Раўнапраўны дыялог

- 11:08Диалоги об образовании

Андрэй КАРОЛЬ, 
рэктар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, доктар педагагічных навук, прафесар:

—Афіцыйнае замацаванне паняцця дыстанцыйнага навучання ў заканадаўстве — добры штуршок для росту экспарту, умацавання маркетынгавай дзейнасці, індывідуалізацыі падрыхтоўкі навучання студэнта, яго творчай самарэалізацыі. Сёння важна сфарміраваць правільныя адносіны да выкарыстання дыстанцыйнага навучання, паколькі гэтая форма патрабуе развіцця і зместавага напаўнення і мае індывідуальныя атрыбуты: асобную метадалогію, траекторыю атрымання адукацыі, свае сэнсы, мэты, змест, крытэрыі ацэньвання, часавыя рамкі правя­дзення заняткаў, якія не тоесныя тым, што рэалізуюцца ў рамках вочнай адукацыі. Нельга перакласці тэхналогіі вочнага навучання на дыстанцыйныя заняткі. Такія спробы былі, але яны даказалі поўную неэфектыўнасць. Мы страцім перавагі першага і не раскрыем педагагічныя магчымасці другога. Мы можам сутыкнуцца з негатыўнымі наступствамі, такімі як перагрузка студэнтаў, узмацненне рэпрадуктыўнасці іх адказаў, плагіят, цяжкасць кантролю адукацыйных вынікаў.

Сёння важна наву­чыць студэнта кампетэнцыі стварэння, а не проста і толькі засвойваць гатовае. Трэба вучыць яго ставіць мэты, адбіраць неабходныя формы і метады стварэння свайго, а не чужога адукацыйнага прадукту, ажыццяўляць аналіз, рэфлексію сваёй дзейнасці. Як вынік — нарошчваць яго “мускулы” — крэатыўныя, пазнавальныя, арганізацыйна-дзейнасныя, камунікатыўныя. Зрабіць гэта ў рамках традыцыйнай парадыгмы перадачы, калі выкладчык усім (і такім розным) студэнтам дае аднолькавую порцыю інфармацыі, а затым правярае іх веды — цяжка.

Тэхналогіі праблемнага, праектнага, эўрыстычнага навучання маюць сваё карыснае выкананне ў інфармацыйным аду­кацыйным асяроддзі, спаўна рэалізуюць яго магчымасці. Напрыклад, вэб-сродкі дазваляюць забяспе­чыць ­параўнанне і дэманстрацыю адукацыйных вынікаў (прамежкавых і выніковых) студэнтаў у любы час. З іх дапамогай можна прыцягваць да вучэбных заняткаў студэнтаў з іншых УВА (на аснове сеткавых пагадненняў аб супрацоўніцтве і інш.). Таму анлайн-навучанне пры адпаведнай адукацыйнай тэхналогіі садзейнічае індывідуалізацыі навучання і захаванню яго якасці, перш за ўсё за кошт актыўнай пазіцыі самога суб’екта — студэнта.

Не абмен інфармацыяй з’яўляецца галоўнай дамінантай ­навучання, а прадукцыйная і камунікатыўная дзей­насць студэнта, якая выбудоўваецца з дапамогай сучасных інфармацыйных сродкаў.

Падчас пандэміі мы выкарыстоўвалі рэсурсы нашага адукацыйнага партала. Гэтая платформа не назапашвальнік вучэбных матэрыялаў. Цяпер тут зарэгістравана больш за 26 500 карыстальнікаў. Створаны банк творчых, эўрыстычных, даследчых заданняў. Распрацавана больш за 14 000 дыстанцыйных курсаў. Працуе “Педагагічная майстэрня анлайн-навучання”, арганізаваны форум “Пытанні — адказы па Moodle” і пляцоўка анлайн-кансультавання для ППС. Пазней мы правялі сацыялагічнае апытанне сярод студэнтаў і выкладчыкаў па іх стаўленні да выкарыстання электронных сродкаў навучання. Атрымалі цікавыя вынікі. Яны паказалі запатрабаванасць перш за ўсё навукова-метадычнага суправаджэння, а не тэхнічных сродкаў. Мы атрымалі зваротную сувязь па пытаннях успрымання ІКТ выкладчыкамі ў залежнасці ад іх узросту. Напрыклад, моладзь арыентавана на гарызантальныя інтэрактыўныя формы навучання, а кансерватыўная частка выкладчыцкай аўдыторыі — на жывыя, вочныя зносіны.

У такім сінтэзе адукацыйных і інфармацыйных тэхналогій знаходзіцца магчымасць творчай самарэалізацыі навучэнца. Выкладчыкі выступаюць партнёрамі па стварэнні новага прадукту, арганізатарамі індывідуальнай дзейнасці студэнта, а не звычайнымі транслятарамі інфармацыі. Ісціна не знаходзіцца ў галаве аднаго чалавека, а толькі ў сумесным пошуку і зносінах, па словах знакамітага вучонага М.М.Бахціна.

Выкладчык рэалізуе прынцып навучання ўсіх “па-рознаму, але аднолькава” за кошт дэталёва распрацаванай праграмы і метадычных указанняў па вывучэнні тэмы занятку, рэкамендацый інтэрнэт-рэсурсаў, літаратурных і мультымедыйных крыніц, забеспячэння доступу да электронных канспектаў і прэзентацый лекцый, іх відэазапісаў і г.д. Падчас анлайн-кансультацый, майстар-класаў, відэаканферэнцый прапануецца абмяркоўваць ход і вынікі выканання студэнтамі індывідуальных заданняў, створаныя ўласныя адукацыйныя прадукты і інш.

Вядома, сёння актыўнаму і творчаму ўзаемадзеянню, раўнапраўнаму дыялогу ў лічбавым асяроддзі важна вучыцца і выкладчыкам, і студэнтам. Для гэтага БДУ праводзіць семінары і майстар-класы, у якіх любы жадаючы мае актыўную пазіцыю стваральніка свайго прадукту зыходзячы з пастаўленых мэт, а не проста слухача, і затым зможа прымяніць створанае на практыцы. Пры гэтым новы змест адукацыі, часавыя рамкі дыстанцыйных заняткаў павінны быць зафіксаваны ў адукацыйным стандарце і ў вучэбных праграмах.

Падрыхтавала Ала КЛЮЙКО.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий