Сцежкамі Якуба Коласа

- 16:10В СВЕЖИХ НОМЕРАХ "НАСТАЎНІЦКАЙ ГАЗЕТЫ"

Школьны музей адыгрывае важную ролю ў краязнаўчай і выхаваўчай рабоце, абуджэнні цікавасці да гісторыі, пашырэнні і паглыбленні ведаў на аснове вывучэння канкрэтных прадметаў і архіўных дакументаў, маўклівых сведак далёкіх падзей.

Наш музей існуе ўжо сорак гадоў. Ён ствараўся як літаратурна-этнаграфічны, але два гады назад быў перапрафіляваны ў літаратурны музей Якуба Коласа. 

У яго фондзе каля 400 экспанатаў. Сярод іх — асабістыя рэчы пісьменніка, копіі яго рукапісаў і пісем люсінцаў да класіка айчыннай літаратуры, фотаздымкі, рэчы сялянскага побыту, кнігі мясцовых аўтараў… 

Наведвальнікам прапанаваны 3 экспазіцыі: “Біяграфія Якуба Коласа”, “Творчая і грамадская дзейнасць Якуба Коласа” і “Хата палешука”. На базе музея дзейнічае аб’яднанне па інтарэсах “Спадчына”, удзельнікі якога займаюцца экскурсійнай і даследчай дзейнасцю.

На змену традыцыйнай экскурсіі прыйшла інтэрактыўная з элементамі тэатралізацыі, дыялагічных зносін і гульняў. Дзякуючы гэтаму павышаецца цікавасць да матэрыялу, які вывучаецца, паляпшаецца яго засваенне, развіваюцца творчыя здольнасці дзяцей, вобразнае мысленне і эмацыянальная сфера. Так, гурткоўцы распрацавалі сцэнарыі, сцэнкі і касцюмы герояў да паэмы Якуба Коласа “Новая зямля” (урывак “Дарэктар”) і аповесці “У палескай глушы” (“Лабановіч і бабка Мар’я”). Міні-спектаклі дэманструюцца пры вывучэнні творчасці Якуба Коласа ў 5 і 10 класах.

Музей прапануе таксама інтэрактыўныя праекты. Так, квест-гульня “Пра што раскажа наш музей?” дапамагае замацаваць веды, атрыманыя падчас агляднай экскурсіі. Вучні адказваюць на пытанні віктарыны па жыцці і творчасці пісьменніка, пазнаюць прадметы на зашыфраваным малюнку, выконваюць мультымедыйнае інтэрактыўнае заданне па тэхніцы вырабу музейных экспанатаў.

Для старшых дашкольнікаў і малодшых школьнікаў распрацавана гульня “Падарожжа ў мінулае”: дзеці ў гульнявой форме знаёмяцца з побытам сялян, адгадва­юць загадкі, спяваюць калыханкі, гуляюць у народныя гульні…  

Добра зарэкамендавала сябе ў класных выхаваўчых мерапрыемствах перасовачная экскурсія “Музей у чамадане”. Экскурсаводы ў вершаванай форме расказваюць пра заняткі продкаў, паказваючы розныя прылады, вышыванае і тканае адзенне.   

Наладзіць сувязь пакаленняў, далучыцца да духоўна-маральных каштоўнасцей, беларускай культуры і народных традыцый дапамагае лялечны тэатр батлейка, кіраўніком якога з’яўляецца настаўніца беларускай мовы і літаратуры кіраўнік музея Н.А.Антыкала. У ролі батлейшчыкаў выступаюць вучні. Для пастаноўкі выкарыстоўваюцца народныя казкі, прасякнутыя павучальнымі момантамі, народнай мудрасцю.

Падрыхтаваны паказы па казках “Як мужык царскага генерала абдурыў”, “Як мужык гусей дзяліў” і “Рэпка на новы лад”. Лялек для батлейкі ствараюць удзельнікі аб’яднання па інтарэсах “Фантазія” пад кіраўніцтвам настаўніцы працоўнага навучання В.Л.Клявец. 

Цікавая форма работы — музейныя заняткі-экскурсіі, распрацаваныя на аснове вучнёўскіх даследаванняў гісторыі экспанатаў: “Залаты” шкрабок”, “Святочны жаночы касцюм: з гісторыі аднаго экспаната”, “Традыцыйныя рамёствы Беларусі: пляценне”.

На аснове аповесці “У палескай глушы” створаны праект турыстычнага маршруту “Сцяжынай Коласа”, які праходзіць па мясцінах, дзе любіў бываць пісьменнік, калі працаваў тут настаўнікам.  

Наталля АНТЫКАЛА, 
настаўніца беларускай мовы і літаратуры,
кіраўнік музея Люсінскага дзіцячага сада — сярэдняй школы імя Якуба Коласа
Ганцавіцкага раёна

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий