Прынцып матрошкі

- 13:20В СВЕЖИХ НОМЕРАХ "НАСТАЎНІЦКАЙ ГАЗЕТЫ"

“Мы — сапраўдны клан, адзінае цэлае”. Гісторыя педагагічнай дынастыі Кучаравых­Багданчык, прадстаўнікі трох пакаленняў якой жывуць пад адным дахам і бачаць у гэтым толькі плюсы.

Першааснова простых ісцін 

— Мая маці — гэта мая жалезабетонная сцяна. Для мяне яна эталон ва ўсім. Дзякуючы ёй, я змагла рэалізаваць сябе, атрымаць тры вышэйшыя адукацыі, выгадаваць траіх дзяцей, — так гаво­рыць пра Ніну Андрэеўну Кучараву, заснавальніка педагагічнай дынастыі, яе дачка Таццяна Валянцінаўна. З гордасцю і цеплынёй расказвае яна пра жыццёвы і працоўны шлях маці.

— У гэтым годзе ёй споўніцца 92 гады. Большую палову з іх яна прысвяціла педагагічнай дзейнасці, аб якой марыла з дзяцінства. Нарадзілася мама ў далёкім Усурыйску, што ў Прыморскім краі. Мабыць, таму ў яе такі моцны характар. Нават і сёння яна не падае духам, гатова прыйсці на дапамогу добрым словам і мудрай парадай. Мае дзеці з захапленнем слухаюць яе ўспаміны, а іх за столькі гадоў назбіралася шмат, — усміхаецца Таццяна Валянцінаўна.

Пасля заканчэння педагагічнага вучылішча Ніну Андрэеўну накіравалі ў Ваздвіжанскі авіяцыйны ваенны гарадок, дзе яна працавала настаўніцай пачатковых класаў. Там сустрэла свайго будучага мужа, з якім паехала на Сахалін — замяшчала педагогаў у школе і працавала выхавальнікам у дзіцячым садзе. Потым маладая сям’я ўжо з двума сынамі апынулася ва Украіне, а адтуль у 1960 годзе перабралася ў Мінск. Спачатку Ніна Андрэеўна ўладкавалася ў школу, а пасля нараджэння дачкі Таццяны перайшла  ў дзіцячы сад, адкуль і выйшла на пенсію. У рабоце з дзецьмі яна прытрымлівалася прынцыпаў знакамітага педагога Антона Сямёнавіча Макаранкі, які, дарэчы, у 1988 годзе быў прызнаны ЮНЕСКА адным з чатырох лепшых педагогаў свету. Ніна Андрэеўна шчыра перажывала за сваіх выхаванцаў, не скупілася на душэўную цеплыню. Бацькі з радасцю аддавалі сваіх дзяцей у яе рукі і былі ўдзячны ёй за чуласць і адказны падыход да сваіх абавязкаў. Нават і сёння, сустракаючы на вуліцы, яны не праходзяць міма, а з задавальненнем расказваюць ёй пра дасягненні яе былых выхаванцаў.

— Я назірала, як маці выбудоўвае зносіны з дзецьмі. Ім ніколі не было сумна разам з ёй. Яна ведала столькі розных гульняў, вершаў, пацешак. А яшчэ яна з імі шмат размаўляла, як, дарэчы, і з намі, яе ўласнымі дзецьмі. Заўсёды спакойна і аргументавана ўсё тлумачыла — гэтаму я навучылася ў яе. Менавіта размова на роўных дапамагае не страчваць з дзецьмі сувязь, захоўваць давер і ўзаема­павагу. У гэтым я пераканалася і на ўласным вопыце са сваімі дочкамі Аляксандрай і Наталляй і сынам Раманам, — дзеліцца Таццяна Валянцінаўна.

Ніна Андрэеўна — вельмі сціплы, інтэлігентны чалавек. Яна прызнаецца, што заўсёды прытрымлівалася простых ісцін: быць сумленнай з самой сабой і з іншымі, з’яўляцца добрым прыкладам і ў культуры паводзін, і ў зносінах з людзьмі.

Муля Ружаўна вяртаецца

У школьныя гады Таццяна Валянцінаўна была ціхай і сціплай дзяўчынкай. Займалася танцамі ў калектыве “Равеснік”. Марыла ­стаць бортправадніцай. Аднак у той год, калі яна скончыла школу, набор на гэтую спецыяльнасць адмянілі. Відаць, ёй быў наканаваны іншы лёс. І ён падзяліў яе жыццё на два паралельныя патокі. Першы панёс дзяўчыну ў педагагічным кірунку па слядах маці, а другі — закружыў у віры дзіцячых свят.  

— Я скончыла педагагічны клас пры 122-й сярэдняй школе Мінска, атрымала спецыяль­насць выхавальніка і пачала праца­ваць у дзіцячым садзе ў 1988 годзе. А летам падчас водпуску ездзіла ў лагер “Электрон”. Там мой творчы патэнцыял раскрыўся, душа развярнулася (усміхаецца), і шэсць гадоў я адказвала за арганізацыю мерапрыемстваў. Мяне заўважылі і запрасілі далучыцца да правя­дзення масавых свят на ўзроўні горада. Так я стала вядучай. Мы выступалі на сталічных пляцоўках, у школах і садах са сваімі забаўляльнымі праграмамі і пастаноўкамі, — успамінае Таццяна Валянцінаўна.

Колькі розных вобразаў за гэты час прымерала на сябе мая суразмоўніца — не злічыць! Для дзяцей яна была і Муляй Ружаўнай, і Вампірэлай, і Ружай Паўлаўнай. Сама стварала для сябе касцюмы, пісала сцэнарыі. Такая бурная дзей­насць не перашкодзіла Таццяне Валянцінаўне працягнуць адукацыю — яна завочна скончыла факультэт дашкольнай адукацыі БДПУ імя Максіма Танка, у 1995 годзе паступіла ў Рэспубліканскі інстытут вышэйшай школы і атрыма­ла дыплом выкладчыка псіхалогіі і ­спецыяліста па рабоце з талена­вітымі дзецьмі. Потым нарадзіліся дочкі-пагодкі. У 2001 го­дзе, калі яны крыху падраслі, Таццяна Ва­лянцінаўна прайшла перападрыхтоўку, каб атрымаць спецыяль­насць “Выкладчык англійскай мо­вы”. Два гады выкладала гэты прадмет у школе-інтэрнаце № 2 і вяла гурток у Цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Светач”. 

Мая маці для мяне эталон ва ўсім. Дзякуючы ёй, я змагла рэалізаваць сябе, атрымаць тры вышэйшыя адукацыі, выгадаваць траіх дзяцей. 
                                                                                                                                Таццяна Кучарава

Таццяна Валянцінаўна — аптымістычны і жыццелюбівы чалавек! Яе энергіі і стойкасці можна пазайздросціць. Відаць, гэтыя рысы характару дапамаглі ёй справіцца з сур’ёзным выпрабаваннем — нараджэннем сына с рэдкім генетычным захворваннем. Педагог не апусціла рукі, рабіла і робіць для Ромы ўсё магчымае. Галоўнае — яна не саромеецца і не хавае сваё асаблівае дзіця.   

З лістапада 2019 года Таццяна Валянцінаўна працуе педагогам дадатковай адукацыі ў адным садку з дачкой.

Ці складана зацікавіць маленькіх дзяцей замежнай мовай? 

— Галоўнае — жаданне, — з усмешкай адзначае суразмоўніца. — Заняткі праводжу ў гульнявой форме, выкарыстоўваю вершы, лічылкі, песні. Калі знаёмімся с першымі замежнымі словамі, простымі сказамі, кожны раз звяртаемся да рускай мовы, каб дзеці лепш усё разумелі. 

Я лічу сябе шчаслівым чалавекам: у мяне ёсць любімая работа, павага з боку калег. Я задаволена вынікамі сваёй карпатлівай працы. Калі бачу ўсмешкі дзяцей, іх шчырую зацікаўленасць, зноў і зноў пераконваюся, што выбрала правільны шлях.
                                                                                                               Аляксандра Багданчык

Мой родны сад, як ты мне мілы! 

Аляксандра Валер’еўна Багданчык — прадстаўніца трэцяга пакалення дынастыі педагогаў. Тры гады назад яна прыйшла на сваё першае працоўнае месца. Ім стаў сад № 291, які яна наведвала, калі была маленькай. 

— Мне тут вельмі камфортна, нібыта я вярнулася ў дзяцінства. Усё знаёмае, нават некалькі выхавальнікаў засталіся з тых часоў. Шчыра кажучы, я не марыла пайсці па слядах родных, але прыслухалася да іх парад і не шкадую аб гэтым ні кроплі! Асабліва кранулі словы бабулі пра тое, што, працуючы ў садку, я буду купацца ў пяшчоце і любові дзяцей. Так і атрымалася, — падкрэслівае Аляксандра. 

Яшчэ падчас вучобы на факультэце дашкольнай адукацыі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка яна зразумела, што на правільным шляху. Студэнцкія гады праляцелі хутка і былі насычанымі.

— Вельмі ўдзячна ўніверсітэту. Там я змагла раскрыцца, адчуць сябе патрэбнай. Мы ўдзельнічалі ў акцыі “Бальнічны клоўн” — ездзілі па медыцынскіх установах. Вялікі дзякуй маме за яе касцюмы. (Усміхаецца.) Раз у год праводзілі Зорны паход — наведвалі шмат па­мятных месцаў, сустракаліся са школьнікамі і расказвалі ім пра важнасць прафесіі настаўніка, — расказвае Аляксандра.  

А вось у школьныя гады ёй прыходзілся няпроста.

— Мы з сястрой абедзве вышэйшыя за метр восемдзесят. І ў старшых класах хлопчыкі дразніліся, а я камплексавала. Мама неаднойчы прыходзіла ў школу, каб правесці прафілактычную размову з крыўдзіцелямі. А потым вырашыла аддаць нас з сястрой на заняткі ў мадэльнае агенцтва. Там мая самаацэнка павысілася. І зараз я імкнуся заўсёды прыгожа выглядаць — люблю сукенкі яркіх колераў, завушніцы, розныя абручы, заколкі, брошкі. Дзеці заўважаюць гэта, робяць кампліменты, — адзначае суразмоўніца.

У наступным годзе выхаванцы яе групы стануць выпускнікамі. Аляксандра перажывае, бо адчувае, што будзе цяжка развітацца з дзеткамі. І разам з тым яна задаволена, што шмат чаму іх навучыла. Назірае, як яны развіваюцца, не страчваюць цікава­сці да атрымання новых ведаў. Яна ўпэўнена: педагог, як ніхто іншы, павінен умець кіраваць сваімі эмоцыямі, пачуццямі і вучыць гэтаму сваім прыкладам дзяцей.

— З малымі заўсёды можна дамовіцца. Мне не складана выслухаць кожнага, калі яны нешта не падзялілі. Пытаюся, чаму так здарылася, што неабходна зра­біць, каб такога больш не паўта­ралася. З першых дзён прапанавала ім сябраваць, растлумачыла, што дрэнна паводзіць сябе можна, але тады я буду злавацца. Ці патрэбна гэта ім? Бывае, выхаванцы просяць дапамагчы ім справіцца з пэўнай задачай. Я не спяшаюся гэта рабіць адразу, прапаноўваю спачатку паспрабаваць самім, каб умацавалася іх вера ў свае сілы. А зараз часта чую, як яны самі гавораць аднагрупнікам маімі словамі: “Ты паспрабуй, у цябе абавязкова атрымаецца!” — з усмешкай расказвае Аляксандра.

Дома яна дзеліцца сваімі думкамі, поспехамі і перажываннямі з бабуляй і маці. Ведае: яны яе выслухаюць, падтрымаюць. Малодшая сястра Аляксандры Наталля скончыла Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт, яна спецыяліст па сацыякультурнай дзейнасці, выкладчык замежнай мовы. Таму цалкам верагодна, што дынастыя папоўніцца яшчэ адным педагогам.

 

Марына ЖДАНАВА
Фота Алега ІГНАТОВІЧА і з сямейнага архіва

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий