Міністр адукацыі Андрэй Іванец з рабочым візітам наведаў Астравецкі раён Гродзенскай вобласці.
Кіраўнік ведамства сустрэўся са старшынёй Астравецкага райвыканкама І.Я.Шалудзіным і абмеркаваў пытанні развіцця адукацыі ў раёне. У сустрэчы таксама прыняў удзел начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Руслан Абрамчык. Прадоўжылася абмеркаванне пытанняў сферы непасрэдна ва ўстановах адукацыі Астравецкага раёна.
У яслях-садзе № 3 Астраўца міністр адукацыі азнаёміўся з умовамі, якія тут створаны для маленькіх выхаванцаў, і навацыямі. У 2020 годзе на базе дзіцячага сада быў адкрыты раённы рэсурсны цэнтр па фарміраванні асноў бяспекі жыццядзейнасці дашкольнікаў і малодшых школьнікаў “Тэрыторыя бяспекі”. Загадчыца дзіцячага сада Ірына Пярко азнаёміла з работай цэнтра, у які ўваходзяць 10 станцый. Андрэй Іванавіч пацікавіўся, як у дашкольнай установе выконваюцца патрабаванні медыцынскіх работнікаў па захаванні здароўя дзяцей падчас пандэміі і сезонных вірусных захворванняў. Абмяркоўваючы тэму бяспекі, міністр хацеў пачуць меркаванне педагогаў, наколькі мэтазгодна прымяняць адзіную сістэму бяспекі пры ўстаноўцы відэанагляду ва ўстановах дашкольнай і сярэдняй адукацыі, ці кожная з іх можа сама вызначыць месцы кантролю і колькасць відэакамер.
Шырокія магчымасці дадатковай адукацыі паказалі кіраўніку ведамства ў Астравецкім цэнтры творчасці дзяцей і моладзі. Тут школьнікі займаюцца керамікай і лепкай, саломапляценнем, выяўленчым мастацтвам, робататэхнікай і іншымі відамі дзейнасці. Як расказала намеснік дырэктара цэнтра Святлана Лета, галоўная мэта ўстановы — развіваць творчыя здольнасці дзяцей. Цэнтр актыўна ўдзельнічае ў розных конкурсах і фестывалях, аб чым сведчаць узнагароды: 23 міжнародныя, 5 рэспубліканскіх і 15 абласных. На сённяшні дзень тут працуе больш за 100 аб’яднанняў па інтарэсах, з іх 38 — на базе школ раёна. У аб’яднаннях займаюцца больш як 1300 чалавек. А ў канікулярны час на майстар-класы і гульнявыя праграмы запрашаюць навучэнцаў не толькі гарадскіх, але і сельскіх школ. Госці цэнтра змаглі паназіраць за майстар-класамі па саломапляценні, керамічнай лепцы, выяўленчым мастацтве, робататэхніцы, азнаёміліся з выставай работ школьнікаў.
Экскурсію па гімназіі № 1 Астаўца правяла яе дырэктар Алена Севасцьян. У прыватнасці, яна расказала, што на сённяшні дзень у гімназіі 611 вучняў, 62 педагогі, палова з якіх маюць вышэйшую катэгорыю, двое — настаўнікі-метадысты. “Гімназія з’яўляецца абласным рэсурсным цэнтрам. Мы працуем над тэмай распаўсюджвання прафесійных проб, гэта значыць, нашай мэтай з’яўляецца ранняя прафарыентацыя навучэнцаў з пункту гледжання выбару прафесіі і далейшай пабудовы траекторыі паспяховага грамадзяніна, патрыёта і прафесійнага работніка сваёй краіны. Мы з’яўляемся рэспубліканскай інавацыйнай пляцоўкай, працуем над фарміраваннем мадэлі грамадзянска-патрыятычнага выхавання пры дапамозе стварэння медыяэкскурсій і медыяпадарожжаў”, — расказала дырэктар установы адукацыі.
Міністр адукацыі правёў сустрэчу з педагагічнай грамадскасцю Астравецкага раёна. Ён падкрэсліў важнасць сустрэчы, гутаркі з калегамі напярэдадні важнай грамадска-палітычнай падзеі — рэферэндуму: “Кожны грамадзянін нашай краіны ўсведамляе, што мы знаходзімся на гістарычна важным этапе для краіны, прайшлі вельмі годны і няпросты шлях незалежнасці і сёння можам смела сцвярджаць, што нашымі агульнымі намаганнямі і дзякуючы той дзяржаўнай палітыцы, якую праводзіць кіраўнік дзяржавы, мы змаглі пабудаваць па-сапраўднаму незалежную, суверэнную і сацыяльна арыентаваную дзяржаву, дзе чалавек з’яўляецца найвышэйшай каштоўнасцю.
Мы сёння гаворым пра тое, што кожны з нас, у тым ліку бацькі, абавязаны далучаць да грамадска карыснай працы, да ўдзелу ў пабудове нашага грамадства. Мы павінны разумець: толькі ў адзінстве, у агульным кірунку ўсіх нашых інтэлектуальных, фінансавых і іншых рэсурсаў мы зможам сапраўды працягнуць гэты шлях пабудовы незалежнай і квітнеючай Беларусі”.
А.І.Іванец адзначыў, што дзякуючы цеснаму ўзаемадзеянню з мясцовымі органамі ўлады, для тых кіраўнікоў, якія сёння працуюць ва ўстановах адукацыі Астраўца, створаны ў многім ідэальныя ўмовы для таго, каб нашы дзеці, прыходзячы ў школы, атрымалі годнае выхаванне і адукацыю.
“Зусім нядаўна прынята новая рэдакцыя Кодэкса аб адукацыі, распрацоўка якой вялася на працягу больш як 10 гадоў. Безумоўна, тыя змяненні, якія ў ёй адлюстраваны, прадыктаваны часам. Пры абмеркаванні з педагагічнай грамадскасцю краіны кодэкс зведаў істотныя змяненні, але ўсе яны накіраваны на адно — павышэнне якасці адукацыі, даступнасці адукацыі”, — падкрэсліў міністр.
Ірына АНІКЕВІЧ
Фота аўтара