Гульня-крыжаванка “Душою, сэрцам я між вас” па творчасці Якуба Коласа (8–9-я класы)

- 14:44Беларуская мова і літаратура. Пазакласная работа, Методичка

Таццяна МАРЦЭВІЧ,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
ДУА “Ёдкаўская сярэдняя школа” Лідскага раёна,
Гродзенская вобласць

        

 

 

Мэты і задачы: абагульненне і сістэматызацыя ведаў па творчасці Якуба Коласа, актывізацыя разумовай дзейнасці вучняў, развіццё іх інтэлектуальных здольнасцей, падтрыманне цікавасці навучэнцаў да вывучэння беларускай літаратуры, выхаванне пачуцця павагі і гонару за духоўную і матэрыяльную спадчыну беларусаў, родную мову, слаўных землякоў.

Абсталяванне: поле для гульні ў выглядзе крыжаванкі, мультыборд, шарыкавыя ручкі.

Удзельнікі: дзве каманды, настаўнік.

 

Ход гульні

Уступнае слова настаўніка. Малюнкі роднай прыроды, просты сялянскі люд у творах Якуба Коласа апяваюцца шчыра і ўсхвалявана ўзнёсла. “У кожны міг, у кожны час // Душою, сэрцам я між вас”, – адрасуе паэт гэтыя прачулыя словы бацькоўскаму краю, чалавеку-працаўніку. Чытаючы Коласа, мы адчуваем прысутнасць класіка ў кожным радку, вобразе.

Настаўнік прапануе разгадаць крыжаванку, якая прысвечана дарагім сэрцу рэчам беларускага песняра. Вучні дзеляцца на дзве каманды, атрымоўваюць поле для гульні і пытанні, на хуткасць разгадваюць крыжаванку.

Поле для гульні:

 

Пытанні да крыжаванкі:

Па вертыкалі: 1. “На тым …, на шырокім, // Раскошна нівы красавалі”. 3. “Я – …, я – сын пакуты, // На мякіне вырас я”. 4. “Востры холад пустых і жудасных дзікіх горных вяршынь моцна сцісну ў Хмарку. Яна скурчылася, зрабілася маленькай і тонкай, знайшла зацішак між гор і спынілася, прыхіліўшыся да старой …”. 5. “Я ў мыслях зноў прайдуся па зямлі, // Дзе туліцца закінутае …” 6. “Над ускрайкам лесу, дзе пачыналіся жоўтыя пяскі, зазвінела …ляснога жаваранка”. 11. “Люба ўспомніць … зялёны, // Сосен пышныя кароны, // Гурт прыўдалы іх камлёў”. 12. “Мой родны …, як ты мне мілы!.. “ 13. Эх, … шырокi! Як жывы, ты, // Праменнем сонейка залiты …” 17. “І дзе на свеце ёсць такая, // Як …, рэчанька другая?” 18. “Ну, гэта, брат ты мой, паўгора: // … чытаць ты пойдзеш скора”. 19. “…, …! не для мяне ты!” 20. “Загнанае …, ты, // роднае ..! // Грымі ж над радзімай зямлёй”. 25. “Усміхнуўся тут …, // Бо пачуўся, што на свеце // Не адзін ён – з скрыпкай ён!”.

Па гарызанталі: 2. “На прыгуменнi, поруч з …, Павець з гумном стаяла радам”. 7. “За гарою … грае, // Як бы плача ў цішыне, // І на сэрца навявае // Ціхі жаль і смутак мне”. 8. “Сiваваронка, снуючыся каля таўшчэразнага жаралiстага дуба, дзе было яе гняздо, трашчала, бы тая трашчотка, на ўвесь луг, сварачыся з цыбатым i даўганосым…” 9. Што хацеў прыдбаць Міхал, каб вырвацца з панскіх пут? 10. “Паўздоўж … стаялi лавы; // I печ i сцены ўсе куравы”. 14. “На саломцы тонкай // У траве густой // Спее адзінокі … сіратой”. 15. “Сілачом стаіць // … разложысты, І здалёк відаць // Пышны верх яго”. 16. Між алешын, кустоў, // Дзе пяе салавей, // І шуміць і грыміць // Срэбразвонны …”. 21. “Ці гэта … з ветракамі. // І з прыдарожнымі крыжамі– // Ўсё так павабна, так адметна, // І ўсё вітала іх прыветна, // Бы тая блізкая радня”. 22. “… не зменіць і не здрадзіць, // … паможа і дарадзіць.” 23. “Высокі … на тоўстых круглых слупах значна выступаў ад даху наперад і таксама быў накрыты гонтамі”. 24. “Яшчэ не раз у часе … // Дзянніца зоймецца шчасліва”. 26. “Жучкі і конікі трашчалі // І ў стройны звон свой … злівалі”.

 

Адказы:

Па вертыкалі: 1. Абшар. 3. Мужык. 4. Скала. 5. Вусце. 6. Песня. 11. Гай. 12. Кут. 13. Луг. 17. Нёман. 18. Склад. 19. Вясна. 20. Слова. 25. Сымон.

Па гарызанталі: 2. Сад. 7. Дудка. 8. Бусел. 9. Жытло. 10. Сцяна. 14. Колас. 15. Дуб. 16. Ручэй. 21. Вёска. 22. Зямля. 23. Ганак. 24. Жніво. 26. Зык.

У канцы гульні вучні правяраюць адказы (на мультыбордзе). Перамагае тая каманда, якая змагла адказаць на большую колькасць пытанняў.

 

Рэфлексія-медытацыя. Настаўнік прапануе вучням заплюшчыць вочы, уявіць родныя абшары, тыя вобразы, якія намаляваў у сваіх творах Якуб Колас.

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий