Рэцэпты нясумнай матэматыкі для дашкольнікаў

- 13:32Дошкольное образование. Идеи, Методичка

 

Матэрыял дапаможа выхавальнікам дзіцячага сада арганізаваць заняткі матэматыкай на свежым паветры.

 

Людміла ЛОБАЧ,
выхавальнік дашкольнай адукацыі
ДУА “ВПК Дабравольскі дзіцячы сад – сярэдняя школа”
Свіслацкага раёна,
Гродзенская вобласць

 

         

 

Хто сказаў, што матэматыка – гэта сумна і нецікава? Заняткі па фарміраванні элементарных матэматычных уяўленняў можна і трэба зрабіць цікавымі, вясёлымі, каб яны развівалі кемлівасць, фантазію, творчасць. Што ж зрабіць для таго, каб дапамагчы палюбіць матэматыку? Мы знайшлі адказ на гэтае пытанне.

Найбагацейшай крыніцай для пашырэння матэматычнага кругагляду дзяцей з’яўляюцца прагулкі. На двары люты. Зіма толькі на першы погляд суровая пара года. Апранаемся цяплей – і на вуліцу! Аказваецца, звычайную прагулку або катанне з гары можна зрабіць цікавейшым з адукацыйнага пункту гледжання. Галоўнае – форму работы падабраць правільна. Выхавальнікі Дабравольскага дзіцячага сада – сярэдняй школы разам з выхаванцамі стварылі свае рэцэпты нясумнай матэматыкі на прагулцы зімой.

 

Рэцэпт 1. “Вясёлы снегавік”. Зляпіце разам з дзецьмі снегавіка. А потым спытайце, якія па велічыні шары яны скруцілі? Які шар унізе? Які наверсе? Які па ліку самы вялікі шар? А які па ліку самы маленькі шар?

Так мы нясумна замацуем уяўленне выхаванцаў пра велічыню прадметаў і аб’ектаў.

А цяпер пагуляем са Снегавіком, пры гэтым замацуем уменне арыентавацца ад сябе і ад аб’екта. Прапануйце дзецям стаць злева (справа) ад снегавіка, наперадзе, ззаду.

 

Рэцэпт 2. “Снежныя дарожкі”. У выпаўшым за ноч снезе вельмі весела пратоптваць дарожкі: дзеці – вузкія, выхавальнік – шырокія, дзеці – кароткія, выхавальнік – доўгія. Прапануйце дзіцяці пераскочыць праз іх. Спытайце, праз якія дарожкі лягчэй пераскочыць. Чаму? Адначасова вывучаеце і замацоўваеце паняцці: вузкі, шырокі, доўгі, кароткі.

А пасля з дапамогай умоўнай меркі (палачкі) параўнайце іх шырыню. Так вы замацуеце ўяўленне пра спосабы параўнання.

 

 

Рэцэпт 3. “Горкі”. Знайдзіце на тэрыторыі ўстановы горку. Назіраючы, як дзеці катаюцца з гары, удакладніце, колькі дзяцей спусцілася, хто быў першым, трэцім, пятым і г. д. Хто забраўся вышэй за ўсіх, хто ніжэй? Хто першым падняўся на горку, хто – другім? Вось і парадкавы лік знайшоў сваё месца ў нашай прагулцы.

 

Рэцэпт 4. “Матэматычныя снежкі”. Прапануйце дзецям зляпіць пэўную колькасць снежак рознага памеру і выкласці іх у парадку ўзрастання або ўбывання. А цяпер палічыце іх. Так вы замацуеце ўменне будаваць серыяцыйныя (упарадкаваныя) рады з дапамогай вакамера.

 

 

Рэцэпт 5. “Трапны стралок”. Выбіраем цэль. Са снегу лепім снарады. А цяпер накіроўваем сняжок прама ў цэль. Пасля кожнага пападання пляскаем у далоні столькі разоў, колькі дзіця трапіла ў цэль. Так вы развіваеце ўменне прайграваць гукавыя мноствы ў адпаведнасці з колькасцю пачутых удараў.

 

Рэцэпт 6. “Цягнік і тунэль”. Дзеці, паклаўшы адно аднаму адну руку на пояс, будуюць цягнік. Хто стаіць першым – паравоз, астатнія – вагоны. Па сігнале паравоза “Ту-у-у!” цягнік рушыць з месца па кірунку па снежным тунэлі, які мае тэматычныя зоны: “Мядзведзева бярлога”, “Снегавік”, “Лясная паляна”. Пад’язджаючы да кожнай зоны, звяртаем увагу на тое, калі адбываюцца тыя ці іншыя падзеі, выкарыстоўваючы словы: учора, сёння, заўтра (што было сёння, што было ўчора і што будзе заўтра). Так замацоўваюцца часавыя характарыстыкі.

 

Так, у непасрэдных абставінах, ахвяруючы невялікай колькасцю часу, вы зможаце далучыць дзяцей да многіх матэматычных паняццяў, спрыяць лепшаму засваенню праграмы, падтрымліваючы і развіваючы цікавасць да матэматыкі ў любую пару года.

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий