Яе шчасце — іх поспехі

- 11:45В СВЕЖИХ НОМЕРАХ "НАСТАЎНІЦКАЙ ГАЗЕТЫ"

Значная частка гісторыі Філатаўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Круглянскага раёна цесна пераплецена з лёсам Галіны Іванаўны Матошка. Жыццё гэтай настаўніцы трывала звязана з мясцовай школай ужо больш як 43 гады.

— Гэты педагог з тых, хто ў дасканаласці ведае сваю справу, для каго настаўніцтва — не проста работа, а занятак, выбраны душой, — гаворыць пра Галіну Іванаўну начальнік раённага аддзела па адукацыі Марына Пятроўна Токарава падчас дарогі да Філатава.

Ад райцэнтра да гэтай вёскі ехаць каля 20 кіламетраў. Шлях крыху працяглы, але вельмі маляўнічы. Вясновае сонейка ярка і ласкава свеціць у вокны аўтамабіля. Вакол мільгаюць лясы, якія хутка затрымцяць кволай лістотай, палі, над якімі пяюць свае звонкія песні жаўрукі. Так неяк незаўважна даязджаем да сельскай школы.   

Галіна Іванаўна Матошка сустракае ў невялікім, але ўтульным вучэбным кабінеце. Сціплая, інтэлігентная, з уважлівым добрым позіркам. З прыкметным хваляваннем настаўніца пачынае свой аповед: пра школу, пра сям’ю, пра жыццё. 

Свядомы выбар

У педагогіку Галіна Іванаўна прыйшла свядома. І лічыць, што так было наканавана лёсам, бо цяга да гэтага была з дзяцінства. 

— Суседзі нашай сям’і працавалі настаўнікамі. Часта бавіла ў іх час, бо бацькі пастаянна былі на рабоце. У тры гады яны навучылі мяне чытаць, уся вёска гэтаму тады вельмі дзівілася. Калі прыйшла пара, у школу я адправілася з задавальненнем. Вучылася старанна, атрымлівала пахвальныя лісты. У старшых класах беларускую мову выкладаў якраз мой сусед — Мікалай Іванавіч Ласькоў. Ён жа быў у мяне класным кіраўніком. Менавіта яму я абавязана прывіццём асаблівай любові да беларускай мовы і літаратуры, — падзялілася ўспамінамі Г.І.Матошка.

Пасля заканчэння школы Галіна Іванаўна працягнула адукацыю ў тагачасным Горацкім педагагічным вучылішчы. Менавіта там, на размеркаванні, яна даведалася, што на Магілёўшчыне ёсць райцэнтр Круглае.

— Зацікавіла незвычайная назва, таму і паехала сюды. Спачатку прапанавалі пасаду загадчыка раённага дома піянераў, але мяне больш цягнула настаўніцкая праца, таму не згадзілася. Варыянтаў навучальных устаноў, дзе патрабаваліся настаўнікі, было шмат. У выніку спынілася на той, якая была недалёка ад чыгункі, каб мець магчымасць прыязджаць да бацькоў, — паведаміла Г.І.Матошка. 

Маладым педагогам Галіна Іванаўна ўпершыню расчыніла дзверы Філатаўскай школы ў далёкім 1979 годзе. З таго часу тут і працуе. Спачатку чатыры гады выкладала ў пачатковых класах, а потым, завочна скончыўшы сённяшні МДУ імя А.А.Куляшова, перайшла працаваць настаўніцай беларускай мовы і літара­туры.

Упор на выхаванне

Вядучае месца на сваіх уроках Г.І.Матошка адводзіць тэхналогіі крытычнага мыслення. На яе думку, менавіта такі падыход да навучання дазваляе найлепшым чынам прывучыць дзяцей да самастойнасці, што на сённяшні дзень вельмі патрэбна. 

— Метады і прыёмы выкарыстоўваю розныя, камбіную традыцыйныя і перадавыя, каб кожныя заняткі былі цікавымі і захапляльнымі. Да падрыхтоўкі да ўрокаў стараюся падыходзіць творча, бо ўпэўнена, што цікавасць вучняў да прадмета ў многім зале­жыць ад педагога. Калі настаўнік не ўмее захапіць дзяцей, эфектыўных заняткаў не атрымаецца, — лічыць Галіна Іванаўна.

У педагогіку Галіна Іванаўна прыйшла свядома. І лічыць, што так было наканавана лёсам, бо цяга да гэтага была з дзяцінства. 

Настаўніцы асабліва важна далучыць дзяцей да родных вытокаў. Таму яна бесперапынна зай­маецца з вучнямі краязнаўчай і даследчай дзейнасцю, право­дзіць для іх разнастайныя тэматычныя мерапрыемствы, адра­джае з імі народныя традыцыі і абрады, папаўняе арганізаваны ў вучэбным кабінеце этнаграфічны куток. У сукупнасці ўсё гэта скіравана на тое, каб дзеці цікавіліся вывучэннем народнай культуры, ведалі прыгажосць і мілагуч­насць беларускай мовы і маглі на ёй размаўляць.

Не менш значным Г.І.Матошка лічыць выхаванне. Яна імкнецца не толькі даць навучэнцам пэўныя веды, а і выхаваць іх грамадзянамі, патрыётамі, добры­мі, справядлівымі, сумленнымі
лю­дзьмі. Асабліва вялікую ўвагу Галіна Іванаўна ўдзяляе раскрыццю выхаваўчага патэнцыялу ўрокаў літаратуры. 

— Усе творы разбіраем вельмі дасканала. Гэта дазваляе сканцэнтраваць вучняў на той вялікай думцы, якой пранізаны тэкст, навучыць не проста чытаць, а ра­зумець ідэю, бачыць слова, тыя пачуцці і перажыванні, якія за ім стаяць, — расказала Г.І.Матошка.

Па яе меркаванні, каб не страціць сучасную моладзь, трэба даваць ёй правільныя арыенціры. Лепшымі прыкладамі могуць с­таць блізкія для дзяцей людзі, іх землякі, якія адзначыліся гераічнымі ўчынкамі ці значнымі справамі на карысць Радзімы. 

— Разам з вучнямі мы перыя­дычна сустракаемся з выбітнымі жыхарамі нашай мясцовасці. Такія сустрэчы садзейнічаюць фарміраванню ў падлеткаў жыццёвых каштоўнасцей, даюць ім кірункі, як вучыцца, як жыць, якімі быць. Не менш важна ў плане выхавання быць у поўным паразуменні з сям’ёй. І тут вельмі своечасовым было замацаванне ў абноўленым Кодэксе аб адукацыі раздзела, у якім заканадаўча прапісана адказнасць бацькоў за выхаванне. Мамы і таты не павінны стаяць убаку. Выхаванне дзяцей — гэта сумесная работа сям’і і школы, — пераканана Галіна Іванаўна. 

Наогул, на думку Г.І.Матошка, усе дапаўненні і змяненні ў Кодэксе аб адукацыі цалкам адпавядаюць цяперашнім рэаліям: 

— Усё прынятае было да месца. Навацыі патрэбны.

Разам па жыцці

…Большую частку амаль кожнага свайго дня Галіна Іванаўна праводзіць у школе. Тут яна не толькі рэалізавалася ў прафесіі, але і знайшла сваё каханне. 

— Будучага мужа сустрэла ў нашай школе. Віктар Эдуардавіч таксама педагог, выкладаў дзецям замежную мову і толькі ў мінулым годзе пайшоў на заслужаны адпачынак. Пазнаёміліся мы адразу, як я прыехала ў Філатава. Чатыры гады сябравалі, а пасля пажаніліся і засталіся тут. Прапаноў памяняць месца жыхарства і работу было за дзесяцігоддзі шмат, але мы неяк прыкіпелі сэрцам да гэтых мясцін. Навокал такая прыгажосць, і лю­дзі ў нас вельмі добразычлівыя, — гаворыць Г.І.Матошка.

Душа ў душу, плячо да пляча разам з мужам яна ідзе па жыцці ўжо 39 гадоў. А на пытанне аб сакрэце сямейнага шчасця адказ­вае, што асноўнае — давер і ўзаема­разуменне: 

— Трэба імкнуцца глядзець у адным кірунку і бачыць у навакольным нешта адзінае. А яшчэ — падтрымліваць адно аднаго ва ўсім. У нас з мужам аднолькавы погляд на свет, аднолькавыя захапленні. У маладосці мы разам з дзецьмі аб’ехалі ўсю Беларусь, пабывалі ў розных куточках і адметных мясцінах нашай краіны.

Зараз здароўе ўжо не заўсёды дазваляе адпраўляцца ў працяглыя падарожжы. Ды і дочкі даўно выраслі і паехалі з бацькоўскага дома. Але яшчэ адно сваё агульнае хобі Галіна Іванаўна і Віктар Эдуардавіч захавалі. 

— Мы абое апантаныя чытаннем. Не бывае такога дня, каб не чыталі. Гэта на першым месцы, без гэтага не ўяўляем сябе. Чытаем не толькі мастацкія кнігі, а і газеты, часопісы, якія выпі­сваем. Асаб­лівую ўвагу ўдзяляем “Настаўніцкай газеце”. Заўсёды перачытваем сваё прафесійнае выданне ад першай да апошняй старонкі. Вельмі цікава пагля­дзець, чым жывуць настаўнікі ў іншых рэгіёнах, пераняць для сябе нешта новае, — паведаміла Галіна Іванаўна.

Раней на падворку сям’і была вялікая гаспадарка. Зараз засталіся толькі куры і кот Чарныш. Але прысядзібны ўчастак па-ранейшаму апрацоўваюць, вырошва­юць агародніну і садавіну. А Галіна Іванаўна апошнім часам вельмі захапілася кветкамі, імі ўжо засаджана ўся свабодная тэрыторыя вакол дома. Асаблівая гордасць настаўніцы — разнастайныя гатункі любімых ёй касачоў і хрызантэм.

Не дарэмныя ўрокі

— Сельскі настаўнік нічым не абдзелены. Мы адчуваем дзяржаўную падтрымку, для нас штомесяц арганізуюць выезды на розныя культурныя мерапрыемствы, прадастаўляюць пуцёўкі на аздараўленне. Магчыма, некага хвалюе пытанне заработнай платы. Але, на мой погляд, яна таксама добрая. Ды і я падзяляю меркаванне нашага міністра аб тым, што для педагога самым галоўным павінна быць не зарплата, а ўклад у працу, у вучняў, — падкрэсліла  Галіна Іванаўна. 

Яе плённая педагагічная дзейнасць неаднаразова была адзначана. У яе класах заўсёды высокая паспяховасць. Навучэнцы выдатна ўдзельніча­юць у алімпіядным і конкурсным руху, бліскуча здаюць цэнтралізаванае тэсціраванне. Кожны выпускнік стаў годным грамадзянінам, атрымаў прафесію, стварыў сям’ю. 

— Прыемна, што многія выпускнікі выбралі для сябе настаўніцкі шлях. Чатыры вучаніцы сталі беларускімі мовазнаўцамі. Тры навучэнкі працуюць зараз у нашай школе. Але самае значнае, што былыя вучні мяне не забываюць. Наведваюць, расказва­юць пра свае поспехі. Гэта значыць, што мае ўрокі прайшлі не дарэмна, патрэбнае выхаваўчае зярнятка ў душы вучняў было закладзена. І менавіта гэта робіць мяне вельмі шчаслівым педагогам, — адзначае Г.І.Матошка.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий