На перспектыву

- 14:39В СВЕЖИХ НОМЕРАХ "НАСТАЎНІЦКАЙ ГАЗЕТЫ"

З развіццём лічбавай эканомікі адчуваецца востры попыт на ІТ-­спецыялістаў. Сусветную тэндэнцыю ўлічвае айчынная сістэма адукацыі: у школах актыўна ствараюцца STEM/STEAM/STREM­-класы і цэнтры, якія дазваляюць ахапіць інавацыйным навучаннем як мага больш дзяцей.

Адзін з такіх цэнтраў ужо 3 гады дзейнічае ў сярэдняй школе № 10 Пінска, адной з пераможцаў рэспубліканскага конкурсу “Хачу вучыцца ў STEM-класе!”.

— STEM — адзін з галоўных трэндаў у сусветнай адукацыі, што ўяўляе сабой інтэграваны падыход да навучання, у рамках якога акадэмічныя навукова-тэхнічныя канцэпцыі вывучаюцца ў кантэксце рэальнага жыцця, — расказвае намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце С.А.Жук. — Мэта такога падыходу — стварэнне ўстойлівых сувязей паміж школай і грамадствам для развіцця STEM-дасведчанасці і канкурэнтаздольнасці ў сусветнай эканоміцы. STEAM аб’ядноўвае навуку, тэхналогіі, інжынерыю, мастацтва і матэматыку, а STREM — навуку, тэхналогіі, робататэхніку, інжынерыю і матэматыку.

Перавагі STEАM-адукацыі ў тым, што інтэграванае навучанне прахо­дзіць па тэмах, а не па прадметах, навукова-тэхнічныя веды бяруцца з рэальнага жыцця, у дзяцей развіваюцца крытычнае мысленне, ціка­васць да тэхнічных дысцыплін, камунікацыйныя навыкі і навыкі каманднай работы, фарміруецца ўпэўненасць у сваіх сілах, павышаецца матывацыя да тэхнічнай творчасці праз розныя віды дзейнасці з улікам узроставых і індывідуальных здольнасцей. Акрамя таго, STEAM-адукацыя адыгрывае важную ролю ў прафарыентацыі і падрыхтоўцы школьнікаў да тэхналагічных інавацый.

— Сённяшнім вучням давя­дзецца працаваць па прафесіях, якіх пакуль няма, выкарыстоўваць тэхналогіі, якія пакуль не створаны, вырашаць задачы, пра якія мы можам толькі здагадвацца. Таму школьная адукацыя павінна адпавядаць мэтам апераджальнага развіцця, — адзначае С.А.Жук.

Дзеці, якія вучацца па праграме STEAM-адукацыі, акрамя фізікі і матэматыкі, займаюцца робататэхнікай, праграмаваннем, канструяваннем, прататыпаваннем, мадэляваннем і інш. На гуртковых і факультатыўных занятках выкарыстоўваецца спецыяльнае лабараторнае і вучэбнае абсталяванне: 3D-прынтары, сродкі візуалізацыі і інш. Практыкуюцца хакатоны, алімпіяды, конкурсы і інш. 

— Задача нашага STEAM-цэнтра — дапамагчы эфектыўна выкарыстоўваць атрыманыя веды з прыродазнаўчых навук, тэхналогій, інжынерыі, матэматыкі і мастацтва шляхам праектнага навучання ў галіне адукацыйнай і спартыўнай робататэхнікі, Scratch-праграмавання, журналістыкі, прататыпавання, — гаворыць С.А.Жук. — У цэнтры працу­юць 7 выкладчыкаў, якія вядуць 10 груп па 10 чалавек у кожнай з ліку вучняў 1—9 класаў. Выхаванцы STEAM-цэнтра “Спаборніцкая робататэхніка” — актыўныя ўдзельнікі абласных і рэспубліканскіх конкурсаў інавацыйнай і тэхнічнай творчасці, пастаянныя пераможцы і прызёры абласнога турніру “Робафэст” у катэгорыях “Кегельрынг” і “Лабірынт”, а таксама рэспубліканскага Кубка па адукацыйнай робататэхніцы ў катэгорыях “Рух па лініі”, “Робасумо”, “Робарэйс” і “Кіруемы робафутбол”. У рамках прафарыентацыйнай работы школьнікі сустракаюцца са спецыялістамі ІТ-кампаній.

Па словах С.А.Жук, STEM-падыход ва ўстанове ўкараняецца пакуль на базавым узроўні, які ўяўляе сабой асобныя ўрокі і вучэбную праграму на стыку навук. Але школа імкнецца арганізоўваць праблемныя тыдні, што могуць неўзабаве замяніць прадметныя тыдні, дазволіўшы педагогам-прадметнікам канцэнтраваць увагу на пэўных праблемах і, дзякуючы кааперацыі, паспяхова вырашаць іх. 

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ
Фота Алега ІГНАТОВІЧА

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий