Як зрабіць урок фізкультуры не толькі карысным, але і цікавым для навучэнцаў, ведае настаўнік фізічнай культуры і здароўя гімназіі № 3 Магілёва, член клуба “Крыштальны журавель” Андрэй БЯЗЛЕПКІН.
Асвойваць будучую прафесію Андрэй Віктаравіч пачаў яшчэ на апошніх курсах вучобы ва ўніверсітэце. Спачатку яго запрасілі ў школу на невялікую занятасць, але ўжо праз паўгода малады настаўнік быў загружаны цалкам. Таксама ён пяць летніх сезонаў працаваў педагогам-арганізатарам у Міжнародным дзіцячым цэнтры “Артэк”.
— У прафесіі мяне прыцягвае многае, — расказаў Андрэй Віктаравіч. — У першую чаргу, зносіны з вельмі цікавымі людзьмі — маімі калегамі. Магчымасць спаборнічаць з імі, дзяліцца вопытам. Але самае галоўнае — гэта дзеці, якія заўсёды імкнуцца да лепшага і часам вядуць мяне за сабой. Яны вельмі шчаслівыя, калі дасягаюць значных вынікаў, і я таксама шчаслівы, таму што маю дачыненне да гэтай падзеі. Падлеткі заўсёды азартныя, поўныя рашучасці, і я адчуваю іх запал. Гэта дазваляе мне кожны год ставіць перад сабой вялікія мэты і імкнуцца да іх.
У дзяцінстве я шмат займаўся фізічнай культурай і спортам. Паспеў пагуляць у футбол на даволі высокім узроўні і займаўся лёгкай атлетыкай. У старшай школе вучыўся ў філалагічным класе і да гэтага часу захоўваю любоў да моў і літаратуры. Верагодна, у іншым жыцці я стаў бы філолагам (усміхаецца). Але больш высокія вынікі я дэманстраваў у фізічнай культуры, таму выбар спецыяльнасці быў відавочны. І ўсё ж часам сумяшчаю літаратуру і фізкультуру, праводзячы заняткі разам з настаўнікам майго другога любімага прадмета.
Падчас ваеннай службы Андрэй Віктаравіч станавіўся прызёрам і пераможцам краіны ў розных відах мнагаборства. У 36 гадоў ён захапіўся бегам і экстрэмальнымі забегамі з перашкодамі і атрымаў перамогі на некалькіх міжнародных спаборніцтвах па гэтай дысцыпліне. Цяпер назапашаны вопыт педагог перадае дзецям, імкнучыся зрабіць вучэбны працэс больш разнастайным і займальным.
— У першую чаргу ўрок фізічнай культуры і здароўя павінен быць цікавым і насычаным, — адзначыў настаўнік. — Таксама неабходна, каб ён ішоў па правільным сцэнарыі, у якім фізічная нагрузка будзе паступова ўзрастаць і ў самым канцы дасягне свайго піку. Добра арганізаваныя заняткі дапамагаюць выкананню педагагічнай задачы вучэбнага прадмета — садзейнічаюць аздараўленню навучэнцаў. Ну і самае галоўнае: калі дзеці пасля ідуць у раз-
дзявалку з усмешкамі — значыць, усё прайшло на вышэйшым узроўні.
Большасць урокаў праходзіць па стандартнай схеме, бо наш прадмет абмежаваны многімі рамкамі. Часам бывае не да творчасці і нейкіх навінак. А вось калі рыхтуемся да спаборніцтваў або алімпіяд, звяртаем увагу на велізарную колькасць навінак, сродкаў, метадаў і прыёмаў. Выкарыстоўваем сучасныя тэхналогіі. Напрыклад, я вельмі часта выкарыстоўваю ў сваёй рабоце гульнявы і спаборніцкі метад. Абавязковы і метад строга рэгламентаваных практыкаванняў. Таксама вельмі важны высокі эмацыянальны складнік.
Дзякуючы такому стаўленню да работы, Андрэй Віктаравіч стаў пераможцам конкурсу прафесійнага майстэрства “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь — 2020”. Тэма яго вопыту педагагічнай дзейнасці “Выкарыстанне міжпрадметных сувязей на ўроках фізічнай культуры і здароўя і пазакласных мерапрыемствах як сродак павышэння пазнавальнай актыўнасці навучэнцаў” аказалася вельмі актуальнай і ўразіла экспертную камісію:
— Гэты конкурс з’яўляецца вельмі важнай прыступкай для развіцця кожнага настаўніка. Падчас падрыхтоўкі сістэматызуецца ўласны вопыт, адточваецца метадычная база. Таксама праект дае магчымасць пазнаёміцца з неардынарнымі калегамі і паспаборнічаць з імі. Вопыт надзвычайны і не мае аналагаў. Акрамя таго, конкурс “Настаўнік года” з’яўляецца святам, яркім шоу, перформансам. Удзел у ім можна супаставіць з удзелам у алімпіядзе па вучэбным прадмеце. Практычна ўвесь вольны час ішоў на падрыхтоўку да конкурсных этапаў. Гэта вельмі адказная праца, бо ад этапу да этапу на цябе глядзяць і раўняюцца настаўнікі тваёй установы адукацыі, затым горада, затым вобласці, а таксама настаўнікі вучэбнага прадмета, які ты прадстаўляеш. У нейкі момант ты бярэш сцяг і павінен з гонарам яго несці.
Андрэй Віктаравіч ведае, як знайсці падыход да кожнага вучня. На яго ўроках хлопчыкі і дзяўчынкі па-сапраўднаму ўцягнуты ў адукацыйны працэс. Яны выдатна разумеюць, што гэта прывядзе іх да поспеху ў фарміраванні ўсебаковай і гарманічна развітой асобы.
“Я пастаянна прыдумляю нешта новае. Асабліва ў час правядзення пазакласных мерапрыемстваў. Стараюся дакладна прытрымлівацца кірунку сваёй педагагічнай дзейнасці — міжпрадметных сувязей”.
— Сучасны педагог у першую чаргу павінен звяртаць увагу на змяненні ў свеце, ісці ў нагу са сваімі навучэнцамі, быць у курсе іх спраў, — падкрэсліў настаўнік. — Таксама неабходна рэгулярна павышаць узровень уласнай кампетэнцыі, сачыць за змяненнямі ў педагагічным дыскурсе. Дзякуючы такому комплекснаму падыходу, будуць расці і вынікі падапечных, і задавальненне ад уласнай працы.
Дзмітрый АРХІПЕНКА,
Фота Алега ІГНАТОВІЧА