У Светлагорскім эколага-біялагічным цэнтры дзяцей і моладзі на невялікай плошчы — велізарныя магчымасці для развіцця.
Тут размешчаны аддзел раслінаводства і зялёная галерэя, кабінеты з экзатычнымі, дэкаратыўнымі жывёламі, пляцоўка “Птушыны двор”, акварыумы, тэрарыумы, акватэрарыум. Ад ахвотнікаў паглядзець (ці нават пагладзіць) яшчарак, змей і страшных павукоў — адбою няма.
А яшчэ тут займаюцца экадызайнам і кветкаводствам, ёсць музейны куток “Ад вытокаў да сучаснасці” і экалагічная бібліятэка, якая налічвае больш за 1,5 тысячы выданняў.
Апошнім часам пры ўдзеле супрацоўнікаў цэнтра арганізаваны новыя раённыя конкурсна-адукацыйныя мерапрыемствы — месяц энергазберажэння, экалагічны конкурс “Зберажом зялёную прыгажуню”, тыдзень экалогіі, экалагічная алімпіяда, “Заалагічны экспрэс”, майстар-класы, экалагічны фестываль…
Дырэктар цэнтра Вольга Крук кажа, што для невялікага калектыву — а працуе тут сем чалавек — вельмі важна, што іх установа дадатковай адукацыі прызнана лепшай у рэспубліцы па выніках работы за мінулы год:
— Амаль 1000 навучэнцаў прыходзяць да нас на заняткі ў 21 аб’яднанне па інтарэсах. Нядаўна пачало працаваць навуковае таварыства навучэнцаў “Даследчык”. Мінулы год у нас быў вельмі ўраджайным на дыпломы. Шмат у чым — дзякуючы школе фларыста. У гэтым кірунку працуюць вопытныя педагогі Марына Сарокіна і Алена Зянькоўская. Таму дзеці валодаюць тымі навыкамі, якія забяспечваюць высокі ўзровень работ. Да таго ж у нас праводзяцца індывідуальныя заняткі з выхаванцамі, і гэта таксама дае вынікі. У Алены Юр’еўны ёсць вучаніца Маша Ждановіч — яна неаднаразова займала першыя месцы па фларыстыцы ў рэспубліканскіх конкурсах. Цяпер заканчвае гімназію і збіраецца стаць
прафесійным ландшафтным дызайнерам.
Педагогі ва ўстанове — гэта людзі, якія не проста любяць работу, яны ёй жывуць. Пра кожнага Вольга Юр’еўна гаворыць з непрытоенай гордасцю:
— Жывым кутком у нас займаюцца сапраўдныя фанаты сваёй справы Марына Зыкун і Галіна Лявонава. У нас такі жывы куток, якіх у сістэме дадатковай адукацыі Гомельшчыны больш няма. Тут жывуць розныя віды дэкаратыўных трусоў, мышы, марскія свінкі, шыншылы, змеі, яшчаркі хамелеон, агам і інш. Таксама павукі і прусакі ў асартыменце. Ёсць акварыумы і птушыны двор на вуліцы. У аб’яднанні па інтарэсах, якія звязаны з жывёламі, ходзяць больш за ўсё дзяцей. Акрамя таго, у нас ёсць вельмі дасведчаны метадыст Яўгенія Тукач і педагог, якая займаецца скрапбукінгам, Ірына Цімашэнка. Яна працуе яшчэ і з дашкольнікамі па суботах у школе ранняга развіцця.
У светлагорскім цэнтры арганізавана работа аб’яднанняў па інтарэсах у школах і на базе дзіцячых садоў. Да наведвання курса “Экалогія па суботах” прыцягваюцца навучэнцы школ. Гэта дазваляе забяспечваць занятасць падлеткаў і адначасова спрыяе іх працоўнаму, экалагічнаму выхаванню, а таксама прафілактыцы правапарушэнняў і злачынстваў, лічыць дырэктар цэнтра:
— На базе ўстаноў адукацыі педагогі экалагічнага цэнтра праводзяць заняткі спецкурсаў “Экалагічная азбука”, “Экалагічныя сцяжынкі”, “Дзікая прырода Беларусі”, экалагічны ўсенавуч “Зялёная азбука”, гурток “Сяміцвецік”. А на сваёй базе вядзём спецкурсы “Энергія і я”, “Экоша”, “Эказнайка”, праводзім экскурсіі ў жывым кутку. У вучэбным экалога-біялагічным комплексе школьнікі не толькі даглядаюць насельнікаў жывога кутка. Дзеці атрымліваюць веды ў галіне заалогіі, ветэрынарыі, вывучаюць асновы раслінаводства.
Падчас летніх канікул тут арганізоўваюць занятасць дзяцей: складаюць дагаворы з мясцовым упраўленнем па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва, пасля чаго падлеткі маюць магчымасць законна зарабіць свае першыя грошы. Цяпер — ужо не толькі ўлетку, але і падчас восеньскіх і вясновых канікул.
— З 2004 года мы ствараем рабочыя месцы для падлеткаў, — расказвае Вольга Крук. — Перавагу маюць дзеці з малазабяспечаных, мнагадзетных сем’яў, якія стаяць на ўліку, па рэкамендацыях сацыяльна-псіхалагічнай службы школ і інспекцыі па справах непаўналетніх. Ахвотнікаў заўсёды больш, чым месцаў. Праекты самыя розныя. Абавязкова ёсць праекты па добраўпарадкаванні, дзеці дапамагаюць працаваць на ўчастку. Бралі падлеткаў на рамонт мэблі. Фіранкі шылі, рабілі інфармацыйныя стэнды. За 10—12 дзён працы летась дзеці атрымалі па 100—120 рублёў. Штогод працаўладкоўваем да 40 падлеткаў, і па заканчэнні работы яны атрымліваюць працоўныя кніжкі з першым запісам аб прысваенні прафесіі кветкавод ці рабочы зялёнага будаўніцтва другога разраду.
Арганізацыя летняй працоўнай практыкі, падчас якой дзеці выконваюць увесь комплекс агратэхнічных работ ад падрыхтоўкі глебы да збору ўраджаю, — эфектыўная форма прафарыентацыйнай работы. Наладжана цеснае супрацоўніцтва са школамі: штогод прыцягваюць да двухсот навучэнцаў. Атрыманыя навыкі могуць быць выкарыстаны імі пры атрыманні прафесій, звязаных з працай на зямлі.
Ну а для развіцця навукова-даследчыцкіх кампетэнцый навучэнцаў і павышэння матывацыі падлеткаў да праектнай і вучэбна-даследчай дзейнасці рэалізуецца праект “Зялёныя школы”. Сістэмная работа дае плён і прыносіць радасць усім.
Ірына АСТАШКЕВІЧ