Настаўніца матэматыкі сярэдняй школы № 2 Беразіна Мінскай вобласці Галіна БАБРОЎСКАЯ не толькі дае матэматычныя веды, але і сябруе са сваімі вучнямі.
У кожнага ў жыцці быў любімы педагог. Для многіх бярэзінскіх хлопчыкаў і дзяўчынак ім стала Г.У.Баброўская. Яна хоць і працуе ў школе ўжо тры дзясяцігоддзі, але застаецца па-сапраўднаму маладой і абаяльнай, не адстае ад сваіх вучняў і разам з імі вывучае не толькі матэматычныя аксіёмы і тэарэмы, але і жыццёвыя.
Галіна Уладзіміраўна ўжо ў 5 класе зразумела, што будзе настаўніцай матэматыкі, — настолькі педагогу-прадметніку ўдалося захапіць яе гэтай навукай. Пасля заканчэння школы яна паступіла ў Магілёўскі дзяржаўны педагагічны інстытут імя А.А.Куляшова (сёння гэта МДУ імя А.А.Куляшова).
— Я заўсёды любіла матэматыку і фізіку і на кантрольных паспявала не толькі свой варыянт рашыць, але і суседні, і даць спісаць усяму класу. У той час мабільных тэлефонаў не было, і мне даводзілася на лісточках усім распісваць рашэнне, — з усмешкай прыгадала педагог. — Ва ўніверсітэт паступіла лёгка, здаўшы экзамены на 4 і 5 па пяцібальнай сістэме.
У 1991 годзе Г.У.Баброўская, атрымаўшы дыплом, пачала працаваць у школе. Кожнаму пакаленню вучняў яна даносіць, што матэматыка — навука, неабходная ўсім, прычым не толькі ў школе, але і ў жыцці.
— Мая задача, каб пасля заканчэння школы дзеці змаглі пайсці вучыцца далей, атрымаць выбраную імі прафесію і стаць паўнавартаснымі людзьмі. Ведаеце, я адчуваю неверагодную гордасць, калі мае былыя выпускнікі прыходзяць і дзякуюць, што я была ў іх жыцці, — падзялілася гераіня. — І гэтае пачуццё гордасці дапамагае спраўляцца з непрыемнасцямі.
Наладзіць добрыя адносіны з вучнямі Галіне Уладзіміраўне дапамагае такі прыём:
— Перш чым пачаць урок, мы заўсёды адно аднаму ўсміхаемся, я пытаюся ў вучняў, як у іх справы, з якім настроем яны прыйшлі і ці гатовы слухаць мяне. Дзецям заўсёды гавару, што калі яны дрэнна сябе адчуваюць ці не падрыхтаваліся, то мяне трэба папярэдзіць аб гэтым да пачатку ўрока. Бо дзіця — такі ж чалавек, як і мы, дарослыя, і ў яго таксама здараецца рознае. Вучань потым усё навярстае, але пры гэтым у яго застанецца адчуванне, што ён на роўных са мной і што ніхто не зняважыў яго годнасць. І так прыемна, калі пасля заканчэння заняткаў да цябе падыходзіць не надта здольны вучань і дзякуе за ўрок — гэта для мяне найвялікшая ўзнагарода і пахвала.
Нядзіўна, што многія вучні ідуць па слядах Г.У.Баброўскай. Праўда, яна лічыць, што вызначыцца з прафесіяй педагога ім дапамагаюць школьныя дні самакіравання:
Так прыемна, калі пасля заканчэння заняткаў да цябе падыходзіць не надта здольны вучань і дзякуе за ўрок.
— У гэтыя дні можна шмат чаго пачуць ад вучняў: хтосьці гаворыць, як яму спадабалася быць настаўнікам, а хтосьці — наадварот. Калі ж старшакласнік адчуў цікавасць да педагогікі, то я яму абавязкова раю паспрабаваць рэалізавацца ў ёй. Так, адна з маіх вучаніц — Таццяна Пятроўна Шупа — зараз працуе ў Пагосцкім дзіцячым садзе — сярэдняй школе. А пару гадоў назад Настасся Слабко скончыла фізіка-матэматычны факультэт БДПУ, таксама ўзяўшы прыклад з мяне. Канечне, гэта мяне вельмі радуе.
Каб вучні палюбілі не толькі настаўніка, але і яго прадмет, педагогу сапраўды прыходзіцца шмат працаваць і вельмі старацца. Настаўніку, які захапляецца працэсам навучання і выхавання, заўсёды ўдаецца перадаць веды вучням. А калі пры гэтым ён яшчэ і знаходзіцца ў несупынным пошуку, захапляе вучняў сваімі знаходкамі, давярае ім, падтрымлівае іх ініцыятывы і верыць, што кожны з іх — зорачка, то абавязкова становіцца для вучняў самым лепшым, а яго
прадмет — самым любімым.
— Маё прафесійнае крэда: навучаючы дзяцей, вучыся сам. Шмат гадоў так і адбываецца: я вучу дзяцей матэматыцы, а яны мяне — прамудрасцям сучаснага жыцця, — акцэнтавала ўвагу Г.У.Баброўская. — Кожны педагог павінен любіць сваю прафесію і дзяцей, быць рашучым і адважным, не баяцца спрабаваць нешта новае і ніколі не спыняцца. Трэба імкнуцца зразумець свайго вучня, лічыцца з яго меркаваннем — і тады абавязкова атрымаецца стаць для яго сябрам.
Вольга АНТОНЕНКАВА