Думаць мала, трэба рабіць

- 9:58В СВЕЖИХ НОМЕРАХ "НАСТАЎНІЦКАЙ ГАЗЕТЫ"

11-ы сезон рэспубліканскага маладзёжнага праекта “100 ідэй для Беларусі” падышоў да канца. Яго пераможцы прадставілі шырокі спектр ідэй, частка з якіх ужо ўвасабляецца ў жыццё. Пра самыя цікавыя распрацоўкі, якія атрымалі гран-пры, пагаварылі з іх аўтарамі.

Расце круглы год

Студэнт другога курса механічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта транспарту Мікіта Тачылкін перамог у намінацыі “Аграпрамысловыя тэхналогіі і фермерства”. Хлопец прыдумаў і ўвасобіў у жыццё гідрапонную сістэму “Сады Семіраміды”, якая дазваляе вырошчваць расліны ў спецыяльным растворы. Гэта вельмі эфектыўна, таму што палягчае падкормліванне каранёвай сістэмы пажыўнымі элементамі, што амаль немагчыма пры вырошчванні ў глебе.

— Мая ўстаноўка ўяўляе сабой закрыты комплекс, у якім раствор падымаецца з бака ў верхнюю трубу пры дапамозе помпы, працякае праз расаду, а затым апускаецца назад у бак. Асноўная заслуга гідрапонікі ў тым, што яна цалкам рэалізуе патэнцыял расліны. Акрамя таго, гэты спосаб не залежыць ад сезона, эканоміць месца і ваду, а таксама павялічвае памеры і паляпшае якасць парасткаў. Дзякуючы таму, што пажыўны раствор цыркулюе па сістэме 24 гадзіны ў суткі, каранёвая сістэма атрымлівае ўсё неабходнае. Захацела азоту — калі ласка, патрэбен калій — без праблем, не хапае фосфару — дык вось жа ён.

Галоўная фішка майго праекта “Сады Семіраміды” — кошт. Ён у чатыры разы таннейшы за замежны аналаг.

Мікіта адзначае, што настолькі прарыўная ідэя прыйшла яму ў галаву яшчэ ў 2017 годзе. Хлопец шмат часу праводзіў на дачы і дапамагаў бабулі з дзядулем даглядаць агарод. Працы было вельмі шмат, і ён задумаўся над тым, ці можна як-небудзь паменшыць выдаткі чалавечых сіл і часу?

— Вырашыў рацыяналізаваць працэс і знайшоў у інтэрнэце тэхналогію. Але яе трэба было давесці да розуму, таму я цалкам паглыбіўся ў тэму. У выніку атрымалася распрацаваць арыгінальную сістэму, якая пераўзыходзіць замежныя аналагі.

 

Сказаць і паказаць

Вельмі футурыстычна выглядае праект Лізаветы Івановай, вучаніцы 10 класа Акцябрскай сярэдняй школы Віцебскага раёна імя Героя Савецкага Саюза І.П.Собалева. Праект стаў пераможцам у намінацыі “Ахова здароўя (медыцынскія тэхналогіі, бія- і нанаіндустрыя)”. Ён уяўляе сабой пальчатку, якая чымсьці нагадвае руку сінтэтычнага робата-гуманоіда. Паўсюль датчыкі і электроды, а на кончыках пальцаў асаблівыя сэнсары, якія рэагуюць на рухі. Прызначэнне гэтага электрычнага арсенала высакароднае — дапамагаць людзям з абмежаванымі магчымасцямі.

— Я стаяла на касе ў магазіне і ўбачыла, як чалавек не можа растлумачыць прадаўцу, што яму патрабуецца, — расказвае Лізавета. — Тады падумала, што было б значна прасцей, калі б існаваў гаджэт-перакладчык з мовы жэстаў на мову слоў. Але думаць мала — трэба дзейнічаць. Таму занялася распрацоўкай і стварыла сэнсарную пальчатку. Яна дапаможа многім людзям пазбегнуць праблем з камунікацыяй. Карыстацца ёй вельмі проста. Дастаткова ўсталяваць наш дадатак EasySay, спецыяльна распрацаваны для распазнавання мовы жэстаў. Потым трэба зрабіць фатаграфію або адсканіраваць рух, а вынік з’явіцца на экране праз некалькі секунд. Фішка сэнсарнай пальчаткі ў тым, што яе здольнасці спатрэбяцца ў многіх сферах чалавечай дзейнасці, такіх як ахова здароўя, абслугоўванне, аздараўленне і адпачынак.

Мы ўжо пачалі ўвасабляць гэтую задуму ў жыццё. Віцебскі завод “Віцязь” дапаможа рэалізаваць праект і гатовы стварыць магчымасць масавай вытворчасці. Аналагі прылады можна знайсці за мяжой, але яны вельмі дарагія. Наша пальчатка каштуе нашмат танней.

— Разбілі праект на задачы, якія выконваліся паслядоўна, — дадае куратар ініцыятывы Хрысціна Віктараўна Кустава. — Эвеліна Марозава адказвала за прапрацоўку фізічнай часткі пытання, устаноўку датчыкаў і каліброўку сістэмы, а Лізавета займалася праграмнай часткай і падрыхтоўкай дадатку.

 

Паставяць на лапы

У намінацыі “Грамадства і сацыяльная сфера” перамаглі школьніцы з Ліды Злата Субоціна і Дар’я Рудко з праектам “Пратэзаванне канечнасцей у жывёл і далейшае прыцягненне іх для аднаўлення людзей з абмежаванымі магчымасцямі”. Іх ініцыятыва стала першай і ў анлайн-галасаванні.

— Мы ходзім на курсы будучых ветэрынараў, — расказваюць дзяўчынкі. — На адных з заняткаў даведаліся пра тое, што ў нашай ветклініцы дзейнічае праект, у рамках якога жывёлам аказваюць дапамогу. Калі яны страцілі канечнасць, то паступаюць сюды. Як правіла, у іх няма гаспадароў, таму мы збіраем грошы на іх аднаўленне. Пасля рэабілітацыі чатырохногія адпраўляюцца з намі ў дзіцячы інтэрнат, дзе знаёмяцца з хлопчыкамі і дзяўчынкамі з абмежаванымі магчымасцямі. Гэта выдатная тэрапія. Напрыклад, кату прымацавалі спецыяльную каляску — і ён пабег. Кот гэтага не саромеецца і не звяртае ўвагі, што ў яго не бегаюць лапкі. Вельмі важна растлумачыць гэта і дзецям, якія з-за траўм або хвароб не могуць перамяшчацца самастойна.

Мы вырашылі развіваць гэтую тэму, таму што самі хочам стаць ветэрынарамі. Да таго ж адбыўся непрыемны выпадак, які стаў дадатковым матыватарам. У Навагрудку валанцёры знайшлі сабаку, якога хацеў забіць гаспадар. Да канца справу ён не давёў, але моцна параніў лапу. Жывёла, на шчасце, трапіла да нас. Цалкам ампутаваць канечнасць мы не сталі, таму што тады павышаецца рызыка ускладненняў пазваночніка. Дзякуючы пратэзу, сабака хутка пайшоў на папраўку і цяпер здольны перамяшчацца практычна, як і раней.

Дапамагаў дзяўчынкам у рэалізацыі праекта Павел Жульпа, галоўны ўрач ветэрынарнай клінікі з Ліды. Беларускі Айбаліт дорыць чатырохногім другое жыццё. Пасля цяжкіх траўм ён ставіць іх на лапкі, часам — на пратэзы. А яшчэ разам з Аляксеем Талаем і сваімі пацыентамі дапамагае дзецям з інваліднасцю.

— Ім вельмі падабаецца ўзаемадзейнічаць з жывёламі, у тым ліку з такімі незвычайнымі, якія падобныя на іх. Яны набываюць станоўчы жыццёвы вопыт, атрымліваюць пазітыўныя эмоцыі, і гэта ўплывае на рэабілітацыю — працоўную і сацыяльную.

 

 

Дапаможа выратаваць жыццё

Праект VERS курсанта трэцяга курса факультэта папярэджання і ліквідацыі надзвычайных сітуацый Універсітэта грамадзянскай абароны Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Ігара Гусарава таксама атрымаў перамогу — і ў намінацыі “Нацыянальная бяспека, абарона ад надзвычайных сітуацый і авіякасмічныя тэхналогіі”, і ў анлайн-галасаванні. Гэта нядзіўна, бо яго распрацоўка здзіўляе сваім функцыяналам і перспектывамі прымянення.

— Ідэя праекта ў тым, каб стварыць трэнажор для падрыхтоўкі ратавальнікаў і пажарных з эфектам фізічных уздзеянняў. Ён уключае ў сябе касцюм з тэхналогіяй віртуальнай рэальнасці, у які інтэграваны сцэнарый надзвычайнай сітуацыі. У рэальным свеце эканамічна немэтазгодна ствараць пажар, але вучыцца змагацца з ім трэба абавязкова. Менавіта дзякуючы нашай сістэме, ратавальнікі атрымліваюць магчымасць адпрацаваць навыкі ў экстрэмальных умовах без спецыяльнага падпалу лакацый і іншых грашовых выдаткаў. VERS перадае адчуванні ад агню, току, кропель вады. Таксама ўлічваецца вага пацярпелага і прадметаў-уцяжарвальнікаў. Дарэчы, аналагаў такога касцюма, які мог бы перадаваць адваротнае ўздзеянне, няма нідзе ў свеце. Экспертнай камісіі спадабаліся яго эксклюзіўнасць і нацэленасць на навучанне маладых спецыялістаў. Да таго ж VERS дапаможа ратаваць людзей — гэта самае галоўнае.

Касцюм дае магчымасць прайсці надзвычайную сітуацыю ад А да Я, выпрацаваць выразны алгарытм дзеянняў.

— Акрамя таго, у камплекце ідуць спецыяльныя VR-акуляры і джойсцікі, дадае Ігар. — Яны дапамагаюць узнавіць віртуальную пляцоўку, дзе, па легендзе, адбылося надзвычайнае здарэнне. Дзякуючы ім, можна бачыць, што адбываецца на лакацыі, а таксама з ёй узаемадзейнічаць. Кантралёры імітуюць тушэнне пажару і дапамогу пацярпелым.

Па выніках рэспубліканскага фіналу 10 аўтараў найбольш перспектыўных праектаў атрымаюць грашовыя сродкі ў памеры да 40 тарыфных ставак на распрацоўку і рэалізацыю сваіх праектаў. Акрамя гэтага, пераможцы школьнага ўзросту атрымаюць рэкамендацыі Цэнтральнага камітэта БРСМ для паступлення ва ўстановы вышэйшай адукацыі.

 

Дзмітрый АРХІПЕНКА
Фота Алега ІГНАТОВІЧА

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий