Праца для сапраўднага мужчыны

- 8:04В СВЕЖИХ НОМЕРАХ "НАСТАЎНІЦКАЙ ГАЗЕТЫ"

Збіраўся стаць будаўніком, але выбраў педагогіку і не пашкадаваў аб гэтым. Настаўнік працоўнага навучання гімназіі № 6 Мінска кваліфікацыйнай катэгорыі “настаўнік­-метадыст” Дзяніс Царэня ўпэўнены, што дасягнуць поспеху можна ў любой прафесіі, а сапраўдны мужчына ніякай работы не баіцца.

У прафесійным вучылішчы Дзяніс Валер’евіч стаў майстрам абліцовачных работ. Без экзаменаў прайшоў у індустрыяльна-педагагічны каледж, дзе вывучыўся на муляра, печніка і газаэлектразваршчыка. Скончыў інжынерна-педагагічны факультэт БНТУ, дзе асвоіў бетонныя работы. Уладкаваўся ў 6-ю гімназію, на той час політэхнічную, дзе працоўнае навучанне выкладаў яго дзядзька Васіль Ільіч Баран — заслужаны настаўнік Беларусі. З тых часоў прайшло 22 гады. Шмат чаму Дзяніс Валер’евіч навучыўся ў свайго дзядзькі, які працаваў у школе 53 гады: як праводзіць урокі, каб вучням было цікава, як матываваць іх на прадукцыйную працу, беражліва адносіцца да абсталявання.

Дзяніс Валер’евіч адзначаны прэміяй спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, падзякай Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і двойчы прэміяй Мінгарвыканкама. Педагог кіруе метадычным аб’яднаннем настаўнікаў тэхнічнай працы Савецкага раёна Мінска, гарадской школай маладога настаўніка, ён суаўтар вучэбных дапаможнікаў для дзяцей і настаўнікаў, член секцыі працоўнага навучання і чарчэння навукова-метадычнага савета пры Міністэрстве адукацыі. У РІПА Дзяніс Валер’евіч прайшоў падрыхтоўку як менеджар у сферы адукацыі. У 2017 і 2020 гадах быў членам журы і распрацоўшчыкам тэставых заданняў рэспубліканскага конкурсу “Настаўнік года”, уваходзіць у склад журы інтэлектуальных дзіцячых конкурсаў. Актыўна дзеліцца вопытам з калегамі.

Педагог рыхтуе дзяцей да даследчых конкурсаў, а таксама каманду Мінска да ўдзелу ў заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды па тэхнічнай працы, з’яўляўся кіраўніком гэтай каманды. Штогод вучні гімназіі № 6 перамагаюць на раённых і гарадскіх алімпіядах. Дзяніс Валер’евіч падрыхтаваў пяць пераможцаў алімпіяд рэспубліканскага ўзроўню. У гэтым годзе на рэспубліку выйшаў і яго сын — адзінаццацікласнік Уладзіслаў.

— Каб перамагчы на спаборніцтвах, трэба ўпарта і шмат займацца, — упэўнены настаўнік. — Я жыву побач з гімназіяй. Бывае, прыходжу пасля ўрокаў дадому і тут званок у дамафон — гэта мае вучні, маўляў, выходзьце, мы вас чакаем, хочам займацца. Збіраюся і іду ў майстэрні, бо такіх дзяцей нельга страціць. На дадатковыя заняткі да мяне прыходзяць і дзяўчынкі. Магчыма, калі-небудзь і дзяўчынку падрыхтую да алімпіяды.      

Дзяніс Царэня ўдзельнічае ў эксперыментальным праекце Міністэрства адукацыі “Апрабацыя зместу вучэбнага прадмета “Працоўнае навучанне”, які інтэгруе элементы лічбавых тэхналогій (1—9 класы)”.  

— ІТ можна сумяшчаць са звычайнай ручной працай, — адзначае педагог. — Напрыклад, мы з вучнямі рабілі бірульку. Аснову распрацавалі ў выглядзе 3D-мадэлі ў спецыяльным дадатку і надрукавалі яе на 3D-прынтары. Спружыну і ланцужок рабілі ўручную з дроту, а затым злучылі іх з асновай. Гэты падыход я дэманстраваў на гарадскім конкурсе прафесійнага майстэрства “Акадэмія ўрока — 2022”.

Як матываваць вучняў да працы? Трэба прапанаваць ім зра­біць карысную рэч. Па праграме дзецям трэба адпрацаваць пэўны набор аперацый. Так, пры апрацоўцы драўніны яны павінны навучыцца размячаць, піла­ваць, зачышчаць, габляваць, збіраць з дапамогай шруб, свідраваць адтуліны ручным інструментам. Калі даць навучэнцам брусок, на якім яны патрэніруюцца і потым выкінуць, толку не будзе. А можна зрабіць інакш. Ці бачылі вы ў Мінску ў парку Дружбы народаў рознакаляровую лаўку ў выглядзе аловачніцы і такую ж каля ўвахода ў гімназію? Гэтыя лаўкі мы зрабілі разам з вучнямі і выйгралі з імі раённы конкурс. Ёсць і міні-варыянт такой лаўкі ў якасці падстаўкі для мабільнага тэлефона.

Кабінет працоўнага навучання ў гімназіі № 6 — адзін з лепшых у краіне. Тут вялікія слясарная і сталярная майстэрні з усім неабходным абсталяваннем, матэрыяламі і інструментамі. Ёсць, напрыклад, робатызаваныя канструктары LEGO Mindstorms, шматфункцыянальныя прылады (3D-прынтар, ЛПК-фрэзер і інш.). Варштатам хоць і больш за 60 гадоў, але яны ў ідэальным стане. Педагог сочыць за іх спраўнасцю. Але больш за ўсё Дзяніса Валер’евіча радуюць крэатыўныя дзеці. Напрыклад, яго вучань 9 класа Уладзіслаў Горбач стварыў 3D-прынтар. Выраб выстаўляўся ў Акадэміі навук і на конкурсе “100 ідэй для Беларусі”.

— Дом пабудаваў, сына выхоўваю (а яшчэ і дачку), дрэва пасадзіў, — праграму сапраўднага мужчыны да 43 гадоў выканаў, — жартуе Дзяніс Валер’евіч. — У вольны час люблю майстраваць з драўніны, займаюся рамонтам і рыбачу. Хоць цяпер і стагоддзе лічбавых тэхналогій, але ручная праца не страчвае сваёй актуальнасці. Калі моладзь развучыцца працаваць рукамі і ўсе вырашаць стаць праграмістамі, дзе мы бу­дзем шукаць будаўнікоў і тых жа настаўнікаў працоўнага навучання?

Надзея ЦЕРАХАВА

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий