работа аб адказнасці работнікаў за парушэнне грамадскага парадку і дысцыпліны. За мінулы год у арганізацыях, падпарадкаваных Міністэрству адукацыі, праведзена больш за 890 праверак стану вытворча-тэхналагічнай, выканальніцкай і працоўнай дысцыпліны, захавання рэжыму працоўнага часу. Па выніках праверак некаторыя работнікі прыцягнуты да дысцыплінарнай адказнасці.

На базе Акадэміі паслядыпломнай адукацыі педагогі, якія выкладаюць ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі вучэбны прадмет “Асновы бяспекі жыццядзейнасці”, праходзяць павышэнне кваліфікацыі з мэтай паляпшэння якасці выкладання, вызначэння новых форм і метадаў для больш эфектыўнага ўспрымання навучэнцамі зместу навучання. Па гэтай праграме ў мінулым годзе атрымалі веды 24 чалавекі. Павышэнне кваліфікацыі педагогаў па гэтай тэматыцы прадугледжана штогадовымі планамі на базе абласных і Мінскага гарадскога інстытутаў развіцця адукацыі. Па сутнасці, кожная навучальная ўстанова мае свае напрацоўкі ў захаванні бяспекі жыццядзейнасці выхаванцаў. Згодна з планам мерапрыемстваў па прафілактыцы дзіцячага траўматызму, арганізаваны спартыўныя, аздараўленчыя мерапрыемствы, акцыі па прапагандзе здаровага ладу жыцця. Як правіла, у такіх мерапрыемствах удзельнічаюць навучэнцы, педагогі, далучаюцца бацькі.

Мы і далей будзем весці пільны кантроль за аховай працы ў сістэме адукацыі з мэтай забеспячэння камфортных умоў для працы педагогаў і навучання дзяцей. Стан спраў па паляпшэнні ўмоў і аховы працы, пытанні выканання заканадаўства ў гэтай сферы рэгулярна разглядаюцца на пасяджэннях калегіі Міністэрства адукацыі, нарадах у кіраўнікоў арганізацый і педагагічных саветаў устаноў адукацыі.

Гутарку правяла Ала КЛЮЙКО
Фота Алега ІГНАТОВІЧА

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий