У кожнай школе ёсць настаўнікі, якімі можна ганарыцца і пра якіх хочацца расказаць. У сярэдняй школе № 17 Барысава такі настаўнік —Ігар Васільевіч Целябук.
Ігар Васільевіч працуе настаўнікам іспанскай мовы ў нашай школе ўжо больш за 20 гадоў. За гэты час яму ўдалося сабраць вакол сябе плеяду з таленавітых вучняў, якія змяняюць адно аднаго. Усім вядома, што таленавітыя дзеці — паспяховая будучыня краіны. Гэта маленькія зорачкі, якія, вырастаючы, уносяць свой пасільны ўклад у развіццё эканомікі і культуры. Так, адны вучні прыходзяць, іншыя — ідуць далей, а высокі вынік у рабоце Ігара Васільевіча застаецца нязменным.
У чым жа формула поспеху Ігара Васільевіча? Яна заключаецца ў спляценні тэарэтычных ведаў, практычнага жадання працаваць і развівацца, энтузіязму і нацэленасці на паспяховы вынік.
Асаблівасць сярэдняй школы № 17 Барысава ў тым, што гэта адзіная школа ў горадзе, дзе навучэнцы ў якасці замежнай мовы вывучаюць іспанскую. Як зрабіць так, каб вывучэнне замежнай мовы было цікавым і выніковым? Вядома, наладзіць кантакт з сапраўднымі носьбітамі.
“Такая работа вядзецца на працягу 15 гадоў, — тлумачыць І.Целябук. — Актыўным пошукам партнёраў за мяжой для працяглага супрацоўніцтва заняліся ў 2007/2008 навучальным годзе. Выкарыстоўвалася любая магчымасць для знаёмства і зносін спачатку з прадстаўнікамі лацінаамерыканскай культуры, затым з жыхарамі Пірэнейскага паўвострава. У 2009 годзе былі знойдзены партнёры ў аўтаноміі Арагон на паўночным усходзе Іспаніі. Гэтым партнёрам стала прыватная навучальная ўстанова Ла Салье
Мантэмалін у Сарагосе, заснавальнікам якой з’яўляецца каталіцкая царква. Віцэ-прэзідэнт дабрачыннай асацыяцыі “Усмешкі на паперы”, знаёмства з якім адбылося раней, дапамог наладзіць кантакт з прадстаўнікамі Ла Салье Мантэмалін, дзе вучыліся яго дзеці. Ідэя супрацоўніцтва здалася іспанцам цікавай, і яны актыўна падтрымалі яе. Першая паездка ў Сарагосу навучэнцаў і педагогаў адбылася ў 2013 годзе. Важным і нечаканым вынікам візіту стала знаходжанне яшчэ аднаго партнёра ў Сарагосе — школы арагонскай хоты “Балет Балуартэ Арагонэс”. Менавіта выхаванцы гэтай школы ў 2014 годзе ўпершыню прыехалі ў госці да нашых навучэнцаў”.
Так з 2014 года канчаткова аформілася партнёрская група міжнароднага супрацоўніцтва, былі выпрацаваны ўмовы і схема ўзаемадзеяння. За гэтыя гады сяброўства трывала звязала іспанскіх і беларускіх дзяцей. На ўроках у Ігара Васільевіча навучэнцы могуць па відэасувязі пагутарыць з аднагодкамі з Сарагосы, каб пачуць гучанне пявучай, музычнай іспанскай мовы. Ігар Васільевіч лічыць, што інавацыі ў адукацыі з’яўляюцца неабходнай умовай паспяховага развіцця. Таму ў тандэме з дзецьмі займаецца навукова-даследчай дзейнасцю. Мэтанакіраваная работа ў гэтым напрамку дае высокія вынікі. Так, у 2020/2021 навучальным годзе навучэнка 11 класа Крысціна Вашынка была ўдастоена дыплома ІІІ ступені на Рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі з работай “Канцэпт “міласэрнасць” у іспанскіх прыказках і прымаўках і яго эквівалентнасць у рускай мове”.
Вучні Ігара Васільевіча з’яўляюцца пераможцамі абласнога этапу Рэспубліканскай алімпіяды па іспанскай мове. Два гады назад Арцём Клюня і Крысціна Вашынка, якія тады вучыліся ў 10 класе, атрымалі дыпломы ІІ і ІІІ ступеней адпаведна. У мінулым навучальным годзе 11-класнікі А.Клюня і К.Вашынка прывезлі дыпломы І і ІІ ступеней. Настасся Ксяндзова летась атрымала дыплом ІІ ступені і пахвальны водзыў на рэспубліканскім этапе алімпіяды. Праз год Настасся прывезла дыплом І ступені, а яе аднакласніца Мілана Аляхновіч — дыплом ІІІ ступені.
“Работа з адоранымі дзецьмі павінна быць бесперапыннай”, — упэўнены І.Целябук.
Ігар Васільевіч дзеліцца вопытам з маладымі педагогамі, якія імкнуцца пераняць яго методыку навучання і ўменне ладзіць з падрастаючым пакаленнем. А ў штодзённым жыцці Ігар Васільевіч — сціплы, спагадлівы, інтэлігентны чалавек, які любіць рыбалку, падарожжы і зносіны з сябрамі.
Андрэй ВОЛКАЎ,
дырэктар сярэдняй школы № 17 Барысава
Фота Наталлі САХНО