Мова родная, гучы! Інтэлектуальная гульня для 1–4-х класаў

- 17:30Методичка, Начальная школа. Внеклассная работа

 

Конкурс на лепшую метадычную распрацоўку мерапрыемстваў, прысвечаных Міжнароднаму дню роднай мовы. Намінацыя конкурсу: “Лепшая метадычная распрацоўка мерапрыемства, прысвечанага Міжнароднаму дню роднай мовы, на I ступені агульнай сярэдняй адукацыі”.

 

Алена БАГДАНОВІЧ,
настаўнік пачатковых класаў
“НПК дзіцячы сад – сярэдняя школа п.Юбілейны”
Ваўкавыскага раёна,
Гродзенская вобласць

 

 

 

Мэта: фарміраванне маўленчай культуры вучняў.

Задачы:

– стварыць умовы для актывізацыі пазнавальнай дзейнасці вучняў;
– садзейнічаць выхаванню грамадзянкасці, пачуцця патрыятызму;
– фарміраваць уменне працаваць у камандзе.

 

Ход мерапрыемства

Дала мне маці гэту мову,
Каб не нямым прыйшоў у свет,
Дала мне маці гэту мову,
Як спадчыну і запавет.

Аляксей Пысін

 

Мова… Наша родная мова… Колькі мілагучнасці, таемнасці ў гэтым слове. Залатыя лісцікі на дрэвах, кожная птушка, кожная кветка і, канешне, чалавек – усе маюць сваю мову.”Самы найцікавейшы і бяспрэчны закон жыцця – гэта людская мова, праз якую чалавек стаў вышэй за ўсіх істот пад сонцам”, – пісаў знакаміты Янка Купала. Сапраўды, чалавечую мову нельга параўнаць з мовай птушак, жывёл ці раслін. Яна з’яўляецца больш прыгожай, мілагучнай. Дзякуючы ёй людзі размаўляюць, вучацца, дасягаюць сваёй мэты, але нашу родную мову трэба аберагаць, трэба не саромецца яе. Ведаеце, як у далёкія часы пакутавалі людзі, якім трэба было адрачыся ад роднай мовы, ад Радзімы.

Кажуць, мова мая аджывае
Век свой ціхі: ёй знікнуць пара.
Для мяне яна вечна жывая,
Як раса, як сляза, як зара.
Гэта ластавак шчабятанне,
Звон світальных палескіх крыніц,
Сінь чабору, і барвы зарніц,
І буслінае клекатанне.
Калі ж хто загадае: “Не трэба!” –
Адрачэцца ад мовы народ, –
Папрашу я і сонца, і неба:
Мне не трэба ні славы, ні хлеба,
Асудзіце на безлічня год.
Толькі месяцаў назвы пакіньце,
Назвы родныя роднай зямлі,
Пра якія з маленства ў блакіце
Бор шуміць і пяюць жураўлі.
Ці плачу я, ці пяю,
Ці размаўляю з матуляю –
Песню сваю, мову сваю
Я да грудзей прытульваю.

Вядучы: 

Пісьменнік Пімен Панчанка – аўтар гэтых пранікнёных слоў.У кожным з гэтых слоў выказана бязмерная любоў да роднай мовы. Вось і пагэтаму наша задача – берагчы мову, вывучаць яе і пашыраць сферу бытавання. Сёння мы правядзём інтэлектуальную гульню “Мова родная, гучы!”, якая выявіць лепшых знаўцаў нашай роднай мовы. Будуць гуляць дзве каманды. Ацэньваць іх адказы будзе журы.

 

1 конкурс “Шукаем адказ”

Вядучы: Адказвае той удзельнік каманды, хто хутчэй падняў сігнальную картку і яго імя назваў вядучы.

1. Назавіце словы, у якіх сто зычных (Стол, стог, стоп, стос).
2. Чым канчаецца тыдзень? (Мяккім знакам).
3. Ёсць у азёрах і рэках, а ў акіянах няма; ёсць у дрэвах і травах, а ў кветках няма? (Літары Р).
4. Якую частку слова заўсёды знойдзеш у зямлі? (Корань)
5. Якому славутаму друкару паставілі помнік у Нясвіжы? (Сымону Буднаму).
6. Каго з беларускіх пісьменнікаў называлі “мужыцкім адвакатам”? (Францішка Багушэвіча)
7. Назавіце пятае лішняе: Нёман, Вілія, Прыпяць, Свіцязь, Сож (Свіцязь – возера).
8. У назвах якіх беларускіх гарадоў адна галосная літара? (Клецк, Брэст, Шклоў, Слуцк, Пінск…).
9. Які беларускі горад называецца так, як і летні месяц? (Чэрвень).
10. У якога беларускага пісьменніка псеўданімам з’яўляецца назва колеру? (К.Чорны).

 

2 конкурс “Тлумачым словы”

Вядучы: Неабходна даць тлумачэнне прапанаваных слоў. (Час для падрыхтоўкі – 4 хвіліны).

(Уключаецца запіс кліпа з песняй Ірыны Бейня“Беларусь мой дом”).

1 каманда: танок (танец, харавод), камора (невялічкае памяшканне пры хаце), бураломіна (зваленае бурай дрэва), квапіцца (мець жаданне, імкнуцца завалодаць чым-небудзь).

2 каманда: нахабнік (бессаромны і дзёрзкі чалавек), імшарышчы (лясістыя балоты, пакрытыя мохам), багна (нізкае топкае месца), закарцела (моцна захацелася).

 

3 конкурс “Убранне для лялькі”

Вядучы: Капітаны каманд выцягваюць паперкі са словам “хлопчык” ці “дзяўчынка”. Кожнай камандзе даецца лісток паперы, ручка і лялька. Неабходна падабраць і запісаць назву адзенне для вашай лялькі на беларускай мове (адзенне на розныя поры года). (Час для падрыхтоўкі – 3 хвіліны).

(Уключаецца запіс кліпа з песняй Ірыны Бейня“Беларусь мой дом”).

Для дзяўчынкі: паліто, шалік, сукенка, шкарпэткі, світка, панчохі, пальчаткі, камізэлька, капялюш, футра, спадніца, хустка…

Для хлопчыка: пінжак, кашуля, гальштук, паліто, шалік, шкарпэткі, світка, пальчаткі, камізэлька…

 

Чытальнік 2:

Родная мова, цудоўная мова!
Ты нашых думак уток і аснова!
Матчын дарунак ад самай калыскі,
ты самацветаў яскравая нізка.
Кожны з іх барвы дзівосныя мае,
вечным агнём зіхаціць – не згарае.
Ты мне заўсёды была дапамогай,
дзе б і якой ні хадзіў я дарогай.
Чую ў табе перазвоны крыніцы,
чую ў табе і раскат навальніцы,
чую павевы зялёнага бору,
водгулле працы на родным прасторы.
Кажнай драбнічкай ты варта пашаны,
кожнае слова вякамі стварана.
І на вякі яно жыць застаецца,
вечнае так, як народнае сэрца.

Уладзімір Дубоўка

 

4 конкурс “Сачыняем”

Заданне для каманд: Неабходна скласці расказ згодна малюнка. (Час для падрыхтоўкі – 3 хвіліны).

(Уключаецца запіс песні “Куточак Беларусі” у выкананні Алёны Ланской).

                                                  

1 каманда 2 каманда

 

5 конкурс “Мова мая…”

КОНКУРС КАПІТАНАЎ

Заданне: запісаць як мага больш прыметнікаў, якія характарызуюць беларускую мову. (Час для падрыхтоўкі – 3 хвіліны).

(Уключаецца запіс песні “Куточак Беларусі” у выкананні Алёны Ланской).

 

6 конкурс “Крыжаванка”

Заданне камандам: неабходна перакласці словы крыжаванкі на беларускую мову, разгадаць яе

Крыжаванкі PDF    

Вядучы: Пакуль нашы каманды разгадваюць крыжаванкі, мы прапануем конкурс сярод прысутных. Называецца ён “Перакладаем”. Вам, паважаныя прысутныя, неабходна падабраць беларускія адпаведнікі да рускіх слоў і назваць іх. Хто з вас зробіць найбольш правільных перакладаў, той дабавіць сваёй камандзе 2 балы.

квартира (кватэра)
комната (пакой)
этаж (паверх)        
пол (падлога) 
потолок (столь) 
дверь (дзверы) 
ковёр  (дыван)
диван  (канапа) 
шкаф  (шафа) 
кровать  (ложак) 
зеркало (люстэрка)
утюг (прас)
младенец (немаўля)
шерсть (поўсць)
изюм (разынкі)
клёст (крыжадзюб).

 

7 конкурс “Збіраем  букет”

1 каманда: з палявых кветак; 2 каманда: з лекавых раслін

Аксамітка, ігруша, званочак, падтыннік, язмін, чабор, аер, дзьмухавец, агрэст, скрыпень, суніцы, мядунка, канюшына, прастрэл.

Час для падрыхтоўкі – 3 хвіліны.

(Уключаецца запіс кліпа з песняй “Беларусачка”).

 

8 конкурс “Фразеалагізмы”

Заданне: неабходна знайсці на малюнку фразеалагізм і растлумачыць яго значэнне. (Час для падрыхтоўкі – 3 хвіліны).

(Уключаецца запіс кліпа з песняй “Беларусачка”).

                                    1 каманда                                                           2 каманда

Вадой не разальеш (разам) ці абое рабое (аднолькавыя).

 

9 конкурс “Пазнай і раскажы….”

Заданне: неабходна пазнаць пісьменніка і расказаць пра яго творчасць. (Час для падрыхтоўкі – 3 хвіліны).

(Уключаецца запіс кліпа з песняй “Беларусачка”).

                                  1 каманда                                                              2 каманда

 (Ніна Галіноўская, Эдзі Агняцвет)

 

Родная мова, цудоўная мова!
Ты нашых думак уток і аснова!
Матчын дарунак ад самай калыскі, –
Ты самацветаў яскравая нізка.

У.Дубоўка.

Як добра дыхаецца на нашай зямлі! Гэта з-за таго, што мы тут нарадзіліся, тут – наша Радзіма!                                                                          

Усе мы вельмі любім нашу краіну за яе самабытнасць, цудоўную прыроду, культуру, мову, яркасць фарбаў. За тое, што можам жыць, жыць вольна, без прыгнёту і страху за свае жыццё, жыццё нашых родных, сяброў і знаёмых. Мы любім цябе, Беларусь! Мы любім цябе, наша родная мова!

 

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий