Сакрэты поспеху

- 12:54В СВЕЖИХ НОМЕРАХ "НАСТАЎНІЦКАЙ ГАЗЕТЫ"

У двары Рассветаўскай сярэдняй школы, што ў Клецкім раёне Мінскай вобласці, наведвальнікаў установы адукацыі сустракае жалезны двухметровы робат з аўтазапчастак. Яго металічна-жоўтая расфарбоўка нагадвае ці то вядомага героя з “Трансформераў” Бамбл Бі, ці то звычайную хлапечую цацку, якую хтосьці павялічыў да гіганцкіх памераў.

Прама за спінай вялізнага робата шырока раскінуўся звычайны школьны сад. Пладовыя дрэвы пакуль яшчэ чакаюць гаспадарскай абрэзкі, пабелкі і апрацоўкі па сезоне — вясна сёлета халодная. І гэты кантраст — робат з будучыні і прывычныя нашаму воку яблыні — дазваляе зрабіць дакладную выснову: у Рассветаўскай школе ведаюць цану працы на зямлі і разумеюць неабходнасць смела глядзець у будучыню. 

Сакрэт першы. Складнікі патрыятызму

— У праекце “Школьны сад” мы ўдзельнічаем чацвёрты год, — пачынае аповед пра сваю школьную гаспадарку дырэктар установы Сяргей Ленгардтавіч Дубман. — Сутнасць праекта ў тым, каб развіваць прадпрымальніцтва ў сельскіх рэгіёнах, дзе не стае прамысловых прадпрыемстваў. Нам важна дзяцей, якія не пойдуць вучыцца ва ўстановы вышэйшай адукацыі, прывучыць да працы на зямлі. Яны павінны ведаць, як на роднай зямлі можна працаваць і зарабляць грошы. У рамках праекта мы атрымліваем пасадачны матэрыял, у прыватнасці, насенне цыбулі і капусты. Зараз ужо чакаем пацяплення, каб пачаць высаджваць расаду ў школьныя цяпліцы. Раннія гатункі культур вырошчваем на продаж насельніцтву, а познія нарыхтоўваем сабе для патаннення харчавання. 

Дырэктар школы гаворыць, што яго вучні могуць і ўмеюць працаваць на зямлі. Як прыклад, цыбуля знакамітага гатунку “Эксібішн” вырастае на школьных палетках вагой 750 г. Сакрэт у ранняй сяўбе і натуральным угнаенні, якім шчодра дзеліцца школьны конь па мянушцы Вайзар. (Дарэчы, Вайзар — у гонар беларускай ІТ-кампаніі Vizor Games, з якой школа цесна супрацоўнічае ўжо на працягу некалькіх гадоў.)

Акрамя агародніны, у Рассветаўскай сярэдняй школе ўшчыльную займаюцца вырошчваннем садавіны. Школьны сад — гэта 65 старых яблынь і новапасаджаныя маладыя дрэўцы, якія толькі пачалі пладаносіць. Вясковыя дзеці атрымліваюць практычныя веды, што, калі і як саджаць, самі працуюць на прышкольным участку і ў пладовым садзе. Гэта тыя веды, якія юнаму беларусу спатрэбяцца заўсёды, які б жыццёвы шлях ён ні выбраў. А яшчэ ў гэтай школе арганізавана вязанне венікаў для лазні, якія таксама рэалізоўваюцца насельніцтву.

— Мы сёння шмат гаворым пра патрыятызм. На мой погляд, любоў да роднай зямлі, уменне працаваць на ёй — гэта і ёсць складнікі сапраўднага патрыятызму, гэта тое, што закладваецца ў чалавеку на генным узроўні, — упэўнены Сяргей Ленгардтавіч.

Акрамя выхаваўчага эфекту, школьная гаспадарка дае добрую фінансавую падтрымку для школы. Заробленыя сродкі ідуць на развіццё адукацыйнага працэсу.

Сакрэт другі. Суцэльная інфарматызацыя

Другі напрамак работы школы — супрацоўніцтва з сацыяльнымі партнёрамі, беларускімі ІТ-кампаніямі. Работа пачалася 5 гадоў назад, і за гэты час спонсарскую дапамогу ўстанове адукацыі аказалі 55 айчынных ІТ-кампаній. 

Любоў да роднай зямлі, уменне працаваць на ёй — гэта і ёсць складнікі сапраўднага патрыятызму, гэта тое, што закладваецца ў чалавеку на генным узроўні.

Па словах дырэктара школы, ва ўстанове адукацыі поўнасцю закуплена сучасная камп’ютарная тэхніка. Кожны кабінет абсталяваны тэлевізарам з дыяганаллю 55 дзюймаў, ноўтбукам і прынтарам на рабочым месцы настаўніка. Кожны вучань мае ноўтбук або планшэт. З мінулага года ў школе дзейнічае Ethernet, ёсць Wi-Fi — уся школа ў сетцы. Гэта ўсё неабходна, каб дзеці на ўроках працавалі на планшэтах. Такім чынам, поўная інфарматызацыя школьнай прасторы летась завершана. 

Зразумела, неабходны і адпаведныя камп’ютарныя праграмы. Сяргей Ленгардтавіч расказвае, што для кожнай ступені школы выкарыстоўваюцца свае праграмы, з улікам узросту навучэнцаў. Яшчэ адна з асаблівасцей вучэбнага працэсу ў Рассветаўскай сярэдняй школе — тое, што ўсе ўрокі запісваюцца. Настаўнікі ведаюць пра гэта і ўжо прызвычаіліся. Па меркаванні начальніка ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме Клецкага райвыканкама Анатоля Мікалаевіча Клімовіча, гэта вельмі дапамагае пры наступным разборы ўрокаў, распрацоўцы рэкамендацый педагогам. І хаця вольнага часу наведваць урокі сваіх настаўнікаў у дырэктара школы мала, зразумела, што вучэбна-выхаваўчы працэс знаходзіцца пад належным кантролем. У канцы працоўнага дня Сяргей Ленгардтавіч Дубман у спакойнай атмасферы праглядае праведзеныя ўрокі. Дырэктар школы ўсміхаецца, што на аздараўленні ў санаторыі ён кантраляваў вучэбны працэс у сваёй школе праз уласны смартфон. Адным словам, школа будучыні.

Сакрэт трэці. STEM-першапраходцы 

“Мы аднымі з першых у Мінскай вобласці 4 гады назад адкрылі Junior STEM-клас, — працягвае дырэктар школы. — Развіццё ІТ — трэці напрамак работы нашай установы адукацыі. За Junior STEM-класам, дзе малышы з пачатковых класаў займаліся праграмаваннем у асяроддзі Scratch, мы рушылі далей. У ПВТ выйгралі конкурс (занялі 1-е месца сярод школ, дзе ўлічваецца колькасць навучэнцаў, якія ўдзельнічаюць у праграмаванні, ад усёй колькасці вучняў школы). Адна з ІТ-кампаній выдзеліла нам тады 50 млн рублёў, каб мы закупілі найноўшыя ноўтбукі. Потым мы пашырылі сваю дзейнасць, заняліся робататэхнікай. Цяпер нашы дзеці маюць магчымасць працаваць з некалькімі наборамі канструктараў рознай ступені складанасці і для ўсіх узростаў навучэнцаў”.

Такую аснашчаную сучасным абсталяваннем школу рэдка дзе можна знайсці. Зразумела, што слава пра магчымасці Рассветаўскай школы распаўсюджваецца па ўсім раёне і за яго межамі. Ва ўстановы адукацыі ёсць магчымасць прымаць на навучанне дзяцей з іншых сельскіх школ. Тым больш што Рассветаўская сярэдняя школа з’яўляецца абласной пляцоўкай па STEM-адукацыі. Гэтая дзейнасць арганізавана ў рамках шостага школьнага дня, і гэта таксама своеасаблівы спосаб заробку грошай. 

У мінулым годзе за кошт ІТ-спонсараў дзеці з Рассветаўскай школы выязджалі на “Еўракубак”, каб азнаёміцца з самымі новымі замежнымі распрацоўкамі ў галіне ІТ. Зразумела, яны актыўна бяруць удзел у айчынных спаборніцтвах. Дырэктар школы гаворыць пра вынікі абласнога этапу Рэспубліканскага конкурсу інавацыйнай і тэхнічнай творчасці навучэнскай моладзі Hi-Tech, на якім яго дзеці “занялі ўвесь п’едэстал па 3D-мадэляванні і прататыпаванні і па інжынерным дызайне”. А прывёў навучэнцаў да перамогі малады настаўнік школы Уладзіслаў Уладзіміравіч Бабіч.

— У секцыі “Графічны дызайн” названага конкурсу наш навучэнец Данііл Емяльянаў заняў 2-е месца, — працягвае Сяргей Ленгардтавіч Дубман. — Лёс гэтага дзіцяці даволі цікавы. Хлопчык трапіў да нас з іншай школы, дзе лічыўся, так бы мовіць, цяжкім дзіцем. Звычайная, здаецца, гісторыя, якая ў нашай школе атрымала выдатны працяг. Хлопчык знайшоў у нас справу па душы. Больш за тое, ён знайшоў агульную мову з прадстаўніком ІТ-кампаній, які ўзяўся вучыць нашага хлопца. Каб навука ішла хутчэй, мы купілі вучню дарагі ноўтбук. Вось табе і звычайнае вясковае дзіця, у якога тата і мама працуюць у мясцовым калгасе. Вось што бывае, калі стварыць для дзіцяці адпаведнае адукацыйнае асяроддзе. Талент, калі яго падтрымаць, будзе развівацца вельмі хуткімі тэмпамі.

Сакрэт чацвёрты. Юныя блогеры

Ёсць і чацвёрты напрамак, па якім працуюць у гэтай школе, — работа медыяцэнтра, якому ўжо 10 гадоў. Вырашылі ў свой час так: ёсць добрыя відэакамеры, сучасныя ноўтбукі, а таксама 2 дроны — чаму б ні заняцца здымкамі. Азнаёміцца з вынікамі гэтай дзейнасці можна на сайце Рассветаўскай сярэдняй школы. 

Рассветаўская сярэдняя школа з’яўляецца абласной пляцоўкай па STEM-адукацыі.

— Нашы дзеці сёння маюць магчымасць і жаданне развівацца як блогеры, — дадае дырэктар. — На базе відэа і LEGA ствараюць мультыплікацыйныя фільмы і вядуць свой Instagram з некалькімі тысячамі падпісчыкаў. Гэта дэманструе ўзровень развіцця творчага мыслення нашых вучняў і развіццё ІТ у іх установе адукацыі. Падкрэсліваю: гэта звычайныя вясковыя дзеці. Мае вучні працуюць сёння з такімі праграмамі, якіх часам нават я не ведаю. Мы папулярызуем сябе на ўсіх магчымых платформах, таму што самае галоўнае сёння, як гавораць нам ІТ-спецыялісты, не толькі веды, але і навыкі камунікацыі, пабудова іміджу і магчымасць паказаць сябе з найлепшага боку.

Наталля КАСТЭНКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА. 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий