Інавацыйныя падыходы ў сістэме ацэньвання ў пачатковай школе

- 10:08Методичка, Начальная школа. Идеи

 

Ганна БУЛКО,
настаўнік пачатковых класаў
ДУА “Лелюкінскі дзіцячы сад – сярэдняя школа”
Іўеўскага раёна,
Гродзенская вобласць
anna.bylko@gmail.com

 

 

Сістэма ацэньвання ў пачатковай школе лічыцца адной з найважнейшых і самых праблематычных абласцей. Яна заклікана дапамагчы дзіцяці здабыць упэўненасць у сабе. Сітуацыя, якая склалася ў школьнай практыцы ў цяперашні час, патрабуе пошуку новых падыходаў і інструментаў да ацэньвання дасягненняў вучняў. Узнікае неабходнасць стварэння новай сістэмы.

 

Прэзентацыя “Інавацыйныя падыходы ў ацэньванні”

 

Новая сістэма ацэньвання заклікана (слайд 2):

  • нармалізаваць адносіны вучня з настаўнікам, бацькамі і самім сабой;
  • знізіць трывожнасць дзяцей;
  • павысіць матывацыю да навучання;
  • адсачыць дынаміку школьнай паспяховасці;
  • развіваць у школьнікаў уменне правяраць і кантраляваць сябе, крытычна ацэньваць сваю дзейнасць, знаходзіць памылкі і шляхі іх выпраўлення;
  • ацэнка і адзнака павінны фіксаваць дасягненні вучня.

Цяпер становіцца актуальным фарміруючае ацэньванне. Яно накіравана на індывідуалізацыю навучання, развіццё асобы, самаадукацыю і самаразвіццё. Такая ўстаноўка развівае кантрольна-ацэначную самастойнасць дзіцяці, гэта значыць, уменне ацаніць сябе (слайд 3).

Але для пачатку неабходна зацікавіць дзіця, уцягнуць яго ў працэс ацэньвання. Я раблю гэта з дапамогай пытанняў, якія задаю вучням, каб утрымаць іх цікавасць, аналізу работ, каб выправіць агульныя памылкі і няправільнае разуменне, праверкі разумення вывучанага, гэта значыць паўторам і рэфлексіяй.

Разам з фарміруючым ацэньваннем з’явіліся формы яго рэалізацыі. Яны накіраваны на зніжэнне трывожнасці дзіцяці, развіццё ўнутранага рэфлексіўнага кантролю, актывізацыю навучальнай дзейнасці, а таксама веры дзіцяці ў свае сілы.

Адной з формаў фарміруючага ацэньвання з’яўляецца безадзнакавае навучанне (слайд 4). Безадзнакавае навучанне – гэта навучанне, без аніякіх адзнак. Яно адмаўляецца ад адзнакі як формы выказвання ацэнкі. Такое навучанне ажыццяўляецца ў 1-м і 2-м класах. Слоўнае меркаванне з’яўляецца асноўным сродкам ацэнкі пры безадзнакавым навучанні. Яно дазваляе паказаць вучню яго асабістую дынаміку. У практычнай дзейнасці выкарыстоўваю змястоўную, выразную, з поўным аналізам слоўную ацэнку, якая прысутнічае на працягу ўсяго ўрока і мае толькі станоўчую характарыстыку. Пры аналізе адказу або працы вучня даю ацэнку па схеме: дасягненні – недахопы – дасягненні. Спачатку вылучаю тое, што павінен рабіць вучань і падкрэсліваю тое, што ў яго атрымалася; затым выяўляю тое, што не атрымалася; і ў канцы зноў вяртаюся да станоўчых момантаў, а таксама тлумачу, як можна дабіцца лепшага выніку. Калі ўлічваць гэтыя правілы, вучань можа адэкватна прааналізаваць сваю дзейнасць і дабіцца вялікіх поспехаў.

Часта карыстаюся такім відам слоўнай ацэнкі, як заахвочванне. У выніку паспяховага прымянення заахвочванняў узрастае пазнавальная актыўнасць, павялічваецца працаздольнасць, узмацняецца імкненне да творчай актыўнасці, паляпшаецца агульны псіхалагічны клімат у класе.

Для ацэньвання ведаў вучняў выкарыстоўваю ўмоўную шкалу, на якой фіксуецца вынік выкананай працы па вызначаным крытэрыі.

«Ліст індывідуальных дасягненняў» (слайд 5), у якім адзначаюцца ўзроўні дасягненняў дзіцяці па мностве параметраў. Ён уяўляе сабой табліцу, у якой напісаны асноўныя фарміруемыя навыкі і ўменні і пустыя ячэйкі, дзе ставяцца балы, напрыклад: 0 – не навучыўся, 1 – часткова навучыўся, 2 – у поўнай меры навучыўся. Такі ліст заводжу на кожнага вучня. Ліст запаўняе спачатку вучань, потым настаўнік. Гэта дазваляе меркаваць аб наяўнасці ў вучня прадметных ведаў і ўменняў.

«Лесвічка дасягненняў» (слайд 6), пры якой фігурка, якая сімвалізуе ўзровень валодання матэрыялам, ставіцца на пэўную ступеньку.

«Мудрая Сава» (слайд 8), дзе ацэньванне адбываецца па многіх крытэрыях. У гэтым лісце адзначаем любыя дасягненні, прарывы, заслугі дзіцяці. Заахвочванне адбываецца, напрыклад, за ідэальнае напісанне кантрольнай работы, ці адзначаем у канцы кожнага тыдня самы чысты сшытак, лепшых дзяжурных класа, ацэньваем дапамогу настаўніку ці рэзкі прарыў у хуткасці чытання. Заахвочванне адбываецца ў выглядзе смайліка, які прыклейваецца на ліст і з’яўляецца назапашвальным. У выніку, пры назапашванні пяці маленькіх смайлікаў, вучань атрымлівае адзін вялікі. Пры назапашванні пяці вялікіх смайлікаў атрымлівае статут Мудрай савы. Мудрая Сава – гэта найвышэйшы бал. Ёсць вучні, якім не цікава такое ацэньванне, якія не жадаюць імкнуцца да вынікаў. І гэты ліст паказвае, з кім трэба працаваць.

«Дрэва поспеху» (слайд 9). Кожны лісцік мае свой памер. Вялікі ліст –заданне зразумеў, не дапусціў памылак. Сярэдні – заданне зразумеў, але дапускаў памылкі, малы – заданне зразумеў часткова, дапускаў памылкі, выконваў з дапамогай. Кожны вучань упрыгожвае дрэва адпаведнымі лісточкамі.   

«Ліст фіксацыі тэхнікі чытання» (слайд 10). У такім лісце мы адзначаем тэхніку чытання дзяцей. Прычым ацэньванне адбываецца не “хто больш сярод класа”, а “хто больш дадае за пэўны перыяд часу”. Лісты вучняў перамяшчаюцца па шкале, і мы глядзім, чый лісточак перамясціўся на самы высокі адрэзак. Вядома, мы адзначаем лідараў. Кожны вучань павінен разумець як можна і навошта імкнуцца.

«Калектыўнае ацэньванне». Вельмі часта ў дзяцей ёсць творчыя заданні, якія трэба ацэньваць. Часам складана ацаніць, калі дзіця творча старалася, але зрабіла не на лепшы вынік. Тут на дапамогу мне прыходзіць калектыўнае галасаванне. Дзеці самі выбіраюць найлепшыя работы, прагаворваюць, што ім спадабалася, а чаго не хапіла ў рабоце. Вучні выбіраюць, выдзяляюць лепшыя работы метадам адкрытага галасавання.

Пры гэтым выконваецца адна ўмова: вучань можа падняць руку толькі адзін раз, галасуючы толькі за адну працу.

Такім чынам, у сучаснай школе выкарыстоўваюцца як традыцыйныя, так і некаторыя сучасныя формы адзнакі ведаў школьнікаў. Кожны настаўнік павінен умець выбіраць формы і метады ацэньвання вучэбных дасягненняў вучняў згодна з патрабаваннямі канкрэтнага ўрока, яго мэтамі і задачамі.

Настаўнік не павінен забываць і аб выхаваўчай функцыі кантролю: вучань павінен навучыцца ацэньваць сябе, свае поспехі, бачыць недахопы, выказваць свае адносіны да вучэбнага працэсу.

І толькі тады, калі кожнае дзіця будзе ацэнена па заслугах і пойдзе з урока задаволеным, у добрым настроі, з нецярпеннем будзе чакаць наступнай сустрэчы.

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий