Уладзіслава ГАЛАБОКІНА
Гомельскі дзяржаўны прафесійна-тэхнічны каледж кулінарыі – установа, дзе кожны год выпускаецца вялікая колькасць выдатных кухараў. Яны працуюць ў лепшых рэстаранах горада, сталовых, школах і садах. Кожны выкладчык каледжа зацікаўлены ў атрыманні навучэнцамі грунтоўных ведаў, таму з вялікай любоўю падае свой матэрыял. Алена Сяргееўна Рудзянкова выкладае таваразнаўства і спецыяльную тэхналогію апрацоўкі прадуктаў і падрыхтоўкі страў. Пра яе мы сёння і пагаворым.
Алена Рудзянкова працуе ў Гомельскім прафесійна-тэхнічным каледжы ўжо 20 гадоў. Яна не выбірала выкладанне як жыццёвы шлях, напачатку разлічвала на іншую прафесію, але лёс склаўся так, што апынулася ў каледжы. Калі я спыталася, які падыход да выкладання Алена Сяргееўна ўжывае ў навучальным працэсе, пачула наступныя словы: “Які можна выбраць падыход да выкладання? Выключна ставіцца да вучняў як да роўных, таму што нас падзяляе толькі ўзрост і вопыт. Ва ўсім астатнім мы абсалютна аднолькавыя”.
Кожны год навучэнцаў ГДПТК кулінарыі рыхтуюць да міжнароднага конкурсу WorldSkills. Гэта міжнародны грамадскі рух, які ва ўсім свеце аб’ядноўвае людзей, якія хочуць нешта змяніць. Яго асноўная місія – ствараць умовы для моладзі, якая прагне прафесійнай самарэалізацыі. А мэтай з’яўляецца павышэнне прэстыжу рабочых прафесій і развіццё прафесійнай адукацыі. Рыхтуе юнакоў і дзяўчат да ўдзелу ў WorldSkills і Алена Сяргееўна.
– Я ўдзельнічала ў конкурсе WorldSkills у 2014 годзе, дапамагала ў падрыхтоўцы спецыялістаў і ўдзельнікаў, – расказвае суразмоўца. – Гэта была вельмі вялікая работа. Першы этап – знаходжанне годнага ўдзельніка. Мы глядзім на маладога чалавека ці дзяўчыну, ці ёсць у яго матывацыя, ці хоча ён развівацца ў прафесіі, публічна выступаць, якія ён мае чалавечыя якасці, ці можа хутка знайсці выхад са складанай сітуацыі. Усё гэта фарміруе вобраз ўдзельніка. Потым пачынаецца непасрэдна падрыхтоўка да конкурсу. Спачатку гэта нараджэнне стравы, дастаткова працяглы працэс. Мы сумяшчаем тэкстуру, густ, захаванне умоў, што прад’яўляюцца конкурсам. Калі пачынаем адпрацоўваць страву, робім гэта да таго часу, пакуль якасць прыгатаванага не будзе задавальняць ўдзельніка і экспертаў, прычым не толькі па гусце, колеры, але і па часе яго падрыхтоўкі. Конкурсны модуль можа доўжыцца ад трох да чатырох гадзін, і за гэты час трэба паспець прыгатаваць некалькі страў.
Выкладанне – гэта, перш за ўсё, жыццёвы вопыт. Без яго – нікуды, асабліва для кухара. Выкладчык павінен не толькі ўмець прыгожа падаць матэрыял, але і расказаць нешта з уласнага досведу. Алена Сяргееўна з гэтым паспяхова спраўляецца, яна актыўна падарожнічае і спрабуе кухню розных краін. На сённяшні дзень яна пабывала ў 26 краінах свету – ва ўсходніх краінах, на Каўказе, у Афрыцы, ва ўсёй Еўропе.
– Не магу сказаць, што як аматар і, вядома ж, як прафесіянал выдзеліла б нейкую асобную кухню. У кожнай з іх ёсць стравы, якія падабаюцца ці не, ёсць тыя, якія запомніліся назаўсёды, і ёсць жаданне іх паўтарыць, – дзеліцца Алена Рудзянкова.
Як чалавек касмапалітычны, яна лічыць, што будучыня менавіта за касмапалітычнай кулінарыяй. Гэта значыць, усе самыя лепшыя стравы свету будуць прадстаўлены, і людзі змогуць выбіраць менавіта тую, што яны хочуць паспрабаваць ў дадзены момант.
Фота з архіва героя матэрыялу