Вераніка МАЦЯС, Алена ІГЛІЦКАЯ,
выхавальнікі дашкольнай адукацыі
ДУА “Яслі-сад № 9 г. Ваўкавыска”,
Гродзенская вобласць
Спасылка на прэзентацыю: https://drive.google.com/file/d/1kz17FNd_1Pi3VC85bBTePLKg9MkoDkkl/view?usp=sharing
Задачы: (Слайд 2)
– прыцягнуць увагу дзяцей і дарослых да беларускай мовы праз выкананне заданняў інтэрактыўнай гульні;
– замацаваць веды дзяцей і іх бацькоў пра беларускія народныя казкі;
– фарміраваць уменні дзяцей разумець і ўжываць абагульняльныя словы на беларускай мове; адрозніваць словы рускай і беларускай моў;
– актуалізаваць веды дарослых пра беларускіх паэтаў і пісьменнікаў;
– развіваць памяць, звязнае маўленне дзяцей;
– фарміраваць устойлівую цікавасць і станоўчыя адносіны да беларускай мовы.
Ход гульні
Вядучы: (Слайд 3)
Адкрываю, як свет, нанова
Беларускае роднае слова –
Пералівістае, як каменьчык,
Вясёлкавае, як ручэй,
Цёплае, як агеньчык
Добрых тваіх вачэй,
Светлае, як маланка,
Гнеўнае, як пярун,
Ціхае, як калыханка,
Вечнае, як Беларусь!
Анатоль Канапелька
Вядучы: Бедны той, хто не мае скарбаў вечных – скарбаў душы. Любоў да Бацькаўшчыны, да свайго народа, да роднай мовы – гэты скарб, які ніхто і ніколі адабраць у нас не здолее. Родная мова –душа народа. Пакуль жыве мова, жыве і народ.
Паважаныя дарослыя і дзеці, прапануем вам выканаць заданні інтэрактыўнай гульні. Спадзяемся, вы шмат чаго ведаеце і будзеце хутка выконваць заданні. За правільныя адказы вы будзеце атрымліваць беларускія кветкі – валошкі. Выйграе тая сям’я, якая атрымае больш кветак.
“Назаві назву казкі”
Вядучы: Прапануем вам выканаць першае заданне“Назаві назву казкі”. На экране перад вамі карцінкі з беларускіх народных казак (“Як курачка пеўніка ратавала”, “Коцік, пеўнік і лісіца”, “Як кот звяроў напалохаў”, “Лёгкі хлеб”, “Верабей і мыш”, “Гарошак”). Неабходна назваць казку. (Слайд 4–8)
“Раскажы казку”
Вядучы: Прапануем вам выканаць наступнае заданне. На экране – пераблытаныя карцінкі з казкі, неабходна раставіць іх у правільным парадку і коратка пераказаць казку. (Слайд 9–13)
“Куфэрак слоў”
Вядучы: На экране – карцінкі з назвай на рускай мове, неабходна словы перакласці на беларускую мову. (Слайд 14–19)
зязюля кукушка
пацеркі бусы
брама ворота
шалі весы
пантофлі шлепанцы
камізэлька жилетка
панчохі чулки
валошкі васильки
канапа диван
цыбуля лук
“Скажы адным словам”
Вядучы: У наступным заданні неабходна даць агульную назву прапанаваным словам. (Слайд 20–31)
-
- Страказа, муха, чмель (насякомыя)
- Ружа, рамонак, валошка (кветкі)
- Стрыж, ластаўка, верабей (птушкі)
- Фуфайка, спадніца, сукенка (адзенне)
- Ліса, воўк, бабёр (звяры)
- Чаравікі, боты, туфлі (абутак)
“Адгадай загадку”
Вядучы: Наступнае заданне – “Адгадай загадку”. (Слайд 32–37)
1. Хвост з узорамі,
Боты са шпорамі,
“Ку-ка-рэ-ку”, – пяе,
Раней за ўсіх устае. (Певень)
2. Па двары ходзіць,
За сабой куранят водзіць. (Курыца)
3. Шыпіць, гагоча,
Ушчыпнуць мяне хоча,
Я іду, не баюсь,
Хто гэта?… (Гусь)
4. Усіх возіць,
А сам пехатою ходзіць. (Конь)
5. Чок-чок, пятачок,
Ззаду маленькі кручок,
Паміж імі спінка,
А на ёй шчацінка. (Свіння)
6. Ходзіць па двары,
Балбоча,
Ні з кім сябраваць не хоча. (Індык)
7. Вілы вострыя на лбе,
Цэлы дзень траву скубе,
Прыйдзе з пашы вечарком
Пачастуе малачком. (Карова)
“Складзі прыказку”
Вядучы: У гэтым заданні вам трэба падабраць другую частку да прыказкі. (Слайд 38–39)
Чалавек без сябра, … што яда без солі.
Новых сяброў набывай, … а старых не забывай.
Той не можа быць другам, … хто ў бядзе абыдзе кругам.
“Пазнай твор і назаві аўтара”
Вядучы: Наступнае заданне – “Пазнай твор і назаві аўтара”. На экране партрэты беларускіх паэтаў і пісьменнікаў, і цытаты з твораў, трэба назваць твор і аўтара. (Слайд 40–50)
Змітрок Бядуля (Пацешка “Гэй, мой конік”)
Гэй, мой конік, гэй мой сівы!
Танканогі, даўгагрывы! …
Максім Танк (Верш “Галінка і верабей”)
– Галінка-вярбінка, –
Прасіў верабей, –
Мо пакалыхала б
Маіх ты дзяцей? …
Янка Купала (Верш “Хлопчык і лётчык”)
Мой мілы таварыш, мой лётчык,
Вазьмі ты з сабою мяне!
Я – ведай – вялікі ўжо хлопчык
І ўмею ўжо лётаць у сне…
Якуб Колас (Верш “На рэчцы зімою”)
Не сядзіцца ў хаце
Хлопчыку малому:
Кліча яго рэчка,
Цягнуць санкі з дому…
Цётка (Казка “Журавель і чапля”)
…– Як мaeшcя, Чaпля?
– Здapoў, Жypaвeль.
– Цi нe пoйдзeш, Чaпля, зa мянe зaмyж?
– А твae нoгi дoўгi, пep’e кapoткa; дyжa ты бpыдкi… Ідзi caбe, дзe быў!…
Янка Брыль (Казка “Жыў-быў вожык”)
…Каб развесяліць вожыка, я зняў аднойчы са сцяны люстэрка і паставіў на падлозе. А вожык падышоў да люстэрка, наставіў лычык, паглядзеў і надзьмуўся, каб настрашыць таго, што ў люстэрку. А той, што ў люстэрку, надзьмуўся таксама, і вось яны абодва разам зрабілі:
– Пых!…
Васіль Вітка (Казка “Страшная казка”)
…Стасік спалохаўся і пабудзіў Наташку. Але тут яны ўбачылі нешта яшчэ больш страшнае. З цемры на іх глядзелі вялікія блішчастыя вочы. Якраз як у таго звера, пра якога бабка расказвала казку.
– Воўк! – закрычала Наташка.
– М-м-яў! – азваўся воўк …
Вядучы: Вялікі дзякуй! Давайце падлічым колькасць валошак у кожнай сям’і (выігрывае сям’я з найбольшай колькасцю кветак).
Вядучы: І напрыканцы нашай сустрэчы прапаную аздобіць беларускі ручнік. (Раскладвае перад гасцямі белае поле ручніка). Я бяру малюнак сонейка і выкладаю яго на ручнік. Хай заўседы свеціць нам сонейка і дорыць ласку і цяпло. Мае сябры, прапаную вам вылажыць свае “узнагароды”-валошкі на белае поле нашага ручніка і выказаць свае пажаданні.
Бацькі выкладваюць “узнагароды” і гавораць словы-пажаданні.
Спіс літаратуры
1 Краскоўская, Г.І. І слова гучала, чароўнае слова… : заняткі ў групе «Фантазёры»: дапаможнік для педагогаў дашкольных устаноў / Г.І.Краскоўская. – Мінск : Тэхнапрынт, 2005. – 61, [1] с. — (Майстэрня выхавальніка).
2 Някрасава, Н.Дз. Дзеці і мір казак : дапаможнік для выхавацеляў дашк. Устаноў : 2-е выд; перараб. і дап. /Н.Дз.Някрасава, Р.В.Маісеенка. – Мінск : Зорны верасень, 2006 – 146 с.
3 Красіла, А.І. На мове бацькоўскай зямлі / А.І.Красіла. – Мазыр : ТАА ВД. «Белы Вецер», 2003. – 172 с.